haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

23.05.2023 11:08

650 просмотров

0 комментариев

Каляндар з 22 па 28 траўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. Чытайце, думайце, рабіце высновы.

22 траўня

1900. Нарадзіўся Мікалай Каспяровіч


Вядомы беларускі навуковец і краязнаўца з’явіўся на свет у вёсцы Ізабалёва на Міншчыне. У 1917 годзе скончыў Ігуменскае вучылішча, здаў экзамены пры Бабруйскай мужчынскай гімназіі на званне народнага настаўніка.

У 1921 годзе скончыў Мінскі інстытут народнай асветы. У 1921–1922 гадах вучыўся ў БДУ. Быў членам арганізацыі «Маладая Беларусь», партыі беларускіх эсэраў.

З 1921 года быў інструктарам Наркамата светы БССР, з 1922 года інспектар Слуцкага, з 1924-га — Віцебскага аддзелаў народнай асветы. З 1926 года быў навуковым сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратаром краязнаўчага часопіса «Наш край». Адзін з вядучых і найбольш вядомых беларускіх краязнаўцаў міжваеннай пары.

Аўтар значных лексікаграфічных прац «Беларуска-расійскі слоўнічак» і «Віцебскі краёвы слоўнік».

Арыштаваны летам 1930 года па справе няіснага «Саюза вызвалення Беларусі». Па пастанове АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года зняволены ў лагерах тэрмінам на 5 гадоў. Пасля вызвалення ў 1935 годзе жыў у Новасібірску, дзе выкладаў рускую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі.

Паўторна арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны толькі ў канцы 50-х гадоў.

23 траўня

1842. Нарадзілася Марыя Канапніцкая


Гэтая вядомая польская пісьменніца нарадзілася ў Сувалках. Сям’я брала ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў. Малодшы брат Канапніцкай Ян Васілоўскі служыў у атрадзе Людвіка Мераслаўскага і быў забіты ў баі.

Баючыся пераследу з боку царскіх уладаў, Канапніцкія выехалі ў Германію, але вярнуліся ў 1865 годзе дамоў, калі была аб’яўлена амністыя. Ва ўзросце 20 гадоў Марыя выйшла замуж за Яраслава Канапніцкага. З 1902 года жыла ў Галіцыі.

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, любоў да Радзімы і вера ў свой народ. У 1908 годзе паэтка напісала верш «Rota» (Клятва), які стаў гімнам польскіх скаўтаў, а пазней быў таксама яшчэ і гімнам Сярэдняй Літвы.

Творы Марыі Канапніцкай былі шырока вядомы ў Беларусі, а сама яна неаднаразова наведвала Піншчыну, была шчырай прыхільніцай беларускай справы і падтрымлівала беларускую літаратуру. З традыцыямі Марыі Канапніцкай шчыльна звязана паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. Паэтка перапісвалася з Янкам Лучынам.

Пайшла з жыцця ў санаторыі ў Львове ў кастрычніку 1910 года і пахавана на львоўскіх Лычакоўскіх могілках. На яе смерць Янка Купала адгукнуўся вершам «Памяці Мар’і Канапніцкай».

24 траўня

1377. Памірае князь Альгерд


Гэты вялікі літоўскі князь быў сынам Гедыміна і братам Кейстута. Па смерці бацькі захапіў уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім пры дапамозе брата — той узяў у аблогу Вільню і скінуў Яўнута. Па факце ў той час у ВКЛ быў дуўмвірат — княствам кіравалі разам Альгерд і Кейстут.

Альгерд перамог татараў у знакамітай бітве на Сініх Водах, вызваліўшы Украіну ад ардынскага іга. Абараняючы Цвер і Смаленск, двойчы браў у аблогу Маскву. Пры ім тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася больш чым у 2 разы і стала найбуйнейшай дзяржавай Еўропы.

Ад 2 шлюбаў з князёўнамі Марыяй Віцебскай і Ульянай Цвярской меў 12 сыноў і 9 дачок. Запачаткаваў дынастыю Альгердавічаў, якая пазней уступіла ў супрацьстаянне з дынастыяй Кейстутавічаў за сталец у ВКЛ. Самым вядомым сынам Альгерда быў Ягайла, а Кейстута — Вітаўт. Па смерці апошняга ў княстве і распачнецца жорсткая дынастычная вайна.

25 траўня

1873. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі


Станіслаў Жукоўскі — сусветна вядомы мастак лірычнага і сядзібнага пейзажа. Класік выяўленчага мастацтва Беларусі, Польшчы і Расіі.

