
Самае неразумнае, што можна зрабіць, калі знайшлі чужую картку, — паспрабаваць зняць грошы ці расплаціцца знойдзенай карткай. Такія дзеянні будуць тлумачыцца як злачынства.
Як распаўсюджаны прыклад можна прывесці наступны выпадак:
Пракуратурай аднаго з раёнаў сталіцы было падтрыманае дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе (па ч. 2 арт. 212 КК) у дачыненні да адной асобы, якая падчас сумеснага распівання з пацярпелым спіртных напояў завалодала банкаўскай карткай апошняга.
Як бачым — схадзіў за «дагонкай», а атрымаў некалькі гадоў цвярозага знаходжання за кратамі.
Пры сустрэчы з меркаваным уладальнікам, якога атрымалася знайсці праз сацыяльныя сеткі, вы можаце не пачуць падзякі, але наадварот — абвінавачанне ў крадзяжы. Вы ж нічога не ведаеце аб адэкватнасці ўладальніка, а таксама аб тым, які шлях зрабіла картка перад тым, як апынуцца ў вас. Можа, з яе ўжо скралі грошы? Пад псіхалагічным прэсінгам уладальніка карткі і сапраўды лёгка паверыць, што з рахунку знікла некаторая колькасць рублёў, і давядзецца дастаць грошы са сваёй кішэні .
Яшчэ адна памылка: размяшчаць аб'явы ў інтэрнэце, асабліва адкрыўшы дадзеныя карты. Калі яна пакуль не заблакаваная, рэквізітамі могуць скарыстацца ашуканцы. Да таго ж публікацыя рэквізітаў з'яўляецца парушэннем закону аб абароне асабістых дадзеных.
Немагчыма вызначыць уладальніка неперсаніфікаванай карткі з надпісам INSTANT CARD.
Калі ж вы прыйдзеце ў банк і запытаеце дадзеныя ўладальніка, каб вярнуць яму картку, вам адмовяць. Згодна з артыкулам 121 Банкаўскага кодэкса, гэтыя звесткі з'яўляюцца банкаўскай таямніцай.
Калі ж страціць картку здарылася вам, банкі раяць перавыпусціць яе ў любым выпадку. Нават калі вам вярнулі яе, вы ніколі не даведаецеся, праз колькі рук картка прайшла за гэты час. Да таго ж дадзеныя могуць быць пасля скарыстаны для электронных плацяжоў.
Каб не стаць ахвярай злачынцы, неабходна выконваць шэраг правілаў
— уводзячы пін-код у банкамаце, прыкрывайце клавіятуру рукой;
— пін-код нельга запісваць на картцы або захоўваць побач з карткай, напрыклад у кашальку або даступным для старонніх месцы, таму што ў выпадку крадзяжу або страты кашалька ў ашуканцаў будзе ўся неабходная інфармацыя для зняцця наяўных з рахунку;
— нікому не перадавайце сваю картку і не паведамляйце пін-код, у кавярні настойвайце на правядзенне аперацыі ў вашай прысутнасці;
— аплачваючы тавары ці паслугі па картцы, нельга пакідаць рахунак або выкідваць яго, бо на ім надрукаваны нумар карты:
— калі вам прыйшло паведамленне аб блакіроўцы карты, ператэлефануйце па тэлефоне банка, пазначаным на адваротным баку вашай карты;
— аглядайце банкаматы перш чым карыстацца імі, калі нешта здаецца вам падазроным, лепш скарыстацца іншым банкаматам;
— падключыце функцыю SMS-абвесткі;
— не заходзіце на сайты банкаў і крам, націскаючы па спасылках у паштовых паведамленнях і рэкламных банэрах, адрас бяспечней набіраць уручную;
— рэгулярна абнаўляйце антывірусныя праграмы на кампутары і тэлефоне;
— у выпадку крадзяжу або страты карткі трэба неадкладна паведаміць пра гэта ў банк, які выпусціў яе, і заблакаваць картку.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!