haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

02.12.2016 20:13

1091 просмотр

0 комментариев

Езярышчанская раённая бальніца пераўтворана ў бальніцу сястрынскага догляду

У бальніцу сястрынскага догляду з 1 жніўня гэтага года пераўтворана Езярышчанская раённая бальніца. Установа аховы здароўя не страціла шэрагу сваіх функцый: па-ранейшаму тут працуе аддзяленне хуткай дапамогі, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аптэка, стаматалагічны, працэдурны і фізіяпрацэдурны кабінеты, кабінет масажу, лабараторыя, праводзяцца ЭКГ-даследаванні, уладкаваны дзённы стацыянар на два ложка-месцы, ёсць магчымасць правядзення лячэння па месцы жыхарства пацыентаў.

Асноўнай жа функцыяй бальніцы цяпер з’яўляецца аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі пажылым і старым, доўгажыхарам і інвалідам, у якіх ёсць хранічныя захворванні і якія маюць патрэбу ў медыцынскім назіранні і доглядзе. Адначасова па стане здароўя пацыентам не патрэбна лячэнне.

Зараз у бальніцы сястрынскага догляду, разлічанай на 42 ложка-месцы, знаходзяцца 32 пацыенты. Гэта пераважна адзінокія старыя з усяго нашага раёна, якія не могуць самі сябе абслугоўваць. Толькі 10 ложка-месцаў для такіх пацыентаў захавалася ў Халамерскай сельскай участковай бальніцы і чатыры — у Гарадоцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

На пасаду загадчыка бальніцы сястрынскага догляду назначаны Віталь Сташкевіч. Малады мужчына родам з Даўгаполля, выпускник ВДМУ, сёлета скончыў інтэрнатуру. У Езярышчы яму выдзелілі кватэру, каб побытавыя цяжкасці не перашкаджалі плённа працаваць.

— Работы сапраўды многа, — прызнаецца В.М. Сташкевіч. — Як урач агульнай практыкі я вяду прыём у якасці тэрапеўта, у выпадку неабходнасці магу выконваць простыя хірургічныя маніпуляцыі. Шмат часу адымае адміністрацыйная работа. Дзякуй за падтрымку езярышчанскім калегам — Г.М. Пухальскай і В.С. Альшэўскай, адміністрацыі Гарадоцкай ЦРБ, іншым яе ўрачам, да якіх даводзіцца як да больш вопытных калег звяртацца па дапамогу. Ніхто ніколі не адмаўляе.

Штотыдзень Віталь Мікалаевіч вядзе агляд пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду. Многія з іх маюць хранічныя захворванні ў стадыі рэмісіі. Калі хваробы абвастраюцца, назначаецца лячэнне аж да размяшчэння ў стацыянар, у асноўным жа медыцынская дапамога заключаецца ў паліятыўным лячэнні.

— Самыя складаныя пацыенты — тыя, хто перанёс інсульт, — канстатуюць медыцынскія сёстры. — І не таму, што яны ляжачыя, а таму, што амаль не размаўляюць. Нам складана зразумець, што ім баліць, замінае, здагадацца, як палегчыць іх стан. Шкада адзінокіх, яшчэ большы жаль выклікаюць занядбаныя. Так, у многіх з нашых падапечных ёсць дзеці, родныя, але дажываюць старыя век у казённым доме, а калісьці былі гаспадарамі ў сваіх дамах...

Хаця блізкія прывядуць масу аргументаў у сваё апраўданне, варта прызнаць: кідаць нямоглых старых амаральна. Страчана даўняя традыцыя клапаціцца пра сваіх патрыярхаў. Добра, хоць дзяржава не пакідае іх сам-насам з іх бядою. Так, аплата за знаходжанне на сацыяльным ложку складае 80% ад пенсіі, што пералічваюцца ў бюджэт. Але пенсіі невялікія і не пакрываюць дзяржаўных выдаткаў.
— Трэцюю зіму запар прыязджаю сюды са свайго Сурміно, — расказвае З.У. Лявонава, ветэран працы з 45-гадовым працоўным стажам. — Нарадзілася я ў 1929 годзе, перажыла вайну і пасляваенныя нястачы. Замужам пабыць не давялося: мужчын пабіла вайна. Да старасці далучыліся хваробы, сапсаваўся зрок. Не ведаю, што б я і рабіла без дапамогі.

— Клапоцяцца пра нас шчыра, тут цёпла, чыста, утульна, смачна і разнастайна кормяць, — далучаецца да размовы яе суседка па палаце В.М. Мазеева з Гарадка, у якой таксама няма ні дзяцей, ні родных. — Адной вельмі кепска. Упала дома аднаго разу, а падняцца не магу. Чую, што ў дзверы грукаюць, а і голасу няма. Ледзь мяне ўратавалі. Забывацца на ўсё стала. Ногі падводзяць, нават на двор не сыду па прыступках, гуляю з кійком, толькі па аддзяленні.

Пацыенты знаёмяцца, сябруюць, глядзяць навіны па тэлевізары, уголас чытаюць газеты, ходзяць адзін да аднаго «на сяло» — з палаты ў палату. 32 чалавекі, 32 калісьці асобныя двары — цэлая вёска дзядоў і бабуль. Іх жыццё, якое блізіцца да схілу, робіць годным, сагравае толькі клопат дзяржавы праз бальніцу сястрынскага догляду.

Святлана ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: Віталь Сташкевіч спраўляецца пра самаадчуванне В.М. Мазеевай.
Фота аўтара.

Існуе ўмоўная класіфікацыя СААЗ па ўзросце, у адпаведнасці з якой грамадства дзеліцца на наступныя біялагічныя ўзроставыя групы:
малады — 25-44 гады; сярэдні — 45-59;
пажылы — 60-73; старэчы — 74-89;
доўгажыхары — старэй за 90 гадоў.

http://www.garadvest.by

Последние новости