haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

26.02.2018 17:48

1432 просмотра

0 комментариев

Апытанне. Мясцовая кампанія 2018: па нормах выбарчага права датэрмінова амаль не галасавалі

18 лютага завершылася кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы, якая прайшла на Гарадоччыне безальтэрнатыўна і з высокай афіцыйнай яўкай выбаршчыкаў. Так па Гарадоцкай выбарчай акрузе № 9 яўка склала 93,6%, а пры датэрміновым галасаванні дасягнула 42,6%. Калі б камісіі выконвалі нормы Выбарчага кодэксу, а адміністрацыйны прымус адсутнічаў, то гэта засведчыла бы, што 6 239 выбаршчыкаў у дзень галасавання 18 лютага выехалі з Гарадка, Езярышча, Пальмінкі, Бычыхі і іншых вёсак Гарадоччыны.

Але гэта толькі элемент імітацыі выбараў, які два дзесяцігоддзі ўжывае вертыкаль для падтрымання міфа пра адзінства ўлады і народа.

Пасля завярэння кампаніі мы прапанавалі чытачам нашых груп у сацыяльных сетках адказаць на пытанне: «Вы галасавалі ў гэтай кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы?».

У групе сайта http://haradok.info УКантакце за тыдзень прагаласаваў 141 чалавек і вынік быў такі: “Так, галасаваў (а) датэрмінова, бо "папрасілі" - 9.2% (13); Так, галасаваў (а) датэрмінова таму што ад'язджаў (а) 18 лютага за межы раёна - 4.3%; (6); Не, таму што не лічаць галасы выбаршчыкаў - 14.2% (20); Так, увесь час галасую датэрмінова - 10.6% (15);

Так, галасаваў (а) на ўчастку 18 лютага - 18.4% (26); Не, таму што мне ўсё роўна і мой голас нічога не вырашае - 23.4% (33); Так, мне дадому прынеслі бюлетэнь 18 лютага - 1.4% (2); А хіба ў нас ёсць ВЫБАРЫ? - 18.4% (26).”

У адпаведнай групе на Аднакласніках прагаласавала 50 чалавек і вынікі былі такія: «Так, галасаваў (а) датэрмінова, бо "папрасілі" – 4 (8%), Так, галасаваў (а) датэрмінова таму што ад'язджаў (а) – 0%, Не, таму што не лічаць галасы выбаршчыкаў – 1(2%), Так, увесь час галасую датэрмінова – 5 (10%), Так, галасаваў (а) на ўчастку 18 лютага – 16(32%), Не, таму што мне ўсё роўна і мой голас нічога не вырашае – 12(24%), Так, мне дадому прынеслі бюлетэнь 18 лютага – 3 (6%), А хіба ў нас ёсць ВЫБАРЫ? – 9(18%).”

Гэтыя вынікі сведчаць, што сярод 191 нашга удзельніка толькі 4(!) чалавека удзельнічала ў датэрміновым галасаванні адпаведна нормы Выбарчага кодэксу, бо з’язджалі ў асноўны дзень галасавання за межы свайго жыхарства. Гэта крыху больш 2 %. Астатніх жа ўдзельнікаў датэрміновага галасавання: “папрасілі” або гэта стала звычкай, а не выкананнем нормы выбарчага заканадаўства. Дык ці патрэбна такая норма аб датэрміновым галасаванні, калі ўжо для 40% выбаршчыкаў зніклі свабодныя выбары, калі вынік апытання пра датэрміновае галасаванне параўнаць з сітуацыяй на Гарадоччыне?

Не менш паказальна сітуацыі і з адказамі на пытанні, якія сведчылі, што выбаршчыкі не удзельнічалі ў галасаванні. Такіх выбаршчыкаў з маладога пакалення ў сетцы Ўкантакце атрымалася 56%, а ў больш сталай сетцы Аднакласнікаў – 44%. Гэта сведчанне таго, што сярод удзельнікаў апытання амаль палова не галасавала ні датэрмінова, ні ў асноўны дзень. Таксама гэта сведчанне таго, што ўлада арганізуе выбарчую кампанію найперш сама для сябе, а не для волевыяўлення народа. І фактычна ў краіне інстытут выбараў спыніў існаванне.

Дадзенае апытанне не з’яўляецца рэпрэзентатыўным для насельніцтва Гарадоцкага раёна, а адлюстроўвае толькі пазіцыю яго ўдзельнікаў у групах сайта http://haradok.info.

Л. Антонаў

Последние новости