haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

15.02.2015 10:15

1301 просмотр

0 комментариев

Так было трэба Радзіме

26 гадоў назад 15 лютага Савецкі Саюз завяршыў вывад войскаў з Афганістана. «Гарадоцкі веснік» напярэдадні гэтай даты надрукаваў артыкул, які прысвечаны нашым зямлякам, якія ваявалі ў Афганістане.

— Я хацеў бы пабываць у Афганістане ў экскурсійным туры. Там такія прыгожыя мясціны! Калі ж у гэтым шматпакутным краі скончацца войны? — вырываецца падчас нашай размовы ў воіна-інтэрнацыяналіста Анатоля Сцяпанава.

Так, ён быў там на вайне, але памяць захавала незабыўныя ўражанні ад гор у снежных шапках, процьму арлоў, гранатавыя сады, смугу, якой было пацягнута пякучае сонца, перавал Саланг, велічныя краявіды... Мабыць таму, што натура Анатоля Мікалаевіча нацэлена не на разбурэнне, а на стварэнне. На жыццё — прыгожае ў прыгожых праявах.

Якімі былі яны, хлопцы 80-х? Яны праглі служыць у арміі, быць падобнымі на сваіх дзядоў—удзельнікаў Вялікай Айчыннай, мужных салдат і афіцэраў, якіх бачылі з экранаў, якіх услаўлялі ў кнігах і газетах. Не пайсці ў войска было ганьбай, таму хлопцы рыхтаваліся да службы — гартаваліся, спаборнічалі, хто больш разоў выканае пад’ём з пераваротам на перакладзіне, бегалі крос і кідалі вучэбныя гранаты... Яны жадалі служыць, нават калі напрыканцы снежня 1979 года па радыё прагучала паведамленне ўрада СССР аб «уводзе некаторых кантынгентаў савецкіх войск, дыслацыраваных у паўночных раёнах нашай краіны, на тэрыторыю ДРА з мэтай аказання дапамогі дружалюбнаму афганскаму народу, а таксама стварэння спрыяльных умоў для забароны магчымых антыафганскіх акцый з боку сумежных дзяржаў». Геаграфія службы нашых землякоў у арміі ў часы Саюза была вельмі шырокай, але на ёй утварылася «гарачая кропка». І ўсё ж будучыя салдаты не баяліся.

— Летам 1984 г. ваенкамат накіраваў чалавек дзесяць з Гарадоччыны, у тым ліку і мяне, на двухтыднёвыя курсы парашутыстаў у верталётную школу, што была пад Бешанковічамі, — расказвае Анатоль. — Там упершыню мы выпадкова даведаліся, што рыхтуюць нас, магчыма, для службы ў Афганістане. Не верылася.

10 лістапада таго ж года хлопца забралі ў армію. У вучэбнай часці ў Літве, набываючы ваенную спецыяльнасць аператара-наводчыка БМП і БМД, Толік па-ранейшаму сумняваўся, што трапіць у Афган. Хаця нават бацькам, калі яны прыязджалі на прысягу, сказалі аб гэтым.

Не верылася, мабыць таму, што вайна збірала сваю крывавую даніну далёка ад мірнага дома ў Лажанях — дзе ён, той Афганістан? Так, сціплыя паведамленні, пераважна аб поспехах нашага кантынгенту, перадавалі па радыё і тэлевізару, тое-сёе Анатоль ведаў з пісьмаў сябра Аляксанда Няелава, які служыў там. Канчаткова ўсвядоміў, што ляціць на вайну, у самалёце, што нёс яго за 6 тыс. кіламетраў ад Радзімы. Страху не адчуваў, было нават цікава і хвалююча.

— Выляталі з Прыбалтыкі на досвітку, было −4, прызямліліся ў Фергане, а там +30, — успамінае Анатоль. — Мы ў параднай форме, з рэчамі, да месца дыслакацыі 10 кіламетраў — некаторыя прытомнасць ад спякоты страчвалі. Чэрпалі ў фуражкі падвезеную ваду і надзявалі іх на галовы.

— Тады я ўпершыню ляцеў на самалёце, таксама ўпершыню ўбачыў горы. Падалося, што яны не так ужо і далёка — кіламетраў 80-90. На грудзях у стараслужачых убачыў невядомыя мне нашыўкі-палоскі. Аказалася, чырвоная — за цяжкое раненне, жоўтая — за лёгкае. Усю ноч прагаварыў з сустрэтым там земляком Валерыем Сазонавым. Ён, хаця не быў у Афгане, пацвердзіў, што гінуць там нашы, папрасіў быць акуратнейшым.

