haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

22.05.2023 09:44

561 просмотр

0 комментариев

Пачатак канца: як і чаму пачалася самая жахлівая вайна для Вялікага Княства Літоўскага

20 мая 1654 года фактычна пачаўся паход маскоўскага цара Аляксея Раманава на дзяржаву, дзе жылі продкі беларусаў — Вялікае Княства Літоўскае. Тая вайна цягнулася 13 год і заняла месца самай страшнай і самай спусташальнай вайны ў нашай гісторыі. Па яе выніку ВКЛ страціла палову жыхароў... Як і чаму пачыналася трагедыя народу?

Піша Барыс Палута ў «Новым Часе».


Невядомая вайна. Пад такой назвай, дзякуючы беларускаму даследчыку Генадзю Сагановічу, увайшоў у нашу гісторыю ўзброены канфлікт паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў... Чаму не вядомая? Тая жахлівая вайна, дзе Вялікае Княства Літоўскае страціла кожнага другога жыхара, была наўмысна прыхаваная з поля зроку абывацеляў, каб не дыскрэдытаваць адносіны паміж Беларуссю і Расіяй. Вайна, у якой беларускія землі значна пацярпелі ад Масквы, не ўпісвалася ў ідэалагічную павестку дня.


Гетман Януш Радзівіл

Аднак памяць пра тую вайну жыве. Не толькі смутак, але і шмат гераічных радкоў той вайны запісана на пантэоне нашага вайсковага гонару. Супрацьстаянне гетмана Януша Радзівіла, першая айчынная партызанка, абарона замкаў у Быхаве і Ляхавічах, разгром маскоўцаў пад Палонкай, славутая Магілёўскае паўстанне... Але як пачыналася тая вайна, што стала прычынай вынішчальнага паходу Масквы на Вялікае Княства Літоўскае?

Глядзіце яшчэ:


Прышчэмленыя амбіцыі маскоўскага цара

Канфлікт інтарэсаў Масквы і Вільні існаваў даўно. Яшчэ з XV стагоддзя кіраўнікі Маскоўскай дзяржавы імкнуліся «аб’яднаць» з дапамогай агню і мяча ўсе землі, якія лічылі датычнымі да старажытнай рускай дзяржавы.

У імкненні дасягнуць гэтую мэту і рэалізаваць свае амбіцыі, былі закрануты інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага. Пасля аб’яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага ў Рэч Паспалітую змяніўся баланс сіл у рэгіёне. Гэта прывяло да паражэння Масквы спачатку ў Лівонскай вайне, потым у вайне 1609–1618 гадоў, а пасля і ў Смаленскай вайне. Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч рыхтаваўся да рэваншу.


Цар Аляксей Міхайлавіч

Падрыхтоўка да вайны вялася яшчэ з пачатку царавання Аляксея Міхайлавіча, з 1646 году, калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. З лютага 1653 году падрыхтоўкай заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі: паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тысяч казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасць расійскіх войскаў складала каля 80-100 тысяч чалавек.

Хаўрус з Хмяльніцкім

Істотную ролю ў распачынанні вайны адыграў саюз запарожскага гетмана Багдана Хмяльніцкага і цара Аляксея Міхайлавіча.



Багдан Хмяльніцкі

Яшчэ ў 1648 годзе пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага запалала паўстанне. Паўстанцы, якія складаліся пераважна з запарожскіх казакоў, а таксама мяшчан і сялян, здабылі шэраг сур’ёзных перамог над каронным войскам.

У выніку з Варшавай быў заключаны Збароўскі мірны дагавор. Згодна з ім, казакі атрымлівалі шырокую аўтаномію ў межах Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў. Неўзабаве, аднак, вайна кароны і казакоў запалала зноў... Што праўда, на гэты раз фартуна адвярнулася ад ліхіх стэпавых ваяроў. Казакі пацярпелі ў чэрвені 1651 года моцнае паражэнне пад Берасцечкам з-за здрады татараў Іслам III Гірэя і ўнутраных рознагалоссяў.

Казацкі правадыр Хмяльніцкі вырашыў дзейнічаць іншым шляхам і ў 1653 годзе ў спробах знайсці саюзнікаў замест ненадзейных татараў звярнуўся да Масквы з просьбай аб дапамозе ў вайне з Рэччу Паспалітай.

Амбасадары гетмана казалі ў Маскве ўвесну 1653 года: «только б де царское величество изволил их принять вскоре и послал своих ратных людей, и он гетман, тотчас пошлет свои листы в Оршу, в Могилев и в иные городы, к белоруским людям, которые живут за Литвою, что царское величество изволил их принять и ратных людей своих послал. И те де белоруские люди учнут с ляхи битца; а будет де их 200 000».



