haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

03.10.2018 15:12

2163 просмотра

0 комментариев

Вяскоўцы, якія ўратавалі бусла і сталі зоркамі інтэрнэту, расказалі, як вучылі Кузю лятаць

Відэа з Мар’інай Горкі, на якім сямейная пара сустракаецца з буслом па мянушцы Кузя, якога яны выратавалі ад смерці і выгадавалі, расчуліла ўвесь байнэт.

Мы адшукалі «бацькоў» Кузі — Сцяпана і Таццяну Кандраль, — каб распытаць пра далейшы лёс птушкі.

У ходзе размовы высветлілася, што гэта ўжо не першае бусляня, выгадаванае сямейнай парай. Сцяпан Рыгоравіч і Таццяна Уладзіміраўна жывуць у вёсцы Мар’іна, што ў Пухавіцкім раёне. Недзе пяць гадоў таму побач з іх домам з’явілася буслянка. А ў гэтым годзе, так сталася, яны выратавалі жыццё ажно дзвюх птушак.

Адзін бусел у жніўні наўпрост аказаўся за іх брамкай: Сцяпан занёс яго ў двор кволым, у бусла нават ногі дрыжэлі, ён не мог стаяць. Кандралі пачала яго выкормліваць: паілі са шпрыца, давалі курыцу, кільку. Часам малога нават прыходзілася трымаць за дзюбу і гвалтам запіхваць туды ежу. За два тыдні знаходжання ў гаспадароў бусел падужэў і ў канцы жніўня зляцеў са сваякамі ў цёплыя краіны.

З Кузем, які стаў героем сацсетак, здарылася куды больш драматычная гісторыя.

У пачатку чэрвеня ў буслінай сям’і вёскі Мар’іна адбылося папаўненне: на свет з’явіліся чатыры маленькія птушаняці. Аднаго з іх, выпадкова ці не, выкінулі з гнязда. Небараку на зямлі знайшоў сабака Сцяпана і Таццяны ды прывёў іх на месца здарэння. Птушцы пашанцавала: усе лапы і крылы былі цэлыя.

Той самы Жулік, які знайшоў Кузю. Фота: gorka.by.

«Што было рабіць? — задаецца пытаннем Таццяна Кандраль. — Не кідаць жа яго, каб разарвалі каты ці сабакі. Мы забралі яго дадому і пачалі вучыць, чаму маглі. Не каб цырк з ім стварыць для людзей, а каб ён выжыў».

Гаспадары пачалі складаць для яго асобнае меню, як і для папярэдняга гадаванца. У гаспадарчы вазок паклалі саломы, стварыўшы нешта накшталт гнязда. Муж Таццяны ўвогуле выступіў для Кузі ў якасці інструктара палётаў: насіў на сабе, падкідваў-лавіў і так па коле — такім чынам вучыў лятаць. Сабака Жулік штодзень ахоўваў свайго новага сябра ў двары.

Фота з архіва герояў, апублікаванае на сайце TUT.BY.

Хутка бусел змог лётаць самастойна: адпраўляўся на экскурсіі па вёсках, але стабільна вяртаўся на сняданкі і вячэры. Часам ночыў на доме Кандралёў, часам — на хатах суседзяў. А ў верасні знік на некалькі дзён.

Таццяна і Сцяпан вельмі перажывалі за лёс свайго гадаванца — на шчасце, пра тое, што гэта іх бусел, у акрузе ведала нямала людзей. Ім патэлефанавалі з Мар’інай Горкі і паведамілі, што іх Кузя гуляе па горадзе.

«Мы кінулі сваю працу, узялі з сабой рыбу і паляцелі ў горад. Муж умее паўтараць клёкат буслоў, таму хутка знайшоў мову з Кузем. Птушка яго пазнала і далася на рукі», — расказвае Таццяна.

Перажываючы за далейшы лёс Кузі, Кандралі перадалі яго на ўтрыманне ў птушыны прытулак у Асіповіцкім раёне, дзе цяпер зімуе яшчэ 8 буслоў.

«Бачыце, ён не паспеў паляцець са сваякамі ў канцы лета. Спадзяюся, у яго атрымаецца ў наступным годзе. Пакуль жа, каб ён не замерз і быў у бяспецы, мы перадалі яго на ўтрыманне спецыяльнаму чалавеку. Будзем наведваць Кузю і падтрымліваць фінансава. Спецыяліст падрэжа яму да вясны крылы, а там — хай у яго ўсё складзецца добра. Хай у яго будуць свае гнёзды і буслы», — кажа жанчына.

Кацярына Карпіцкая
https://nn.by

Последние новости