haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

12.09.2017 08:53

480 просмотров

1 комментарий

Маленечкая вёска Гарадоцкага раёну, дзе ніколі не было электрычнасці ды і няма зараз

Мала хто ведае, што на самай ускраіне Гарадоцкага раёна, у Віраўлянскім сельсавеце, прытаілася маленечкая вёска Чухіліна. Яе адметнасць заключаецца ў тым, што тут ніколі не было электрычнасці. Няма яе і цяпер. Пра гэта піша «Гарадоцкі веснік».

Ды і не будзе — у вёсцы пастаянна ніхто не жыве, хіба на лета прыязджаюць з шасцёра дачнікаў. Святло тут іншае — ад прыгажосці навакольных краявідаў, ад дабрыні людзей, лепшыя ўспаміны якіх звязаны з гэтым куточкам. Дабрацца да Чухіліна — справа не з лёгкіх, 10 км да яго па нязручнай лясной дарозе на спецыяльнай тэхніцы карэспандэнту дапамаглі пераадолець працаўнікі Халамерскага лясніцтва, ляснік Сяргей Ваявода і вадзіцель Сяргей Ахрамееў. Улюблёныя ў родныя мясціны мужчыны сталі не толькі павадырамі, але і выдатнымі экскурсаводамі.

— Такой прыгажосцю немагчыма наталіцца, — добраахвотныя памочнікі аказаліся рамантыкамі і спяшаліся дапоўніць адзін аднаго. — Чаго толькі вартыя аб’яднаныя шырокай пратокай лясныя азёры Малое і Вялікае Свіна! Праз апошняе цячэ і рака Свіна. А Чухіліна размясцілася на беразе рачулкі Чарнулька. Праз яе перакінуты масток, проста з яго можна лавіць рыбку, а дарога праз яго вядзе ў неабсяжныя лясныя шаты. Дарэчы, зусім побач з мастком — яшчэ даваенная крынічка, якую аднавілі вяскоўцы, і ў якой вельмі смачная вада. Некаторыя лічаць яе гаючай, таму ездзяць па яе з Халамер’я на веласіпедах.

Не даязджаючы да Чухіліна, мы спыніліся на вялікай паляне. Святое месца, дзе да вайны была вёска Казлы. Увагу прыцягнуў насыпаны курган, надпісы на якім сведчаць, што ў навакольных лясах і вёсках у красавіку-маі 1942 г. была арганізавана 4-я Беларуская партызанская брыгада, якая вяла барацьбу з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Гарадоцкага, Невельскага, Расонскага, Полацкага, Міёрскага раёнаў. Курган — адначасова месца пахавання партызанаў гэтай брыгады.

Крыху ў баку — стэла, якая нагадвае, што 18 красавіка 1943 г. в. Казлы спалілі фашысцкія карнікі, расстраляўшы 19 мірных жыхароў. Вёска памерла, а вось Чухіліна, таксама знішчанае ў вайну, адрадзілася пасля навалы. Работнікі лясніцтва не па прымусу, а па закліку сэрца даглядаюць курган, помнік, абкошваюць вакол іх. Штогод, арганізаваныя халамерскімі культработнікамі, сюды ў патрыятычны паход, на паклон змагарам за свабоду і бязвінным ахвярам дабіраюцца дзеці і падлеткі.

Пашчасціла карэспандэнту пагутарыць з жыхаром Халамер’я Алегам Дзмітрыевым і з першых вуснаў даведацца, што з пятага па дзесяты клас ён вучыўся ў Халамерскай школе, а жыў у Чухіліне. Інтэрната пры школе не было, таму хлопчыку, на той час адзінаму чухілінскаму школьніку, даводзілася штодня пешшу, у адзіночку — восенню, узімку, вясною — пераадольваць па 20 км праз лес.

— Ваўкоў не баяўся, — паціскае плячыма мужчына, — мы да іх прывыкшыя былі, яны па вёсцы, як сабакі, хадзілі. Адпраўляўся ў школу ў шэсць гадзін раніцы, вяртаўся адвечарка. Праўда, бацька (Аляксандр, ураджэнец Чухіліна, капітан Чырвонай арміі, франтавік, чатыры разы ардэнаносец — аўт.) даваў з сабою ў дарогу стрэльбу і ліхтар «лятучую мыш». Калі звяры набліжаліся надта блізка — страляў. Адставалі шэрыя, вылі дзесьці за спіной. Вытворчых аб’ектаў, акрамя кузні, дзе кавалём быў мой дзед Пётр, у Чухіліне не было. Мужчыны пераважна працавалі ў лясніцтве, на падсочцы, жанчыны — у паляводстве ў Маісееве. Трымалі скаціну, сеялі гароды ля хат. Зямля там мяккая, глебы пясчаныя, лёгка было апрацоўваць.

— Вось гэтыя раскошныя дуб і клён у Чухіліне пасадзілі на памяць аб сабе Іван і Тамара Грыгор’евы, перабіраючыся бліжэй да цывілізацыі, — далучаецца да размовы тутэйшы дачнік Валерый Якіменка (на здымку з унучкай Міланай). — Нашай сям’і вельмі добра ў гэтых мясцінах, займаемся пчалярствам, сябар з Магілёўшчыны падарыў перасоўную пасеку на 20 вулляў, якую я называю пчаліным інтэрнатам. Тут рыбалка выдатная, паляванне, грыбоў ды ягад багата. Летась мы з жонкай Валянцінай больш як на 20 мільёнаў рублёў лясных дароў здалі.

Тое, што ў Чухіліне няма электрычнасці, мужчыну не засмучае, ён выпрацоўвае яе з дапамогай генератара, зараджае акумулятары, набыў светадыёдныя лямпы, плануе купіць сонечныя батарэі.

Тугі па адсутнасці цывілізацыі ў гэтай вёсачцы з боку ўсіх, з кім сустрэлася карэспандэнт, не было. Нявыказаная скруха адчувалася па нечым больш значным і патаемным — страчанай сувязі з роднай прыродай, яе таямніцамі, размераным жыцці, у аснове якога ляжыць здаровая фізічная праца, шчырых адносінах з суседзямі. Шчыміць за тое, што зарастаюць сцяжынкі да святыняў, да крынічак з гаючай вадою.


Святлана ЯКАЎЛЕВА.

http://www.garadvest.by

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • #1192 19.09.2017 11:37 @ [ нет имени ]

    Все свое детство провел у бабули в деревне Холомерье. Много раз бывал на этом кургане в Козлах на праздновании 9 и 1 мая. Первый раз слышу, чтобы в этом кургане были похоронены партизаны. И у бабули спрашивал про это. На плитах есть фамилия моего деда ( он там партизанил), так он там точно не похоронен. Бред какой-то.

    \