Маскоўскі баярын, XVII ст.

Такая спакуслівая прапанова не засталася без увагі. 11 кастрычніка 1653 года царскі Земскі сабор прыняў рашэнне задаволіць просьбу Хмяльніцкага і аб’явіў вайну Рэчы Паспалітай. У студзені 1654 года ў Пераяславе адбылася Рада, на якой казакі і мяшчане аднадушна выказаліся за адзінства з Расіяй і пераход пад «высокую руку» цара. Хмяльніцкі перад тварам рускага пасольства прынёс прысягу на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу.


Пераяслаўская рада

Што праўда, частка мяшчан Пераяслава, Кіева і Чарнобыля былі сілком прымушаны да прысягі казакамі. Таксама адбыліся выступленні супраць прысягі ў асобных паселішчах Брацлаўскага, Уманскага, Палтаўскага і Крапіўнянскага палкоў. Невядома, ці прысягала Запарожская Сеч. Адмовілася прысягаць вышэйшае праваслаўнае духавенства ў Кіеве.

Канфесійная карта

Масква добра ведала слабы бок Рэчы Паспалітай і вырашыла разыграць канфесійную карту. Царскі ўрад рабіў стаўку на нешматлікіх праваслаўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага. Царскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у лаяльнасці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў.

Асаблівым чынам цар залагоджваў іерархаў праваслаўнай царквы, даваў абяцанні раздаць царкве землі тых, хто аказваў супраціў. Лозунгам маскоўскай палітыкі ў паходзе на Вялікае Княства Літоўскае быў прынцып: «уніі не быць, лацінству не быць, жыдам не быць».

Ідэю, якую прасоўваў маскоўскі двор, можна акрэсліць так: праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай (у светапоглядзе маскавітаў таго часу праваслаўны — значыць рускі) падвяргалася этнічнай і рэлігійнай дыскрымінацыі збоку польскай і літоўскай шляхты. Масква ішла «вызваляць» свой народ.

Масква на маршы

Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісанні царскага тытулу. Бочка з порахам выбухнула...

Яшчэ 10 мая цар зрабіў агляд усіх войскаў, якія павінны былі ісці з ім у паход. 15 мая ў Вязьму адправіліся ваяводы перадавога і каравульнага палка, на наступны дзень выступілі ваяводы вялікага і вартавога палка, а 18 мая выступіў сам цар. 26 мая ён прыехаў у Мажайск, адкуль праз два дні выступіў у бок Смаленску. 28 мая 1654 года з Масквы выступіў полк пад камандаваннем цара Аляксея Міхайлавіча. У Маскве адбыўся ўрачысты парад войскаў. Праз крэмль парадам прайшло войска і артылерыйскі строй. Уся гэтая смертаносная навала рушыла на Літву.



Агляд войска маскоўскім царом

Ход вайны ад самага пачатку разгортваўся вельмі ўдала для заваёўнікаў.

Большасць гарадоў на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага здавалася без бою. 1 чэрвеня да цара дайшла вестка аб здачы маскоўскім войскам без бою горада Белая, 3 чэрвеня — Дарагабужа, 11 чэрвеня — аб здачы Невеля, 29 чэрвеня — аб узяцці Полацка, 2 ліпеня — аб здачы Рослава.

Прычыны пераходу насельніцтва Рэчы Паспалітай на бок Маскоўскага царства трэба шукаць у агульнай ваеннай сітуацыі і вялізнай дыспрапорцыя сіл праціўнікаў.

Варта адзначыць, што многія дзяржаўныя крэпасці былі дрэнна падрыхтаваны да абароны, бо дзяржава не мела магчымасці падрыхтаваць іх так добра, як магнаты падрыхтавалі тыя крэпасці, якія належалі ім. І гэта істотная прычына таго, што шэраг гарадоў здаўся маскоўцам.

Супраціў і захоп гарадоў

Адным з нешматлікіх гарадоў, які аказаў жорсткае супраціўленне маскоўскім войскам, быў Мсціслаў. 22 ліпеня 1654 года пасля чатырох дзён баёў ён быў узяты штурмам. Паводле даных шэрагу крыніц, маскоўскія войскі забілі многіх мясцовых жыхароў: ад 10 да 15 тысяч ахвяр.



