haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

03.04.2023 11:40

757 просмотров

0 комментариев

Як прывабіць у свой агарод карысных жукоў і якія «чалавечыя» лекі дапамагаюць раслінам

Каб павысіць ураджай, зусім не абавязкова звяртацца да хімікатаў. Прырода сама паклапацілася пра абарону раслін ад шкоднікаў. Варта толькі ведаць, якія жукі ёсць карыснымі, і не перашкаджаць ім, а таксама дажджавым чарвякам і мікраарганізмам выконваць сваю працу на вашым участку. Дапамагчы прыродзе будзе прасцей з прэпаратамі беларускага прадпрыемства «ТэхнаМарынМаркет», якое выпускае розныя біяпрэпараты на аснове натуральных кампанентаў «Захоўваючы ўраджай» («Сохраняя урожай»).

Як падтрымліваць здароўе глебы без усякае «хіміі»?

1. «Жывая глеба»

Увесну ў ніжніх пластах глебы пачынаецца актыўная дзейнасць мікраарганізмаў — часта нябачная, але надзвычай эфектыўная. Менавіта ад вынікаў іх дзейнасці залежыць рост і развіццё надземнай часткі раслін. Бактэрыі актыўна паглынаюць ваду, паляпшаюць урадлівыя характарыстыкі глебы і перашкаджаюць развіццю хвароб.

Каб пасяліць карысныя мікраарганізмы на сваім участку, трэба нарыхтаваць кампост. Рабіць гэта лепш з восені, калі арганічных адходаў сабралася дастаткова. Апалае лісце, смецце з саду, харчовыя адходы і нават яблыкі, якія праляжалі некалькі дзён на зямлі, — здрабніце ўсё гэта чым-небудзь цяжкім і вострым, потым пакрыйце глебу пластом у 5–7 сантыметраў і атуліце яе мульчай (пра гэта чытайце ніжэй). Можна дадаць яшчэ мінеральных комплексных і вапнавых угнаенняў.

2. Дажджавыя чарвякі

Ніводзін сродак не справіцца з варушэннем глебы так, як дажджавыя чарвякі. Асабліва калі ўжыць адмысловую тэхніку мульчавання.

Паверхневае мульчаванне — гэта працэс стварэння пажыўнага пласту наўпрост на паверхні глебы. Для гэтага на глебу накладваюць паслядоўна «зялёны» і «карычневы» слаі кампосту. Наяўнасць дадатковых слаёў прымушае чарвякоў закопвацца глыбей у глебу і пераносіць туды часціцы кампосту, які яны перапрацоўваюць. Адначасова з пераносам пажыўных рэчываў адбываецца разварушванне глебы.

Даведка. Складнікі кампосту можна падзяліць на дзве катэгорыі: «зялёную» — з высокім утрыманнем азоту і «карычневую», якая практычна не мае азоту, але ўключае шмат клятчаткі. Багатыя азотам бацвінне, зялёнае лісце і трава — гэта «зялёны» кампост. А кампаненты «карычневага» кампосту — салома, сухая трава і сухое лісце — забяспечваюць сітаватасць, выконваюць ролю разрыхляльнікаў і затрымліваюць паветра і вільгаць.

Выкарыстоўваць мульчаванне можна як перад закладкай новых агародаў, так і за некалькі месяцаў да пасадкі раслін у наяўныя агароды: колькасць пажыўных рэчываў у глебе павялічыцца, а пустазелле не зможа прарасці.

3. Зрэзаныя галінкі і апалае лісце

Калі на ўчастку ёсць жывыя загарадзі, пладовыя дрэвы або паблізу размешчаны лес, лічыце, што ў вас пад рукой ёсць гатовы матэрыял для мульчы.

Атрыманыя пасля абрэзкі і драбнення галінкі, а таксама сабранае лісце з’яўляюцца каштоўнай крыніцай азоту і іншых пажыўных рэчываў: яны ўзмацняюць натуральныя працэсы раскладання і ўгнаення глебы, якія і без таго адбываюцца ў прыродзе.

