haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

04.12.2017 18:20

1736 просмотров

0 комментариев

Правілы паводзінаў у сацыяльных сетках [так, яны ёсць]

Мы трапілі на лекцыю эксперта ў тэме інтэрнэт-камунікацыі настаўнікаў і вучняў, кандыдата псіхалагічных навук, пазаштатнай супрацоўніцы расійскага Фонду развіцця інтэрнэту, дацэнта Вікторыі Ізмагуравай, якая спецыяльна дзеля гэтай сустрэчы прыехала ў Мінск.

З паўтарагадзіннага выступу мы адабралі толькі самае асноўнае з таго, што варта ўзяць на ўзбраенне. Даём максімальна сціслы пераказ, фактычна — інструкцыю, і адказы на відавочныя, але вельмі надзённыя пытанні.

Зазначым, што лекцыя праходзіла ў межах I Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставы-форума «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» — ITE-2017. Сустрэчу з Вікторыяй Ізмагуравай арганізавала кампанія МТС — семінары па «Адказных паводзінах настаўнікаў у інтэрнэце» адбываюцца ў межах пагаднення з Міністэрствам адукацыі Беларусі.

Парады эксперта актуальныя, у прынцыпе, для ўсіх, але найперш скіраваныя на настаўнікаў.

1. Памятайце, што ў сацсетках вы размаўляеце з людзьмі.

Маецца на ўвазе, што ў інтэрнэт-перапісках трэба кіравацца прынцыпам: «Ці сказаў бы я тое самае чалавеку ў твар?» Калі так, то ўсё ў парадку, можна пісаць.

2. Прытрымлівайцеся тых жа стандартаў паводзінаў, што і ў рэальным жыцці.

3. Памятайце, дзе вы знаходзіцеся — у кіберпрасторы.

Калі ў сацыяльных сетках настаўнік сябруе са сваімі вучнямі, то варта ў наладах прыбраць магчымасць бачыць спіс сяброў на старонцы іншым карыстальнікам.

4. Паважайце час і магчымасці іншых.

То бок размяшчаць варта толькі тую інфармацыю, якая мае нейкую значнасць.

5. Захоўвайце твар.

Пажадана як мінімум не лаяцца і не выкладаць сумнеўныя фота. Як максімум — не рабіць нічога, што можа нашкодзіць рэпутацыі.

6. Дапамагайце іншым там, дзе вы можаце гэта рабіць.

7. Імкніцеся не ўвязвацца ў публічныя канфлікты.

Гаворка пра тролінг. Не спрабуйце пераспрачаць троля — як правіла, нічога добрага з гэтага не выходзіць. І памятайце, што вы можаце няправільна счытаць з экрана эмоцыі і інтанацыі іншых людзей, як і іншыя людзі могуць памыляцца ў вашых. Вынік — непаразуменне і канфлікт на пустым месцы.

8. Паважайце права на прыватную перапіску.

Выкладваць прыватныя перапіскі ў агульны доступ — вельмі і вельмі дрэнны тон.

9. Не злоўжывайце сваімі магчымасцямі.

Настаўнік звычайна ведае дастаткова шмат пра сваіх вучняў і іх сем’і. Асабістая інфармацыя вучняў павінна заставацца канфідэнцыйнай.

10. Вучыцеся дараваць іншым іх памылкі.

Як палепшыць імідж у сацыяльных сетках

Не рэкамендуецца:

  1. Прасіць пра рэпост
  2. Спаміць
  3. Залішне захапляцца сэлфі
  4. Рэпосціць фэйкі
  5. Часта публікаваць фотаздымкі з розных месцаў, дзе пабывалі
  6. Адзначаць сяброў на здымках без дазволу
  7. Адзначаць сяброў у допісах і віншаваннях без дазволу
  8. Пакутаваць напаказ
  9. Злоўжываць хэштэгамі
  10. Дадаваць у групы сяброў без дазволу

Неабходна:

  1. Сачыць за фонам на здымках
  2. Пісаць правільна, без скарачэнняў

Як настаўнік павінен паводзіць сябе ў сацсетках: пяць пытанняў і адказаў

«Ніна»: Якую памылку настаўнікі робяць найчасцей?

Вікторыя Ізмагурава: Інтэрнэт сур’ёзна ўплывае на сацыялізацыю дзяцей, на іх сталенне, на фарміраванне ў іх важных для асобы якасцяў. Ад настаўніка патрабуецца разуменне гэтага новага асяродку.

Ёсць лічбавы разрыў, калі дзеці валодаюць інфармацыяй пра магчымасці выкарыстання інтэрнэту нашмат лепш, чым дарослыя, апераджаюць іх. Але ў дзяцей не заўсёды ёсць разуменне правілаў паводзінаў у інтэрнэце. Гэта прыводзіць да таго, што часам дзеці трапляюць у канфліктныя, малапрыемныя сітуацыі ў інтэрнэце і ўжо тады звяртаюцца па дапамогу да дарослых. Аднак часам нашмат лягчэй і прасцей папярэдзіць нейкую сітуацыю, чым пасля спрабаваць знайсці з яе выйсце. Акрамя таго, дарослыя часта і не ведаюць, як працаваць з гэтымі сітуацыямі, бо яны аказваюцца малакампетэнтныя ў гэтых пытаннях. Вось гэта і ёсць асноўная памылка.

Мы жывём у час, калі правілы, этычныя нормы паводзінаў у інтэрнэце толькі выпрацоўваюцца. Тое, што працуе ў жыцці, не заўсёды працуе ў віртуальным асяродку.

«Ніна»: Але калі казаць пра настаўнікаў новага пакалення, якія выдатна арыентуюцца ў інтэрнэт-прасторы? Як намацаць мяжу паміж фармальнымі і нефармальнымі адносінамі з вучнямі, якую не варта пераходзіць?

Вікторыя Ізмагурава: Тут важна выконваць адно правіла: вобраз педагога ў рэальным жыцці павінен адпавядаць вобразу педагога ў сацыяльных сетках. Не павінна быць значных разыходжанняў паміж імі. Калі гэтае правіла выконваецца, то не толькі падвышаецца ўзровень даверу да настаўніка, але і ўзрастае яго ўплыў на дзіця.

Цяпер ёсць праблема, што людзі сыходзяць у віртуальную прастору, бо часам не могуць рэалізаваць сябе ў жыцці. У інтэрнэце яны знаходзяць такі сурагат, кампенсацыю. У выніку зніжаецца ўзровень адаптацыі да соцыуму, зніжаецца здольнасць рашэння задач, што стаяць перад чалавекам, і з’яўляюцца віртуальныя асобы, вобразы якіх значна разыходзяцца з рэальнымі.

Настаўнік, які цалкам рэалізуецца ў жыцці і паказвае, што ён такі самы і ў інтэрнэце, тым самым дае вельмі добры прыклад для сваіх вучняў, паказвае ім, як трэба дзейнічаць: калі ласка, раскрывайцеся ў рэальным жыцці, не трэба выходзіць у інтэрнэт і ствараць там новых псеўдаасоб, спрабуючы кампенсаваць тое, чаго не хапае.

«Ніна»: У любога чалавека шмат розных сацыяльных роляў: маці/бацька, сябар/сяброўка, жонка/муж і гэтак далей. Настаўнік у інтэрнэце мусіць увесь час знаходзіцца ў межах адной ролі — педагога?

Вікторыя Ізмагурава: Насамрэч так, бо калі настаўнік дадае вучняў у сябры, гэта аўтаматычна азначае, што настаўніцкая дзейнасць працягваецца і ў інтэрнэце. Калі можна выйсці са школы і пераключыцца на нейкую іншую сацыяльную ролю, то ў інтэрнэце гэта зрабіць немагчыма. Інфармацыя, размешчаная ў сацсетках, даступная ўсім карыстальнікам 24 гадзіны на суткі.

«Ніна»: Калі ў сацсетках вучань піша настаўніку на слэнгу, як рэагаваць?

Вікторыя Ізмагурава: Абавязкова ўказваць на гэта, бо. калі таго не зробіць настаўнік, не зробіць ніхто. Цяпер, на жаль, назіраецца не толькі зніжэнне культуры маўлення, але і зніжэнне ўзроўню пісьменнасці. Дзецям патрэбны нейкі арыенцір, эталон. Каб калі яны выкарыстоўвалі жаргон, то свядома, з разуменнем, што гэта жаргон. І пры гэтым валодалі дастаткова высокім узроўнем моўнай культуры.

«Ніна»: Калі вучань у свае сацсеткі выкладвае здымкі з вандровак ці сямейных святаў, настаўніку варта іх каментаваць?

Вікторыя Ізмагурава: Гэта непазбежна. Калі настаўнік выходзіць за межы камунікацыі ў класе, натуральна, мусіць рэагаваць на тыя ж вандроўкі ці нешта іншае. Ён мусіць падмацоўваць станоўчыя праявы і даваць ацэнку негатыўным.

Калі гаворка пра ўдзел вучня ў тролінгу ці чымсьці яшчэ, што лепш бы ён не рабіў, настаўнік можа калі не ў інтэрнэце, то падчас камунікацыі ў класе звярнуць увагу вучня на той ці іншы момант. Не жорстка крытыкаваць, але спакойна пагутарыць.

Удзел настаўніка ў інтэрнэт-жыцці вучняў патрабуе вялікай адказнасці, але лепш, каб ён быў актыўным. Настаўнік не павінен баяцца. Так, сапраўды, калі настаўнік спрабуе ўмяшацца ў сітуацыю з тролінгам, ён можа сам стаць наступным аб’ектам тролінгу. Таму, можа быць, некаторыя імкнуцца пазбягаць канфліктных сітуацый і не ўмешвацца, хоць гэта, магчыма, не самая сумленная пазіцыя. Асабліва, калі мы кажам пра настаўніка.

А як думаеце вы? Наколькі свабодна можа адчуваць сябе настаўнік у сацсетках? Выказвайцеся!

Матэрял з сайта Nina.nn.by

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст