Аляксандр Паплаўскі. Фота: Вольга Шукайла
Кватэра Аляксандра знаходзіцца недалёка ад гістарычнага цэнтра Кракава, на апошнім паверсе. Мусіць, каб быць бліжэй да зорак. Хоць у Кракаве і ў цэлым у Польшчы назіраць неба складана, занадта шмат штучнага святла нават уначы. Зараз за назіраннямі і фатаграфіямі астрафізіку трэба ехаць 300 кіламетраў у горы, каб знайсці прыдатную кропку. Зусім іншая справа была ў яго роднай Свіслачы — 15 кіламетраў да польскай мяжы, вакол — Белавежская пушча. Чым не ідэальнае месца, каб глядзець на сонца і зоркі?
На пытанне, калі ў яго з’явілася цікавасць да астраноміі, Аляксандр адказвае з гумарам:
— У 9 класе, калі мае аднакласнікі хадзілі на сустрэчы з дзяўчынкамі, я сядзеў дома і шліфаваў люстэрка для тэлескопа. Як аказалася, гэта была ўдалая інвестыцыя ў сваю будучыню (смяецца). А калі сур’ёзна, то ў той час была адносна нядрэнная падзорная труба лідскага прыборабудаўнічага завода. Я прачытаў у нейкай газеце, што будзе месячнае зацьменне, і вырашыў паназіраць за ім. Дайсці да таго рашэння было няцяжка самастойна, ніхто мяне не прымушаў і не падштурхоўваў.
Месячнае зацьменне і іншыя назіранні за нябеснымі целамі навялі на думку тады яшчэ школьніка паўдзельнічаць у алімпіядах па астрафізіцы. Аляксандр заваяваў прызавыя месцы ў 10 і 11 класах і паступіў без іспытаў на факультэт радыёфізікі і радыёэлектронікі БДУ. З першага курса пачаў працаваць у ліцэі пры БДУ — спачатку складаў заданні для алімпіяд, а потым пачаў выкладаць астраномію.
Разам з камандай ліцэістаў настаўнік аб’ездзіў дзясятак краін і вяртаўся з міжнародных алімпіяд з 1, 2 ці 3 месцамі. Паралельна пісаў кандыдацкую па астрафізіцы ў БДУ па тэме «Мадэляванне эвалюцыі джэтаў і электрамагнітных палёў акрэцыйных дыскаў актыўных галактычных ядраў» і стаў першым, хто абараніўся па гэтым напрамку ў Беларусі. Акрамя таго, у працоўнай скарбонцы вучонага яшчэ два гады працы на кафедры тэарэтычнай фізікі і астраноміі фізічнага факультэта БДУ. Але пра тамтэйшы час ён распавядае неахвотна, шчыра прызнаецца, што выкладаць ліцэістам яму было цікавей.
— Падчас працы над дысертацыяй я выкарыстаў камп’ютарнае мадэляванне і вылічэнні, а пасля абароны пачаў займацца новымі тэхналогіямі ў прыватнай кампаніі. З аднаго боку, я адчуваю, што знаходжуся на вастрыі веды, з іншага боку — мяне заўсёды больш цікавілі метады даследавання, а не аб’екты, да таго ж, інжынерная частка мяне захоплівае мацней, чым тэарэтычная.
Сваёй будучыні ва ўніверсітэцкім асяроддзі Аляксандр не бачыў, лічыў, што такі кар’ерны шлях занадта прадказальны. Спачатку абарона дысертацыі і шмат гадоў паездак з лабараторыі ў лабараторыю на postdoc studies па ўсім свеце.
Раздрукаваная прэзентацыя Аляксандра Паплаўскага. Кракаў, Польшча. Фота: Вольга Шукайла
— Па факце ў цябе няма ні пастаяннага месца жыхарства, ні магчымасці стварыць сям’ю. Можна паўгода жыць у Кітаі, год у ЗША, а потым яшчэ дзесьці. Атрыманне сталай пазіцыі выкладчыка ва ўніверсітэце — пытанне дзясятка гадоў. Дапусцім, я атрымаў такую працу, а што далей? Кіраваць кафедрай і займацца адміністрацыйнай працай, больш, чым навуковай... А навошта?
