haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

27.05.2023 20:14

508 просмотров

0 комментариев

Генрык Дмахоўскі: скульптар двух кантынэнтаў, тройчы паўстанец

160 гадоў таму расейцамі быў забіты знакаміты скульптар, творы якога знаходзяцца ў тым ліку ў Кангрэсе ЗША. Генрык Дмахоўскі трэці раз узяў зброю ў паўстаньні Каліноўскага, каб ратаваць радзіму ад акупантаў.

Піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе». Вечная памяць герою і мастаку!


Першае паўстаньне

Нарадзіўся Генрык у фальварку Заблоцьце на Браслаўшчыне ў 1810 годзе ў сям’і былога пісара Адукацыйнай камісіі Міхала і Ганны. Дзядзька Генрыка Юстын загінуў у паўстаньні 1830-га года, другі дзядзька — Казімір Дмахоўскі быў каталіцкім арцыбіскупам-мітрапалітам у Магілёве.

Генрык скончыў навучаньне ў Віленскім універсітэце і стаў доктарам права. У 1831 годзе пад кіраўніцтвам прафэсара Валерыяна Пяткевіча ўступіў у партызанскі полк, арганізаваны палкоўнікам Заліўскім у лягеры ў Троках. Пасля задушэньня паўстаньня разам з Заліўскім Генрык эміграваў праз Вугоршчыну, Штырыю, Баварыю, Вюртэмберг і Бадэн у Францыю.

Ён дабраўся да Парыжа 6 студзеня 1832 года. Тут разам з Заліўскім ён арганізаваў эмігрантаў для ўзброенага паходу ў акупаваную Рэч Паспалітую. Генрых Дмахоўскі стаў масонам, далучыўся да ложы «Трыназоф» у Туры і падпольнага таварыства «Карбанарыі».

Дарэмна яго дзядзька-біскуп Казімір пераконваў яго хадайнічаць аб амністыі і вяртаньні на радзіму. Генрык Дмахоўскі быў цалкам паглыблены ў працу з Заліўскім, які назваў яго кіраўніком будучага паўстаньня на Віцебшчыне.



Бюст працы Дмахоўскага: Казімір Пуласкі

17 лютага 1833 года ён і Заліўскі пакінулі Парыж і выправіліся ў Галіцыю. Ён прыбыў пад ілжывым імём Сандэрс. 20 сакавіка ён уехаў у Каралеўства Польскае, дзе на працягу месяца разам з Заліўскім беспасьпяхова спрабаваў узьняць паўстаньне. 28 красавіка пасля няўдачы абодва вярнуліся ў аўстрыйскую зону акупацыі Рэчы Паспалітай. Дмахоўскі езьдзіў па Галіцыі, распаўсюджваў паўстанцкія брашуры.

Аднак, як піша Ўладзімер Арлоў, спроба прабіцца ў родныя мясьціны была няўдалай. Генрык патрапіў у аўстрыйскую вязьніцу. Сем гадоў зьняволеньня не пайшлі намарна. Вязень-ліцьвін зноў заняўся скульптурай. Вядома, умовы былі зусім не такія, як у Вільні, але ён натхнёна ляпіў фігуркі з хлебнага мякішу. У гэтай справе Дмахоўскі дасягнуў сапраўднай дасканаласьці. Яму ўдалося пераправіць свае невялікія турэмныя творы ў Англію, і яны мелі там вялікі посьпех на мастацкіх выставах.

Другое паўстаньне

Ён быў вызвалены 13 чэрвеня 1841 года і адправіўся зноў у Францыю. Генрык Дмахоўскі жыў у фермерскай калёніі ў Матруа, потым у Туры і Парыжы, дзе навучаўся разьбе ў лепшых майстроў. Ён прайшоў конкурс у Парыжскую школу вытанчаных мастацтваў. Выкладчыкі запрасілі таленавітага студэнта разам зь імі стварыць саркафаг Напалеону Банапарту. Дмахоўскі атрымліваў новыя прэстыжныя замовы, аднак ягоная душа, апрача свабоды ў творчасьці, прагнула свабоды і ў рэальным жыцьці.

У рэвалюцыйным для Эўропы 1848 годзе мастак скіраваўся з Францыі бліжэй да Айчыны. Ён браў удзел у вулічных баях з аўстрыйскімі войскамі падчас Львоўскага паўстаньня, а потым стварыў мадэль помніка палеглым патрыётам у выглядзе аркі з вострых баявых косаў.


Дакумэнт лёнданскай масонскай ложы пра Генрыка Дмахоўскага

Каля 1851 года праз Лёндан Генрык выехаў у Амэрыку. Яшчэ ў Лёндане скульптара прынялі ў мясцовую масонскую ложу.

У Філядэльфіі

Як адзначае Тадэвуш Валендоўскі, у Філядэльфіі Генрык Дмахоўскі разгарнуў жывую мастацкую дзейнасьць, выразаў партрэтныя мэдальёны, бюсты знакамітых асобаў, выстаўляўся ў Філадэльфійскай акадэміі, адчыніў скульптурную школу. Ён таксама выстаўляўся ў Вашынгтоне і дамагаўся ад Кангрэса замоваў на скульптуры вядомых амэрыканскіх дзеячаў для Капітолія. Што і атрымалася: маем на сёньня выдатныя працы Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэфэрсана і іншых бацькоў-заснавальнікаў ЗША.


Бюст Томаса Джэфэрсана

Яму ўдалося прадаць Кангрэсу мармуровы бюст Касьцюшкі ў 1857 годзе за 500 даляраў (прыблізна 18 тысячаў даляраў на сёньняшнія грошы), але да канца свайго знаходжаньня ў Амэрыцы ён беспасьпяхова спрабаваў прадаць бюст паплечніка Касьцюшкі — Пуласкага. (Грошы на гэтыя мэты Кангрэс вылучыў толькі ў 1882 годзе, больш чым праз 20 гадоў пасьля таго, як Дмахоўскі пакінуў ЗША).


