haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

25.01.2017 14:55

1185 просмотров

0 комментариев

Пераможцам раённага конкурсу «Настаўнік года» стаў Макаранка Генадзь

Раённы конкурс прафесійнага майстэрства «Настаўнік года», што ў суботу, 21 студзеня, адбыўся ў СШ № 1 г. Гарадка, выйграў цёзка па прозвішчы знакамітага савецкага педагога А.С. Макаранкі, Генадзь Аляксандравіч Макаранка, настаўнік замежнай мовы Пальмінскай СШ.

Гэта сімвалічна, таму што сведчыць: у пераважна жаночыя педагагічныя калектывы (напрыклад, сярод 377 педагогаў, занятых у дашкольных і школьных установах Гарадоччыны, толькі 41 мужчына, ці 10,9%) мужчыны трапляюць невыпадкова і робяць вялікі ўклад у адукацыю і выхаванне падрастаючага пакалення.

Першы этап конкурсу «Настаўнік года» праходзіў ва ўсіх установах школьнай адукацыі раёна, да ўдзелу ў другім этапе было пададзена 12

заявак. Найперш педагогі завочна дзяліліся вопытам сваёй работы, афармляючы папкі-партфоліа. З 18 па 20 студзеня на базе гарадскіх школ яны праводзілі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах і майстар-класы для калег. 21 студзеня ім трэба было ажыццявіць творчае самапрадстаўленне, выканаць прадметна-метадычны тэст і публічна прадставіць вопыт уласнай работы. У кожным туры канкурсанты набіралі пэўную колькасць балаў, па іх суме і вызначаліся пераможцы.


— Конкурс прафесійнага майстэрства — гэта магчымасць гучна заявіць пра сябе, надзённая неабходнасць падзяліцца адкрыццямі і ўвабраць вопыт іншых, — ахарактарызавала мерапрыемства загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.А. Кулакова. — Канкурсанты ж — высокакваліфікаваныя настаўнікі, у кожнага з якіх — свая методыка навучання, розныя формы і тэхналогіі. Яны — творцы і выхавальнікі, а конкурс — гэта асаблівы свет зносін, спаборніцтва, знаходак, свята.


Членам журы, у лік якога ўваходзілі старшыня Гарадоцкага райсавета дэпутатаў С.Л. Зуева, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Б. Навічонак, метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі І.В. Штангей, было надзвычай прыемна ўручыць пераможцам і прызёрам конкурсу ў розных намінацыях дыпломы. На свой адрас лепшыя пачулі мноства цёплых слоў, атрымалі падарункі ад райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, іншых спонсараў. Радавалі і дзеці — удзельнікі самадзейных калектываў, спяваючы пра школу, як пра свой другі дом, дзе яны шчаслівыя.

3-е месца ў конкурсе падзялілі Іна Паўлаўна Казлова, настаўнік працоўнага навучання СШ № 2 г. Гарадка, Ганна Мікалаеўна Паўленка, настаўнік англійскай мовы СШ № 1 г. Гарадка і Вераніка Аляксееўна Калашнікава, выхавальнік ясляў-садка № 2 г. Гарадка, яна ж названа выхавальнікам года.

На 2-м месцы апынуліся Марына Міхайлаўна Цімафеева, настаўнік хіміі і біялогіі СШ № 1 г. Гарадка і Таццяна Вацлаваўна Казіна, настаўнік пачатковых класаў СШ № 1 г. Гарадка. Трыумфатарам конкурсу, заняўшы 1-е месца, стаў Генадзь Аляксандравіч Макаранка, настаўнік англійскай мовы Пальмінскай СШ.

Дыпламанты конкурсу — педагогі маладыя, наперадзе ў іх — гады працоўных будняў, мноства адкрыццяў, узлётаў і перамог. Раўняючыся на іх, інтэлектуальна і фізічна будуць расці дзеці, прафесійна і творча — калегі. Не змялее крыніца адукацыі!

Саша СЯМЁНАВА.
На здымках: удзельнікі конкурсу; Г.А. Макаранка.
Фота Анастасіі БЯРОЗЫ

Последние новости