haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

06.02.2018 07:12

1197 просмотров

0 комментариев

Сяргей Шупа: Варта паўстрымацца ад эмацыйных ацэнак фактаў, зьвязаных з БНР

Кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька ў сваім звароце да старшыні партыі БНФ Кастусёва прапанаваў «вынесьці на шырокую публічную дыскусію ня толькі пытаньні панэгірычнага кшталту аб стварэньні БНР», але і закрануць «такія неадназначныя пытаньні, як сумнавядомы зварот Рады БНР да „Яго Імпэратарскай Вялікасьці Нямецкага Кайзэра“ або мэмарандум старшыні БНР у эміграцыі Васіля Захаркі з заклікам да Гітлера пра падтрымку».

Пра гістарычны кантэкст падзеяў мы гутарым з дасьледнікам гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, укладальнікам двухтомнага выданьня «Архівы БНР» Сяргеем Шупам.

— Сяргей, так атрымалася, што для тых, хто жыў, выхоўваўся ў савецкія часы, само гэтае слова — кайзэр — гучыць амаль што як «фашыст». Але кайзэр — гэта нямецкі назоў манарха, як у Расеі — цар, ці ў колішнім Іране — шах.

— Кайзэр — гэта імпэратар.

— Так. Прычым у той пэрыяд Нямеччына была дэмакратычнай краінай, ва ўсялякім разе, там дзейнічалі розныя партыі, выходзілі газэты самага рознага накірунку, чаго нельга сказаць пра бальшавіцкую Расею. Але зьвернемся непасрэдна да звароту кіраўнікоў БНР да кайзэра: чым ён быў выкліканы і як яго можна ацэньваць з гледзішча гістарычнай рэтраспэктывы?

— Найперш я б хацеў зрабіць некалькі агульных заўвагаў і, галоўнае, параіць як спадару Давыдзьку, так і іншым удзельнікам дыскусіяў вакол БНР, зь якога б боку яны ні вяліся, паўстрымацца ад нейкіх эмацыйных ацэнак гістарычных фактаў. Ну што значыць «сумнавядомая»?

Калі мы зараз пачнем разьбірацца, пра якія падзеі мы можам ўзгадваць з сумам... Дык давайце спачатку ўспомнім Берасьцейскі мір. Расея, удзельніца кааліцыі, якая змагалася ў вайне супраць так званых цэнтральных дзяржаваў (Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Баўгарыі і Турцыі), раптам здраджвае сваім саюзьнікам і з прадстаўнікамі таго самага няшчаснага кайзэра сядае за стол і падпісвае зь імі здрадны Берасьцейскі мір.

— Бальшавіцкая Расея.

— Бальшавіцкая Расея. Расея ёсьць Расея, іншай тады не было. Расея паціскае руку немцам. Праўда, Троцкі спрабаваў нейкія фінты рабіць — «ні вайны, ні міру, а армію распусьціць», ён хацеў гэтым нешта справакаваць, а справакаваў тое, што немцы пачалі свой наступ і прымусілі бальшавіцкую Расею на самых ганебных умовах той Берасьцейскі мір падпісаць. Калі ўжо ацэньваць, дык чаму мы ніколі, згадваючы пра Берасьцейскі мір, не называем яго «сумнавядомым» ці «ганебным»? Ну і гэтак далей.

— Альбо чаму спадар Давыдзька ня кажа «сумнавядомая Кастрычніцкая рэвалюцыя».

— Так. Была праблема з гэтай тэлеграмай, якая была пасланая ў красавіку 1918-га. Якая тады была сытуацыя? Ужо два месяцы Беларусь акупаваная немцамі. Менск пад немцамі. Маладыя беларускія палітыкі абсалютна недасьведчаныя — сярэдні ўзрост Народнага Сакратарыяту БНР 29 гадоў! Ну як нейкая «Моладзь БНФ»... І вось яны раптам апынаюцца на перадавой лініі беларускага палітычнага фронту.

