haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

08.11.2017 20:24

2289 просмотров

2 комментария

Калегі кіроўцы маршрутнага аўтобуса, што скочыў з моста, напісалі ліст да Генэральнага пракурора

Кіроўцы гарадзенскага аўтапарку зьвяртаюцца да Генэральнага пракурора з просьба правесьці праверку іх аўтобуснага парка і аднавіць справядлівасьць. Паводле іх, апошняя кропля, якая прымусіла іх напісаць ліст, — гэта выпадак з калегам Сяргеем, які скочыў з моста ў Нёман.

Некалькі найбольш актыўных кіроўцаў Гарадзенскага аўтапарку склалі скаргу да Генэральнага пракурора. Сёньня яны абмяркоўвалі свой дакумэнт і дадавалі новыя і новыя пункты. Усе яны лічаць, што на ўчынак іх сябра, які скочыў з моста ў Нёман, паўплывала найперш сытуацыя, якая склалася ў іх на працы.

Спадар Анатоль кажа, што кіроўцы ў аўтапарку працуюць па 10-12 гадзін у суткі і шэсьць дзён у тыдзень і атрымліваюць за сваю працу каля 600 рублёў. Для многіх такая праца ўжо становіцца, паводле спадара Анатоля, непасільнай.

Ад нашай працы любы можа скочыць.

«Мы тут ужо з хлопцамі шмат што абгаварылі адносна ўчынку Сяргея. Да нас дашлі чуткі, што начальства зьбіраецца аб’явіць, што ён скокнуў з моста па асабістых прычынах. Але мы ўсе Сяргея добра ведаем — ён не такі чалавек. Але ад нашай працы любы можа скочыць. Неаднойчы даводзілася чуць скаргі ад многіх кіроўцаў».

Заробкі, працоўны графік, адпачынкі

Ягоны калега спадар Васіль дадае, што абстаноўка ў іх калектыве вельмі нездаровая, адміністрацыя да іх не прыслухоўваецца, а калі спрабуюць весьці пра гэта размову, то начальства адказвае каротка: не падабаецца, ідзі...

«Вось мы тут у сваім лісьце просім пракурора найперш праверыць наш працоўны графік і заробкі. Ад нашага графіка ў любога можа дах паехаць, бо ўжо спаць нават няма калі. Ад гэтага і "цякучка кадраў" у нас высокая, людзі адыходзяць».

Спадар Васіль дадае, што яны напісалі пра тое, як начальства сьпісвае салярку ў мэтах эканоміі, але гэтай эканоміі ніхто не адчувае, пішуць пра тое, як на аўтобусы набываюць самыя танныя запчасткі, а потым з кіроўцаў вылічваюць за тое, што яны хутка ізноў выходзяць са строю.

«Мы напісалі і пра тое, як эканоміць наша арганізацыя толькі на звычайных кіроўцах. Бо калі ты выходзіш на адпачынак, то простаму кіроўцу даюць 30 рублёў матэрыяльнай дапамогі, абраным — па 200 рублёў, а канторскім работнікам — па 300».

«Чорныя сьпісы»

Спадар Анатоль дадае, што калектыў практычна знаходзіцца пад гнётам і пра гэта, маўляў, таксама напісалі.

«Калі нехта адмаўляецца ў свой выходны выходзіць на працу, то яго адразу заносяць у чорны сьпіс і з найдрабнейшай нагоды пазбаўляюць прэміі. Мы і пра гэта напісалі. Напісалі пра тое, што працуючы па 12 гадзін на некаторых маршрутах людзі ня маюць часу нават паабедаць. Вы разумееце, што кожны наш кіроўца можа вось так спыніць аўтобус і скокнуць у Нёман».

Адносна стану калегі кіроўцы ведаюць толькі тое, што падаецца афіцыйна, — пакуль ён нібыта знаходзіцца ў рэанімацыі. Але пры першай магчымасьці зьбіраюцца наведаць і падтрымаць свайго сябру і калегу. Яшчэ яны папрасілі прабачэньня за тое, што ніхто зь іх не назваў свайго прозьвішча. Паводле іх, пакуль гэта проста немагчыма.

***

Удзень 4 лістапада кіроўца Сяргей, кіруючы гарадзкім аўтобусам, які рухаўся па маршруце № 21, спыніў аўтобус на Старым мосьце ў Горадні, адчыніў дзьверы, выйшаў з кабіны і скокнуў у Нёман. Адлегласьць да вады ў гэтым месцы складае 30-35 мэтраў.

Сяргея выратавалі ратавальнікі на катэры. Ён быў зьмешчаны ў рэанімацыю і падключаны да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У бальніцу хуткай дапамогі кіроўцу даставілі ў цяжкім стане — у яго зламаныя рэбры.

Вядома, што Сяргею 57 гадоў, у яго двое дарослых дзяцей. Кіроўцам ён працуе каля 30 гадоў.

М.М.

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • #1435 08.11.2017 21:36 @ [ нет имени ]

    Спасибо контрактной системе.Теоретически,если когда-нибудь на выборах Президента,найдется кандидат,обещающий отменить контракт,83.5% за него будут.

  • #1441 09.11.2017 15:21 @ [ нет имени ]

    Так такая система в любой организации. Человек сейчас никто, раб государства.