haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

27.03.2019 14:38

457 просмотров

0 комментариев

Паклёп пад дыктоўку. На Віцебшчыне святара вінавацяць у «распусных стасунках» з жанчынай, падключылася міліцыя

У апошнія месяцы на Віцебшчыне разыгралася сапраўдная драма: любімага вернікамі настаяцеля царквы ў Бягомлі абвінавацілі ў «распусных стасунках» з прыхаджанкай. І яна, і сам святар, і ягоная жонка, а таксама сябры сям’і лічаць гэта паклёпам і скардзяцца на ціск з боку епархіі. А на гэтым тыдні да святара прыйшлі праваахоўнікі.

Царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Бягомлі, што на Віцебшчыне, мясцовыя вернікі збудавалі на ўласныя грошы. Калісьці на гэтым месцы стаяў храм Усіх Святых, але ад помніку архітэктуры ХІХ стагоддзя засталіся толькі руіны — у савецкія часы тут быў спіртзавод.У 2002 годзе, адразу пасля сканчэння духоўнай семінарыі, у Бягомль прыехаў служыць малады святар Валерый Цімкоў з жонкай Аленай і немаўляці-сынам. Пакуль вернікам даводзілася збірацца ў невялічкім памяшканні пры сельскім шпіталі, айцец Валерый намагаўся атрымаць дазвол на аднаўленне будынку. Аднак яго прызналі аварыйным, таму было вырашана будаваць новы.

Царква ў Бягомлі,дзе служыў айцец Валерый, фота sobory.ru

Цягам 10 гадоў людзі збіралі сродкі, а ў вольны час самі, разам з настаяцелем, капалі катлаван пад фундамент, насілі цэглу, вывазілі смецце. Полацкая епархія ў будаўніцтве ніякім чынам не ўдзельнічала і не дапамагала грашыма. Нарэшце ў мінулым лістападзе храм асвяцілі і ўрачыста адкрылі для прыхаджанаў, а айца Валерыя епархія ўзнагародзіла «за руплівую працу ў славу Царквы».

Але ўжо праз месяц прыйшла сумная навіна: святара пазбавілі сану, забараніўшы служэнне. Царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла яго ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай. Царкву, якой яшчэ нядаўна так цешыліся мясцовыя жыхары, прыхадскі савет пастанавіў зачыніць да вяртання «свайго бацюшкі» — прыняць новага яны катэгарычна адмовіліся і ўсталі на абарону айца Валерыя. У сваім звароце ў рэдакцыю belsat.eu жыхары Бягомля сцвярджаюць: святар ні ў чым не вінаваты, а царкоўны суд быў несправядлівым.

Валерый Цімкоў, фота: сайт Полацкай епархіі

Спачатку была споведзь

Усё пачалося са споведзі ў наваградскім саборы. Мужчына паскардзіўся тамтэйшаму іерэю на былую жонку, якая нібыта мае інтымную сувязь з айцом Валерыем з Бягомля. Іерэй, у сваю чаргу, нягледзячы на таямніцу споведзі, паведамляе пра гэта дабрачыннаму наваградскай епархіі протаіерэю Анатолю Герасімуку. Яны ўдвох раяць мужчыне скласці пісьмовую скаргу на айца Валерыя і перадаюць паперу свайму кіраўніку — наваградскаму архіепіскапу Гурыю. Тая самая прыхаджанка, Таццяна (імя змененае з этычных меркаванняў) даведваецца пра сітуацыю і настойліва просіць мужа адклікаць скаргу, каб не ўзводзіць паклёп на «паважанага чалавека». Аднак айцы адказваюць мужчыне: зваротнага шляху няма, дакумент ужо пайшоў па інстанцыях.

Наваградскі архіепіскап звязваецца з полацкім (яму падначалены Валерый Цімкоў) і неўзабаве ствараецца камісія для праверкі выкладзеных у скарзе звестак. Пры гэтым вядома, што Гурый адначасова займае пасаду старшыні царкоўнага суда Беларускага Экзархату. У камісію ўваходзяць чатыры чалавекі: два ад наваградскай і два ад полацкай епархіі.

У снежні гэтая камісія прыходзіць на швейную фабрыку, дзе працуе Тацяна і выклікае жанчыну на размову, якая, паводле ейных словаў, «больш нагадвала допыт». Ад Таццяны запатрабавалі напісаць распіску, што яна «адмаўляецца ад распусных стасункаў» з айцом Валерыем і яна гэта зрабіла. Адбывалася ўсё ў кабінеце дырэктара фабрыкі. Па невялікім горадзе папаўзлі чуткі.

«Святары хадзілі туды-сюды, прымушалі напісаць заяву пад дыктоўку, маўляў, я каюся ў „блудным граху“. Казалі, што калі я напішу, гэта нейкім чынам выратуе айца Валерыя. Я нічога не разумела, была ў шоку, уся ў слязах... Незаўважна ўключыла аудыёзапіс на тэлефоне, потым пераслухала — яны проста ціснулі на мяне! Потым я падала тры пісьмовых абвяржэння, даводзіла, што нас звязвалі толькі сяброўскія стасункі, ён маральна дапамагаў мне як духоўнік... Але заявы не прынялі», — гаворыць Тацяна.

Жанчына скардзіцца, што цяпер адчувае сябе вінаватай, бо «праз адзін паклёпніцкі подпіс сапсавала прыстойнаму чалавеку лёс». Яна таксама не разумее, чаму камісія не магла выклікаць яе ў царкву, а прыйшла без папярэджання на працу, у свецкую ўстанову.

Валерый Цімкоў на адкрыцці царквы ў Бягомлі, фота з сайту Полацкай епархіі

«Я губляю веру»

Стасункі Таццяны з мужам разладзіліся даўно. Паводле яе, паміж імі часта ўспыхвалі спрэчкі, муж «паводзіўся груба». Тацяна захацела падаць на развод. Знаходзячыся ў складанай жыццёвай сітуацыі, дагэтуль нерэлігійная жанчына па рэкамендацыі сваякоў з Бягомля звярнулася па духоўную дапамогу да айца Валерыя. Дзеля размовы з ім яна праехала амаль 300 кіламетраў з Наваградку.

«Айцец Валерый заклікаў мяне падумаць і захаваць шлюб дзеля дзяцей і таму, што разводзіцца — грэх. Але я прыняла асэнсаванае рашэнне развесціся, яно ніякім чынам не звязанае з сяброўствам з айцом Валерыем. Гэта годная, шчырая асоба... Каму цяпер верыць? Я расчараваная ў Царкве, губляю веру», — разгублена кажа Тацяна.

Неўзабаве пасля інцыдэнту на працы ў Таццяны айцец Валерый паехаў па справах у Полацкую епархію. Па прыездзе яго без папярэджання выклікалі ў царкоўны суд у якасці абвінавачанага і забаранілі служэнне. Святару не дазволілі запрасіць сведкаў абароны, не паказалі матэрыялы справы. Побач знаходзілася толькі ягоная жонка Алена, якая распавяла, што ведала пра ўсе гутаркі Таццяны з айцом Валерыем, сям’я падтрымлівала з ёй сяброўскія стасункі больш за 6 гадоў. Аднак епіскап не прыняў да ўвагі словы Алены.

Нягледзячы на тое, што згодна з «Палажэннем аб царкоўным судзе», ад паседжання суда да вынясення рашэння павінна прайсці 15 дзён, ужо праз 4 гадзіны айца Валерыя пазбавілі духоўнага сану.

Ён звяртаецца да мітрапаліта Паўла з просьбаю, каб суд Беларускага Экзархату (вышэйшая інстанцыя) перагледзеў гэтае рашэнне, але атрымлівае адмову. Тады прыхаджане ягонага храму пачынаюць пісаць лісты ў абарону — патрыярху Кірылу ў Маскву, мітрапаліту Паўлу і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Пад зваротам падпісаліся 900 чалавек. Экзархат яго праігнараваў, а пра дату новага паседжання нічога не паведамлялася. Увагу да справы таксама прыцягнулі публікацыі TUT.BY.

Цімкова падтрымаў Георгій Мялешка, протаіерэй Докшыцкай акругі (у яе ўваходзіць Бягомль). Праз некаторы час і яго пазбавілі сану.

Закінуты храм УсіхСвятых у Бягомлі. За савецкім часам тут быў спіртзавод. Фота poshyk.info

Парада «вырошчваць капусту»

«З айцом Валерыем мы даўно працуем разам, шмат гадоў запар арганізоўвалі праваслаўныя фестывалі па ўсёй Беларусі. Я ведаю яго як адказнага, неабыякавага чалавека, вельмі актыўнага», — распавядае belsat.eu сяброўка Цімкова з Менску, Алена Яблонская.

Менавіта яе вернікі з Бягомля папрасілі напісаць ліст у рэдакцыю — Яблонская філолаг, працуе выкладчыцай у адной з менскіх навучальных установаў. Яна сцвярджае, што муж Таццяны «хацеў адпомсціць», бо тая збіралася з ім развесціся. Алена абураецца метадамі, якімі дзейнічалі царкоўнікі, фактычна аказваючы псіхалагічны ціск на Таццяну, змушаючы пісаць паклёп на Цімкова.