Сяргей Шупа

— Між іншым, неяк я паспрабаваў вылічыць сярэдні ўзрост дэпутатаў Апазыцыі БНФ, атрымалася нешта 37-38 гадоў.

— Ну вось, наколькі беларускія палітыкі пасталелі... Дык вось, тым было на дзесяць гадоў меней. І вось гэтыя маладыя, не зусім дасьведчаныя палітыкі, спрабуюць шукаць нейкую сваю дарогу. Яны бачаць: Літва, акупаваная немцамі, абвяшчае незалежнасьць. Хоць якая можа быць незалежнасьць пад акупацыяй? Тым ня менш, абвяшчаюць, і немцы гэтую дзяржаву прызнаюць, і вядуць зь ёй перамовы, гэтую краіну заўважаюць і іншыя дзяржавы. Украінскую Народную Рэспубліку немцы прызналі, УНР удзельнічае ў Берасьцейскіх перамовах як паўнавартасны палітычны бок...

І вось беларускія маладыя дзеячы думаюць, што трэба нечага такога дамагчыся ад Нямеччыны і для Беларусі. І складаюць такую тэлеграму не зусім ўзважанага тону, дзе і «Ваша Імпэратарская Вялікасьць», і «толькі пад пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць Беларусь сваю долю...» Можна было гэта ў нейкіх менш «выразных» танах напісаць.

Але гэты крок мусіў бы разглядаецца як спроба дыпляматычнага прарыву, як спроба засьведчыць сваю ляяльнасьць, каб іх не ўспрымалі як нейкіх бальшавіцкіх агентаў, якія тут ледзь не партызанскую вайну супраць немцаў зьбіраюцца распачаць, спроба заслужыць нейкі давер да беларускіх структураў ад немцаў, каб тыя ім перадалі нейкія адміністрацыйныя функцыі. Што, урэшце, і сталася — ім перадалі школьніцтва, гандаль, культуру, праўда, не дазволілі нічога больш сур’ёзнага, не дазволілі ні войска стварыць — толькі розныя дробныя саступкі.

Але ўсё роўна я як дасьледнік гэтую тэлеграму ацэньваю хутчэй нэгатыўна, і зусім не з-за тых савецкіх аргумэнтаў, а таму, што яна ўнесла вельмі сурʼёзны раскол у беларускае палітычнае асяродзьдзе. Яна падпісала сьмяротны прысуд найстарэйшай беларускай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамадзе, якая распалася на тры партыі, якія паміж сабой пасьля не заўсёды добра ладзілі. Гэта абсалютна супрацьпаставіла правых і левых. Правых, якіх прадстаўляў Раман Скірмунт, якому так і не давялося стаць прэмʼерам, хоць былі ажно дзьве такія спробы. Карацей, гэта істотна аслабіла беларускую палітыку ў тыя часы. А ніякіх дыпляматычных вынікаў не прынесла.

— Але выглядае, што спадар Давыдзька ня з гэтай прычыны так выказваецца пра тэлеграму да кайзэра, для яго гэта само па сабе ледзь не злачынства. Тады як рэляцыі ЦК КПБ у бальшавіцкую, камуністычную Маскву, якіх былі тысячы ці дзясяткі тысяч за дзесяцігодзьдзі — гэта для яго не выглядае крамолай. Цяпер другое пытаньне— пра мэмарандум прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі 20 красавіка 1939 году да Адольфа Гітлера.

— Па-першае, удакладнім. Гэта быў мэмарандум не Васіля Захаркі як такога і тым больш не Васіля Захаркі як прэзыдэнта Рады БНР, а Беларускай рады ў Празе, грамадзкай арганізацыі, дзе Захарка быў старшынём. Ён той мэмарандум падпісаў, але нават ня факт, што сам яго склаў, ёсьць меркаваньне, што аўтарам быў Іван Ермачэнка — галоўны сярод праскіх беларусаў актывіст беларуска-нямецкага збліжэньня.

