Полацкая езуіцкая акадэмія была створана ў выніку рэфармавання Полацкага езуіцкага калегіума, які заснаваў у 1580 г. П. Скарга. З гэтага моманту працэс падрыхтоўкі спецыялістаў, якія маюць веды ў розных галінах як прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук, атрымаў новы імпульс для далейшага ўдасканалення і развіцця. Акадэмія надзялялася правамі галаўнога ўніверсітэта, ёй падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіі і школы ў Расійскай імперыі: Полацку, Пецярбургу, Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве.
Кіраўніцтва акадэміяй ажыццяўлялася генералам ордэна езуітаў і рэктарам. Навучальны працэс кантраляваўся Міністэрствам асветы Расійскай імперыі. Пасля адкрыцця акадэміі яе ўзначаліў генерал ордэна езуітаў Т. Бжазоўскі. Першым рэктарам стаў А. Люстыг, з 1814 па 1817 г. кіруючыя функцыі выконваў А. Ландэс, з 1817 па 1820 г. — Р. Бжазоўскі. Сярод 39 выкладчыкаў акадэміі разам з запрошанымі вучонымі з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Польшчы былі ўраджэнцы беларускіх зямель: І. Цытовіч, В. Бучынскі, М. Гаўрылевіч, І. Залескі і інш.
З-за падзей Айчыннай вайны 1812 г. заняткі пачаліся толькі ў сакавіку 1813 г. і вяліся на трох факультэтах: тэалагічным, філасофскім і вольных навук, старажытных і сучасных моў. У 1815 г. была праведзена рэарганізацыя навучальнага працэсу, у выніку якой у акадэміі засталіся факультэт тэалогіі і факультэт філасофіі і моў. Фармальна навучанне было пазаканфесійным, нерэлігійным і бясплатным. Маламаёмасным навучэнцам давалі жыллё ў інтэрнаце.
Выпускнікі атрымлівалі чын
Пры акадэміі дзейнічала друкарня, адна з найбольш буйных з тых, што існавалі ў той час на тэрыторыі Беларусі. Выдаваліся падручнікі і слоўнікі, творы мастацкай літаратуры, навуковыя трактаты, календары, зборнікі. Большасць з іх друкавалася на латыні. Акрамя таго, выдаваўся друкаваны орган акадэміі — «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»). Ён стаў першым у Беларусі ілюстраваным літаратурна-навуковым часопісам. Яго заснавальнікам быў выкладчык акадэміі, доктар тэалогіі, прафесар філасофіі В. Бучынскі, галоўным рэдактарам — доктар філасофіі, прафесар фізікі Ю. Цытовіч.
Акадэмія мела багатую бібліятэку, у якой да 1820 г. налічвалася каля 50 тыс. экзэмпляраў. Праца бібліятэкі па сваёй арганізацыі адпавядала ўяўленням таго часу аб парадку размяшчэння кніг, іх захоўванні і выкарыстанні. Славутасцю акадэміі стаў музей, дзе змяшчаліся калекцыі зброі, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гравюр, жывапісных палотнаў, а таксама геалагічныя і заалагічныя экспанаты, розныя механізмы і прыборы.
Парадак залічэння быў вызначаны Статутам акадэміі. Студэнтам мог стаць «юноша примерного поведения, имеющий необходимый запас знаний», яго асноўны абавязак — добра вучыцца і пастаянна ўдасканальваць свой характар, каб «принести отечеству пользу, родственникам — отраду, а академии — честь». За гады дзейнасці Полацкай езуіцкай акадэміі было падрыхтавана шмат высокаадукаваных спецыялістаў. Агульная колькасць студэнтаў за перыяд яе існавання склала 700 чалавек.
Сярод выпускнікоў — шэраг выдатных дзеячаў навукі і культуры: гісторык, этнограф, археолаг К. Тышкевіч, пісьменнік Я. Баршчэўскі, матэматык, філосаф, астраном Я. Накціяновіч, філосаф, псіхолаг, педагог А. Доўгірд, мастак В. Ваньковіч і інш. Акадэмію скончылі праваслаўны епіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко), які адкрыў у 1827 г. семінарыю ў Жыровічах; архіепіскап Полацкі і Віцебскі Васіль (Лужынскі); аўтар сачынення па гісторыі езуітаў у Беларусі Дж. Браўн; ураджэнец Оршы, заснавальнік каталіцкай школьнай сістэмы ў ЗША Ф. Дзеружынскі і інш.
