haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

05.01.2019 07:27

930 просмотров

0 комментариев

Нажыцца на школе — праз адбіткі пальцаў, тэатар, фатаграфіі і кіслародны кактэйль

Пакрысе разгараецца скандал: прыватная кампанія па дамове з Мінадукацыі зьбірае адбіткі пальцаў у школьнікаў дзесяці менскіх школаў.

Называецца ўсё прыгожа: інавацыйны праект, які рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спартовай і прафэсійнай арыентацыі і Міністэрства адукацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былому карупцыянэру дазволілі зьбіраць адбіткі пальцаў у беларускіх школьнікаў

Мэта ў гэтай кампаніі прыкольная: па адбітках пальцаў высьветліць, да якога з відаў спорту схільнае дзіця. Міністэрства спорту ад гэтай ініцыятывы, між тым, адхрысьцілася: дэрматагліфічныя тэсты — паранавука. Але ж калі Мінадукацыі баялася паранавукі! Пхе! Калі яно наогул чаго-небудзь баялася!

Фінансавы бок справы мне невядомы, але, крыху паразважаўшы, можна ўявіць сабе, якія выгоды ўтрымлівае такое супрацоўніцтва. М-м-м-м-м, салодка нават проста фантазіраваць пра гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ганна Севярынец: Дзіця супраць дарослых

І каб жа гэта была першая такая салодкая ініцыятыва простага, непрыкрытага нажываньня на дзецях! Лоўкасьць рук, ніякага машэнства! Прыкладам, бясконцыя фатографы ў дзіцячых садках і школах. Увосень і ўлетку, з кацянятамі і ў касьцюмах піратаў, з залатымі літарамі і далікатным дарэвалюцыйным правапісам — божа ж ты мой! А як адмовіць дзіцяці? Усе фатаграфуюцца — а ты ня будзеш. Гэта трэба асаблівая моц.

Ці — тэатар. Гэта шчэ страшней за фатографаў. Купалаўцы і ЦЮЗ — яны ж па садках не езьдзяць. Езьдзяць нейкія незразумелыя людзі, паказваюць нейкія нішчымныя сьцэнкі, дзіця нават успомніць ня можа потым, што там было, а каштуе — па тры рублі з носа! Не раўнуючы — білет у ЦЮЗ! І ня даць — нельга! Уся група пойдзе — а твой, на якога пашкадавалі тры рублі, адзін у групе будзе сядзець? Шчэ як у садок хадзілі мае старэйшыя — тэатры прыяжджалі недзе раз на два месяцы. Як хадзіў малодшы — кожны тыдзень!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто вінаваты ў гібелі 13-гадовай дзяўчыны «на бульбе»?

Ці — кіслародны кактэйль. Здавалася б — нішто сабе справа! Плаціш паўтары рублі — і на перапынку цябе цёценька ў белым халаціку налье вады з сыропам і забацае ўсё гэта пухіркамі. Паўтары рублі! Тыдзень цёценька сядзіць у адной школе, тыдзень — у другой, шчэ па тыдні — у садках, ага. І зноў жа — стаўка на дзяцей: як усе будуць піць, дык кожны падцягнецца.

Маючы трох дзяцей, як пракарміць усю гэтую плойму дзялкоў? І, здаецца, нічога благога людзі ж ня робяць. Проста прапануюць няякасныя паслугі па астранамічным кошце неразборлівай мэтавай аўдыторыі, маніпулюючы псыхалягічнымі асаблівасьцямі кліентаў.


А што такога? Паўсьвету так жыве. Адно радуе: мае дзеці з дзіцячага садку ўмеюць не фатаграфавацца, калі ўсе фатаграфуюцца, не хадзіць у тэатар, калі ўсе ідуць і піць кіслародны кактэйль толькі тады, калі няма куды дзець кішэнныя паўтары рублі. Спадзяюся, і ў спорт яны пойдуць у той, да якога ляжыць душа, а не ў той, да якога схільныя адбіткі пальцаў.

Ганна Севярынец

https://www.svaboda.org

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Последние новости