4. Паляпшэнне характарыстык глебы

Добры спосаб палепшыць якасць глебы — пасеяць так званыя сідэраты, або прамежкавыя культуры. Летам можна саджаць грэчку, фацэлію, а увосень — гарох, дайкон, канюшыну. Лепей садзіць іх кожнага разу перад пасадкай асноўных раслін: яны дададуць у глебу арганікі і ўзбагацяць агарод пажыўнымі рэчывамі. Перад пасадкай асноўных раслін перакапайце зямлю, і сідэраты выступяць у якасці натуральнага ўгнаення.

5. Дайце глебе высахнуць

Празмернае ўвільгатненне гэтак жа негатыўна адбіваецца на глебе, як і павышаная сухасць.

Каб праверыць гатоўнасць глебы, трэба ўзяць з яе адну жменю і сціснуць у далоні. Калі атрымліваецца зляпіць камок, які не развальваецца, або выціснуць хаця б кроплю вады, глебе трэба даць падсохнуць.

Карысныя для агарода жукі

Калі ідзе размова пра карысных насякомых, найчасцей узгадваюцца матылькі ды пчолы, якія апыляюць расліны і робяць мёд. Мы ж распавядзём пра не такіх заўважных, але не менш карысных жукоў-драпежнікаў, якія абараняюць наш ураджай, з’ядаючы сотні шкоднікаў штодня.

1. Багоўка





Гэтыя вядомыя ўсім з дзяцінства насякомыя распаўсюджаныя па ўсім свеце і маюць вельмі разнастайныя афарбоўкі. У Беларусі найчасцей можна сустрэць чырвоных або аранжавых з чорнымі кропкамі. Як дарослыя багоўкі, так і іх лічынкі на агародным участку актыўна знішчаюць тлю, медзяніцаў, шчытовак. Яны з’ядаюць некалькі дзясяткаў (а лічынкі — некалькі сотняў) шкодных насякомых за дзень!

2. Жужаль

Не ўсе прадстаўнікі гэтага шматлікага сямейства жукоў карысныя для агарода (напрыклад, хлебны жужаль — сапраўдны шкоднік). Але ўсё ж большасць гэтых буйных бліскучых жукоў з’яўляецца менавіта абаронцамі агародных раслін. Яны ядуць дробных смаўжоў, яйкі лічынак, кукалак і дарослых асобін шматлікіх шкодных насякомых. За суткі жужаль можа знішчыць каля 100 лічынак або 5–10 вусеняў.

3. Жукі-пажарнікі

Гэты вядомы чырвона-чорны жук з моцнымі сківіцамі таксама знаёмы многім. Дарослыя асобіны знішчаюць многіх дробных насякомых-шкоднікаў, а ягоныя лічынкі ядуць лічынкі і яйкі іншых насякомых, прычым незвычайным спосабам: спачатку яны апрацоўваюць ахвяру звонку стрававальным ферментам, а затым высмоктваюць яе змесціва.

4. Павукападобныя

«Традыцыйныя» павукі, якія плятуць павуцінне і чакаюць ахвяр, не вельмі эфектыўныя ў якасці абаронцаў агароду, чаго не скажаш пра розных дробных кляшчоў сямейства Phytoseiidae. За дзень яны з’ядаюць да 20 дарослых шкоднікаў (у асноўным гэта іншыя віды кляшчоў, напрыклад павуцінневы).

5. Клапы

Клапы-драпежнікі (антакорыс, набіс, перылюс) паспяхова змагаюцца з трыпсам, павуцінневым кляшчом, каларадскім жуком і жуком-пільшчыкам, дробнымі вусенямі, а таксама іншымі шкоднікамі.

Так, клоп-антакорыс за суткі можа знішчыць да 100 яблыневых кляшчоў або больш за 100 яек павуцінневага кляшча ці жука-пільшчыка. Лічынкі гэтых клапоў таксама эфектыўна дапамагаюць «даглядаць» градкі.