Апошнія некалькі гадоў у Беларусі выкладанне і падрыхтоўка да алімпіяд займалі ў Аляксандра некалькі гадзін на тыдзень перад асноўнай працай у стартапе. Тут ён працуе і зараз, займаецца навуковымі распрацоўкамі і менеджментам.
— Заснавальнікі гэтага стартапа хацелі прыдумаць новыя тэхналогіі ў галіне штучнага інтэлекту. Гэтая тэма мне заўсёды здавалася вельмі перспектыўнай. У сучасным свеце шмат цікавых навуковых распрацовак ствараюць малыя групы або адзіночкі. Выдатна, калі ўніверсітэт валодае нейкім топавым абсталяваннем, але калі ў прыватнай арганізацыі ёсць такое ж, то чаму б не займацца навукай у камерцыйным сектары. Я магу зрабіць нейкую распрацоўку для зямных рэчаў, але яна можа прымяняцца і для штучных спадарожнікаў у космасе, — тлумачыць Аляксандр.
Пра свой пераезд у Польшчу і ў цэлым пра эміграцыю беларусаў
Калі кампанія адкрыла офіс у Польшчы, то Аляксандру прапанавалі туды пераехаць, а з цягам часу і ўзначаліць філіял у Кракаве. Ён пагадзіўся, тым больш што па бацькаўскай лініі ў яго польскія карані. З’язджаў у Польшчу ў 2018 годзе, калі яшчэ не было такой вялікай плыні эміграцыі, а беларуская дыяспара не была такой інстытуцыяналізаванай.
Аляксандр Паплаўскі з тэлескопам. Кракаў, Польшча. Фота: Вольга Шукайла
— Не магу сказаць, што ў Кракаве я знаходжуся ў эміграцыі, не, я ў сябе дома. У Беларусі я таксама ў сябе дома. Калі з’явілася навіна, што я выйграў у конкурсе NASA, то Gazeta Wyborcza напісала, што я паляк, а беларускія СМІ, што беларус. Пры гэтым і тое, і іншае —праўда, — смяецца Аляксандр. — Ну і як тут не прывесці прыклад Каперніка, які лічыцца польскім астраномам, але вучыўся ён у Італіі. Ці могуць прадстаўнікі таго італьянскага ўніверсітэта лічыць яго сваім? Я лічу, што так, могуць. Ці могуць палякі яго лічыць сваім астраномам?
На гэтае сваё ж пытанне Аляксандр адказвае сцвярджальна, пасля чаго пераключаецца на тэму міграцыі беларусаў.
— Напэўна, я выкажу не самае папулярнае меркаванне, бо зараз людзі з Беларусі з’язджаюць у сувязі з рознымі абставінамі, але мне здаецца, што пераезд — нармальны працэс. Тысячагоддзямі людзі выходзілі за межы свайго звыклага арэала пасялення, асвойвалі новыя тэрыторыі і адкрывалі свет. Думаю, што жаданне атрымліваць веды, даследаваць і развівацца нам уласцівае.
Пра перамогу ў конкурсе NASA
На працоўным стале Аляксандра: камп’ютар, спецыяльны фільтр для назірання сонечнага зацьмення і разлікі для праекта NASA. Просім растлумачыць, у чым ідэя рашэння.
