haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

01.07.2015 11:15

1594 просмотра

0 комментариев

Актывіст з Гарадка пабываў валантэрам «Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Ўкраіне». Фота

Цягам двух тыдняў Леанід Аўтухоў з Гарадка і віцябчук Ян Дзяржаўцаў знаходзіліся ў Харкаве, дзе ў якасьці валянтэраў удзельнічалі ў працы «Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Ўкраіне», арганізаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна» супольна з украінскімі партнэрамі.

Беларускія валянтэры, працуючы разам з удзельнікамі дабрачыннай грамадзкай арганізацыі «Станцыя “Харкаў”», што дзейнічае ва Ўкраіне, аказвалі разнастайную дапамогу вымушаным перасяленцам з Луганскай і Данецкай абласьцей і Крыму: разгружалі, сартавалі і разьмяркоўвалі гуманітарную дапамогу, працавалі на «гарачай» лініі, кансультавалі, ладзілі анкетаваньне.

Віцебскія актывісты распавялі пра свае ўражаньні ад паездкі ва Ўкраіну.

Леанід Аўтухоў:

– Можна сказаць, што Харкаў – як бы прыфрантавы горад. Я калі там езьдзіў – апынуўся неяк нават зусім паблізу Расеі, прыкладна ў паўтара кілямэтрах ад мяжы. Там знаходзіцца псыха-нэўралягічны дыспансэр, я туды наведваўся і да блёк-посту не даяжджаў усяго недзе дзьвесьце крокаў.

У той самы час Харкаў – гэта цудоўны эўрапейскі горад. Якія там людзі! Я ўражаны быў: усе ўсьміхаюцца, жыцьцё віруе.

Калі мы прыбылі на дабрачынную станцыю «Харкаў», да нас адразу там паставіліся вельмі добразычліва. Мы там рабілі ўсё, што загадаюць. Я збольшага займаўся гаспадарчымі працамі, вазіў гуманітарку па раёне, напрыклад, у псыха-нэўралягічны цэнтар, выстаўляў яе байцам ў АТА, грузіў мяхі, а таксама ладзіў апытаньне.

Дарэчы, калі там кажаш «уцекачы», людзі крыўдзяцца. Кажуць: «Мы не ўцекачы, мы часовыя перасяленцы. Мы ў сваёй краіне ня можам быць уцекачамі».

Калі ў двух словах пра ўражаньні, украінцы – гэта народ, які ніхто ўжо ня скорыць. Ніколі ніхто ўжо не пераможа Ўкраіну. Гэта папросту немагчыма.

Вядома, ёсьць цяжкасьці. Але з украінцаў саміх ніхто ня стогне – яны разумеюць, адкуль гэтыя цяжкасьці. Усе там разумеюць, адкуль прыйшла вайна – з Расеі, хаця ніводнай расейскай машыны з нумарамі там няма. І яны гатовыя цярпець і змагацца. Цяжкасьці ёсьць, але яны пераадольваюцца.

І ўлада там сапраўды зьмянілася. Я пабываў у раённых адміністрацыях гораду Харкава, у дзяржустановах – чыноўнікі там працуюць добра. Калі да іх заходзілі – не задавалі нам ніякіх пытаньняў, ставіліся да нас дужа прыязна. Сыстэма працы зь перасяленцамі наладжаная цудоўна, хіба толькі міграцыйная служба крыху дае збой, але і там усё паступова паляпшаецца, ужо чэргаў няма.

Я атрымаў дужа карысны досьвед. Мы пабачылі, як працуе сыстэма валянтэрства ва Ўкраіне. Усё адладжанае пасэкундна, кожная кропка, кожны крок – гэта як жывы мэханізм. Гэта ня проста раздача гуманітарнай дапамогі, а цяжкая праца. І ў іх усе робіцца дасканала, улічваецца кожная дробязь. Гэта дужа карысна для беларусаў, хто езьдзіў з гуманітарнай місіяй. Бо, крый Божа, у нас такое адбудзецца. А цяпер я ведаю як наладзіць, напрыклад, у Гарадку валянтэрскую дзейнасьць.

Ян Дзяржаўцаў:

– Калі пачалася вайна, шмат людзей прыехалі ў Харкаў. Як нам распавядалі, спачатку адна жанчына, жадаючы дапамагчы гэтым людзям, папросту зварыла вялікі рондаль супу і панесла яго на вакзал. Хутка разьліла ўсё людзям, і пабегла зноў варыць. На наступны дзень да яе далучылася яшчэ адна жанчына з супам. Неўзабаве да справы спрычыніліся іншыя людзі.

Суп супам, але ж трэба было перасяленцам недзе і пераначаваць, бо ня кожны меў, дзе спыніцца. Жанчыны зьвярнуліся да начальніка чыгуначнай станцыі, той загадаў, каб прыгналі два вагоны на запасныя калеі, дзе людзі некаторы час жылі. Пазьней у горадзе быў арганізаваны пункт для перасяленцаў на восемдзесят сем’яў, ён дзейнічае і цяпер.

Станцыя «Харкаў» – гэта вялікая валянтэрская станцыя, месьціцца недалёка ад вакзалу. Таксама яны маюць філіі ў вобласьці. Працуюць на станцыі валянтэры. У асноўным гэтыя валянтэры – зь ліку саміх перасяленцаў.

Сама станцыя – гэта адзін паверх досыць вялікага будынку. Там ёсьць пакой памерам недзе дзьвесьце квадратных мэтраў, некалькі маленькіх памяшканьняў і склад, дзе захоўваецца адзеньне для перасяленцаў – яго прыносяць мясцовыя жыхары, а таксама яно паступае з усёй Украіны і з-за мяжы. Ёсьць склад і для ежы.

Штодня на станцыю па дапамогу зьвяртаюцца чалавек па сто пяцьдзясят. Шмат хто прыходзіць з маленькімі дзецьмі. Апроч вопраткі і ежы, перасяленцам аказваюць юрыдычную і мэдычную дапамогу. Тыя, хто мае патрэбу, могуць атрымаць лекі, пампэрсы. Падказваюць людзям, куды зьвярнуцца, каб уладкавацца на працу, каб вырашыць праблемы з жытлом.

Мы працавалі штодня, без выходных, з ранку да вечара. Перавозілі рэчы са складоў, што знаходзяцца ў горадзе, на станцыю. Я займаўся пагрузкай-разгрузкай, сартаваньнем. Апроч гэтага, нашы беларускія валянтэры працавалі на тэлефоннай «гарачай лініі», аказвалі юрыдычныя кансультацыі. Таксама мы займаліся апытваньнем людзей: нам давалі анкеты, каб потым праз аналіз гэтых анкет можна было палепшыць працу сабесаў зь перасяленцамі.

Прыемна ўразіла тое, наколькі перасяленцы дружныя, як яны, нічога ня маючы, дапамагаюць адно аднаму. Ні разу я ня чуў, каб яны сварыліся між сабою – гора аб’ядноўвае. Але ў цэлым уражаньне цяжкое. Я ніколі ня думаў, што такое можа быць у нашае 21-е стагодзьдзе, калі мінула 70 гадоў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны: што Расея нападзе на Ўкраіну, як калісьці напалі нацысты на Савецкі Саюз.

http://vitebskspring.org/be/news/2496

Віцебская вясна

Последние новости