haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

07.07.2016 13:10

1655 просмотров

0 комментариев

«Гарадоцкі веснік»: «Дзень Рэспублікі святкавалі ў Гарадку: цэнтральная плошча, панадворкі ў парку, велапрабег»

Галоўнае дзяржаўнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначыла Гарадоччына разам з усёй краінай. Ўрачыстыя мерапрыемствы з ускладаннем кветак да воінскіх пахаванняў, ўшаноўваннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны адбыліся ва ўсіх сельсаветах.


Жыхары і госці Гарадка гэтае свята адзначылі маштабна і ярка. 3 ліпеня — дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая дата сімвалізуе подзвіг нашых дзядоў і бацькоў, якія адстаялі незалежнасць Айчыны, таму менавіта гэты дзень і стаў воляю нашага народа Днём Рэспублікі. Гэты ўсенароднае свята аб’ядноўвае беларусаў у іх памяці аб Вялікай Перамозе, пра мужныя абаронцах нашай Радзімы, яе адстаялі, напаўняе пачуццём гонару за сённяшнюю свабодную і стабільную Бацькаўшчыну. Галоўнай пляцоўкай святкавання стала цэнтральная плошча.

Да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу «Неўміручасць», дзе ў ганаровай варце замерлі салдаты, ускладаецца гірлянда воінскай славы — сімвал велічы подзвігу нашых вызваліцеляў, вянкі ад раённага выканаўчага камітэта, дэлегацыі з Невельскага раёна Пскоўскай вобласці.

Ганаровае права падняць дзяржаўны сцяг было прадастаўлена лаўрэату прэміі «Чалавек года Віцебшчыны», старшыні Пальминского сельскага Савета дэпутатаў Анфісе Бярозка.

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карбач павіншаваў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, гарадакчан і гасцей горада з дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці і пажадаў моцнага здароўя і дабра ў кожнай сям’і і ў кожным доме, міру і працвітання нашаму роднаму краю. Пётр Пятровіч адзначыў, што беларусы, якія перанеслі неймаверныя беды акупацыі і хто спазнаў радасць вызвалення, заўсёды будуць памятаць, якім коштам заваяваны мір і незалежнасць.

Кажучы пра сённяшні дзень Гарадоччыны, Пётр Пятровіч сказаў, што яна значна змянілася: на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу раёна вядзецца мадэрнізацыя абсталявання і вытворчасці, абноўленыя ўстановы сацыяльнай сферы, дзесяткі сем’яў раёна штогод становяцца навасёламі, працягваюцца работы па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў і вызначыў арыенціры на будучыню:

У існуючых няпростых эканамічных умовах, у першы год новай пяцігодкі, на якую ўскладаюцца вялікія надзеі ў плане дынамічнага развіцця нашай краіны, усім працоўным калектывам раёна неабходна працаваць над зніжэннем выдаткаў, выпускам рэнтабельнай прадукцыі, павышэннем прадукцыйнасці працы, працоўнай і тэхналагічнай дысцыплін, выкананнем даведзеных паказчыкаў ва ўсіх сферах. Актыўна ў гэтую працу павінна ўключыцца і моладзь, з якой мы звязваем надзеі на тое, што на змену нам прыйдуць энергічныя, кампетэнтныя і шчырыя людзі.

Толькі ад нас залежыць, якім будзе заўтрашні дзень. Толькі наш агульны добрасумленную працу, самааддача і згуртаванасць забяспечаць годнае будучыню нашым дзецям і спакойнае жыццё старэйшаму пакаленню.

Падзяліць радасць галоўнага свята Беларусі разам з городокчанами прыехалі паважаныя госці — дэлегацыя Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. Першы намеснік кіраўніка Невельскага раёна Алег Маёраў павіншаваў прысутных з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і выказаў шчырую радасць з нагоды прысутнасці ў брацкай суседняй краіне. Алег Яўгенавіч падкрэсліў адзінства і згуртаванасць рускага і беларускага народаў, іх мірнае і стваральнае жыццё. Ён адзначыў, што нашы землі аднолькава палітыя крывёю нашых дзядоў і бацькоў і незалежнасць дзвюх дзяржаў — вынік бясконцай любові савецкага народа да сваёй вялікай Радзіме, яго самаадданага подзвігу.

Наш госць выказаў упэўненасць у развіцці добрасуседскіх сувязей, у стварэнні спрыяльных умоў для развіцця абодвух рэгіёнаў. На памяць пра свята з пажаданнямі дабрабыту, росквіту і далейшага развіцця эканамічных і гуманітарных сувязяў ганаровым гасцям ўручылі сувеніры, вырабленыя майстрамі Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. Свята прадоўжылася маляўнічымі выступамі лепшых творчых калектываў горада.

Людміла ПЕЧАНІЦЫНА.

*********************

— Жывём! Працуем! Радуемся! — многагалоса гучала з кожнай пляцоўкі, што 3 ліпеня аздобілі сквер па вул. Савецкай у Гарадку. Поплеч размясціліся тут пляцоўкі гарадоцкіх прадпрыемстваў і арганізацый: РВПС і Белтэлекама,"Карыцінскага моху" і ТЦСАН, бальніцы і ГДАТК, сельсаветаў і народнага аматарскага аб’яднання «Зялёная альтанка» Дома рамёстваў і фальклору, хлебазавода і птушкафабрыкі... Усе яны па-вынаходніцку, з настроем імкнуліся расказаць, як развіваюцца на працягу 25-годдзя суверэннасці нашай краіны, захоўваюць традыцыі працалюбства, што робяць для землякоў і ўмацавання дабрабыту роднага краю.

Пад шатамі дрэў спякотным днём было камфортна, а на кожнай пляцоўцы — цікава. Гараджанам і гасцям горада прапаноўвалі мноства латарэй, розыгрышаў, нязмушанай карыснай інфармацыі.
На «Кніжным бульвары» ля помніка «Тарас на Парнасе», арганізаваным цэнтральнай бібліятэкай, можна было разгледзець фотавыставу «Гарадоччына ўчора і сёння», пагартаць фотаальбомы і на многіх фотаздымках пазнаць сябе, сваіх знаёмых — прыемна, што ўсе мы — частка гісторыі Гарадоччыны (на здымку).

Мотаблок ГДАТК чароўным чынам, а дакладней — рукамі ўмельцаў каледжа пераўтварыўся ў карэту, на якой уздоўж каляровых гандлёвых радоў ахвотна каталася дзятва (на здымку). Раздольна было малым і на пляцоўцы ГПКіЦС: уволю скокалі на батуце, гулялі і забаўляліся. Зусім нястрашныя лекары сустракалі на пляцоўцы раённай бальніцы, у вобразах кніжных персанажаў, нястомна ўсмешлівыя, гулялі яны з хлопчыкамі і дзяўчынкамі (на здымку), рабілі «масаж» на хворыя спіны, узважвалі кабет на цуда-вагах.

Партызанскую паляну традыцыйна арганізавалі дубраўскія культработнікі: на вогнішчы кіпела юшка, у шалашы са свежых бярозак можна было і паляжаць, адчуўшы сябе «параненым». Падмацавацца гаспадыні прапаноўвалі наліўкамі ды свойскай гароднінай, а затым — падцягнуць песню пад гармонік. Панадворкі Межанскага і Руднянскага сельсаветаў вабілі дамашнімі прысмакамі. За сімвалічную плату тут можна было падсілкавацца і дранікамі з мясам, і салодкім печывам. З рук яснавокіх гаспадынь у нацыянальных уборах стравы на свежым паветры здаваліся ўдвая смачнейшымі.

Поўны асартымент сваёй прадукцыі прадставіў Гарадоцкі хлебазавод. Да свята спяклі нават пано з выявамі родных краявідаў, і адмысловы каравай, каласок ці кветачку з якога так і хацелася адшчыкнуць (на здымку).

— Скарыстайцеся магчымасцю пападарожнічаць па Гарадоччыне таямнічымі сцяжынкамі, — запрашалі з пляцоўкі «Карыцінскага моху».

Водар летняга разнатраўя вабіў да радоў «Зялёнай альтанкі». Тут можна было набыць і лекавыя расліны, і кветку ў палісаднік — здаравейце, людзі, прыгажэйце, родныя мясціны!


Пра вынікі ІІ раённага конкурсу «Шляхамі ганчарнага рамяства» газета напіша дадаткова, а сёння адзначым: захапляла хараство вырабаў, прадстаўленых на выставе Домам рамёстваў і фальклору.

Асобны дзякуй яго майстрам за тое, што свае творы — а інакш не назавеш зробленае іх рукамі — яны прэзентуюць, апрануўшыся ў нацыянальныя непадобныя адзін на аднаго і такія прыгожыя ўборы. Залацістыя, як сонца, сувеніры з саломкі; прыемна карычневыя цацкі з мясцовай гліны; бялюткія, як чыстая душа нашага народа, рушнікі; вышытыя чырвоным арнаменты (а хіба мала старонак нашай гісторыі напісана крывёю?) вярталі памяць да вытокаў свайго, беларускага. І не адысці яму на вякі — нездарма жывём, працуем, радуемся!


Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

*******************

Чацвёрты за апошнія два гады краязнаўчы веласіпедны паход пад эгідай Гарадоцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў адбыўся 3 ліпеня пад дэвізам «Каб любіць Беларусь нашу мілую» па тэрыторыі Стадолішчанскага сельсавета. Удзел у ім прынялі больш за 20 аматараў веласіпедных падарожжаў.

Стартаваў паход з цэнтральнай плошчы адразу пасля ўскладання гірлянды славы да Вечнага агню. Трэба зазначыць, што гэтае мерапрыемства не мела спартыўнага характару, а праводзілася як грамадская акцыя, якая не праследавала палітычных мэтаў. Таму ўдзел у ёй змаглі прыняць гарадакчане ад школьнага да сталага ўзростаў.
Маршрут паходу быў складзены з улікам падрыхтаванасці веласіпедыстаў, каб была магчымасць рабіць прыпынкі для правядзення акцый ушанавання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і, зразумела, адпачынку ўдзельнікаў паходу.


Першы прыпынак адбыўся ля гарадзішча (IV ст. да н.э. — V ст. н.э.) ля вёскі Н. Болецк. Пра гісторыю гарадзішча, працу па яго даследаванню археолагамі паведаміла ўдзельнікам паходу супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Алена Федарэнка. Дарэчы, яна ж распавядала і пра іншыя мясціны і мемарыяльныя помнікі, што ўсталяваны на тэрыторыі Стадолішчанскага сельсавета.
Многа цікавага і змястоўнага аб гэтым краі даведаліся веласіпедысты з вуснаў старшыні сельвыканкама Мікалая Віктаравіча Башкірава, які сустрэў іх ля помніка загінуўшым землякам у вёсцы Н. Болецк і суправаджаў гасцей да канца паходу.

Змагаючыся са спякотай, спыняючыся ля памятных мясцінаў, удзельнікі паходу апоўдні дабраліся да канечнага пункту — воінскага пахавання і курганных могілак у вёсцы Вышадкі.


Вялікі прывал і адпачынак адбыўся на маляўнічым беразе Вышадскага возера. Падсілкаваўшыся, веласіпедысты прынялі ўдзел у віктарыне на лепшае веданне гісторыі і сучаснасці Гарадка. Выдатным знаўцам роднага краю праявіўся сябе электрамеханік Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Віталь Міхайлаў.

З веласіпедам ён пасябраваў яшчэ ў дзяцінстве. Не аднойчы рабіў індывідуальныя падарожжы па Гарадоччыне. Дабіраўся і да Невеля. А вось у калектыўным паходзе ўдзельнічаў упершыню.

— Мог бы і раней, — кажа ён, — ды не дазваляў графік работы.

З паходу, апрача асабістага задавальнення ад пераадоленых кіламетраў, ён прывёз і прыз пераможцы віктарыны.

Нельга не адзначыць і самага юнага веласіпедыста — Стасіка Віхаценку. Ён скончыў першы клас СШ № 1. У паход паехаў разам з бацькам. На працягу ўсёй дыстанцыі быў у першых радах і мужна змагаўся са спёкай і кіламетрамі.

Мікалай КРАЎЦОЎ.

На здымках: удзельнікі паходу падчас прыпынку на воінскіх могілках у вёсцы Вышадкі;
пасля паловы дыстанцыі падсілкавацца на свежым паветры — адно задавальненне.
Фота аўтара.

Последние новости