Мсціслаўская разня

Далей пачалося пераможнае шэсце маскоўскага войска. У сярэдзіне ліпеня салдатамі Шарамецева былі ўзятыя Дзісна (капітулявала) і Друя (узята штурмам і спалена). 2 жніўня пала Орша, а 9 жніўня баярын Шарамецеў даў ведаць аб узяцці горада Глыбокага, а 20 жніўня — аб узяцці Азярышча. 20 жніўня князь Трубяцкі разбіў войска пад камандаваннем вялікага гетмана Радзівіла ў бітве на рацэ Ослік (за сялом Шапялевічы, за 15 вёрст ад горада Барысаў), у гэты ж дзень гетман Іван Залатарэнка паведаміў аб здачы пасля двухмесячнай аблогі Гомеля. 29 жніўня Залатарэнка паведаміў аб узяцці Чачэрска і Прапойска. 1 верасня цар атрымаў вестку аб здачы Усвята, а 4 верасня — аб здачы Шклова.

Але не паўсюль шчасціла маскоўцам улетку 1654-га. Былі і перамогі літоўскай зброі. Адчайныя і такія каштоўныя... 12 жніўня ў бітве пад Шкловам армія Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Януша Радзівіла адкінула за раку Шклоўку маскоўскія войскі на чале з Якавам Чаркаскім. З усіх падняпроўскіх крэпасцей толькі Стары Быхаў трымаўся з верасня па лістапад 1654 году.

Падзеі пад Смаленскам

Адной з галоўных мэт маскоўскай вайсковай кампаніі быў захоп Смаленску. Яшчэ ўлетку цар размясціўся табарам недалёка ад гораду. 26 ліпеня перадавы полк меў першае сутыкненне з літоўскім войскам пад Смаленскам, а 16 жніўня няўдачай скончыўся першы прыступ гораду.


Асада Смаленску

Але ўжо 10 верасня прайшлі перамовы аб здачы Смаленска. Горад быў здадзены 23 верасня, а 25 верасня адбыўся царскі баль з ваяводамі і соценнымі галовамі царскага палка, да царскага стала была запрошана і смаленская шляхта.

5 кастрычніка цар выступіў з-пад Смаленска ў Вязьму, дзе 16 кастрычніка ў дарозе атрымаў вестку аб узяцці Дуброўны. 2 снежня войска Шарамецева ўзяло пасля трохмесячнай аблогі Віцебск, а затым адбіла спробу польска-літоўскага атрада С. Камароўскага вярнуць горад.



План Віцебска 1664 г.

Наступ спыніла... хвароба!

У кастрычніку 1654 года маскоўскі наступ быў спынены. Адной з прычын стала эпідэмія чумы, якая запалала ў Расіі і прыняла катастрафічныя маштабы, дэзарганізавала тылы маскоўскай арміі.

Таксама маскоўскае камандаванне зрабіла стаўку на замацаванне на занятых рубяжах, што адпавядала аператыўна-тактычнай абстаноўцы. Маскоўскія палкі, значна прасунуўшыся ўглыб Вялікага Княства Літоўскага, стаміліся ад баёў і мелі патрэбу ў адпачынку.



Жаўнеры Рэчы Паспалітай

У той час літоўскі бок сфармаваў свежыя баявыя злучэнні. Гаворка ідзе аб тым, што ўжо ў верасні 1654 года Януш Радзівіл абвясціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеянняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысяч жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласці толькі 6 тысяч, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацавання гарадоў.

Баявыя дзеянні 1654 года скончыліся толькі глыбокай восенню.

Сапраўдны твар «вызваліцеляў»

Заняўшы значныя тэрыторыі на ўсходзе Рэчы Паспалітай, маскоўскі ўрад распачаў на іх рэпрэсіі, гэтыя абшары сталі падвяргацца сістэматычным рабаваннем. Маскоўцы сталі масава вывозіць людзей на землі свайго царства нават з тых гарадоў, якія добраахвотна падпарадкаваліся ім. Былі вывезены многія рамеснікі. Дзясяткі тысяч сялян з сем’ямі былі вывезены ў баярскія маёнткі. Новыя ўлады адпраўлялі на ўсход і шляхту. Былі праведзены рэпрэсіі супраць каталікоў і габрэяў.

Частымі былі выпадкі зверстваў расійскіх войскаў. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, загад цара Аляксея Міхайлавіча: «вверх по Неману реке по обе стороны и те горада воевать, села и деревни, и хлеб и сена и всякие конские кормы жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять».

Усё гэта выклікала незадаволенасць мясцовага насельніцтва. Сталі ўтварацца сялянскія атрады самаабароны, удзельнікаў якіх у тагачасных дакументах называлі «шышамі». Яны абаранялі свае вёскі ад рабавання з боку маскоўскіх войска.

***


Так пачыналася вайна, якая зацягнулася яшчэ на 13 гадоў. Яна мела драматычныя вынікі для Вялікага Княства Літоўскага: землі знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі, колькасць насельніцтва скарацілася ў 2 разы, аслабла каралеўская ўлада. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу.

https://budzma.me/news/pachatak-kantsa.html

Последние новости