На жаль, колькасць карысных жукоў на садовым участку значна саступае колькасці шкоднікаў. Таму будзе вельмі карысна ведаць, як прывабіць крылатых памочнікаў на свой гарод.

Для гэтага трэба рассадзіць па ўсім участку так званыя нектараносныя кветкі, каб драпежныя казуркі ажыццяўлялі дадатковае харчаванне на розных стадыях развіцця. Найбольш эфектыўна прывабліваюць насякомых наступныя расліны:

  • піжма
  • святаяннік
  • лубін
  • кроп
  • каляндра
  • канюшына
  • мята
  • стакроткі
  • календула
  • аксаміткі

Не варта забываць пра тое, што розныя расліны цвітуць у розны час, таму падбіраць іх трэба так, каб сваім цвіценнем яны змянялі адно аднаго.

Якія «чалавечыя» лекі могуць дапамагчы раслінам?

1. Зялёнка і ёд

Раствор звычайнае зялёнкі можна выкарыстоўваць для абеззаражання ран і іх хутчэйшага гаення — усё як у чалавека. Зялёнкай можна апрацоўваць трэшчыны на дрэвах, месцы надломаў, расколіны на пладах, падгнілыя падчас захоўвання ўчасткі клубняў вяргіняў і цыбулін гладыёлусаў.

Раствор зялёнкі можна ўжываць і для лепшага завязвання пладоў у вішні. Для гэтага трэба растварыць 2 чайныя лыжкі гэтага лекавага сродку ў 5 літрах вады і апырскаць дрэвы адразу пасля цвіцення.

Раствор зялёнкі, як і ёду, эфектыўны таксама на ранніх стадыях развіцця мучністае расы.

Ёд уваходзіць у склад большасці ўгнаенняў, што прызначаныя для выкарыстання ў сярэдзіне вегетацыі (бутанізацыя і завязванне пладоў). Слабы раствор ёду (1 кропля на 3 л вады) выдатна замяняе пазакаранёвую падкормку для расады таматаў, гуркоў, баклажанаў і капусты. Ім апырскваюць расліны праз 20 дзён пасля ўсходаў, а пасля таго, як расада будзе высаджаная на пастаяннае месца, падкормку можна паўтарыць.

Лайфхак: можна на некалькі дзён падвесіць у цяпліцы адкрыты флакон з ёдам: ён будзе выпарацца і трапляць на расліны.

2. Марганцоўка

Перманганат калію — незаменны сродак для пратраўлівання насення. Для гэтага трэба 0,5 грама марганцоўкі растварыць у 100 мл вады і замачыць насенне на 20–30 хвілін, пасля чаго прамыць іх і прасушыць.

Таксама растворам марганцоўкі можна абеззаражваць кантэйнеры для расады і апырскваць расліны ў мэтах прафілактыкі шэрае гнілі (2 ч.л. марганцоўкі варта растварыць у 10 л вады). Выкарыстоўваецца марганцоўка для абеззаражання зямлі, асабліва цяпліц, дзе адныя і тыя ж культуры вырошчваюцца пастаянна (трэба растварыць 10 грамаў марганцоўкі ў 10 літрах гарачай вады з тэмпературай, вышэйшай за 60°С).

3. Перакіс вадароду

Перакіс вадароду можна выкарыстоўваць замест перманганату калію для абеззаражвання насення. Для гэтага трэба 3%-ы перакіс вадароду наліць у міску, падагрэць да 40°С і апусціць туды насенне на 10 хвілін.

Даведка: міска мае быць зробленая не з металу, бо ў прысутнасці некаторых металаў (жалеза, медзі, марганцу, кобальту, хрому) і іх соляў, якія з’яўляюцца каталізатарамі, перакіс раскладаецца і губляе актыўнасць.

