haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

01.06.2016 16:25

1864 просмотра

0 комментариев

У школах Гарадоцкага раёна прагучалі апошнія званкі. Рэпартаж з СШ № 1

Падлічана, што за 11 гадоў школьнікі паспяваюць пачуць каля чатырох тысяч званкоў на ўрокі і з іх. Вядома ж, у памяці застаюцца не ўсе яны, але гэты — развітальны, апошні, які прагучаў на ўрачыстых лінейках 30 мая для 125 выпускнікоў 11-х класаў гарадоцкіх школ — яны запомняць на ўсё жыццё. Учора яны былі галоўнымі на свяце развітання з дзяцінствам.

Падтрымаць іх прыйшлі настаўнікі, бацькі і малодшыя школьнікі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, спецыялісты раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Гэты выпуск аказаўся надзвычай плённым: на права атрымання атэстата асобага ўзору з уручэннем залатога медаля прэтэндуюць дзевяць выпускнікоў СШ № 1 г. Гарадка, двое выпускнікоў Бычыхінскай СШ і адзін — Вышадскай д/с-СШ. Да таго ж, маюць шанц атрымаць пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай шасцёра выпускнікоў 9-х класаў з СШ № 1 г. Гарадка, двое — з Пальмінскай СШ, па аднаму — з СШ № 2 г. Гарадка, Езярышчанскай і Віраўлянскай школ. Для гэтага хлопцам і дзяўчатам трэба пацвердзіць трываласць сваіх ведаў на дзяржаўных экзаменах за курс сярэдняй і базавай школы адпаведна.

Пасля завяршэння навучання на 2-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковыя пісьмовыя экзамены па беларускай і рускай мовах і матэматыцы. Па заканчэнні 3-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязкова здаць пісьмовыя экзамены па матэматыцы і рускай ці беларускай мовах і вусныя — па замежнай мове і гісторыі Беларусі. Пажадаем ім і ўсім, каму належыць вытрываць гэтыя іспыты, ні пуху, ні пер’я! А ўжо 10 і 11 чэрвеня ў школах адбудуцца выпускныя вечары.

Словы ў дарогу, якія сказала ўсім выпускнікам у асобе 11-класнікаў СШ № 1 г. Гарадка намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Н.А. Бурунова, ішлі ад чыстага сэрца:

— У школе вас вучылі пісаць, чытаць, успрымаць прыгажосць свету, давалі веды, выхоўвалі. Побач з вамі заўжды былі мудрыя настаўнікі і гатовыя падтрымаць у любой жыццёвай сітуацыі бацькі. Наперадзе ў вас — сотні самастойных дарог. Абярыце сваю і ідзіце па ёй годна, памятаючы, што на вас, маладых, з надзеяй глядзіць ваша малая радзіма. Няхай збудуцца вашы мары! Вучыцеся, набывайце спецыяльнасці, працуйце, каб праслаўляць свой край!

Выніковыя ўрачыстыя лінейкі ва ўсіх школах падобныя паміж сабою, таму што на іх ушаноўваюць лепшых вучняў, актыўных удзельнікаў пазашкольнага жыцця, спартсменаў, дзякуюць бацькам, якія супрацоўнічаюць з педагагічнымі калектывамі. На святах многа кветак і слоў падзякі на адрас любімых настаўнікаў, якія вялі сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак дарогамі ведаў. Маці пасталелых дзяцей крадком змахваюць слязінкі... І ў кожнай школе стараюцца знайсці «разыначку», каб свята апошняга званка было самым-самым.

У СШ № 1 г. Гарадка гэта быў флэшмоб: выпускніцы, апранутыя ў школьную форму савецкага ўзору, станцавалі на імправізаванай сцэне для сяброў і гасцей (на здымку 2).

Ружовыя, як мары юных, шарыкі ўзмылі ў неба з рук віноўнікаў урачыстасці, а ўслед — і вялізны звон, выраблены з надзіманых шароў (на здымку 3).

Высокага палёту! У добры шлях, выпускнікі!

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: апошні званок даюць лепшыя вучні СШ № 1 г. Гарадка Мікалай Варанькоў і Паліна Рымша.

Фота аўтара.

garadvest.by

Последние новости