haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

28.09.2017 16:34

2081 просмотр

0 комментариев

Паездка ў Волагду: пра 1 голас за Пуціна, Кітайскую сьцяну і ўкраінскіх «смутьянов»

У Волагду я прыехаў на фэстываль паэзіі «Рубцоўская восень». З усёй Расеі раз на год тут зьбіраюцца прыхільнікі Нікалая Рубцова, каб чытаць ягоныя вершы ды сьпяваць песьні.

Зміцер Бартосік

Я быў на фэсьце «адзіным замежным госьцем». І, як заморскі госьць, сьпяваў па-заморску. Песьні на вершы Рубцова ў перакладзе Ўладзіміра Скарынкіна. І, здаецца, меў посьпех. Дзякуючы незнаёмаму гучаньню знаёмых радкоў. Нават «Веласіпед» прасьпяваў.

У Волагдзе я каторы ўжо раз нацешыў вока цудоўнай драўлянай архітэктурай. Але найбольшыя ўражаньні мне падарылі валагодзкія таксісты.

Таксі тут вельмі таннае і зручнае. Прыяжджаюць празь лічаныя хвіліны. Цану паездкі агучвае дыспэтчарка яшчэ да прыезду машыны. Пяць кілямэтраў дарогі мне абыходзіліся ў чатыры рублі. Я, вядома, пра нашы рублі.

Першы мой таксіст аказаўся сацыёлягам. Саракагадовы, невысокі, спартовы. Разгаварыўшыся пра палітыку, я згадаў пра славутыя 86 працэнтаў «за Пуціна». «Кажаце восемдзесят шэсьць? А я вырашыў правесьці сацыялягічнае апытаньне ў сваім аўтамабілі. Людзі з таксістам размаўляюць больш адкрыта, чым зь незнаёмымі «сацыёлягамі» па тэлефоне. І як Вы думаеце, які працэнт маіх кліентаў за Пуціна?» «Ну, — кажу, — напэўна, не 86. Няўжо 50?» «Холадна», — адказвае таксіст. «Можа, сорак?» «Адзін! З двухсот кліентаў. Толькі адзін! Ды й той нейкі прышыблены». «І якую ж выснову можна зрабіць з Вашага дасьледаваньня?», — не пераставаў дзівіцца я. «Ну, якую выснову? Ды дастаў ты ўсіх, дзядзя Вова! Вось і ўся выснова».

Другога таксіста я б назваў арыстакратам. Гэта быў малады, хударлявы, з тонкімі рысамі твару чалавек з глыбокім, грасіраваным «р». Ён вымаўляў сваё францускае «Р», як расейскае дваранства эпохі Аляксандра Пушкіна. Арыстакрат быў на «Ладзе». Таму і размова ў нас зайшла пра аўтамабілі. Паскардзіўшыся на свой стары Опэль, я выказаў асьцярожную надзею набыць новае расейскае аўто. Далей адбыўся такі дыялёг:

— О! Я бы вам не советовал бгргать гргоссийскую машину.

— Скажите, а Вы патриот России?

— О да! Я, конечно, патгргиот Гргоссии!

— Но почему же Вы, патриот России, мне не советуете брать российскую машину?

— Ну, что тут непонятного? Потому что она сделана нашими, гргусскими гргуками!

Канчаткова пакарыў мяне мой арыстакратычны рамізьнік, калі мы разьвітваліся. За такую каштоўную параду пра расейскі аўтапром я працягнуў яму руку. І ў адказ пачуў. «О, извините. Я гргуку Вам не подам. Я очень бгргезгливый».

Пасьля такіх паездак мне, вядома, не цярпелася даведацца — хто ж будзе трэцім. Трэці не падкачаў! Гэта быў трыццацігадовы, падцягнуты брунэт з акуратнай бародкай. «Ну, вязіце заморскага госьця да Крамля». «А адкуль заморскі госьць?» «Зь Беларусі». «Ну, не такі ўжо і заморскі. Усе мы русічы!» І праз якую хвіліну — «Які цяпер год?» «У якім сэнсе?», — зьбянтэжыўся я. — «У вас ці ў нас?» «А Вы падумайце!» «Ну, калі браць ад стварэньня сьвету...» «Правільна! Зараз менавіта 7526-ты год! А Вы ніколі не задумваліся, чаму Вялікая кітайская сьцяна пабудаваная пасярод Кітая? І чаму яе байніцы накіраваныя ўнутр краіны?» «Можа, яе будавалі не кітайцы?» «Менавіта! Гэта пабудавана славянамі-арыйцамі! Стваральнікамі самай старажытнай цывілізацыі сусьвету!»

Далей усю дарогу да валагодзкага Крамля я слухаў фантастычную лекцыю пра вялікае мінулае славян-арыйцаў і ня менш захапляльную іх будучыню. Прычым, гібеючыя драўляныя палацы валагодзкіх купцоў, што праносіліся за вакном, сьведчылі пра заняпад больш маладой цывілізацыі. Да ролі Крыму ў лёсе арыйцаў не дайшло. Бо мы прыехалі.

Чацьвёрты таксіст, хлопец гадоў дваццаці, спачатку нічым не зьдзівіў. Я з сумам слухаў мантру пра амэрыканцаў, якім «не по нутру» тое, што Расея пашыраецца. Пра падступных англасаксаў. Пра ўкраінскіх «смутьянов». Але напрыканцы паездкі парадаваў і гэты. «А на хера ён нам здаўся, гэты чортаў Крым? Вёз нядаўна аднаго шчасьлівага крымчаніна. Цэны ў іх растуць. Вада прэсная зьнікае. З электрычнасьцю праблемы. А вінаватыя будзем ва ўсім мы». І напрыканцы. «Вось Пуцін з Парашэнкам корчаць зь сябе ворагаў. А ў мяне такое адчуваньне, што гэта ўсё на камэру. А пасьля ў сваіх палацах разам гарэлку п’юць».

Апошні таксіст мяне вёз на вакзал. Здаравенны вясковы дзядзька з валагодзкім оканьнем у роце, з цаглінамі-ручышчамі ды суровым позіркам. І з трэснутым шклом у раёне пасажырскага сядзеньня. «Я чалавек неканфліктны. Але неяк сеў да мяне адзін масквіч. “Як, кажу, Вам Волагда?” “Да, — кажа, — рэдкая дзірка. Даўно ня бачыў такога п...ца”. “А нічога, — кажу, — што я валагодзкі?” “Ну, — кажа, — спачуваю Вам. Што жывяце ў такой ж…”. Я чалавек неканфліктны. Але, гляджу, гэты казёл маскоўскі, не прышпіліўся. Ну, я ад усёй душы на чырвонае сьвятло па тармазах. І яшчэ крыху рукой дапамог яму паскорыцца. Шкло мне разьбіў. Крывёй сваёй панэль загадзіў. “Так, — кажу. — Ты мне заплаціш за паездку, за новае шкло і за чыстку салёна. Не? Тады едзем зараз да мяне ў вёску. Там у мяне пограб. Глыбокі, бл…, і прахалодны”. І што? Усё заплаціў. Колькі трэба». Калі ўжо пад’ехалі да вакзала «неканфліктны чалавек» задаў сваё любімае пытаньне і мне. «А як Вам Волагда?» «Гэта адзін зь найцікавейшых гарадоў на нашай плянэце», — з радасьцю адказаў я. Адказаў, паверце, ад душы.

Зміцер Бартосік

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст