haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

06.03.2019 20:06

867 просмотров

0 комментариев

Паляваньне па-беларуску: ў Гарадоцкім раёне за незабітага зайца — 500 рублёў штрафу... ВІДЭА

Паляўнічы хацеў здабыць зайца ў Гарадоцкім раёне,. Але да пачатку палявання, знаходзячыся ў вёсцы Азёркі, быў абвінавачаны ў паляванні на змантаваным відэа. А потым Уладзімер Бацюлёў «упаляваў» у судзе штраф на 20 базавых ды страціў на тры гады сваю стрэльбу. Яе канфіскавалі інспэктары. Гэтак можна папаляваць хіба толькі ў Беларусі...

62-гадовы Уладзімер Бацюлёў палюе ўжо больш за 20 гадоў. Але апошні год сядзіць бяз стрэльбы і на паляваньні ня ходзіць — абскарджвае незаконную, як ён лічыць, пастанову аб штрафе, якую вынес яму раённы суд. Яго аштрафавалі за неўпаляванага зайца і за чужыя патроны, якія, паводле пратаколу, ляжалі ў кішэні курткі. Цымус у тым, што на куртцы паляўнічага... кішэняў не было. У акалічнасьцях справы разьбіраўся карэспандэнт «Віцебскай Вясны».

«Раней, за савецкім часам ці ў пераломныя 1990-я, людзі баяліся крымінальнікаў, а цяпер баяцца праваахоўнікаў...» — так пачынае свой расказ Уладзімер Бацюлёў. Але спачатку — афіцыйная вэрсія здарэньня.

Уладзімер Бацюлёў

Афіцыйна: насіў патроны, набітыя кулямі

Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі Гарадоцкай міжраённай інспэкцыі абароны жывёльнага і расьліннага сьвету Раман Федарэнка і Зьміцер Маргаўцоў, 9 студзеня 2018 году а 10-й раніцы ля вёскі Азёркі на тэрыторыі Прудніцкага паляўнічага лецішча імі быў агледжаны Ўладзімер Бацюлёў. Акрамя стрэльбы ды пуцёўкі для паляваньня на ненармаваныя віды жывёлаў, ён меў пры сабе тры патроны, забароненыя для зьдзяйсьненьня гэтага віду паляваньня: «два патроны былі набітыя кулямі і адзін патрон — карцеччу».

Інспэктары палічылі, што спадар Бацюлёў парушыў абзац 4 пункту 114 Правілаў вядзеньня паляўнічай гаспадаркі і паляваньня («пры паляваньні на ненармаваных жывёлаў забараняецца нашэньне патронаў, набітых кулямі і карцеччу»).

20 сакавіка 2018 году судзьдзя суду Гарадоцкага раёну Вераніка Барысава прызнала Ўладзімера Бацюлёва вінаватым у зьдзяйсьненьні правапарушэньня, прадугледжанага ч. 1 арт. 15.37 КаАП РБ (Паляваньне... забароненымі прыладамі і спосабамі) і аштрафавала яго на 20 б.в. (490 рублёў). Да таго ж — пазбавіла на 6 месяцаў права на паляваньне.

Паляўнічы: Выскокваюць раптам два малойцы з аўтаматамі...

«У той дзень я, Артур Іпатаў і Аляксандар Лісьняк паехалі ўпаляваць хаця б аднаго зайца, зварыць шурпу ды пасядзець цесным колам. Мне 62 гады, Артуру Іванавічу — 77. Ён некалі быў золатаздабытчыкам, і цяпер у яго хворыя ногі, таму ехаў больш не на паляваньне, а па натхненьне, бо піша вершы. Аляксандар Аляксеевіч дык той наогул творчая асоба — паэт, музыка, публіцыст», — расказвае Уладзімер Бацюлёў.

