haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

27.01.2017 09:22

1044 просмотра

0 комментариев

Варта памятаць свайго земляка, слыннага навукоўца Анатоля Дарафеева

Ужо амаль сем гадоў няма побач з намі добрага чалавека, слыннага навукоўца Анатоля Дарафеева (на здымку). Кожны раз, калі даводзілася сустракаць яго ў сценах ВДУ імя П.М. Машэрава, слухаць выступленні на сходах і канферэнцыях, мяне захапляла і натхняла яго абаяльнасць, інтэлігентнасць, глыбокі інтэлект, незвычайная бадзёрасць і невычэрпны аптымізм. Яго страсным жыццём і нястомнай дзейнасцю надзейна кіравалі дзве планеты — родная Гарадоччына і ўся планета Зямля.

Менавіта ім Анатоль Максімавіч пакланяўся, як Богу, абараняў як неабыякавы чалавек, глыбокапрафесійны эколаг, а землякі для яго былі самымі першымі натхняльнікамі, надзейнымі сябрамі і вернымі суддзямі...

Ён нарадзіўся ў в. Верамеева (Лажані) Гарадоцкага раёна 10 жніўня 1941 г. у сялянскай сям’і, вырас на ўлонні прыроды-матухны. З 12 год хлопец пазначаў у сваіх нататніках уражанні аб прыродзе Бацькаўшчыны. У 1958 г. Анатоль з залатым медалём скончыў сярэднюю школу, паступіў на біёлага-хімічны факультэт Віцебскага педінстытута, які з адзнакай скончыў у 1964 г. Здольнага студэнта пакінулі працаваць выкладчыкам. У студзені 1972 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю «Размеркаванне дэндрафільных птушак ва ўмовах ландшафтаў паўночна-заходняй Беларусі». Працаваў прарэктарам па навуковай працы, загадчыкам кафедры заалогіі. У 1990-94 гг. — старшынёй Дзяржаўнага Камітэта Беларусі па экалогіі, міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пасля — першым прарэктарам ВДУ імя П.М. Машэрава, загадчыкам кафедры экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, заставаўся на гэтай пасадзе да апошніх дзён жыцця.

Менавіта гарадоцкія пейзажы, землякі, простыя людзі працы стануць яго героямі, пакінуць самыя моцныя ўражанні ў яго жыцці. А. Дарафееў збіраў матэрыялы пра Бацькаўшчыну (найбагацейшы навукова-папулярны матэрыял у 115 нататніках). Ён аўтар многіх артыкулаў у кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён».

Дзякуючы яму, родны Гарадок не аднойчы станавіўся навуковай і культурнай сталіцай Прыдзвіння. Так, адна з канферэнцый, прысвечаная экалагічнаму стану ўнікальнага возера Ціёста, адбылася ў в. Вярэчча. Анатоль Максімавіч рабіў намаганні па выратаванні помніка архітэктуры — храма ў в. Рамні. Пры яго садзейнічанні Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей узбагаціўся каштоўнай экспазіцыяй прыроды і рэдкімі знаходкамі. На гарадоцкай зямлі праходзілі літаратурна-краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя паэме «Тарас на Парнасе» і яе ролі ў развіцці беларускай культуры. Аднойчы на імпрэзе А. Дарафееў выступіў у ролі Тараса — у нацыянальнай кашулі, саламяным капелюшы, надзвычай парадаваўшы землякоў. З гэтага часу за ім замацавалася шаноўнае імя — «наш Тарас». З дапамогай навукоўца ў Гарадку з’явіліся памятныя знакі, прысвечаныя «Тарасу на Парнасе», а ананімны аўтар сярэдзіны ХIХ стагоддзя набыў канкрэтныя рысы гарадоцкага мешчаніна, ураджэнца в. Астраўляны Канстанціна Вераніцына.

Біёлагі ВДУ разам з Анатолем Дарафеевым сталі ініцыятарамі стварэння многіх прыродаахоўных тэрыторый. Два заказнікі — «Асвейскі» і «Ельня» — атрымалі міжнародны статус аховы. Сетка асобаахоўных прыродных тэрыторый Беларускага Паазер’я, стваральнікам якой стаў і А. Дарафееў, уяўляе сабой найбагацейшую скарбніцу біяразнастайнасці: было зарэгістравана больш за 600 месцаў знаходжання рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Па яго ініцыятыве былі аб’яднаны абаронцы навакольнага асяроддзя ўсяго басейна Балтыйскага мора — актывісты з Расіі, Беларусі, Латвіі — у адзіны рух «Двина-Дзвіна-Даўгава».

Дзякуючы А. Дарафееву, сталі рэгулярнымі міжнародныя навуковыя канферэнцыі на базе ўніверсітэта. Многія яго выступленні на іх былі прысвечаны сучаснаму стану азёр Віцебшчыны, праблемам іх выкарыстання і аховы. З лёгкай рукі Дарафеева ў друку актыўна пачаў ужывацца тэрмін «Беларускае Паазер’е». Азёрнай спадчыне Прыдзвіння навукоўца прысвяціў шмат прац. Ён скрупулёзна вывучаў сістэмы азёр і верхавых балот Віцебшчыны, з’яўляецца аўтарам больш як 170 навуковых прац і кніг. Кожны яго дзень заканчваўся любімымі дзённікавымі запісамі. На жаль, выключэннем стала 30 ліпеня 2010 г.: у гэты летні дзень яго не стала.

Працу бацькі паспяхова працягвае арнітолаг С.А. Дарафееў — сын Анатоля Дарафеева. У ВДУ імя П.М. Машэрава праходзяць «Дарафееўскія чытанні» ў гонар акадэміка А.М. Дарафеева — заснавальніка Міжнароднай акадэміі экалогіі, сапраўднай Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, члена-карэспандэнта Беларускай інжынернай акадэміі і Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў.

А.М. Дарафееў лічыў экалогію найважнейшай навукай ХХI стагоддзя. Мы павінны памятаць урокі, што засталіся нам ад навукоўца, які не стамляўся паўтараць, што неразумныя суадносіны чалавека і прыроды ўяўляюць глыбокую небяcпеку для ўсяго чалавецтва, ставяць яго на мяжу экалагічнай катастрофы. Вучоны быў перакананы, што экалагічна адукаваны чалавек не дапусціць варварскіх адносін да навакольнага асяроддзя, што сёння спыніць парушэнне экалагічных законаў можна, толькі ўзняўшы на вялікую вышыню экалагічную культуру кожнага члена грамадства, праз вывучэнне асноў экалогіі. Лепшай памяццю пра Анатоля Дарафеева будзе, калі людзі пачнуць усведамляць, што клопат пра прыроду — гэта клопат пра чалавека і яго будучыню. Нам трэба выхоўваць пачуццё адказнасці за захаванне біяразнастайнасці на планеце, разумныя адносіны да прыродных багаццяў і ашчаднае стаўленне да прыроды. Менавіта гэта і было справай жыцця Анатоля Максімавіча Дарафеева.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск.

http://www.garadvest.by

Последние новости