haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

22.03.2018 07:14

1798 просмотров

2 комментария

5 мітаў савецкіх часоў пра трагедыю Хатыні і мэмарыял спаленым беларускім вёскам

75 год таму нямецка-фашысцкія карнікі спалілі разам з жыхарамі беларускую вёску Хатынь. Яна стала для беларусаў агульным сымбалем 628 спаленых з жыхарамі вёсак і яшчэ больш як тысячы паселішчаў, зьнішчаных у вайну.

Праз 25 год у Хатыні ўзьвялі мэмарыяльны комплекс, які, паводле аднаго з аўтараў — архітэктара Леаніда Левіна, для беларусаў адна з нацыянальных сьвятынь, як Курапаты, Трасьцянец, помнік ахвярам яўрэйскага гета «Яма».

Аднак і трагедыю Хатыні, і ўзьвядзеньне на месцы вёскі мэмарыялу дагэтуль акружаюць пэўныя міты і таямніцы, якія яшчэ чакаюць увагі пільных дасьледчыкаў.

21 сакавіка ў Менску ў IBB-цэнтры распачаўся міжнародны сымпозіюм «Чалавечнасьць у гады бесчалавечнасьці», прысьвечаны захаваньню памяці пра хатынскую трагедыю і яе дасьледаваньням.

Пра якія гістарычныя міты кажуць дасьледчыкі?

Міт 1. Што ў Хатыні не было шмат партызан

Гэта няпраўда, што ў вёсцы Хатынь 21–22 сакавіка было зусім няшмат партызан. «У савецкія часы нашым экскурсаводам забаранялі казаць, што напярэдадні трагедыі тут стаяў партызанскі атрад», — прызнаюцца цяпер супрацоўнікі хатынскага мэмарыялу. Але навошта спатрэбіўся міт, што нібыта толькі адзін стрэл стаў прычынай карнай экспэдыцыі фашыстаў на Хатынь?

Ён павінен быў абвергнуць думку, што гэта партызаны справакавалі карнікаў на зьнішчэньне вёскі і яе жыхароў. Гэта, як думалі савецкія ідэолягі, кідала цень на партызанскі рух. А калі тут не было партызан, значыць, не было і правакацыі, — тлумачаць сучасныя дасьледчыкі хатынскай трагедыі, якія выступалі на сымпозіюме.

Насамрэч партызан там было шмат, і дзейнічалі яны ў тым раёне даўно. Фашысты з гэтым змагаліся, ішла сапраўдная вайна, і бой пад Хатыньню 22 сакавіка стаў часткай гэтай вайны, а не аднаразовай правакацыяй, мяркуе дырэктар Хатынскага мэмарыялу гісторык Артур Зэльскі. Паводле ягоных зьвестак, у Хатыні напярэдадні спынілася на начлег цэлая партызанская рота. «Толькі ў хаце Камінскага, які застаўся жывы, на пастоі было 26 партызан».

Аляксандар Паўлюковіч.

Дасьледчык Аляксандар Паўлюковіч дзень за днём аднавіў падзеі перад трагедыяй, якія таксама даводзяць: напады партызан на захопнікаў адбываліся рэгулярна. 19 сакавіка — бой пад суседняй вёскай Луба, у якім гіне некалькі партызан, а зь нямецкага боку цяжка паранены вахмістар, які пазьней памёр у шпіталі. 21 сакавіка ў Хатынь прыйшлі партызаны атраду «Помсьнік» («Мститель»).

Неўзабаве партызаны перарэзалі кабэль на лініі сувязі паміж Лагойскам і Плешчаніцамі і зладзілі засаду на немцаў, пасланых аднавіць сувязь. У выніку адбыўся бой каля шашы, у якім загінуў Ганс Вёльке — афіцэр, якога асабіста знаў Гітлер. (Дарэчы, беларускія гісторыкі лічаць яшчэ адным мітам зьвесткі пра тое, што загад на зьнішчэньне Хатыні аддаваў сам фюрэр.) Зьвесткі пра гібель афіцэра сталі штуршком для маштабнай карнай экспэдыцыі з удзелам вайскоўцаў 118-га ахоўнага ўкраінскага батальёну і эсэсаўцаў карнага батальёну Дырлівангера, але гэта быў не эпізод, а ўстойлівая практыка зьнішчэньня «партызанскіх вёсак», мяркуе дасьледчык.