Кажа, што прыехаў у Азёркі крыху пазьней, бо затрымаўся на працы. Паехаў на чужой машыне. Ягоныя сябры былі ўжо на месцы і прыпаркаваліся не на цэнтральнай дарозе, а крыху зьлева, на прасёлкавай дарожцы, якая візуальна знаходзіцца ў вёсцы і пралягае празь яе аж да дому, што стаяў у 70 мэтрах ад машын.

«Калі я прыехаў, Лісьняк ужо пайшоў са стрэльбай у поле. Я меў намер пайсьці сьледам. Раптам падлятае нейкі «ўазік», зь яго выскокваюць два малойцы ў красоўках ды з аўтаматамі на баку — і да мяне: «Хто вы такі, што тут робіце?..» — распавядае паляўнічы.

Ператрус, патроны і парэзанае відэа

«Малойцы» праверылі дакумэнты і загадалі дастаць зачахлёную стрэльбу, што ляжала на заднім сядзеньні аўто. Бацюлёў дастаў стрэльбу і паведаміў, што не зьяўляецца ўладальнікам машыны. Нягледзячы на гэта, інспэктары ўчынілі ў аўто ператрус і знайшлі ў бардачку тры паляўнічыя патроны, якія гаспадар аўтамабіля Аляксандар Бравы лічыў «непрацоўнымі» і меў намер пры нагодзе адстрэліць.

Бацюлёў кажа, што ведаў, чые гэтыя патроны, але, каб не «падстаўляць чалавека», сказаў, што патроны — ягоныя і засталіся ў бардачку зь мінулага паляваньня. Быў упэўнены, што ў гэтым няма ніякага парушэньня, бо на паляваньне ён яшчэ ня выйшаў і машына знаходзілася ў населеным пункце.

Як успамінае паляўнічы, усё гэта нагадвала захоп з удзелам спэцназу. У яго скакануў ціск, таму астатняе памятае цьмяна...

«Гэта зараз я разумею, што вобшук быў незаконны і адбыўся без удзелу панятых. Кіроўца „ўазіку“ ад самага пачатку здымаў усё на відэа. Але пасьля таго, як яны знайшлі, што хацелі, той кусок запісу, на якім даставалі стрэльбу і патроны з машыны, быў выдалены. І на судзе запіс пачынаўся з таго моманту, як стрэльба ляжыць на капоце аўтамабіля, а тры патроны інспэктар Маргаўцоў трымае ў руцэ», — расказвае Уладзімер Бацюлёў.

Як аказалася, ня трапілі на відэа і два найбліжэйшыя да машын дамы. За кустамі праз поле, якое і стала месцам «захопу», стаяць яшчэ дзьве хаты, куды ўлетку прыяжджаюць дачнікі. Таму пра нейкую 200-мэтровую зону казаць зусім не выпадае. «Па сутнасьці, мы знаходзіліся ў вёсцы», — сьцьвярджае наш суразмоўца.

Як складаюцца пратаколы

«Потым інспэктары, ня ведаючы, што рабіць, выклікалі свайго непасрэднага начальніка Дзьмітрыя Вераб’ёва. Ён прыехаў і запатрабаваў ад мяне напісаць тлумачэньне. Дыктуе: „...Ружжо было незачахлёнае, ляжала на заднім сядзеньні...“ Я нават не зразумеў, пра якую стрэльбу гаворка, бо ў мяне моцна падскочыў ціск», — тлумачыць Уладзімер.

«Яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што я знаходзіўся па-за межамі паляўнічых угодзьдзяў, а патрон не знаходзіўся ў рулі. Яны ж пішуць: «Стрэльба была зараджаная». Тры набітыя патроны былі ў бардачку. Яны пішуць: «Патроны меў пры сабе». Я кажу: «Хлопцы, я ня меў патроны пры сабе». А яны мне: «Нам начальнік сказаў так пісаць!» — падсумоўвае.

Інспэктары склалі пратакол, забралі стрэльбу і дакумэнты ды зьехалі. На гэтым паляваньне скончылася. І яшчэ дэталь: пратакол яны чамусьці датавалі 2017-м годам.