— Уявіце, што ў нас ёсць эмаляванае вядро, самае звычайнае, і мы па адным баку пачынаем біць цяжкім малатком. Што адбудзецца? Пачнуцца ваганні. Ад удару яны пачнуць распаўсюджвацца па паверхні вядра, а з цягам часу згасаць. Просты эксперымент, быццам бы ўсё зразумела. Цяпер ускладнім. Заменім вядро на цяжкі двухмятровы штучны спадарожнік, які зроблены з розных матэрыялаў, у якога ўсярэдзіне розныя металічныя элементы канструкцыі, абарона ад узаемадзеяння з атмасферай, вельмі складаная электроніка, і ўсё гэта неаднастайна і перамяшана. Удары заменім на вібрацыі, ваганні, выбухі, звязаныя, напрыклад, з адстыкоўкай ступеняў ракеты-носьбіта. Я разлічваў, якія ўздзеянні атрымае касмічны апарат у выніку ўсяго гэтага, а таксама ці зможа ён захаваць сваю функцыянальнасць.
Аляксандр расказвае, што NASA зрабілі тэставы ўзор спадарожніка, размясцілі на ім датчыкі паскарэнняў, а потым уздзейнічалі на яго: магутным ударам і піратэхнічнымі выбухамі рознай магутнасці. Датчыкі фіксавалі, што адбываецца са спадарожнікам, а далей дадзеныя перадалі ўдзельнікам.
Аляксандр Паплаўскі з мікракамп’ютарам. Кракаў, Польшча. Фота: Вольга Шукайла
— У NASA да апошняга часу выкарыстоўвалі старыя мадэлі, распрацаваныя яшчэ ў
Паведамленне пра перамогу ў конкурсе і грашовы прыз прыйшло на пошту. Аляксандр кажа, што быў вельмі рады ўвазе да свайго праекта, таму што да NASA ставіцца з вялікай павагай. Ён бы нават хацеў там працаваць, праўда, у
— У тыя часы NASA зрабіла вельмі важную працу ў сувязі з адпраўкай чалавека на Месяц, паколькі гэта быў тэхналагічны прарыў ва ўсіх абласцях. Для гэтай задачы спатрэбіліся новыя тэхналогіі, новыя ўстойлівыя матэрыялы, палёт стымуляваў развіццё камп’ютараў, аўтапілотаў. Там працаваў геніяльны склад інжынераў, талент якіх, напрыклад, напоўніцу выявіўся ў працэсе выратавання гістарычнай місіі Апалон-13, на якім адбылася аварыя пры пілатаванні да Месяца. Але, зразумела, у
Аляксандр лічыць, што такія конкурсы NASA патрэбныя, каб збіраць новыя ідэі. Даследчык перадаў NASA правы на свой праект і спадзяецца, што арганізацыя будзе выкарыстоўваць яго ў сваёй працы.
— Мы жывём у цікавую эпоху. З аднаго боку, NASA рэалізоўвае фантастычныя праекты. Напрыклад, праект James Webb space telescope. Я сачыў за ім яшчэ з універсітэцкіх гадоў, ён вельмі дарагі, таму адкладаўся дзясятак гадоў. Тэлескоп унікальны, яго папярэднік Hubble знаходзіцца на калязямной арбіце, на вышыні 600 кіламетраў, і Hubble можа абслугоўваць, напрыклад, Спэйс Шатл з Зямлі. Людзі падлятаюць туды, грузяць у спецыяльны адсек, робяць рамонт і выгружаюць назад. Альбо астранаўты самі выходзяць у адкрыты космас, падлятаюць і мяняюць часткі.
А вось у James Webb space telescope такой опцыі няма, удакладняе Аляксандр.
— Калі сцісла, то ён запушчаны больш як на 1,5 мільёна км ад Зямлі і знаходзіцца ў адной з кропак Лагранжа — гэта такія кропкі паміж Зямлёй і Сонцам, дзе размясціць спадарожнік бяспечна, бо гравітацыя двух аб’ектаў будзе ўтрымліваць апарат, г.зн. ён заўсёды будзе знаходзіцца ў тым жа самым месцы, куды яго змясцілі першапачаткова. Паколькі адлегласці страшэнна велізарныя, то рамантаваць яго сіламі людзей нельга, таму ўсё трэба было зрабіць правільна і з першага разу. NASA гэта ўдалося, і зараз мы можам бачыць тое, што не мог паказаць нам Hubble.