«Царква не мае права паступаць з людзьмі такім чынам, ціснуць на іх. Сітуацыя вельмі непрыгожая і расцягнулася ўжо на тры месяцы! Праз нейкі „глюк“ у галаве былога мужа Таццяны пацярпеў годны чалавек», — кажа яна.

20 сакавіка старшыня суду БПЦ (той самы наваградскі архіепіскап Гурый) пагадзіўся сустрэцца з жонкай апальнага святара, Аленай Цімкова, якая ўзялася абараніць годнасць мужа і дамагчыся справядлівага перагляду справы. Сустрэча адбывалася на тэрыторыі Жыровіцкага манастыру.

«Старшыня суду сказаў: „Зварот у медыі быў вашай памылкай“. Ён удзяліў Алене ўсяго некалькі хвілін свайго каштоўнага часу. А напрыканцы дадаў: „Вось у бацюшкі ў гаспадарцы трактар ёсць, падараваны прыхаджанамі пры будаўніцтве храму, дык час яму сесці на трактар і заняцца вырошчваннем капусты“. Пасля гэтых словаў архіепіскап сышоў», — гаворыцца ў лісце ад абураных вернікаў у рэдакцыю.

Сяброўка Цімкова называе такія паводзіны высокапастаўленага духавенства не іначай як «нахабствам».

Звязацца з кіраўніком Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ а. Сяргеем Лепіным нам не ўдалося. Ягоны намеснік а. Яўген Грамыка сказаў belsat.eu:

«Я не магу нічога каментаваць, бо ведаю гісторыю толькі са сродкаў масавай інфармацыі».

У Полацкай епархіі цягам двух дзён на нашы тэлефанаванні ніхто не адказаў.

Вернікі ў Бягомлі, фота dokshitsy.by

«У маёй біяграфіі будуць шукаць заганы»

Нягледзячы на ўсе забароны, айцец Валерый па-ранейшаму штодня адчыняе храм у Бягомлі. Ён стаіць не на алтары, а сярод вернікаў і чытае не літургію, а звычайныя малітвы.

«А што рабіць? Трэба годна праходзіць праз усе выпрабаванні. Раней Бягомль быў такім атэістычным краем, а цяпер у нас дружны прыход. Тут жывуць цудоўныя людзі, яны мяне вельмі падтрымліваюць. Хаця, шчыра кажучы, сітуацыя выбіла нас з каляіны. Разумееце, у мяне каханая матушка, трое дзетак... З Таццянай у нас не магло быць ніякіх стасункаў, акрамя сяброўскіх. Хачу, каб мы ўсе хутчэй забіліся на гэтую непрыгожую сітуацыю», — гаворыць святар.

25 сакавіка да айца Валерыя прыехалі некалькі міліцыянтаў, у тым ліку «высокі чын з Віцебску».

«Сказалі, што праводзіцца праверка па правапарушэнні двухгадовай даўніны... Там абсалютна побытавая справа. У маёй біяграфіі будуць шукаць заганы, а яны былі, як, зрэшты, і ва ўсіх людзей, бо мы ўсе памыляемся. Канкрэтных тлумачэнняў і дакументаў я ад праваахоўнікаў не атрымаў», — распавядае айцец Валерый.

Патлумачыць падрабязней, пра якія «заганы» і «побытавую справу» вядзецца гаворка, святар катэгарычна адмовіўся:

«Пакуль я сам не ведаю, што дакладна мне інкрымінуюць, таму не маю маральнага права каментаваць».

Што датычыць прычыны такога ціску, то айцец Валерый звязвае гэта з ягонай актыўнасцю і папулярнасцю ў рэгіёне.

«Магчыма, камусьці гэта не спадабалася і вырашылі раскруціць... Складаецца адчуванне, што хочуць прыбраць тых, хто нешта намагаецца зрабіць.

Падаецца, усе ўжо вырашылі за мяне, расставіўшы ўсе кропкі над „і“ у маім жыцці. Няма выпадковасцяў, ёсць заканамернасці».

За настаяцеля храма заступілася нават раённая адміністрацыя, але пакуль справа толькі абрастае новымі акалічнасцямі. У нядзелю, 31 сакавіка, вернікі і сябры айца Валерыя збяруцца ў мясцовым клубе, каб супольна вызначыць, якім чынам дапамагчы святару вярнуцца да служэння.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Тэгі: Віцебшчынна, духавенства, міліцыя, рэлігія,

Последние новости