Суду было не да кішэняў...

Суд адбыўся 13 студзеня. Уладзімера Бацюлёва абвінавацілі ў «нашэньні і прымяненьні зброі», але доказная база была відавочна слабая. Таму судзьдзя Алена Віхаценка, вывучыўшы акалічнасьці, разглядаць справу адмовілася.

Справу вярнулі на дапрацоўку. Празь некалькі месяцаў спадара Бацюлёва запрасілі ў інспэкцыю, каб азнаёміць з новым пратаколам. З пратаколам ён азнаёміўся, але зь ягоным зьместам не пагадзіўся. Разгляд справы прызначылі на 20 сакавіка.

Падчас вывучэньня акалічнасьцяў справы новая судзьдзя Вераніка Барысава не ўзяла пад увагу сьведчаньні Артура Іпатава і Аляксандра Лісьняка, якія цьвердзілі, што на паляваньне іхні сябар у той дзень так і ня выйшаў. Ня ўлічыла і сьведчаньні жыхара Азёркаў, які запэўніваў, што дарога, на якой стаялі машыны, вясковая.

Больш за тое, гаспадар машыны Аляксандар Бравы на судзе заявіў, што патроны, знойдзеныя ў машыне, ягоныя, і, як ён лічыць, старыя і сапсаваныя. Але гэтыя сьведчаньні былі праігнараваныя. Ніякай, дарэчы, экспэртызы канфіскаваных патронаў, безь якой нельга прызнаць іх прыдатнымі да выкарыстаньня, праведзена не было.

Але самым прыкрым выпадкам «наўмыснай падтасоўкі фактаў з боку абвінавачаньня» стала, як мяркуе Бацюлёў, запэўніваньне інспэктараў, што паляўнічы дастаў патроны з бакавой кішэні курткі. Справа ў тым, што камуфляжная куртка Бацюлёва ня мела бакавых кішэняў. Гэта лёгка можна было спраўдзіць на відэа.

Дарэчы, ня здолелі інспэктары давесьці і тое, што паляўнічы знаходзіўся па-за 200-мэтровай зонай ад апошняй вясковай хаты, то бок — на паляўнічых угодзьдзях, мяркуе паляўнічы.

Тым ня менш, суд, праігнараваўшы ўсе супярэчнасьці, пабачыў у дзеяньнях Бацюлёва злы намер на здабычу зьвера без дазволу. Ды вынес абвінаваўчае рашэньне.

Яшчэ 300 рублёў за зброю — і чакайце тры гады

Пазьней Уладзімер Бацюлёў падаў скаргу ў абласны суд. Разглядала яе судзьдзя Сьвятлана Іванова. Даведаўшыся, што спадар Бацюлёў быў затрыманы ў межах вёскі, судзьдзя спачатку перанесла разгляд, маючы намер выклікаць у суд інспэктараў. Але вось незадача: якраз у гэты дзень яны былі на допытах у адной з сілавых структураў. Таму судзьдзя абласнога суду ў дзеяньнях Уладзімера злы намер на зьдзяйсьненьне правапарушэньня таксама пабачыла і падставаў для адмены пастановы Гарадоцкага суду не знайшла.

Ня стаў на бок Бацюлёва і Вярхоўны суд...

І парадаксальна: паводле новых правілаў, зацьверджаных неўзабаве пасьля гэтага выпадку (у 2018 годзе), паляўнічым цяпер дазволена мець пры сабе кулі з рознымі набоямі.

Рашэньнем суду паляўнічая зброя была канфіскаваная на 6 месяцаў, але і да сёньня паляўнічы ня здолеў яе вярнуць. Каб атрымаць зброю назад, ён мусіць заплаціць 300 рублёў, прайсьці навучаньне і здаць экзамэн! А потым — чакаць яшчэ тры гады...

С. Горкі

Последние новости