Навуковец таксама ўспамінае SpaceX.
— Шчыра, не ведаю, як скончыцца місія палёту на Марс, але мне падабаецца, што прыватныя інвестары рэалізуюць касмічныя праекты. Бо той сітуацыі, якая была ў 60-я-70-я, калі на даследаванні космасу траціліся вялікія ўрадавыя грошы, больш не будзе. Бо на самой Зямлі ёсць неабходнасць лячыць людзей і будаваць добрыя дарогі. Ізноў жа, такія праекты, якія робіць Ілон Маск, не прыбытковыя, можна адкрыць кіёскі з пончыкамі і прадаваць на прыпынках па ўсім кантыненце, і гэта будзе нашмат прасцей і больш прыбыткова. А людзі ідуць на рызыкі, разумеюць, што могуць нічога не зарабіць, але працягваюць развіваць праект. Гэта заслугоўвае павагі.
Аляксандр Паплаўскі. Фота: Вольга Шукайла
Пра фатаграфаванне зорак
У вольны час Аляксандр захапляецца фатаграфаваннем зорнага неба і развівае свой адукацыйны праект theskilines у Інстаграме. Ён вырашыў зрабіць яго, каб зрабіць унёсак у папулярызацыю астраноміі і геаграфіі сярод сваіх былых і будучых вучняў.
— У Інстаграме вельмі шмат забаўляльных рэчаў, а мне б хацелася ўнесці туды і пазнавальнае. Напрыклад, зараз я апрацоўваю цікавую выяву месяцовага зацьмення, якое мне ўдалося зняць 16 мая 2022 года. Яшчэ ў хуткім часе запампую здымак зорнага неба, атрыманы каля года таму ў адным з двух пунктаў Польшчы з самым цёмным небам, з Бяшчадскіх гор.
Па словах Аляксандра, зорнае неба даволі цяжка здымаць, таму што Зямля круціцца і, як вынік, неба адносна назіральніка таксама. Трэба гэта ўлічваць, і з дапамогай спецыяльнага механізма паварочваць фотаапарат разам з аб’ектывамі ўслед за кручэннем неба.
— Каб такая прылада працавала правільна, яе трэба ўручную «зарыентаваць». Спачатку я яе наладжваю з дапамогай лазера па палярнай зорцы, а потым з дапамогай тэлескопа і адмысловага прыкладання карэктую. Сукупнасць кадраў для аднаго-адзінага здымка можа важыць больш за 4 Гбайт. Што да здымак Месяца, то для гэтага патрэбны аб’ектыў з доўгай фокуснай адлегласцю і штатыў вялікай цвёрдасці. Раблю серыю здымкаў, а потым аб’ядноўваю. Акрамя гэтага, падабаецца здымаць сонечныя зацьменні і сонечныя плямы, для гэтага выкарыстоўваю спецыяльны фільтр з проста неверагоднай прапускной здольнасцю — ён памяншае паток святла ў 100 тысяч разоў. Калі ласка, не здымайце сонечнае зацьменне на фотаапараты без фільтраў, пашкадуйце тэхніку, вашы вочы і нервовую сістэму вашых блізкіх, — смяецца Аляксандр. — Можна пашукаць старыя камп’ютарныя дыскеты і паспрабаваць з іх дапамогай зняць нешта.
— А лепш прыязджайце да нас у Кракаў. Тут я планую арганізоўваць астранамічнае назіранне для ўсіх зацікаўленых. У бліжэйшы час з дапамогай тэлескопа будзем глядзець на Месяц, улетку ён знаходзіцца нізка над гарызонтам. Ідэальна для назірання. Мне б хацелася рабіць большы ўнёсак у папулярызацыю навукі (любой, не толькі астраноміі) сярод людзей, не ўсё ж тэхналогіям нас забаўляць, трэба часам і пра сур’ёзныя рэчы падумаць.
Аўтар: Алеся Песенка, фатограф: Вольга Шукайла, reform.by