Назаўтра самалёт даставіў навабранцаў у Кабул. Там салдатаў адразу ўразіла старадаўняя крэпасць Бала-Хісар. У 80-я яна была ва ўладзе савецкіх войскаў і дагэтуль выкарыстоўваецца для абароны сталіцы краіны, там дыслакуюцца часці сённяшняй афганскай арміі. Седзячы ў тамашняй кіназале, Анатоль упершыню пачуў страляніну і здзівіўся, што днявальны паклікаў на выхад толькі дзяжурнае падраздзяленне, усе астатнія засталіся на сваіх месцах. Пазней і ён уваходзіў у склад гэтага падраздзялення, для якога загадзя былі падрыхтаваны каскі, бронежылеты, дэсанцкія рукзакі і аўтаматы. Надзеўся, узброіўся — і на заданне. Бываў у засадзе, суправаджаў калоны, удзельнічаў у батальённых аперацыях. Да вайны прывык, як да работы.

— Мы не адчувалі нянавісці з боку мясцовага насельніцтва, — сцвярджае Анатоль. — Некаторыя цікаўныя і дзеці, якія раслі падчас той вайны, рускую мову вывучылі. Мы не былі там акупантамі, войскі вялі дзеянні па афіцыйных просьбах законнага ўрада Дэмакратычнай рэспублікі Афганістан. Нас паслала туды Радзіма — значыць, ёй так было трэба, а нам належыла добрасумленна выконваць свой абавязак, што мы і рабілі. Стаялі заслонай супраць шматлікіх узброеных фарміраванняў афганскіх маджахедаў ці «душманаў», якія карысталіся палітычнай, фінансавай, матэрыяльнай і ваеннай падтрымкай вядучых дзяржаў НАТА і ісламскага свету.

Да ведама: да пачатку вываду савецкіх войскаў у маі 1988 года маджахедам ні разу не ўдалося правесці ніводнай буйной аперацыі і не ўдалося заняць ніводнага буйнога горада; колькасць загінуўшых у вайне афганцаў невядомая і вагаецца ад 670 тысяч да 2 мільёнаў чалавек; разам з тым, па статыстыцы ААН, у перыяд з 1980 па 1990 год смяротнасць насельніцтва ў Афганістане знізілася ў параўнанні з папярэднім і наступнымі дзесяцігоддзямі. Пасля адыходу савецкіх войскаў з ДРА ў 1989 годзе абстаноўка на савецка-афганскай мяжы істотна ўскладнілася: мелі месцы пранікненні на тэрыторыю Саюза, яе мініраванне і абстрэлы, узброеныя нападзенні на пагранічнікаў. Зараз краіны-удзельнікі Садружнасці Незалежных Дзяржаў адзначаюць, што асноўны трафік наркотыкаў ідзе ў Еўропу з Афганістана праз Таджыкістан, Узбекістан, Туркменістан. У гэтай сувязі на межах нярэдкія баявыя сутыкненні. Усю гэту мярзоту, уключаючы тэрарыстаў, спынялі нашы хлопцы 80-х.

Анатоль Сцяпанаў — адзін з іх, адзін з тых, каму «афганскі сіндром» не падарваў веры ў сябе і не паўплываў на пошукі свайго месца ў мірным жыцці. Магчыма таму, што ішоў служыць сталым мужчынам з цвёрдымі перакананнямі, моцны духам і целам. Да таго ж, яго чакалі дома — бацькі, трое сясцёр і брат. Пасля службы ён выявіў, што здатны на многае: працаваў у будаўніцтве, сістэме страхавання і ў пажарнай часці, зараз адкрыў прадпрымальніцтва. Ён шчаслівы муж, бацька дваіх сыноў.

— Ведаеце, — нечакана пераскоквае з ваеннай тэмы Анатоль, — я настолькі рады, што ў наш Гарадок завіталі «Дажынкі»! Еду па Маскоўскім праспекце ў Віцебску і лаўлю сябе на думцы, што нашы цэнтральныя вуліцы цяпер прыгажэйшыя. Столькі патрэбнага, добрага зроблена! У Вераб’ёвы горы ходзім гуляць па новай трасе — зручна, прыгожа, карысна. А галоўнае — мірна ў нас, вось што трэба цаніць.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: гарадоцкія афганцы падчас сустрэчы ў 2013 г. А. Сцяпанаў — трэці злева.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by/2015/02/tak-bylo-treba-radzime/

Последние новости