haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

22.05.2022 10:32

918 просмотров

0 комментариев

«А што людзі скажуць?» Як не звяртаць увагі на меркаванне іншых. А калі варта звяртаць?

Калі меркаванне іншых мае значэнне? Як пераадолець «Усё само наладзіцца». Як палепшыць камунікацыю? Алесь Тодараў разважае на budzma.org аб тым, як і для чаго трэба пераадолець у сабе пачуццё сарамлівасці.

Ці задумваліся вы калі-небудзь, чаму людзі ўвесь час хлусяць аб сваёй вазе, хаваюць, што яны беспрацоўныя ці жывуць з бацькамі? Ці думалі вы аб тым, чаму многія хлопцы не знаёмяцца з прыгожай дзяўчынай на вуліцы, хаця вельмі хочуць гэтага?

Адказ просты: яны хочуць выглядаць у вачах іншых людзей добра, а парою нават і лепей, чым ёсць насамрэч. І такія паводзіны характэрныя для большасці людзей: мы ўсе жадаем, каб кожны думаў, што менавіта мы бездакорныя і ідэальныя. І калі ў нас ёсць выбар, то мы хутчэй адмовімся ад нейкага ўласнага жадання, каб людзі не думалі пра нас нічога кепскага, чым думалі: «Гэты хлопец не ўмее знаёміцца з дзяўчынамі».

Чытайце яшчэ: Як захоўваць рэсурсны стан ва ўмовах працяглага стрэсу? Ментальныя практыкі ў дапамогу

Мы адчуваем сябе не ў сваёй талерцы, калі нехта асуджае нас. І часта гатовы зрабіць усё, каб не рызыкаваць павагай іншых, каб яны працягвалі любіць нас, казаць нам, што мы нармальныя. Мы прыкладаем вельмі шмат намаганняў, каб кантраляваць успрыманне іншых людзей. І ўсё для таго, каб пазбегнуць пачуцця сарамлівасці.

Але, насамрэч, адчуванне сораму абсалютна непрадуктыўнае. Бо менавіта яно можа ператварыць нас у фальшыўку, прымусіць дзейнічаць у разрэз са сваімі каштоўнасцямі, каб даказаць нешта навакольным. І яно таго не вартае.

Варта факусавацца не на тым, як вас успрымаюць навакольныя, а на тым, каб дзейнічаць правільна, у адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі. Перастаньце дагаджаць кожнаму. Хопіць спрабаваць кантраляваць меркаванні навакольных — усё гэта не мае ніякага значэння. Бо ў жыцці ніколі не будзе такой сітуацыі, калі ў вас атрымаецца дагадзіць абсалютна ўсім навокал. Заўжды застанецца нехта незадаволены, нават калі вы будзеце самым-самым.

Будзьце сапраўднымі, будзьце адказнымі за тое, хто вы ёсць і за тое, што вы робіце тут і цяпер.

Устаноўкі, якія разбураюць нашае жыццё:

«Што скажуць людзі?»

Меркаванне іншых мае значэнне толькі ў адным выпадку: калі яно дапаможа вам у працы, асабістым жыцці ці развіцці.

Такое меркаванне называюць экспертным і часам яно каштуе грошай. Ва ўсіх астатніх выпадках прыслухоўвайцеся да сябе, а не вядзіцеся на сацыяльны ціск. Гэта адназначна не прынясе вам ніякага плёну.

«Усё само наладзіцца»

Эйнштэйн аднойчы сказаў: «Вар’яцтва прымушае чалавека рабіць адно і тое ж і чакаць іншага выніку».

Сядзець і чакаць пакуль нейкая сітуацыя, у якую вы ўцягнутыя, вырашыцца сама сабой, не варта. Хутчэй за ўсё будзе толькі горай. Нічога не рабіць — тупіковы варыянт. Не сакрэт, што гультайства яшчэ больш пагаршае стрэс і нервовы стан.

Перастаньце параўноўваць сябе з іншымі людзьмі. Заўсёды будуць людзі, у якіх нешта атрымліваецца лепей, чым у вас. Як і людзі, у якіх атрымліваецца горш за вас. Калі вы будзеце бясконца займацца параўнаннямі, то заўсёды будзеце мець перад сабой занадта шмат апанентаў ці супернікаў, якіх вы не можаце перамагчы. Параўноўвайце сябе сённяшняга з сабой учорашнім. Адзначайце рост і станоўчыя змены — гэтым заахвочвайце сябе да новых здзяйсненняў.

Чытайце яшчэ: Як не «заліпаць» у гаджэтах: стратэгія для прасунутых

Перастаньце лаяць і ганіць сябе. Вы не зможаце мець высокі ўзровень самаацэнкі і матываванасці, якія неабходны для развіцця асобы, калі будзеце паўтараць негатыўныя выказванні ў адносінах да сябе і сваіх здольнасцяў. Калі вы говорыце аб сваім знешнім выглядзе, кар’еры, адносінах, фінансавым стане або любых іншых сферах вашага жыцця, старайцеся пазбягаць самапрыніжэння.

Прымайце ўсе кампліменты і дзякуйце ў адказ.

Калі вы адказваеце на камплімент чымсьці накшталт: «ды нічога асаблівага», вы адхіляеце гэты камплімент і адначасова пасылаеце сабе паведамленне аб тым, што вы не вартыя пахвалы. У кампліментах падобнага кшталту няма нічога кепскага, але парою мы іх успрымаем няправільна, думаючы, што чалавек мае на мэце падлізацца.

Як палепшыць камунікацыю?

1. Пачуццё гумару


Людзі любяць жарты, таму няма нічога кепскага ў тым, калі вы пакажаце, што ў гуморы і можаце добра пасмяяцца. Праўда, важна адчуваць меру і заўжды трымаць у галаве — дзе жартаваць можна, а дзе лепей устрымацца.

2. Ветлівасць

Увесь час дзякуйце, нават калі аказаная вам паслуга была нязначнай. І потым вам не прыйдзецца пераймацца пытаннем, ці добра вы паводзілі сябе з тым ці іншым чалавекам.

3. Выбачайцеся

Выхаванаму чалавеку не сорамна папрасіць прабачэння. Калі нешта выйшла бокам, альбо калі вы не маеце рацыі, няма нічога звышнатуральнага ў тым, каб выбачыцца за свае ўчынкі або словы.
Гэта самыя просты пункты, якія дазволяць пазбавіцца сарамлівасці.

Поспехаў!

Алесь Тодараў, budzma.org

Последние новости