haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

26.02.2015 08:55

1661 просмотр

0 комментариев

Праграміст у вёсцы? Гэта выключэнне

У «глыбінцы» можна зарабляць не менш, чым у сталіцы. Аднак не ўсе хочуць. Піша Аляксандр Пукшанскі карэспандэнт «Звязды» пасля наведвання Гарадка.

Горад Гарадок, калі закрануць тэму пошуку працы, своеасаблівы: побач Віцебск, да якога прыкладна паўгадзіны на маршрутцы, ды і дызель ходзіць. Раён мяжуе з Расіяй. Ці ўплывае геаграфічнае становішча на рынак працы? Ці цяжка ў глыбінцы наогул знайсці працу? Напрыклад, чалавеку з вышэйшай адукацыяй?

У беспрацоўя мужчынскі твар

Летась у Гарадоцкім раёне ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваны 544 чалавекі, а працаўладкавалі каля 430. Большасць (56%) з тых, хто шукае працу, — мужчыны. Узрост «тыповага» беспрацоўнага —
35-40 гадоў.

— А вось некалькі гадоў таму беспрацоўнымі былі пераважна жанчыны. Іх стала менш дзякуючы таму, што ў райцэнтры адкрылася вытворчасць абутку і бялізны (цэхі віцебскіх прадпрыемстваў). Вакансій дастаткова: больш за адну на кожнага беспрацоўнага. І аграномы, і заатэхнікі патрабуюцца, і ўрачы, і іншыя. Вялікую патрэбу ў рабочай сіле мае мясцовае лясніцтва. Заробкі? Падыдзем да «электроннага інфармацыйнага табло» і паглядзім. Вось вакантнае месца дрывасека з заробкам 3,5 мільёна. Столькі ж будуць плаціць прыбіральшчыцы на базе адпачынку. Патрабуюцца афтальмолаг (на заробак 6,5 мільёна рублёў) і педыятр (зможа зарабляць 7 мільёнаў). А яшчэ ў бальніцу запрашаюць загадчыка акушэрскага аддзялення. І пакуль што не знайшлі ахвотнага зарабляць на гэтай пасадзе 8 мільёнаў рублёў у месяц, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гарадоцкага райвыканкама Галіна Сталярова.

Паводле яе слоў, вельмі добрыя заробкі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, якое належыць расійскаму інвестару. Ды не ўсе хочуць туды ўладкавацца, бо ад працаўнікоў патрабуецца стараннасць.

Па логіцы, тыя ж медыкі не павінны быць тут у дэфіцыце. Няўжо выпускнікам ВНУ не хочацца жыць недалёка ад Віцебска і добра зарабляць? А можна ж ездзіць на працу ў раённую бальніцу. У многіх багатых краінах работнік «ідзе» за працай, а не наадварот.

— Так, вы маеце рацыю, але факт застаецца фактам. На жаль, вельмі рэдка маладыя спецыялісты доўга працуюць у раёне пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. І гэта датычыцца не толькі медыцыны. Карэнныя жыхары застаюцца, а віцебскія, полацкія і іншыя едуць дамоў. Гарадоцкія настаўнікі, калі ёсць вакансіі, бывае, займаюць іх у сельскай мясцовасці. Напрыклад, настаўніца, якая выкладае матэматыку, прапісана ў Гарадку, а працуе ў глыбінцы. Не, яна не ездзіць штодня туды і назад — жыве ў пакоі, які выдзеліла школа, — тлумачыць Пётр Прасолаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гарадоцкага райвыканкама.

«Гультаі» бываюць розныя

Пагутарыў і з тымі, хто шукае працу.

Відмантас Дапкус, якому каля 40 гадоў, жыве ў Беларусі з канца 1980-х, па спецыяльнасці муляр. Дарэчы, адпаведныя курсы скончыў па накіраванні цэнтра занятасці. Калісьці працаваў у калгасе, потым — у мясцовай будаўнічай арганізацыі, ездзіў і ў Расію.

У Цверы ў складзе брыгады дачу будаваў… І зарабляў нядрэнна. Напрыклад, хапіла грошай, каб маме кватэру купіць, праўда, без выгод… Але ж надакучыла ездзіць! — расказвае беспра-цоўны.

Жонка яго аказалася больш гаваркой.

— А ў нас жа закон выйдзе… Ну, вы чулі, пра гультаёў. Не забаронена працаваць у Расіі? А раптам спытаюць, чаму не працуеце ў Беларусі? Нам праблемы не патрэбны. Сёння вось вакансію знайшлі муляра з заробкам 3,7 мільёна. Нядрэнна. Праўда, не ў райцэнтры, але недалёка ад Гарадка, — разважае жанчына.

Яшчэ адзін беспрацоўны мужчына першы раз прыйшоў на «біржу працы». Па спецыяльнасці — трактарыст.

— Я ў Расіі працаваў. Як там? Часта падманваюць, можна вярнуцца ні з чым. Больш не хачу непрыемнасцяў. Гатовы пераехаць туды, дзе працу з жыллём прапануюць. Я разведзены, таму не прывязаны да хаты, — шчыра прызнаўся Вячаслаў.

