haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

01.04.2019 17:57

508 просмотров

0 комментариев

Помнік партызану «Гаспадар лесу» ў Шчалбоўскіх лясах плануюць аднавіць да 75-годдзя вызвалення Беларусі

Сумеснымі намаганнямі грамадзян і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў будзе адноўлены помнік партызану «Гаспадар лесу», усталяваны ва ўрочышчы Щелбово, за чатыры кіламетры ад в. Дуброва-1.

Аддаць абавязак памяці загінулым у кровапралітных баях з фашысцкімі карнікамі партызанам і мірным жыхарам — святы абавязак кожнага з нас. Зрабіць гэта можна, ахвяраваўшы грашовыя сродкі на рэканструкцыю помніка. Ініцыятыву Гарадоцкай раённай арганізацыі Фонду міру ўжо падтрымалі асобныя грамадзяне, дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

Памяць пра людзей, якія аддалі свае жыцці за мірнае неба над галовамі нашчадкаў, насмерць стаялі ў сутычцы з ворагам, адважна ішлі ў бой за Радзіму і атрымалі перамогу цаной нечалавечых намаганняў, павінна жыць. Сцерці яе не змогуць ні дзесяцігоддзі, ні стагоддзе, калі землякі будуць захоўваць яе ў сваіх сэрцах. У гэтым упэўнены старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня райвыканкама Пётр Коробач. 27 сакавіка яны наведалі ўрочышча Шчабова, каб ацаніць аб’ём работ па аднаўленню помніка, якія неабходна выканаць (на здымку). Скульптура вышынёй больш за пяць метраў, выраблена нашым земляком, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, мастаком Кавалёвым Анатолем Фёдаравіча на грошы партызан, якія ваявалі тут, і ўрачыста адкрыта летам 1970 г., за мінулыя дзесяцігоддзі сапсавалася і мае патрэбу ў рэстаўрацыі. Неабходна таксама абнавіць ўсталяваную побач стэлу з мемарыяльнай дошкай.

Людзі, якія пераадольваюць дзесяткі кіламетраў і прыязджаюць ўглыб Шчалбоўскіх лясоў, каб пакланіцца безназоўным магілам землякоў, могуць увайсці ў зямлянку, якая імітуе збудаванне часоў Вялікай Айчыннай. Усяго ў некалькіх метрах ад скульптуры «Гаспадар лесу» усталяваны Паклонны крыж мірным жыхарам, якія загінулі тут у лютым-сакавіку 1943 г. Здаецца, што тут нават дрэвы памятаюць страшныя гады акупацыі.

... У зоне Шчалбоўскіх лясоў размяшчаліся і дзейнічалі 1-я Беларуская партызанская брыгада пад камандаваннем М.Ф. Шмырова, 2-я Беларуская партызанская брыгада ім. П.К. Панамарэнкі, брыгада ім. Кутузава, брыгада ім. Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 1-я Віцебская брыгада, брыгада Аляксея Данукалава, дыверсійная брыгада Баскакава, Багушэўская партызанская брыгада. Карнікі неаднаразова імкнуліся знішчыць партызан. Пасля чарады няўдач у пачатку 1943 г. нямецкае камандаванне вырашыла правесці ў Шчалбоўскіх лясах карную аперацыю «Шаравая маланка», якая пачалася 22 лютага. Па плане зона павінна была быць пройдзена карнікамі ў двух напрамках: з поўдня на поўнач — да лініі фронту, з захаду на ўсход — уздоўж лініі фронту. Па лініі блакады размясціліся больш за 30 тыс. фашысцкіх салдат і афіцэраў.

На сваім шляху карнікі палілі ўсе, што магло гарэць, з асаблівай жорсткасцю забівалі мірных жыхароў, не шкадавалі ні старых, ні жанчын, ні маленькіх дзяцей. Услед за партызанамі, якія адыходзілі да сваіх баз у Шчалбоўскіх лясах, ішлі міныя людзі, якія спадзяваліся, што тыя выратуюць іх ад расправы ворага. Да канца лютага ў партызанскія лагеры сабраліся дзясяткі тысяч людзей, а ўсяго за некалькі кіламетраў ад іх і днём, і ноччу вялі бесперапынныя баі партызанскія брыгады і атрады ...

... У баявым дзённіку камандзір 201-й ахоўнай дывізіі генерал-маёр Якобі падвёў вынікі аперацыі «Шаравая маланка»: фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтраванага» ў іх 3583 чалавека і перадалі іх 9-й айнзацкаманда СД, 1456 з іх былі расстраляныя, 804 — дастаўлены ў зборны лагер для адпраўкі на працы. Партызаны страцілі ў баях каля 400 чалавек забітымі, больш за 100 параненымі. Па дадзеных праціўніка, у палон было ўзята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся: рэзалі нажамі і штыкамі, звязвалі калючым дротам, абкладвалі саломай, дровамі і падпальвалі. Жанчын і дзяцей, што хаваліся ў зямлянках, падрывалі гранатамі, злоўленых у лесе мірных жыхароў заганялі ў ацалелыя пабудовы і спальвалі жыўцом ...

Гэтыя страшныя старонкі нашай гісторыі павінны жыць у памяці народа вечна, каб памяталі нашчадкі, каб перадавалі пачуццё бясконцай падзякі да абаронцаў і вызваліцеляў Радзімы з пакалення ў пакаленне, каб ніколі не зарасла народная сцежка ў Шчалбоўскія лясы, да брацкіх магіл, якія са стрэльбай наперавес будзе вечна ахоўваць сапраўдны герой і патрыёт — партызан.

Любоў ШЛЯЙКО, «Гарадоцкi веснiк».

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу супрацоўнікам Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея.

http://gorodok.vitebsk-region.gov.by/ru

Последние новости