Па-другое — мэмарандум ня Гітлеру як такому, а кіраўніку нямецкага ўраду. Фактычна, гэта быў зварот да новых адміністрацыйных уладаў — немцаў (якія ў сакавіку 1939-га акупавалі Чэхаславаччыну і ўвайшлі ў Прагу) з просьбай дазволіць заснаваньне культурна-асьветных арганізацыяў у Празе, Бэрліне і Варшаве. Бальшыню зьместу мэмарандуму займае аргумэнтацыя таго, што беларусы — адрозны і асобны ад расейцаў народ. Спадара Давыдзьку нехта ўвёў у зман. Ніякіх «заклікаў да Гітлера пра падтрымку» у мэмарандуме няма. Ёсьць толькі «просьба дазволіць стварыць».

Так, быць згаданым хоць у нейкай сувязі з Гітлерам — сёньня ўспрымаецца як кампрамэтацыя. Але давайце разглядаць падзеі ў тагачасным кантэксьце: хто наогул тады, у канцы 1930-х гадоў, і ў якой танальнасьці кантактаваў з Нямеччынай і прадстаўнікамі яе ўладаў.

Была Мюнхэнская змова, дзе заходнія дэмакратычная палітыкі селі з Гітлерам за стол перамоваў і ня тое што нейкі мэмарандум яму перадалі, а проста падпісалі з Гітлерам ганебнае пагадненьне — канкрэтна з Гітлерам, і напэўна рукі яму ціснулі.

Але ў кантэксьце спадара Давыдзькі, думаю, яшчэ больш рэлевантна пагаварыць пра ролю дзяржавы, зь якой, напэўна, спадар Давыдзька сябе асацыюе — гэта Савецкі Саюз (мяркую так, бо ён «крытыкуе» дзеячоў БНР якраз з тых старых, савецкіх пазыцыяў). Дзеля таго што ўсе СМІ ў СССР былі манапалізаваныя, гэтая тэма — «Гітлер і СССР» — збольшага замоўчвалася. А варта было б узяць і пачытаць, як і ў якім тоне пісалі пра Нямеччыну і пра Гітлера савецкія газэты, ледзь ня кожны дзень, пачынаючы ад жніўня 1939 году. Тыя, як кажа спадар Давыдзька, «панэгірыкі», якія нехта сёньня сьпявае БНР, блякнуць у параўнаньні з тымі хваласьпевамі Гітлеру і «братняму нямецкаму народу» на першых палосах савецкіх газэтаў у сувязі з падпісаньнем Пакту пра сяброўства і ненапад, у якіх казалася, што гітлераўская Нямеччына — гэта краіна, «зь якой мы разам будзем змагацца супраць капіталістаў» і гэтак далей. Ну і мы ведаем, супрацоўніцтва было і эканамічнае, і палітычнае. Той Захаркаў мэмарандум там і блізка не стаяў.

Я не апраўдваю недальнабачнасьці Васіля Захаркі — ён і ня мог тады прадбачыць, што той Гітлер неўзабаве пачне вырабляць і што адрасаваць мэмарандум таму Гітлеру будзе некалі ўспрымацца як кампрамэтацыя. Але вось жа і значна больш дасьведчаныя палітыкі былі ня толькі недальнабачныя — былі злачынна недальнабачныя. Ад недальнабачнасьці Захаркі не пацярпеў ніхто, акрамя хіба ягонай рэпутацыі, бо яму ўвесь час ківаюць на гэты мэмарандум. А вось ад недальнабачнасьці заходніх палітыкаў і ад злачыннага саўдзелу савецкіх палітыкаў пацярпелі мільёны людзей.

— І дадамо што ўжо ў часе вайны, калі немцы ў акупаванай Чэхаславаччыне зьвярталіся да Захаркі з прапановай выказаць падтрымку Гітлеру, ён адмовіўся гэта рабіць.

Сяргей Навумчык

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст