haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Культура

04.07.2022 08:09

813 просмотров

0 комментариев

Год гістарычнай памяці. Дамашняя вайна роду Сапегаў

Смерць польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна Сабескага ў чарговы раз паставіла Рэч Паспалітую на мяжу грамадзянскага канфлікту. І калі ў каронных землях некаторы кампраміс яшчэ быў магчымы, дык на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага хутка пачалася сапраўдная вайна. У гісторыю гэты перыяд міжусобіц ды гвалту ўвойдзе пад дзіўнай назвай «Дамашняя вайна». Якія былі прычыны і вынікі гэтай вайны, распавядаем у артыкуле.

Шляхецкая анархія

Да сярэдзіны XVII ст. прывілеі і свабоды шляхты дасягнулі велізарных памераў. С цягам часу гэта ўсё больш станавілася вялікай дзяржаўнай праблемай. Нічым не абмежаваныя правы шляхты паступова сталі прыводзіць да анархіі і немагчымасці кіраваць краінай. Адной з галоўных праблем стала злоўжыванне шляхціцамі права liberum veto, якое дазваляла любому дыпутату блакаваць рашэнні ўсяго сейма. У выніку ў пярыяд з 1652 года большасць паседжанняў аказаліся сарванымі. Самавольства шляхты дасягнула вялізных памераў. Буйныя магнаты стваралі вакол сябе сапраўдныя арміі, якія потым выкарыстоўвалі ў войнах паміж сабой. Найбольш цяжкая сітуацыя склалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Уладары Вялікага княства

У гэты час адбылося моцнае ўзвышэнне роду Сапегаў. Шляхам карупцыі, подкупу і шантажу яны сканцэнтравалі ў сваіх руках ці ў руках сваіх хаўруснікаў, усе найважнейшыя пасады ў дзяржаве. У рэзідэнцыі Сапегаў — Ружанскім палацы, пабудаваным яшчэ Львом Сапегам, нават захоўвалася казна ВКЛ. Ён быў значным цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага княства. Тут вырашаліся многія дзяржаўныя пытанні, праходзілі прыёмы паслоў і нават манаршых асобаў. Палац па раскошы тады параўноўвалі з Версалем.


Палац у Ружанах. Крыніца: bestbelarus.by

У 1696 годзе супраць Сапегаў утварылася шырокая апазіцыя на чале з Агінскімі. Іх супрацьстаянне з іншымі групоўкамі нарастала, пачаліся сутыкненні са стральбой і ахвярамі. Вялікаму літоўскаму харунжыю Грыгорыю Агінскаму нават удалося ў 1697 годзе ўзняць супраць сваіх ворагаў частку войска ВКЛ, але ў сутыкненнях з войскамі Сапегаў яму не шанцавала, яго пераследавалі пастаянныя няўдачы и паражэнні.

Грыгорый Антоній Агінскі. Крыніца: wikipedia.org

25 чэрвеня таго ж года адбыліся выбары новага караля Рэчы Паспалітай. Сапегі падтрымалі французскага прынца Луі дэ Конці, іх супернікі саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста. Тут усемагутныя ўладары Ружанаў нечакана атрымалі моцную паразу. Сейм абраў каралём і вялікім князям курфюрста Саксоніі пад імем Аўгуст ІІ.

Новы кароль быў з галавою ў велізарных даўгах. Каб выплочваць пазыкі, яму нават часам прыходзілася закладваць частку сваіх земляў. Таму ён меў патрэбу ў моцных і заможных саюзніках. Антысапегаўская кааліцыя тут жа паабяцала яму ўсялякую падтрымку.


Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІ Моцны. Крыніца: wikipedia.org

Пазіцыя караля ў пытанні кіравання краем была дастаткова гнуткай. Несумненна, Аўгуст хацеў выкарыстоўваць існую сітуацыю ў сваіх мэтах. У планах караля была вайна са Швецыяй, і напярэдадні новага канфлікту было неабходна ўлагодзіць разбэшчаную шляхту Вялікага княства. Аднак не прыняўшы выразна ніводзін з бакоў, кароль толькі падштурхнуў ворагаў да большай актыўнасці. Ашалелая ад уседазволенасці шляхта ўспрыняла нерашучасць караля як слабасць.

Але Аўгуст усё ж такі паспрабаваў дабіцца хаця б часовага перамір’я. У снежні 1697 года ён асабіста прыбыў у Гродна. Непадалёк ад горада пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве віленскага біскупа Канстанціна Казіміра Бжастоўскага. У выніку мір быў падпісаны, але і Сапегі, і іх апаненты засталіся абсалютна незадаволеныя такім кампрамісам. Трэба дадаць, што біскуп быў яшчэ і асабістым ворагам Сапегаў: у 1694 годзе ён адлучыў ад царквы аднаго з галоўных прадстаўнікоў роду Казіміра Яна.

Грамадзянская вайна

Новы віток канфлікту прыпаў на 1700 год. Фармальнай яго прычынай стаў наступны выпадак. У Вільні шляхціц мінскага ваяводства Себасцьян Цадроўскі страляў у карэту, у якой ехаў адзін з Сапегаў. Прыхільнікі Сапегаў у адплату неадкладна абстралялі карэту, якую прынялі за карэту галоўнага іх непрыяцеля — віцебскага кашталяна Міхала Казіміра Коцэла. На іх няшчасце, кашталяна там не было. У ёй ехалі князі Міхал і Януш Вішнявецкія. У выніку нападу абодва атрымалі раненні. Лагер ворагаў Сапегаў папоўнілася яшчэ адным уплывовым сямействам. Стала зразумела, што на гэты раз кровапраліцця пазбегнуць не ўдасца.


Міхал Сервацый Вішнявецкі. Крыніца: wikipedia.org

Сапегі сталі збіраць войска. Не засталіся ў даўгу і іх ворагі. Міхал Коцэл абвясціў супраць іх «паспалітае рушэнне». Біскуп Бжастоўскі зноў спрабаваў прымірыць бакі, але гэтым разам беспаспяхова.

Абедзьве арміі сустрэліся непадалёк ад мястэчка Алельнікі, што на поўдзень ад Вільні. Колькасная перавага была на баку кааліцыі пад камандаваннем Міхала Вішнявецкага, Грыгорыя Агінскага і Міхала Коцэла, якасная — на баку войска Казіміра Яна Сапегі. Апошні ў сваіх шэрагах меў добрую пяхоту, артылерыю, рэйтараў і конніцу татараў. Паспалітае рушэнне магло супрацьпаставіць наёмную кавалерыю з Валахіі і шматлікія шляхецкія харугвы. Зрэшты, пазіцыя абраная Вішнявецкім для бітвы была крыху лепшай, бо дала магчымасць схаваць за лесам перамяшчэнне асноўнай масы сваіх войскаў, што дазволіла Рыгору Агінскаму правесці свой атрад у тыл арміі Сапегаў. Пасля жорсткай бітвы паміж атрадамі пяхоты ў цэнтры, войска апошніх пачало адыходзіць. Зараз невядома, ці паспеў Агінскі завяршыць свой манеўр па акружэнні варожых сілаў, але ў нейкі момант амаль усе камандзіры арміі Сапегаў у хуткім парадку пачалі пакідаць месца бою. У выніку, пазбавіўшыся камандавання, войска стала адыходзіць, і ўрэшце кінулася наўцёкі. Са жменькай набліжаных на поле бою застаўся толькі сын Казіміра Яна, Міхал Сапега. Акружаны, ён здаўся Міхалу Вішнявецкаму пад яго гарантыі бяспекі. Міхала Сапегу суправадзілі ў Бернардынскі манастыр у Алельніках. Але нават святыя сцены не ўбераглі яго ад помсты. Раніцай наступнага дня палонныя былі забітыя раз’юшанай шляхтай, якая ўварвалася ў манастыр. Маладога Міхала засяклі шаблямі на месцы.

Доўгая вайна і страчаныя надзеі

Перамога кааліцыі над Сапегамі прывяла да разгулу анархіі ў краі. Хаўруснікі перайшлі да кіравання княствам з такой бесцырымоннасцю, нібыта ў дзяржаве ўжо не было ніякай іншай улады. Кіраўнікі кааліцыі атрымалі вялізныя прыбыткі ад сваёй перамогі: Міхал Вішнявецкі праз два гады атрымаў ва ўпраўленне ўзброеныя сілы, Коцэл і Агінскія атрымалі права на збор падаткаў, Караль Радзівіл атрымаў ва ўпраўленне адабраную ў Сапегаў маёмасць. Нават ініцыятар забойства палонных, віленскі канонік Кшыштаф Белазор, стаў прадстаўніком Вялікага княства пры каралі. Незлічоныя багацці Сапегаў былі канфіскаваныя, а самі яны былі абвешчаныя пазбаўленымі гонару і выгнаныя з краіны.

Але вайна на гэтым не скончылася. Асновай супраціву сталі былыя ўладанні Сапегаў. Чарэя і Дуброўна здаліся толькі ў 1701 годзе. Наступны 1702 год адзначаны працяглай аблогай Быхава, якая завяршылася ганаровай здачай гарнізона. Разбураны і разрабаваны быў таксама шыкоўны Ружанскі палац.

Паражэнне Сапегаў супраць шляхецкай кааліцыі ў грамадзянскай вайне не прывяло ні да чаго новага, адна групоўка змяніла іншую. Праўда, некаторыя праекты, пачатыя Сапегамі (мадэрнізацыя ўзброеных сілаў, цэнтралізацыя фінансавага апарата), былі забытыя на многія дзесяцігоддзі.

Амаль увесь гэты час Аўгуст ІІ удзельнічаў у Паўночнай вайне на баку Расіі. Але вёў ён яе як курфюрст Саксоніі, а не як кароль Рэчы Паспалітай. Таму 6 сакавіка 1703 года зняважаныя Сапегі прынялі бок шведскага караля Карла XII, ворага Аўгуста, які ў 1702 годзе пачаў наступ на тэрыторыю Рэспублікі абодвух народаў.

Спачатку здавалася, што Фартуна павярнулася тварам да апальных князёў. Аўгуст ІІ прайграў шведам амаль усе бітвы і згубіў сваю ўладу. У 1706 годзе Карл XII прымусіў яго падпісаць Альтранштэцкі мір, згодна з якім Аўгуст ІІ адрокся ад польскага трону на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля гэтага апошні быў аб’яўлены паўнапраўным каралём Польшчы і вялікім князям Літоўскім.


Станіслаў І Ляшчынскі. Крыніца: wikipedia. org

У доўгай вайне Сапегі знойдуць і сваіх ранейшых супернікаў. Ян Казімір Сапега (1672-1730), прадстаўнік новага пакалення роду і пляменнік Казіміра Яна, стаў вялікім гетманам літоўскім і разбіў Грыгорыя Агінскага ў 1709 годзе ў бітве пад Ляхавічамі. Цалкам магчыма, што ў Сапегаў атрымалася б вярнуць страчанае, але ў вайну ўмяшаліся больш моцныя гульцы. На тэрыторыю Рэчы Паспалітай уступілі войскі рускага цара Пятра І. У бітве каля Лідухава войскі Сапегаў саступілі арміі расійскага генерала фон Гольца. У выніку Ляшчынскі страціў уладу, а Сапегі надзеі на аднаўленне свайго былога ўплыву.


Ян Казімір Сапега. Крыніца: wikipedia.org

Прайшлі гады, перш чым род Сапегаў пачаў паступова вяртаць сабе аўтарытэт у дзяржаве. Але да былой магутнасці яны ўжо не вярнуліся ніколі.

Ілля Дняпроўскі, budzma. org

Последние новости