22 сакавіка карнікі з двух бакоў акружылі вёску Хатынь, партызаны пад абстрэлам паўцякалі, а мясцовыя жыхары трапілі ў пастку, бо хаваліся па скляпах. Людзей сагналі ў хлеў і падпалілі, загінула 149 чалавек. Як карнікі сышлі, партызаны брыгады «Дзядзі Васі» вярнуліся. «Але тады ўжо камандзір брыгады Варанянскі аддаў асабісты загад, каб больш у вёсках на начлег не спыняліся».

Міт 2. Што нібыта мэмарыял Хатынь будавалі ўсім Савецкім Саюзам

«Насамрэч гэтая будоўля была для Масквы таямніцай, будавалі ледзь не сакрэтна, і кіраўнік Беларусі Пётар Машэраў моцна рызыкаваў», — кажуць цяпер беларускія гісторыкі.

Але ў чым жа была рызыка?

У 1960-я гады ў Заходняй Эўропе пачалі ўзьнікаць мэмарыялы зьнішчаным вёскам — прыкладам, францускай вёсцы Арадур, — і ў Беларусі кіраўніцтва падхапіла гэтую ідэю, каб ушанаваць памяць пра нашы спаленыя вёскі, казаў прафэсар Аляксей Літвін.

Аляксей Літвін.

«Пётар Машэраў, сам партызан, добра ведаў маштаб трагедыі і паставіў адпаведную задачу, каб яе ўвекавечыць. Але ў Маскве якраз прыйшоў да ўлады Леанід Брэжнеў, пачалі ўсё больш пампэзна адзначаць сьвята Перамогі, і тэма ахвяраў простых людзей ня тое што не віталася, але апынулася на другім пляне», — кажа Аляксей Літвін.

Паводле дасьледчыка Сяргея Новікава, праект першай чаргі мэмарыялу, які прапанавалі беларускія аўтары Леанід Левін і Сяргей Селіханаў, рэзка кантраставаў з прынятымі ў СССР канонамі. Тады ў Саюзе паўставалі стомэтровыя помнікі-гіганты кшталту «Радзіма-маці кліча», кожны другі зь мячом ці штыком, а тут — коміны, званы, стары зь мёртвым хлопчыкам на руках. Дасьледчык заўважыў, што кантраст паміж хатынскім помнікам і «галовамі-штыкамі» быў ня толькі ў форме. «Аўтары прапанавалі агучыць галасы мёртвых хатынцаў і прыдумалі званы на комінах. Але ў той час званы асацыяваліся выключна з царквой і фактычна былі пад забаронай. Чаму ж удалося перамагчы?» — задаўся пытаньнем дасьледчык.

Паводле Сяргея Новікава, дапамагла падтрымка, якую аўтарам аказваў тагачасны лідэр Беларусі Пётар Машэраў. У тым ліку зь ягонай падказкі фігура старога зь дзіцем на руках сустракае наведнікаў мэмарыялу. Паводле першапачатковай задумы скульптура старога мелася стаяць у профіль да наведнікаў.

Яшчэ цікавы факт. Дайшло да таго, што тагачасны міністар культуры СССР Кацярына Фурцава загадала была зруйнаваць хатынскі мэмарыял, бо ёй не спадабалася, як аўтары прадставілі тэму народнага подзьвігу. «Што гэта за жабрак зь дзіцем, а дзе воін-вызваліцель?» — гэтак, паводле ўспамінаў Леаніда Левіна, міністарка Фурцава рэагавала на скульптуру старога Ёсіфа Камінскага, якую аўтары назвалі «Няскораны чалавек». Гісторык Артур Зэльскі да гэтай дэталі дадае неаспрэчны факт: ніхто зь першых асобаў СССР, акрамя Міхаіла Гарбачова, у Хатыні з кветкамі гэтак і не зьявіўся.

Артур Зельскі (справа).

Першую чаргу мэмарыялу адкрылі ў сьнежні 1968 году. Як кажуць гісторыкі, «бяз помпы, даволі сарамліва». Але неўзабаве беларускае кіраўніцтва загадала будаваць другую чаргу мэмарыялу, якая мелася ўвасобіць трагедыю не адной Хатыні, а ўсіх спаленых беларускіх вёсак. Тады зьявіліся «могілкі спаленых вёсак» і вечны агонь. Дарэчы, першапачаткова на ягоным месцы прапаноўвалі паставіць зорку з бэтону, але Пятру Машэраву ідэя зоркі не спадабалася. «Няўжо яны ня вартыя вечнага агню?» — казаў Машэраў пра 628 спаленых беларускіх вёсак.

Міт 3. Што вёску Хатынь абралі для мэмарыялу дзеля назвы, якая асацыюецца з хатай

Паводле дасьледчыкаў, за шмат стагодзьдзяў сваёй гісторыі вёска Хатынь некалькі разоў мяняла назву. Была Хоцінам, Хацінічамі. Варыянтаў на старых мапах знайшлі шмат. Да таго ж адзначаецца, што ў гэтай мясцовасьці — паміж Лагойскам і Плешчаніцамі — вельмі шмат балцкіх тапонімаў. «Таму зусім ня факт, што корань слова Хатынь — хата. Там вакол шмат курганоў жалезнага веку, ёсьць яшчэ што дасьледаваць навукоўцам».

А ўпершыню ў гістарычных крыніцах вёска Хатынь згадваецца ў 1551 годзе. Прычым у канцы 16 стагодзьдзя ў Хатыні было насельнікаў больш, чым на пачатку 20-га. Але ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя падчас вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй Хатынь таксама палілі дашчэнту. «Дакумэнты кажуць, што тады ў вёсцы застаўся адзін дым — гэта значыць, адна гаспадарка, 5–6 чалавек», — падзяліўся вынікамі дасьледаваньняў гісторык Артур Зэльскі.

Міт 4. Што Хатынь і яе жыхароў спалілі прадстаўнікі адной нацыянальнасьці

У савецкія часы афіцыйна нічога не казалі пра тое, што загад зьнішчыць Хатынь аддавалі прадстаўнікі адной нацыянальнасьці — немцы, а выконвалі яго ня толькі іх суайчыньнікі, але і прадстаўнікі іншых народаў, у тым ліку з былога СССР.

«Тады казалі гэтак — зьнішчылі нямецка-фашысцкія захопнікі. Насамрэч карціна больш стракатая, і яе наўмысна замоўчвалі. Безумоўна, немцы аддавалі загады — гэта ўжо новы міт, нібыта салдатамі 118-га батальёна камандаваў начальнік штабу з украінскім прозьвішчам. Гэтага быць не магло, каманды аддавалі толькі немцы. Але выканаўцы — розныя», — кажа Артур Зэльскі, зь якім згодныя дасьледчыкі Аляксандар Паўлюковіч і Аляксей Ліцьвін.

Паводле дасьледчыкаў, 118 ахоўны ўкраінскі батальён, які стаяў у Лагойску і быў задзейнічаны ў апэрацыі па зьнішчэньні Хатыні, сфармавалі з палонных чырвонаармейцаў і ўкраінскіх добраахвотнікаў. «Значыць, там былі розныя нацыянальнасьці, ня толькі ўкраінцы. І яшчэ дакладна вядома, што байцоў УПА (Украінскай паўстанцкай арміі — РС) у ім не было», — кажа Артур Зэльскі. Але ў і карным батальёне СС пад камандаваньнем Дырлівангера, які з Магілёва перакінулі пад Лагойск, служылі ня толькі немцы. У тым ліку там была рота расейцаў, былых ваеннапалонных, якую напярэдадні перакінулі для карнай апэрацыі ў вёсцы Чудзінавічы. «У Хатыні яны не адзначыліся, затое адзначыліся там».

Дарэчы, некалькі ўкраінцаў з 118 ахоўнага батальёну раней былі захопленыя беларускімі партызанамі, перайшлі на іх бок і змагаліся з карнікамі. «А маглі быць у ліку тых, каго потым судзілі за Хатынь», — заўважыў дасьледчык Аляксандар Паўлюковіч.