Беспрацоўная жанчына сказала, што згодна працаваць або вартаўніцай, або лабаранткай.

— Мне да пенсіі нядоўга засталося. Куды ўжо перавучвацца? Прыбіральшчыцай у краме працавала. Калі праверка якая, брудна — дык прыбіральшчыца вінаватая… Я толькі ў гэтым месяцы беспрацоўнай стала, — гаворыць Вольга.

А вось сярод так званых абавязаных (усяго іх 94), якія кампенсуюць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатах, сапраўды шмат гультаёў. І прагульваюць, і, бывае, нецвярозымі на працу прыходзяць. Такіх перавыхоўваюць і начальства, і спецыялісты па занятасці, і міліцыя, і пажарныя… Калі трэба, кадзіруюць. Асабліва праблемных накіроўваюць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Рэкардсмен у раёне па суме запазычанасці — пенсіянерка, якая павінна кампенсаваць дзяржаве 52 мільёны рублёў. І гэта пры тым, што пенсію атрымлівае мінімальную: 1,3 мільёна рублёў. Спецыялісты падлічылі, што ёй спатрэбіцца 6 гадоў, каб усё кампенсаваць (калі на кампенса-цыю будзе пералічвацца нават палова пенсіі). Знайшлі ёй працу…

Прадпрымальнікамі становяцца

Дапамога беспрацоўным складае не больш за 2 базавыя велічыні ў месяц. Пры гэтым трэба кожны месяц адпрацаваць зацверджаныя райвыканкамам некалькі дзён грамадскіх работ.

— Зразумела, накіроўваем на адпрацоўку на не вельмі складаную і некваліфікаваную працу: прыбраць вуліцу, пафарбаваць агароджу, дапамагчы па сельскай гаспадарцы і іншае. І людзі ах-вотна працуюць, бо за гэта — у дадатак да дапамогі па беспрацоўю — плацяць грошы, а адпрацоўка дадаецца да стажу. Калі чалавек хоча атрымаць новую спецыяльнасць, накіроўваем на курсы ў Віцебск. За дзяржаўны кошт ён жыве ў інтэрнаце. Выплачваецца стыпендыя, праўда, сімвалічная (150% ад памеру дапамогі па беспрацоўі). Ёсць тыя, хто, маючы вышэйшую адука-цыю, атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці. Напрыклад, зваршчык, калі ён не лянуецца, зарабляе больш, чым прадстаўнік «інтэлігентнай прафесіі», — каментуе Пётр Прасолаў.

Ва ўпраўленні спрыяюць і таму, каб беспрацоўныя распачыналі сваю справу. Ахвотным стаць прадпрымальнікамі аказваецца і фінансавая дапамога: на набыццё інструментаў, інвентару. Цяпер некаторыя былыя беспрацоўныя спрабуюць свае сілы ў гандлі, займаюцца рамонтнымі ра-ботамі ў кватэрах, рамантуюць аўто…
А вось праграміст наўрад ці захоча стаць рабочым.

— Вядома, праграмісты, якія жывуць у вёсках, — гэта выключэнне з правілаў. Але ёсць і такое. Хлопец, які неўзабаве атрымае дыплом праграміста, у райцэнтры праходзіць практыку — у банку. Літаральна ўчора прапанавалі працу бухгалтара жанчыне, якая мае дыплом эканаміста. Зразумела, жанчынам з вышэйшай адукацыяй цяжэй знайсці працу, якая б і спецыяльнасці адпавядала, і заробак быў адпаведны пажаданням, — дадае начальнік упраўлення па працы.

Апошняе сярод іншага фінансуе і стварэнне новых працоўных месцаў на прадпрыемствах. Сем чалавек цяпер працуюць у кавярні «Гараджанка» райспажыўсаюза, набралі калектыў і ў краме «Родны кут»… Рэалізуецца спецыяльная праграма па ўладкаванні на працу людзей з абме-жаванымі магчымасцямі.

Перасяленцаў з Украіны ў раёне каля 30 чалавек. Асабліва на рынак працы гэтая лічба не паўплывала. Многія з іх раней былі шахцёрамі. Зразумела, прывыклі да добрых заробкаў. На жаль, шахты ў раёне няма. Таму і не дзіўна, што некаторыя іншаземцы ўжо памянялі не адно месца працы — у пошуках лепшага варыянта.

Гараджане, якія пераязджаюць на пастаяннае месца жыхарства ў вёску, з’ява тут рэдкая. Перыядычна наваселлі спраўляюць сем’і, якія раней жылі ў іншых вёсках. Летась сям’я пераеха-ла з Віцебскага раёна. За мінулы год такім перасяленцам была аказана матэрыяльная дапамога на агульную суму 44,7 мільёна рублёў.

Гарадок — Віцебск. Аляксандр Пукшанскі

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

http://zviazda.by/2015/02/73129.html

Последние новости