4. Аспірын

Гэты прэпарат дапамагае прадухіліць утварэнне гнілі на лісці, якія часта з’яўляюцца падчас зацяжных дажджоў. 2–3 разы ў месяц карысна апырскваць расліны растворам аспірыну (300–500 мг на 4,5 л вады), і выпадкаў паражэння будзе значна менш.

5. Антыбіётыкі

Выкарыстанне такіх антыбіётыкаў, як ампіцылін, эрытраміцын, стрэптаміцын, можа быць эфектыўна супраць бактэрыяльных захворванняў раслін (каранёвыя гнілі, плямістасці, каранёвы і бактэрыяльны рак і іншыя). Некаторыя садаводы лічаць, што апырскванне раслін растворамі антыбіётыкаў носіць толькі прафілактычны характар, а пры сур’ёзным захворванні патрабуецца ўнясенне раствору ў глебу, каб актыўныя інгрэдыенты маглі ўсмоктвацца каранямі расліны.

Прырода сама паклапацілася пра абарону раслін ад шкоднікаў

Вядома, большасць з пералічаных вышэй сродкаў з’яўляецца народнымі, і іх эфект пацверджаны досведам іх выкарыстання. У той жа час існуюць прэпараты, якія з’яўляюцца экалагічна чыстымі, але пры гэтым іх эфектыўнасць пацверджаная навуковымі выпрабаваннямі.

Напрыклад, беларускае прадпрыемства «ТэхнаМарынМаркет» выпускае біяпрэпарат на аснове натуральных кампанентаў «Захоўваючы ўраджай» («Сохраняя урожай»), які абараняе гародніну і пры гэтым дазваляе атрымаць экалагічна чысты ўраджай. Прэпарат складаецца з алею нім, што выціскаецца з пладоў ды насення азадзірахты індыйскай, а таксама вадкага мыла, якое неабходнае для развядзення алею ў вадзе. Алей нім з’яўляецца адным з самых папулярных у свеце сродкаў, што выкарыстоўваецца ў арганічным земляробстве.

Адной з галоўных пераваг біялагічнага прэпарату з’яўляецца эканомія часу і грошай: для абароны раслін ад шкоднікаў і хвароб не трэба асобна апрацоўваць расліны фунгіцыдам ды інсектыцыдам. Лепш за ўсё апрацоўку прэпаратам рабіць адразу пасля высадкі расады ў цяпліцу. Гэта дапаможа выпрацаваць у раслін імунітэт да захворванняў і знішчыць шкодныя арганізмы.

Прэпарат «Захоўваючы ўраджай» эфектыўны ў барацьбе з наступнымі шкоднікамі:

Агурок абароненага грунту Цяплічная белакрылка, тытунёвы трыпс, сопкая раса, антракноз
Тамат абароненага грунту Цяплічная белакрылка, тытунёвы трыпс, бурая плямістасць, шэрая гнілата
Кветкавыя, пакаёвыя, гаршковыя і дэкаратыўныя расліны абароненага грунту Павуцінневы клешч, тытунёвы трыпс, цяплічная белакрылка, чорная ножка
Агародныя культуры Капусная тля, капусная моль, ілжывая сопкая раса, слізісты бактэрыёз
Пладовыя культуры Тлі, кляшчы
Ягадныя культуры Тлі, кляшчы, галіцы

Як распавёў доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Уладзімір Скарына, «Захоўваючы ўраджай» — бяспечная альтэрнатыва пестыцыдам, якая не саступае ім па эфектыўнасці. Гародніну можна есці ўжо на наступны дзень пасля апрацоўкі — дастаткова яе добра вымыць.

«Расліны апырскваюць у перыяд цвіцення і пладанашэння адзін раз на 7–10 дзён. Але прэпарат не парушае мікрафлоры глебы і не назапашваецца ў ёй», — распавёў навукоўца.

Добрага ураджаю ў 2023 годзе!

Л. Антонаў

Паводле: http://tmm.by

Последние новости