Алесь Адамовіч гутарыць з жыхарамі вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёну ў час здымак фільму “Хатынь, пяць кілямэтраў” паводле сцэнару А. Адамовіча, рэжысэр Ігар Калоўскі. 1968 г. З асабістага фонду А. Адамовіча ў БДАМЛМ

У архівах ён знайшоў яшчэ адзін вельмі важны дакумэнт: зводку дзённых баёў батальёна СС Дырлівангера. Паводле гэтага дакумэнту, у Хатыні ягоныя эсэсаўцы і ахоўнікі 118 батальёну зьнішчылі 30 партызан, у тым ліку адну жанчыну. Прааналізаваўшы дакумэнт, дасьледчык зрабіў выснову: эсэсавец перабольшвае сілы партызан, каб апраўдаць злачынства супроць мірных жыхароў. Паводле дасьледчыка, карная апэрацыя ў Хатыні хутка атрымала розгалас у нямецкім кіраўніцтве Беларусі, ёй цікавіўся нават гаўляйтар Вільгельм Кубэ, і Дырлівангер «згушчаў фарбы».

Міт 5. Што мэмарыял Хатынь пабудавалі, каб «перабіць» памяць пра Катынь пад Смаленскам

Гэты міт, паводле дасьледчыкаў трагедыі ў Хатыні, ужо не савецкага, а заходнеэўрапейскага паходжаньня, але ён выдатна адлюстроўвае жар ідэалягічнай барацьбы савецкіх часоў. Гісторык Артур Зэльскі лічыць, што з гэтым мітам таксама трэба змагацца.

«У 60-я гады ў Англіі напісалі, што рускія (тады яны ўсіх нас лічылі рускімі) пабудавалі мэмарыял Хатынь, каб прыхаваць трагедыю польскіх афіцэраў, якіх расстралялі ў Катыні. Адна газэта напісала, другія растыражавалі, але гэта глупства. У той час мала хто ў нас і ведаў пра смаленскую Катынь. Ва ўсякім разе, намёкаў на гэта ў дакумэнтах няма. А што назвы падобныя — дык то супадзеньне», — мяркуе дырэктар хатынскага мэмарыялу. Пры гэтым Артур Зэльскі з усьмешкай згадаў выпадак, калі група замежных турыстаў, якая шукала смаленскую Катынь, памылкова заехала ў Хатынь беларускую.

«Нямецкі салдат намазаў хлеб маслам, паказаў дзецям, але зьеў сам»

Ашаламляльнай ілюстрацыяй да гістарычных зьвестак, якія былі агучаныя на сымпозіюме «Чалавечнасьць у гады бесчалавечнасьці», стаў успамін 80-гадовага Эдуарда Фядзько са спаленай вёскі Федзькі Чашніцкага раёну. У 1944 годзе спадару Фядзько было 6 год. Фашыстоўскія карнікі тройчы зьбіраліся забіць жыхароў вёскі, бо падазравалі ў сувязях з партызанамі. І тройчы тым пашанцавала, хоць саму вёску ўсё ж спалілі.

«А вось у суседняй вёсцы, Касьцюкоўцы, забілі 29 жыхароў за тое, што мясцовы хлопец застрэліў салдата, які гуляў з малой дзяўчынай. Дзяўчыне было ўсяго 16 год, вельмі прыгожая была. Але немцы потым і яе не пашкадавалі, забілі разам з усімі. А нас, як тых касьцюкоўцаў забілі, выпусьцілі. Немцы былі розныя. Адзін прыходзіў загадваць, каб зьбіраліся з дому, дык казаў, што ў яго два кіндэры, што ня хоча ваяваць, але Гітлер прымушае. Нас, дзяцей, шкадаваў. Але ўзяў у нас хлеб, намазаў сваім маслам ды зьеў сам, нам ня даў ані кавалачка».

Міжнародны сымпозіюм «Чалавечнасьць у гады бесчалавечнасьці» арганізавалі Менскі абласны выканаўчы камітэт, мэмарыяльны комплекс «Хатынь», грамадзкае аб’яднаньне «Ўзаемаразуменьне» пры падтрымцы фонду «Памяць, адказнасьць, будучыня» (ФРГ) і Міністэрства культуры Беларусі.

https://www.svaboda.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • #2020 23.03.2018 01:39 @ [ нет имени ]

    Хм,хорошая попытка выгораживания УПА,и коверканье исторических фактов.

    Учите историю господа,иначе скоро вам введут в уши что Бандера герой,а вы,с кострюлями на головах будете орать "щэ невмерлу"

    1. #2033 25.03.2018 09:58 @ [ нет имени ]

      Согласен. Лучше с колорадской лентой на бутылке под флагом РОА "за дидов" накатить!