haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

29.05.2023 20:38

470 просмотров

0 комментариев

Каляндар з 29 траўня па 4 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


29 траўня

1920. Расстраляны Фабіян Шантыр


Фабіян Шантыр — гэта беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, публіцыст, пісьменнік, перакладчык.

У 1916–1917 гадах ён браў удзел у працы клуба «Беларуская хатка», куды прыязджаў з Бабруйска. У 1917 годзе зусім яшчэ маладым чалавекам стаў адным з лідараў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады.

На З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, а ў ліпені 1917 года — у Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый. Удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года. Пасля расколу БСГ увесну 1918 года ўвайшоў у склад кіраўніцтва Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

З 1918 года служыў у Чырвонай Арміі, быў супрацоўнікам Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята, загадчыкам Смаленскага аддзялення Белнацкама. Адзін з сябраў першага часовага ўрада Савецкай Беларусі, якую абвесцілі ў 1919 годзе ў Смаленску.

Быў у ліку трох чалавек з таго ўрада, якія склалі свае мандаты ў якасці пратэсту супраць адрынання ад Беларусі яе спрадвечных земляў. Пасля арышту знаходзіўся ў зняволенні ў Бабруйску, дзе яго наведвала Зоська Верас, якая мела ад яго сына.

Фабіян Шантыр лічыцца ці не першай крывавай ахвярай бальшавікоў.

30 траўня

1826. Нарадзіўся Зыгмунт Серакоўскі


У маладыя гады быў «нядобранадзейным», нават сасланы на 8 гадоў салдацкай службы ў Арэнбургскі корпус, але ў выніку здолеў паступіць і скончыць Акадэмію Генеральнага штаба.

Калі ў 1863 годзе ў Варшаве пачалося Студзеньскае паўстанне, Серакоўскі атрымаў двухтыднёвы адпачынак на службе для выезду за мяжу. Потым выехаў у Вільню, дзе быў абраны адным з кіраўнікаў паўстанцкага руху. На Ковеншчыне за даволі кароткі тэрмін сабраў паўстанцкі аддзел колькасцю да 5 тысяч чалавек. Узяў сабе псеўданім Даленга.

У канцы красавіка 1863 года ягоны атрад быў разбіты царскімі войскамі, але частка атраду ацалела і працягнула змаганне. У бітве пад Біржамі атрад Зыгмунта Серакоўскага быў канчаткова разбіты. Сам паўстанцкі генерал быў цяжка паранены і трапіў у палон.

Адмовіўся выдаваць сваіх паплечнікаў, а таксама даваць паказанні ваенна-палявому суду, патрабуючы суда галоснага і прысяжнага. Атрымаў вырак — смерць праз павешанне. Прысуд быў выкананы на Лукішскай плошчы ў Вільні, дзе пазней будзе пакараны смерцю і Кастусь Каліноўскі.

31 траўня

1948. Нарадзілася Святлана Алексіевіч


Першая беларуская лаўрэатка-набелянтка нарадзілася ва ўкраінскім Іванава-Франкоўску, але школу скончыла ў нашых Капаткевічах, што ў Петрыкаўскім раёне. Гэтыя мясціны моцна звязаны з біяграфіяй пісьменніцы. Сама яна так кажа пра сябе:

«Вядома ж, я — беларуска. І гэта мая родная мова — беларуская, хоць я на ёй і не размаўляю. Не размаўляю па той прычыне, што ўся практыка майго жыцця — гэта руская мова і руская культура. Але я сябе адчуваю беларускай, беларуская зямля — мая зямля, мой бацька адсюль. Я іншага жыцця не ведаю, толькі жыццё тут, нягледзячы натое, што я жыла і ў Еўропе. Мая зямля — Беларусь».

Кнігі Святланы Алексіевіч карысталіся шалёнай папулярнасцю яшчэ пры канцы савецкай эпохі: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» выклікалі шырокі рэзананс і нават скандалы, бо аўтарка ўздымала даволі балючыя для савецкага грамадства тэмы.

У 2015 годзе за сваю творчасць пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Пасля падзей 2020 года жыве на эміграцыі.

1 чэрвеня

1792. Нарадзіўся Канстанцін Калайдовіч

Гэты даследчык беларускай мовы з’явіўся на свет у горадзе Ялец, але часта месцам нараджэння пазначаецца таксама Кіеў.

Вучыўся Канстанцін Калайдовіч у Ялецкім народным вучылішчы, а потым у Кіева-Магілянскай акадэміі. Пасля таго, як сям’я пераехала ў Маскву, атрымліваў адукацыю «на сваім кошце» ў гімназіі Маскоўскага ўніверсітэта. У 1807–1810 гадах вучыўся на славесным аддзяленні Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў са званнем кандыдата славесных навук.