З’явіўся на свет у вёсцы Ендрыхаўцы цяперашняга Ваўкавыскага раёна на Гарадзеншчыне ў сям’і польскага арыстакрата, які быў пазбаўлены сваіх уладанняў і дваранскіх правоў за ўдзел у паўстанні 1863 года. Адзін з братоў бацькі Станіслава Жукоўскага ўваходзіў у лік кіраўнікоў паўстання, быў непасрэдным паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Падчас Другой сусветнай вайны Станіслаў Юльянавіч падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання пасля яго паразы. Загінуў у Прушкаўскім лагеры смерці ўвосень 1944 года. Пахаваны разам з іншымі ахвярамі ў братэрскай магіле. Творы мастака, якія знаходзіліся ў Варшаве, загінулі ў пажары.

Станіслаў Жукоўскі — адзін з найвыдатнейшых пейзажыстаў першай траціны XX стагоддзя, які пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну — звыш 600 твораў.

26 траўня

1910. Нарадзіўся Эдзі Рознер

Гэты вядомы джазавы музыкант з’явіўся на свет у Берліне ў яўрэйскай сям’і. Скончыў Берлінскую вышэйшую музычную школу.

Пасля прыходу да ўлады нацыстаў у 1933 годзе вымушаны быў пакінуць краіну і перабрацца ў суседнюю Польшчу, дзе стварыў джазавы аркестр. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года пераехаў у Беласток, які тады быў далучаны да БССР.

У 1940 годзе стаў кіраўніком Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 годзе спрабаваў вярнуцца ў Польшчу, але быў арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў лагераў, а потым сасланы ў Хабараўскі край. У 1954 годзе быў рэабілітаваны і вызвалены. Кіраваў эстраднымі аркестрамі Масквы, з 1969-га — аркестрам Гомельскай абласной філармоніі. Зняўся ў кінакамедыі «Карнавальная ноч».

З 1972 года жыў у Заходнім Берліне, дзе і памёр 8 жніўня 1976 года. Па меркаванні цэлага шэрагу даследчыкаў, менавіта з Эдзі Рознера бярэ адлік такая з’ява як «беларуская папулярная музыка».

27 траўня

1871. Наразіўся Ісак Сербаў

Гэты вядомы беларускі этнограф і фалькларыст з’явіўся на свет на Магілёўшчыне. Вучыўся ў Полацкай настаўніцкай семінарыі, Маскоўскім археалагічным інстытуце, які скончыў у 1918 годзе.

Працаваў настаўнікам у Хоцімску, Стоўбцах, Мінску, Гомелі, Вільні, Троках. У 1910–1912 гадах зладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. З 1923 года выкладаў у БДУ, працаваў ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Збіраў, публікаваў і даследаваў вусную народную творчасць беларусаў.

Сабраў багатыя калекцыі нацыянальнага адзення, узораў народнага мастацтва, на аснове якіх у 1951 г. выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва». Першы з беларускіх этнографаў стварыў вялікую фотатэку. Але з прыблізна 5 тысяч фотаздымкаў збераглося ўсяго каля 450. Сабраныя этнаграфічныя матэрыялы абагульніў у працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі», «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.».

Вёў раскопкі пад Мінскам, даследаваў археалагічныя помнікі ва Ушацкім і Дубровенскім раёнах, стаянкі радзімічаў у басейне Проні і Ухлясці.

28 траўня

1862. Нарадзіўся Зянон Пяткевіч


Гэты падзабыты цяпер пісьменнік і этнограф з’явіўся на свет у фальварку Прушын Рэчыцкага павета ў сям’і Генрыка Пяткевіча і Паўліны Кшыжаноўскай. Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце: спачатку паступіў на факультэт матэматыкі і прыродазнаўчых навук, але скончыў курс на юрыдычным факультэце. У той час ім апекаваўся родны дзядзька Антоні Пяткевіч, больш вядомы па сваім пісьменніцкім псеўданіме Адам Плуг.

З 1885 года працаваў у «Газеце Радамскай». У 1887–1912 гадах супрацоўнічаў з газетай «Prawda», дзе вёў калонку аб правінцыйным жыцці пад назвай «На гарызонце». У 1889–1893 гадах пісаў для «Штоднёвага аглядальніка». В 1891–1897 гадах выдаваў штомесячны часопіс «Бібліятэка Варшаўска». У 1900 годзе — рэдактар варшаўскага часопіса «Эканаміст».

Аўтар прац пра матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: «Пра Палессе», «Народ Літоўскага Палесся» і іншыя. Быў сябрам польскай сацыялістычнай партыі «Пралетарыят». З 1913 года — супрацоўнік варшаўскага штотыднёвіка «Залаты рог».

Напісаў знакаміты крытычны артыкул «Янка Купала. Адвечная песня», дзе сцвярджалася, што беларускай літаратуры няма і што Купала — «інтэлігент, які пераапранаецца ў пастуховую скуру». Пасля рэзкай крытыкі ў свой бок даслаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» ліст, дзе на беларускай мове (!) сцвярджаў, што яго няправільна зразумелі.

Пайшоў з жыцця ў 1932 годзе. Пахаваны ў Варшаве на Старых Павонзках.

https://budzma.me/news/kalyandar-z-22-pa-28-tra.html

Последние новости