Полацкая езуіцкая акадэмія праіснавала восем гадоў. 13 сакавіка 1820 г. яна была зачынена ў сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Расійскай імперыі. Некаторыя навучэнцы былі пераведзены ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Згодна з загадам імператара Мікалая I фонд бібліятэкі быў размеркаваны паміж Полацкім кадэцкім корпусам, Імператарскай публічнай бібліятэкай, беларускімі гімназіямі, універсітэцкімі бібліятэкамі Санкт-Пецярбурга і Масквы. У карпусах акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Матэрыял аб Полацкай езуіцкай акадэміі прадстаўлены таксама ў анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях». Бібліяграфічныя звесткі аб выданнях акадэміі і публікацыі, прысвечаныя гісторыі гэтай навучальнай установы, можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.
Полацкая езуіцкая акадэмія складалася з трох факультэтаў: лінгвістычнага, дзе выкладаліся мовы і славеснасць (руская, польская, французская, нямецкая, лацінская, грэчаская і старажытнаяўрэйская); факультэта свабодных навук, на якім выкладаліся філасофія, паэзія, фізіка (агульная, прыватная і доследная), хімія, матэматыка чыстая і прыкладная, натуральнае права, рымскае і народнае права, гісторыя ўсеагульная і гісторыя прыродная; багаслоўскага факультэта, дзе вывучаліся маральнае багаслоўе, дагматычнае, свяшчэннае пісанне, кананічнае права і царкоўная гісторыя. Колькасць студэнтаў у акадэміі дасягала 600, а выкладчыкаў — 40.
Навучальны год у акадэміі працягваўся з 15 верасня да 15 ліпеня. Набор на першы курс складаў у сярэднім
Заняткі пачыналіся ў 8 і заканчваліся ў 16 гадзін. З 11 да 13 быў перапынак. Кожная лекцыя працягвалася 1 гадзіну. У аўторак і чацвер было толькі тры лекцыі — з 8 да 11 гадзін раніцы. Пасля абеду ў гэтыя дні студэнты займаліся музыкай, маляваннем, вучыліся танцаваць, выконвалі гімнастычныя практыкаванні, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы. Мовы выкладаліся з 8 да 9 і з 13 да 14 гадзін штодня, пры гэтым цікава адзначыць, што студэнты два дні на тыдні павінны былі абавязкова наведваць заняткі па выбранай мове, а ў астатнія дні яны маглі вольна наведваць заняткі па іншых мовах. Беларуская мова не выкладалася і ў навучанні не ўжывалася.
За перыяд з 1814 да 1820 гг. у Полацкай акадэміі навуковую ступень доктара тэалогіі і кананічнага права атрымалі 11 чалавек, доктара тэалогіі — 33 чалавекі, магістра тэалогіі — 13 чалавек, магістра філасофіі — 9 чалавек, кандыдата філасофіі — 27 чалавек.
У акадэміі была багатая бібліятэка, добра абсталяваныя кабінеты. Вялікую ўдзельную вагу ў кнігавыданні Беларусі мела выдавецкая дзейнасць царкоўных друкарняў. Адна з іх належала Полацкай езуіцкай акадэміі
Выдаваліся арыгінальныя і перакладныя творы антычных класікаў навукі і літаратуры Цэзара, Цыцэрона, Тыбула, Вергілія, працы па філасофіі, мастацкія творы польскай літаратуры. На рускай мове ў Полацку выйшла толькі адна кніга-хрэстаматыя «Краткие выписки, собранные из некоторых писателей в пользу обучающегося юношества российскому языку» (1816).