Бюст Тадэвуша Касьцюшкі

Праз два гады пасьля пераезду ў Філядэльфію Дмахоўскі сустрэў і ажаніўся з Геленай Шаф.

Шмат хто лічыць віктарыянскія могілкі Лаўрэл-Хіл самым захапляльным месцам у Філядэльфіі. З усіх тамтэйшых помнікаў адзін асабліва вылучаецца сваім пафасам і сілай выразнасьці. Гэта скульптура, якая адлюстроўвае маці, што трымае на руках дзяцей. Яе выразаў муж памерлай і бацька дзяцей.

Доўгі час экскурсаводы па могілках казалі, што маці і дзеці патанулі разам у няшчасным выпадку на лодцы. Скульптар паставіў помнік так, каб было відаць месца, дзе дзеці патанулі ў рацэ Шуйкіл. Але ў могілкавых кнігах дата пахаваньня дзяцей значыцца — 6 сакавіка 1855 года, а маці — 27 ліпеня 1857.

На паўночным баку помніка надпіс:

Памяці Гелены Шаф, жонкі Генрыха Дмахоўскага Сандэрса, нарадзілася ў Нойштадце на Рэйне 24 траўня 1823 года. Памерла ў Філядэльфіі 8 ліпеня 1857 года, яе дзеці спачываюць зь ёю.

З ўсходняга боку надпіс на польскай мове:

Сябар! Нешта страціў усё, што самае дарагое ў сьвеце: радзіма, бацькі, сябры, жонка, дзеці — Тут сьляза спагады мая Гелена.

Пра гісторыю шлюбу Генрыка і Гелены Дмахоўскіх мы ведаем з захаванага ліставаньня Дмахоўскага з Генрыкам Калусоўскім, сябрам, які жыў у Вашынгтоне. У лістах з 1854 года ёсьць некалькі згадак пра праблемы са здароўем Гелены Дмахоўскай. Аднак пра тое, што яна зацяжарала, мы даведаемся толькі пасьля няшчасьця: першае дзіця ў гэтых адносінах нарадзілася мёртвым, і Гелена ледзь не заплаціла ўласным жыцьцём за цяжкія роды.

Праз два гады Гелена Дмахоўска зноў цяжарная, роды зноў цяжкія і сканчваюцца сьмерцю дзіцяці і маці. Адчайны Дмахоўскі паведамляў у лісьце ад 11 ліпеня 1857 года: «Мая бедная, дарагая, неацэнная Гелена памерла пасьля двух дзён невыказных пакутаў і пяці гадзінаў самых жудасных аперацый».

Філадэльфійскі штотыднёвік Fitzgerald’s City Item 13 лістапада 1858 года вельмі прыхільна пісаў пра «скульптурную групу Сандэрса»: «Група манументальная, галоўная фігура вызначаецца як партрэт, і для тых, хто ведаў гэтага чалавека, падабенства ідэальнае. Калі б мастак імкнуўся да ідэалу мацярынскай пяшчоты і смутку, ён не мог бы атрымаць больш высакародны вынік, чым той, якога ён дасягнуў абсалютнай моцай праўды».


Далей у выданьні гаворыцца, што «скульптура выстаўленая ў доме мастака і будзе перанесеная на могілкі Лаўрэл-Хіл праз тыдзень-два».

У траўні 1861 года Генрых Дмахоўскі змог вярнуцца ў родныя мясьціны. У роднай Вільні Генрыку былі наканаваныя ўсяго два гады жыцьця і працы ў сваім скульптурным атэлье, што месьцілася насупраць Катэдральнага сабора. Для гэтага касьцёла ён выканаў фігуру сьвятога Уладзіслава і мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл. Мастака абралі правадзейным сябрам Віленскай археалягічнай камісіі. Агульную ўхвалу заслужыў ягоны помнік Уладзіславу Сыракомлю, адзначае Ўладзімер Арлоў.

Як чалавек з паўстанцкім мінулым, ён увесь час знаходзіўся пад наглядам спэцслужбаў. Яны характарызавалі яго як безнадзейнага чалавека.

Трэцяе паўстаньне

Пасьля пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага Генрык стаў у сакавіку 1863 года камісарам Нацыянальнага ўрада па Дзісьненскім павеце. У сакавіку і красавіку ён праводзіў асабістую вярбоўку, наведваў дамы шляхты, выдаючы сябе за прадстаўніка фабрыкі Цэгельскіх у Познані. У пачатку траўня ён стаяў на чале палка ў 100 чалавек, які сьпяшаўся ў лес, што ляжаў на мяжы Дзісьненскага, Лепельскага і Барысаўскага паветаў.

Полк складаўся з пяхоты, кавалерыі і абозу. У ім было некалькі прафэсійных афіцэраў, і ён быў добра забясьпечаны зброяй і харчаваньнем. Полк рушыў у вялікі Барысаўскі лес з мэтай злучэньня з іншымі паўстанцамі. 26 траўня полк Дмахоўскага трапіў у засаду расейскага войска. Дмахоўскі загінуў у баі.

На радзіме героя, у вёсцы Забалоцьце Мёрскага раёна, захаваўся старасьвецкі парк з дубамі, якія памятаюць Генрыка. Сядзібны дом Дмахоўскіх не ацалеў. На яго падмурку цяпер клюб і бібліятэка, дзе ёсьць мемарыяльны куток, прысьвечаны сусьветна вядомаму беларусу.

https://budzma.me/news/genryk-dmakhouski.html

Последние новости