haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

23.05.2015 09:44

1231 просмотр

0 комментариев

Патрыятычным маршрутам на веласіпедах

Горача падтрымалі ініцыятыву раённага аб’яднання прафсаюзаў аб правядзенні велапрабегу «Паклонімся свяшчэнным тым месцам» працоўныя калектывы Гарадоччыны. 68 веласіпедыстаў з 21 арганізацыі стартавалі ў пятніцу, 15 мая, з цэнтральнай плошчы райцэнтра.

Іх маршрут лёг ад мемарыяльнага комплексу «Бяссмерце» да воінскіх пахаванняў у в. Пруднікі, В. Стайкі, Астраўляны, Н. Вайханы, на месца растрэлу мірных жыхароў у Вераб’ёвых гарах, да пантэона загініўшых вёсак. На ўсіх васьмі з наведаных памятных месцах пра іх расказвала спецыяліст па кадрах аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Гусачэнка.

Вітаючы актыўных, спартыўных удзельнікаў велапрабегу, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І.А. Дарошчанка падкрэсліла, што 2015 год аб’яўлены Годам моладзі і будзе доўжыцца пад знакам 70-годдзя Вялікай Перамогі. Надзвычай актуальна, спалучаючы гэтыя дзве знакавыя падзеі, працаваць над выхаваннем у прадстаўнікоў пасляваенных пакаленняў пачуцця патрыятызму, згуртаванасці вакол высокай ідэі. Прыемна, што сярод веласіпедыстаў разам са старэйшымі таварышамі (напрыклад, даволі вялікая каманда РКП ЦУАСП была прадстаўлена рознаўзроставымі ўдзельнікамі) было многа моладзі — навучэнцаў каледжаў, выхаванцаў ДЮСШ, школьнікаў. Ірына Аркадзьеўна падзякавала за дапамогу ўсім прафсаюзным «пярвічкам», што прынялі ўдзел у фінансаванні сваіх каманд.

— Ускладаючы кветкі і вянкі да кожнага помніка, што будзе на вашым шляху, вы зможаце лепш усвядоміць, якія вялізныя чалавечыя ахвяры былі прынесены за вызваленне нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — зазначыла дырэктар Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея Т.М. Іванова. — Кожную пядзю нашай роднай зямлі героі-чырвонаармейцы палілі сваім потам і крывёй. Памяць пра гэта павінна быць удзячнай і вечнай.

Гаманкія, падцягнутыя спартсмены-аматары былі настроены на адпаведны лад, жадаючы не толькі прадэманстраваць свой спрыт і вынослівасць, але і аддаць даніну павагі воінам Вялікай Айчыннай.

— Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, я пагадзілася без ваганняў. Добрае мерапрыемства, і здароўю на карысць, і мэта пакланіцца свяшчэнным месцам спадабалася, — падзялілася з карэспандэнтам самая «ўзроставая» з жанчын, 63-гадовая ўдзельніца прабегу Н.Я. Кузьменка з ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі. Аказалася, яна — майстар спорту па веласпорту, доўгі час была настаўнікам фізкультуры, а таму па-лідарску задавала тэмп маладым.

Велакалона ў суправаджэнні машыны ДАІ, з блакітна-белым сцягам аб’яднання прафсаюзаў наперадзе, права везці які было даверана дырэктару ФСК «Прамень» Аляксею Максімаву (на здымку), пераадолеўшы парадка 40 кіламетраў, крыху парадзела на фінішы. Цікава, што ў той дзень было няўстойлівае надвор’е, у Гарадку некалькі разоў браўся дождж, а на ўдзельнікаў мерапрыемства на ўсім шляху следавання не пралілося ні кроплі вільгаці.

Самыя вынослівыя ў Вераб’ёвых гарах скончылі падарожжа весела, абмяркоўваючы ўражанні. З апетытам паласаваўшыся салдацкай кашай ад аб’яднання (да гатавання гэтай стравы далучыліся УП «Паўночны», ТДА «Бразерс», аддзел грамадскага харчавання Гарадоцкага райспажыўтаварыства), наварыстай юшкай ад РВУ «Гарадокрайгаз», удзельнікі велапрабегу заспявалі. З іх вуснаў гучалі песні ваенных год, прычым, менавіта маладыя прапанавалі спяваць яшчэ і яшчэ. Мерапрыемства настолькі спадабалася, што ад яго ўдзельнікаў паступіла прапанова абавязкова паўтарыць яго — на Гарадоччыне многа слаўных, цікавых мясцін, куды могуць легчы новыя маршруты.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by/2015/05/patryyatychnym-marshrutam-na-velasipedax/#more-5168

Последние новости