Яшчэ 4 гады таму французскі рух «жоўтых камізэлек» прымушаў улады розных краінаў карэктаваць сацыяльную і эканамічную палітыку. А радыкалаў па розных баках палітычнага спектра па ўсім свеце захапляцца Францыяй і марыць аб маштабаванні «жоўтых» пратэстаў на ўсю планету. Але сёлетняе супрацьстанне на вуліцах Парыжа і іншых гарадоў не выклікае зацікаўленасці параўнальнай з «жоўтай эпідэміяй» у 2018-2019. Нават у СМІ, на фоне падзеяў на ўсходзе Еўропы, пратэстам у Францыі надаюць нашмат менш увагі, чым раней.
Фота: cloudfront.net
Хіба, што пракрамлёўскія прапагандысты робяць акцэнты на магчымым развале французскай дзяржавы з-за сістэмных крызісаў, што прыводзяць да масавых выпадкаў непадпарадкавання на вуліцах, і няздатнасці ўраду ўрэгуляваць сітуацыю, якая імкнецца да рэвалюцыйнай.
Цікава, што нават у такога кшталту СМІ акцэнт з прычынаў сённяшніх французскіх падзеяў змяшчаецца на наступствы. З супрацьстаяння пенсійнай рэформе — у кірунак гвалту на вуліцах і заяваў левых палітыкаў.
Напрыклад, цалкам сістэмнага экс-кандыдата ў прэзідэнты ад «Няскоранай Францыі» Жана-Люка Меланшона (22% у першым туры выбараў 2022). Які разам з аднапартыйцамі і больш радыкальнымі несістэмнымі левымі на вуліцах Парыжа і іншых гарадоў заяўляе аб неабходнасці дэмантажу сістэмы ў Францыі, пабудаванай у сярэдзіне 20 ст, скліканні новага канстытуцыйнага сходу і запачаткавання больш сацыяльна-арыентаванай дзяржавы на левых прынцыпах.
У прыватнасці, Меланшон адразу пасля з’яўлення інфармацыі аб верагоднасці прыняцця праграмы пенсійнай рэформы заявіў: «Мы маем права на паўстанне, маем права на мабілізацыю масаў.»
Францыю мабілізавала новая спроба прыняцця пенсійнай рэформы
Сённяшняя спроба прасоўвання пенсійнай рэформы ў Францыі зусім не першая. У 2019-2020 раней прыняты закон аб рэформе пенсійнай сістэмы быў адменены. Паўплывалі на гэта рашэнне пратэсты «жоўтых камізэлек» і агульны антырэйтынг прэзідэнта Макрона, які на той момант планаваў ісці на выбары.
Увесь 2022 год ішлі кансультацыі і ўзгадненне фактычна старой рэдакцыі закона аб рэформе. У якім прадугледжанае павялічэнне ўзросту выхада на пенсію на 2 гады, да 64.
Апазіцыйныя партыі Макрона дэпутаты з ніжэйшай палаты парламента намагаліся спыніць працэс. Заканчэнне і фактычны выхад на фінішную прамую абмеркавання рэформы ў камісіях ўжо ў студзені 2023 паўплывалі на чарговую мабілізацыю прафсаюзаў і палітычных актывістаў. З пачатку года да сакавіка 2023 Францыю неаднаразова ахоплівалі страйкі (8 разоў), паралізуючы ў тым ліку транспартную сістэму краіны, і масавыя акцыі з блакаваннем магістраляў. Якія амаль штораз суправаджаліся гвалтам з боку пратэстоўцаў і паліцыі.
7 сакавіка , напярэдадні запланаванага партыяй Макрона вынясення законапраекта на абмеркаванне ў ніжнюю палату парламента, пасля закліку прафсаюзаў, у краіне распачаўся бестэрміновы страйк. Можна сказаць, што ён на асобных прадпрыемствах, навучальных установах, транспартных кампаніях працягваецца і зараз.
Але ўсё ж значная колькасць французскіх працоўных не страйкуе, бо маштабнасць акцыі не дазваляе кампенсаваць хаця б нязначна фінансавыя страты з прафсаюзных і касаў узаемадапамогі.
Нягледзячы на гэта, варта канстатаваць, што страйк закрануў амаль ўсе сектары эканомікі. У значнай ступені зараз абмежаванай застаецца праца нафта-перапрацоўчых прадпрыемстваў, не функцыянуюць некаторыя чыгуначныя, аўтобусныя перавозкі, блакуюцца парты. Вельмі шмат школаў і ўніверсітэтаў альбо цалкам не працуюць, альбо часткова, навучальны працэс у тым ліку блакуецца навучэнцамі.
Трэба адзначыць, што найбольш малазабяспечаныя жыхары Францыі па апытаннях СМІ амаль не ўдзельнічаюць у страйках — гэта нізкакваліфікаваныя рабочыя і занятыя на часовых працах (у тым ліку кур’еры і таксісты). Галоўная прычына — адсутнасць прафсаюзнага руху ў гэтай часткі эканомікі і фінансавая ўразлівасць працоўных.
Чытайце па тэме: Гарызантальныя сувязі, страйкі і салідарнасць
Палітычны і вулічны аспекты супрацьстаяння
Разумеючы, што закон не будзе падтрыманы ніжняй палатай парламента, прэзідэнт Макрон усё ж наважыўся скарыстацца магчымасцю зацвердзіць яго сваё наўпроставай дырэктывай. Што вельмі абурыла не толькі палітычны істэблішмент, але і большасць грамадзян краіны. Па некаторых апытаннях, да 80% жыхароў Францыі выказваюцца супраць прымянення Макронам дырэктыўнага прыняцця закона, якое разглядаюць як перажытак эпохі Дэ Голя.
17 сакавіка лева-экалагічная кааліцыя ў парламенце на чале з блізкай да камуністычных ідэяў партыяй «Няскораная Францыя» і нацыяналістычны рух «Нацыянальнае аб’яднанне» Ле Пэн асобна накіравалі ў Канстытуцыйную раду (структуру, якая разглядае адпаведнасць законам рашэнняў розных галінаў улады) апеляцыі датычна пенсійнай рэформы.
Таксама 252 левыя дэпутаты аформілі запыт на «рэферэндум па супольнай ініцыятыве» (у французскім скарачэнні RIP), які прадугледжвае агульнафранцузскі плебісцыт па пытанні павелічэння пенсійнага ўзросту.
Усе гэтыя працэсы могуць быць расцягнутыя да года. І такім чынам урад можа спрабаваць збіць пратэсны імпэт і пераключыць увагу грамадзян на іншыя праблемы.
Іншая спроба ўздзеяння на партыю Макрона і сфарміраваны ёй урад — вынясенне недаверу — у парламенце правалілася (не хапіла толькі 9 галасоў).
фота: lbc.co.uk
У дзень падпісання Макронам закона ў абыход парламента па ўсёй краіне адбыліся масавыя пратэсты, якія ў буйных гарадах скончыліся сутычкамі з паліцыяй.
Безумоўна, як і ў руху «жоўтых камізэлек» галоўную ролю ў сённяшніх пратэстах граюць прыхільнікі левых ідэяў. Але гэта не значыць, што скрайне левыя палітычныя арганізацыі найбольш уплываюць на мабілізацыю масаў.
Значны ўнёсак у каардынацыю пратэставай дзейнасці робяць прафсаюзы. Дзякуючы найбольшаму досведу ў адстойванні інтарэсаў працоўных, прафсаюзныя лідары маюць большы аўтарытэт сярод грамадзян, у тым ліку з-за рознанакіраванай дзейнасці аб’яднанняў.
Хаця левыя актывісты шмат крытыкуюць прафсаюзны актыў за недастатковы радыкалізм і спробы пошуку кампрамісаў, менавіта аб’яднанні працоўных праяўляюць сябе як сілы, здатныя на сістэматычныя салідарныя масавыя дзеянні.
У значнай меры сябры прафсаюзаў не падтрымліваюць выключна гвалтоўныя метады часткі левых радыкалаў. Але шараговыя дэманстранты заўжды разумеюць не толькі верагоднасць такога разгортвання падзеяў, яны гатовыя да іх. Бо гвалт цалкам дапускаецца ў французскім грамадстве, як спосаб уздзеяння на ўлады і інструмент барацьбы.
Апошні пратэст 26 сакавіка, калі 10000 фермераў і экаактывістаў выступілі супраць пабудовы вадасховішча на поўднёвым захадзе краіны, падчас якога былі параненыя 28 паліцэйскіх, з’яўляецца яскравым таму падцверджаннем:
фота: i.ytimg.com
Што ўжо казаць пра гвалт падчас пратэстаў супраць прымянення прэзідэнтам Макронам метадаў, блізкіх да дыктатарскіх, дзеля рэалізацыі пенсійнай рэформы, якая датычыцца абсалютнай большасці працаздольнага насельніцтва Францыі.
Ці адбудзецца ў Францыі рэвалюцыя?
Відавочна, што на сённешні момант колькасці радыкальна настроеных грамадзян для паўнавартаснага паўстання, якім былі акцыі «жоўтых камізэлек», і тым больш рэвалюцыі пакуль не дастаткова. Але для стварэння медыя-нагодаў і далейшага выкарыстання гвалту як метада прыхільнікаў не зусім мірных пратэстаў хапае.
Улады, як заўжды, спрабуюць выкарыстоўваць накіраванасць часткі пратэстоўцаў на фізічнае супрацьстаянне з паліцыяй, фота і відэа падпалаў і кактэйляў молатава для дыскрыдытацыі пратэставага руху хаця б сярод часткі ядра электарата Макрона (каля 25% выбарцаў).
Але нельга сказаць, што кіруючы апарат дзейнічае цалкам пісьменна. Памылак хапае. Нават сам Макрон у сваім апошнім звароце ў СМІ фактычна прызнаўся, што подпісам пад законам уласнаручна ставіць крыж на сваёй далейшай палітычнай кар’еры. Чым яшчэ больш раз’юшыў пратэсных актывістаў, і цалкам верагодна, страціў падтрымку часткі сваіх прыхільнікаў.
Таксама вядома, што сярод дзяржаўных службоўцаў ёсць значная група, якая вельмі непрыязна ставіцца да Макрона і ягоных аднапартыйцаў. Толькі паліцыя і спецслужбы пакуль не дэманструюць відавочнага незадавальнення палітыкай дзеючай улады.
фота: lindependant.fr
23 сакавіка найбольш масавая за мінулы год акцыя пратэсту прадэманстравала прыблізную траекторыю будучых вулічных супрацьстаянняў.
Па розных ацэнках па ўсёй Францыі ў дэманстрацыях бралі ўдзел ад 1 да 3,5 млн чалавек. У гэты ж дзень актывісты ўскладнялі працу нафта-перапрацоўчых заводаў, працягвалі блакаванні трасаў і чыгуначных шляхоў па ўсёй краіне.
Нават нягледзячы на нязначную колькасць прыхільнікаў гвалтоўных метадаў барацьбы сярод пратэстоўцаў, радыкалы здолелі здзейсніць некалькі гучных акцый. Акрамя звычайных сутычак з паліцыяй, быў, напрыклад, падпалены ўваход у мэрыю Бардо.
Паліцыя рэагавала даволі жорстка — прымяняўся газ, светла-шумавыя гранаты, вадамёты і фізічнае ўздзеянне. Арыштаваныя па ўсёй краіне былі 150 чалавек. 150 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі раненні.
Некаторыя эксперты, спасылаючыся на кадры палаючых дзяржаўных установаў і жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй, паспрабавалі пераканаць сваю аўдыторыю ў хуткім фінале пятай Французкай рэспублікі. А таксама ў верагодным распадзе Францыі.
Такая рыторыка ўсур’ёз можа ўспрымацца хіба катэгорыяй людзей, якая ніколі на ўласныя вочы не бачыла вулічных супрацьстаянняў. У такім выпадку фота і відэа кантэнта з гвалтам падчас пратэстаў могуць падацца доказамі няздольнасці дзяржавы захаваць кантроль у краіне. А заявы асобных палітыкаў аб набліжэнні рэвалюцыі і ўвогуле — заклікамі да гвалтоўнага захопу ўлады.
Але неабходна ўлічваць, што для Францыі гвалт на дэманстрацыях — гэта звычайная справа. Тым больш, што радыкалізацыя пратэстоўцаў на сённяшні момант, відавочна, нашмат меншая ў параўнанні з часамі «жоўтых камізэлек».
Не асабліва бачна, як пратэст можа трансфармавацца на больш гвалтоўны. Бо пакуль што назіраецца звычайная карціна, калі некалькі адсоткаў наведвальнікаў дэманстрацый прыходзяць менавіта з мэтай фізічнага супрацьстаяння з паліцыяй.
Грамадства да гэтага звыклые і нават прыхільнікі мірнага пратэсту не асабліва супраць часам выпусціць пар, далучаючыся да радыкалаў.
Казаць пра рэвалюцыю без хоць якога аўтарытэтнага для вялікіх масаў актывістаў і ўдзельнікаў ядра з палітычнымі мэтамі — пакуль зарана. Хаця прафсаюзная мабілізацыя і палітычныя рухі маюць відавочны левы ўхіл, большасць з іх зусім не радыкальныя прыхільнікі рэвалюцыйнага гвалту. Не вельмі ўдалыя спробы працяглых страйкаў (але даволі маштабных) толькі пацвярджваюць тэзу аб стаўках улады на паступовае знясіленне пратэставай актыўнасці.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org