Полацкая езуіцкая друкарня была заснавана ў адпаведнасці з прывілеем Кацярыны ІІ (1787). Першым кіраўніком друкарні быў астраном А. Лянкевіч. Шрыфты друкарня набывала не толькі ў Маскве, Пецярбургу, Варшаве, але і ў Францыі. Усяго вядомы 82 полацкія выданні. Друкарня выдавала падручнікі і рэлігійную літаратуру на польскай, лацінскай, рускай, французскай, нямецкай мовах і латгальскім дыялекце латышскай мовы.
У 1818 і 1820 гг. у полацкай друкарні выходзіў «Miesiecznik Polocki» — першы часопіс на тэрыторыі Беларусі. Выданне вылучалася добрым знешнім і ўнутраным афармленнем. Усяго выдадзена 14 нумароў. Часопіс меў шэсць аддзелаў: літаратура і свабодныя навукі, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гісторыя, крытыка, літаратурныя веды.
У 1820 годзе маёмасць друкарні полацкіх езуітаў была перададзена ва ўласнасць адкрытага ў Полацку ў 1822 годзе Вышэйшага вучылішча ордэна піяраў. За 7 гадоў выдавецкай работы піяры выпусцілі 32 кнігі. Свецкая літаратура была прадстаўлена навучальнымі праграмамі, прамовамі, граматыкай лацінскай мовы, вершаваным зборнікам польскага пісьменніка Я. Аношкі, філасофскім трактатам прафесара Віленскага ўніверсітэта. Выдавецкая дзейнасць піяраў спынілася ў 1830 годзе. У сувязі з выгнаннем іх з Полацка і закрыццём вучылішча друкарня была перададзена Кіеўскаму ўніверсітэту.
Прадстаўнікі Полацкай езуіцкай акадэміі стаялі ля вытокаў стварэння сістэмы адукацыі ЗША, калі пасля забароны яе дзейнасці 20 чалавек паехалі ў гэтую краіну. Доктар Курціус, родам з Полацка, заснаваў у Нью-Йорку першую гімназію.
Некаторыя набыткі з педагагічнага вопыту Полацкай езуіцкай акадэміі не страцілі сваёй каштоўнасці і сёння.
ЛІТАРАТУРА
1. Арлоў, У. 1812. 10 чэрвеня. Адкрыццё Полацкай акадэміі / У. Арлоў, Г. Сагановіч // Беларуская мінуўшчына. — 1996. — № 1. — С. 16, 56.
2. Арлоў, У. Alma mater над Дзвіной / У. Арлоў // Навіны. — 1998. — 21 жн. — С. 6.
3. Арлоў, У. Полацкая акадэмія / У. Арлоў // Голас Радзімы. — 1992. — 21 чэрв. — С. 8.
4. Academia Polocensis // Таямніцы Полацкай гісторыі / У. Арлоў. — Мінск : Беларусь, 1994. — С.
5. Главацкі, Л. Згадкі пра загубленую Прыгажосць / Л. Главацкі // Народнае слова. — 1992. — 28 лют. — С. 4.
6. Крывёнак, М. Вярнуць бы Полацку былое хараство / М. Крывёнак // Народнае слова. — 1992. — 28 лют. — С. 4.
7. Малашэня, Л. Быў Полацк навуковым цэнтрам / Л. Малашэня // Звязда. — 1992. — 1 лют. — С. 2.
8. Малашэня, Л. Ці стане Полацк зноў універсітэцкім горадам? / Л. Малашэня // Народнае слова. — 1992. — 25 лют. — С. 5.
9. Подлипский, А. Полацкая кунсткамера / А. Подлипский // Химик (Новополоцк). — 1981. — 21 апр. — С. 4.
10. Цялежнікаў, У. Культурная спадчына полацкіх езуітаў / У. Цялежнікаў // Краязнаўчая газета. — 2016. — № 30 (жн.). — С. 4 ; № 31 (жн.). — С. 4.
11. Шайкоў, В. Полацкая акадэмія / В. Шайкоў // Полацкі веснік. — 1996. — 9 жн. — С. 2, 4 ; 13 жн. — С. 3.
12. Шалькевіч, В. Ф. Полацкая езуіцкая акадэмія / В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 12 : Палікрат—Праметэй. — С. 459.