Толькі за два месяцы гэтага года ў сельгасарганізацыі рэгіёна недалічыліся 600 кароў. Аднак трэба сказаць, што пачатак мінулага года быў куды больш драматычным.
Тым часам дзяржкантроль адрасна працягвае праверку фермаў, замацаваных персанальна за старшынямі райвыканкамаў. Ужо хто-хто, а яны, маўляў, парадак павінны былі навесці!
Не навялі.
Як паведамляе КДК у сваім тэлеграм-канале, дзяржкантроль Мінскай вобласці праінспектаваў сельгаспрадпрыемствы Валожынскага раёна.
“У рамках выканання даручэння кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку ў жывёлагадоўлі Максім Аляшкевіч і Анатоль Дарожка вывучылі сітуацыю ў гаспадарцы, замацаванай за старшынёй Валожынскага райвыканкама.
У ходзе маніторынгу быў выяўлены шэраг грубых парушэнняў ветэрынарных і санітарных правілаў утрымання жывёл, уключаючы незабеспячэнне належнага ўліку жывёлы, адсутнасць кантролю за якасцю кармоў, выпойваннем цялят, і іншыя”, – сказана ў паведамленні.
Нагадаем, што размова – пра фермы, за якія адказвае старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. На гэтую пасаду ён быў прызначаны з 2019 года. Да таго працаваў першым наменікам старшыні Барысаўскага райвыканкама.
Праверылі кантралёры і фермы, за якія адказвае старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас.
“Пры гэтым грубыя парушэнні на МТФ “Алес” СУП “Церахоўка-Агра”, якая персанальна замацавана за старшынёй Добрушскага райвыканкама, устаноўлены паўторна. Па выніках папярэдняга маніторынгу кіраўнік райвыканкама быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, аднак меры па ліквідацыі парушэнняў не прыняты”, – сказана ў паведамленні КДК.
Магчыма, не такі страшны дзяржкантроль для чыноўнікаў, як некаму падаецца. Можа, звальненне з пасады некаторыя ўжо ўспрымаюць не як пакаранне, а як падарунак.
Сяргей ПРАЎДЗІН.
https://nv-online.info/bitva-za-karo-pakul-ne-vjadze-da-peramogi.html