Быў членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук, членам таварыства гісторыі і старажытнасцей. У час французска-расійскай вайны 1812 года быў афіцэрам-апалчэнцам. У 1813 годзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт мясцовага насельніцтва.

Збіраў і даследаваў старажытную ўсходнеславянскую літаратуру. Першы адшукаў творы Кірылы Тураўскага і выдаў іх у «Помніках расійскай славеснасці ХІІ стагодзя». Выявіў і апісаў сярод іншых старадрукі Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца. Адзін з першых даследчыкаў «Слова аб палку Ігаравым».

Канстанцін Калайдовіч — аўтар ці не першага навуковага апісання і кароткага слоўніка беларускай мовы.

2 чэрвеня

1863. Расстраляны Міхал Цюндзявіцкі


Міхал Цюндзявіцкі не браў удзелу ў паўстанні як камбатант, але актыўна дапамагаў інсургентам. Гэты жаўнер царскай арміі, сын маршалка Барысаўскага павета, спрыяў распаўсюду паўстанцкіх ідэяў, за што і быў арыштаваны.

Паводле следства, ён у карчме ля вёскі Камень пад Барысавам зачытваў сялянам урыўкі з «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі разам з паплечнікамі. За гэта яго асудзілі на смерць.

Суд цягнуўся некалькі месяцаў, і многія гараджане мелі спадзеў на тое, што вырак не будзе вельмі жорсткім. Але царскія ўлады вырашылі іначай — Міхала Цюндзявіцкага прыгаварылі да расстрэлу, які абыўся ў Мінску на раздарожжы Койданаўскай і Ігуменскага тракта, у раёне цяперашняга паштамта.

Адметна, што маці Міхала — Ганна Цюндзявіцкая, напісала знакамітую кулінарную кнігу «Літоўская гаспадыня», якой захапляўся Уладзімір Караткевіч.

3 чэрвеня

1988. Апублікаваны артыкул пра Курапаты

Роўна 35 гадоў таму ў газеце творчай беларускай інтэлігенцыі «Літаратура і Мастацтва» быў апублікаваны рэзанансны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пад назвай «Курапаты — дарога смерці».

У ім упершыню распавядалася аб гісторыі масавых расстрэлаў, якія былі здзейснены НКВД ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам у другой палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Тая публікацыя выклікала вялікі розгалас і ўсплёск непадробнай цікавасці да тэмы рэпрэсій у Беларусі ў часы сталіншчыны.

Гэтая падзея шмат у чым стала пунктам адліку для актывізацыі беларускага грамадства ў канцы 80-х гадоў, якое ў хуткім часе вылучыла патрабаванні аб дэмакратычных рэформах і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Ужо ў кастрычніку таго ж года былі ўтвораныя арганізацыя «Мартыралёг Беларусі» і Беларускі Народны Фронт, які ў выніку зрабіўся галоўным рухавіком для здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе.
Галоўным рэдактарам тыднёвіка на момант публікацыі быў вядомы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі, які пайшоў з жыцця ў 2022 годзе.

4 чэрвеня

1918. Першае выданне граматыкі Браніслава Тарашкевіча


У гэты дзень 105 гадоў таму пабачыла свет першае выданне знакамітай «Беларускай граматыкі для школ». Такім чынам з’явіўся класічны беларускі правапіс, які звычайна для простасці называюць «тарашкевіцай».

Яго аўтарам быў Браніслаў Тарашкевіч — вядомы і выбітны беларускі палітык, грамадскі дзеяч і мовазнаўца. Яшчэ ў студэнцкія гады ён заняўся стварэннем беларускай граматыкі, якой у пачатку ХХ стагоддзя папросту не існавала: кожны на беларускай мове пісаў так, як умеў або лічыў патрэбным.

Пры распрацоўцы правапісу Тарашкевіч узяў за ўзор мовы суседніх народаў — найперш расійцаў і палякаў, а таксама чэхаў. Але разам з тым імкнуўся падкрэсліць самастойнасць беларускай мовы. Шмат чаго ён таксама ўзяў са старажытнагрэцкай мовы, менавіта таму «тарашкевіца» ў сваім пісьмовым варыянце часам так не падобная да мовы суседзяў.

Выдадзеная ў Вільні граматыка вытрымала 6 перавыданняў і карысталася папулярнасцю як у БССР, так і ў Заходняй Беларусі. Адметна, што свае ўлёткі і друкаванкі заходнебеларускія камуністы працягвалі выпускаць тарашкевіцай нават пасля рэформы правапісу, якая адбылася ў 1933 годзе.

https://budzma.me/news/kalyandar-z-29.html

Последние новости