haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

26.04.2019 08:32

320 просмотров

0 комментариев

Нішто не забытае: катастрофа на ЧАЭС вачыма ўлады

Аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая нанесла велізарныя матэрыяльныя і маральныя страты беларускаму народу, кіраўніцтва СССР і БССР у першы час давала асцярожныя і стрыманыя ацэнкі. І адначасова суправаджала свае заявы аптымістычнымі канстатацыямі і абяцаннямі.

Дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання 22 чэрвеня 1990 года зацвердзілі незвычайнае рашэнне: былі адпраўленыя тэлеграмы на імя прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, сакратара ЦК КПСС Мікалая Слюнькова (былы першы сакратар ЦК КПБ) і старшыні камісіі Вярхоўнага Савета СССР па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах Георгія Таразевіча (былы старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР). Ім было прапанавана наведаць пасяджэнне сесіі беларускага парламента і даць падрабязны адказ: што было зроблена для ліквідацыі ў рэспубліцы наступстваў адной з самых страшэнных катастрофаў у гісторыі чалавецтва — Чарнобыльскай?


Злачынны аптымізм

Аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая нанесла велізарныя матэрыяльныя і маральныя страты беларускаму народу, кіраўніцтва СССР і БССР у першы час давала асцярожныя і стрыманыя ацэнкі. І адначасова суправаджала свае заявы аптымістычнымі канстатацыямі і абяцаннямі. Напрыклад, старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч на пасяджэнні трэцяй сесіі Вярхоўнага Савета 11 склікання 7 чэрвеня 1986 года сцвярджаў, што ў зоне «повышенной радиации» апынуліся толькі тры раёны: Брагінскі, Нараўлянскі і Хойніцкі. Па словах Таразевіча, кіраўнікі вобласці і раёнаў «действовали чётко», а таму эвакуацыя насельніцтва «прошла быстро». Таразевіч вызначыў абсалютна нерэальны тэрмін прадастаўлення жылля адсяленцам — «не позднее октября».

Тут пачынаецца «зона», www.tut.by

На тым жа пасяджэнні другі сакратар Гомельскага абкама КПБ Віктар Санчукоўскі сцвярджаў: «В этот ответственный период жители области ещё раз наглядно убедились в преимуществах нашей социалистической системы, когда беда одного региона стала заботой всей страны. Беда продемонстрировала серьёзный запас прочности наших районных комитетов партии и райисполкомов, сельских советов, многих областных служб, высокую сознательность нашего населения».

Акрамя Таразевіча і Санчукоўскага на наступных сесіях тэму Чарнобыля закранулі толькі два дэпутаты: Аляксандр Грахоўскі, старшыня Гомельскага аблвыканкама і Яўген Негерыш, старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
Фактычна, абышоў чарнобыльскую праблему ў сваёй прамове 2 лютага 1988 года на пасяджэнні восьмай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР Андрэй Грамыка, які прысвяціў ёй літаральна адну фразу: «У всех в памяти Чернобыль. Невидимая сила коснулась ряда районов республики».

Тады ж арыгінальна выказаўся старшыня Дзяржплана БССР Вячаслаў Кебіч: «Чернобыль — не катастрофа, но беда».

Няма вялікай праблемы — няма вялікіх грошаў. Ні ў законе аб Дзяржаўным плане эканамічнага і сацыяльнага развіцця БССР на 1986–1990 гады, ні ў законах аб Дзяржаўным бюджэце БССР на 1986, 1987, 1988 і 1989 гады пра Чарнобыль нічога не было.
Але наступствы Чарнобылю давалі рады ўсё часцей. Грошай, якія выдзяляліся з абласных бюджэтаў (звяртае ўвагу імклівы рост на працягу 1986–1989 гадоў бюджэтаў забруджаных Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія апярэджвалі нават Мінск і Міншчыну; у 1989 годзе бюджэт Гомельшчыны склаў 528 мільёнаў рублёў, а ў 1986 годзе ён быў 424 мільёны рублёў), катастрафічна не хапала. Марудна адбывалася перасяленне, месяцамі і гадамі не вырашаліся побытавыя праблемы людзей, забруджаныя землі і лясы нелегальна выкарыстоўваліся як мясцовымі жыхарамі, так і сельгаспрадпрыемствамі.
Ліквідацыя наступстваў аварыі ажыццяўлялася цэнтральнымі і мясцовымі ўладамі марудна, з вялікімі спазненнямі, што называецца, «у ручным рэжыме». Адсутнічала ясная праграма, канцэпцыя. Напрыклад, толькі праз тры гады пасля катастрофы, 22 красавіка 1989 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета выдаў указ, паводле якога «самовольное проникновение в зону, поселение в ней, вывоз оттуда стройматериалов, топлива, плодово-ягодных насаждений, ягод, грибов и иных предметов» караліся штрафам ад 30 да 50 рублёў.
Небяспечным для кіраўніцтва было тое, што Чарнобыль з пытання сацыяльна-эканамічнага мог ператварыцца ў аспект палітычны. Чарнобыльскай бядзе ўсё большую цікавасць пачалі надаваць інтэлігенцыя, «нефармальнае» асяроддзе, а таксама новая сіла, якая выходзіла на палітычную авансцэну, — Беларускі народны фронт. Яны пачалі выказваць крамольныя думкі, што чарнобыльскія наступствы ў Беларусі — наўмыснае злачынства.
Больш уважліва да пытанняў катастрофы дэпутаты падышлі на дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання 18 лістапада 1988 года. Гэта было зразумела: галоснасць, нягледзячы на сваю супярэчлівасць, усё мацней прабівала сабе шлях. Адбылася XIX Усесаюзная партыйная канферэнцыя, набліжаліся выбары народных дэпутатаў СССР. Да таго ж сама Беларусь 30 кастрычніка 1988 года перажыла грамадскі шок — жорсткі разгон з выкарыстаннем спецсродкаў сталічнага мітынгу на Дзень памяці продкаў («Дзяды»). Мінскія падзеі 30 кастрычніка 1988 года палітызавалі інертнае беларускае грамадства, узмацнілі сярод насельніцтва недавер і падазронасць да ўладаў.
Дэпутат і прэзідэнт АН БССР Уладзімір Платонаў 18 лістапада 1988 года шчыра спытаў сваіх калегаў: «Не очень ли легко мы относимся к продолжительным негативным последствиям Чернобыльской аварии для человека и для природы?» Калега Платонава па Вярхоўным Савеце, скульптар і народны мастак БССР Анатоль Анікейчык заявіў, што пісьменнік Алесь Адамовіч адразу праінфармаваў Гарбачова аб сапраўдных маштабах трагедыі.

Гадзіна смутку і жалобы ў Мінску 26 красавіка 1989 года, vytoki.net

Вялікім адкрыццём для большасці дэпутатаў стала амаль сакрэтная пастанова Прэзідыуму Савета Міністраў БССР, зацверджаная ўвосень 1988 года. Яна тычылася праектна-вышукальных работ па будаўніцтве атамнай станцыі ў Віцебскай вобласці.
Дэпутаты Уладзімір Кулакоў і Глеб Ерамееў жорстка раскрытыкавалі такія намеры. Па іх словах, Віцебская вобласць ужо акружаная Ігналінскай і Смаленскай атамнымі станцыямі. Будаўніцтва атамнай станцыі на Віцебшчыне, даводзілі дэпутаты, прывядзе да буйных геаграфічных і сацыяльных-эканамічных дэфармацый у вобласці — далейшага абмялення Заходняй Дзвіны і адтоку насельніцтва з вёскі.

Якія наступствы?

Наступствы аварыі на ЧАЭС былі страшэннымі. Бадай, упершыню іх публічна агучыў на пасяджэнні адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання 28 ліпеня 1989 года першы намеснік старшыні Савета Міністраў БССР Уладзімір Еўтух. Ён распавёў, што радыеактыўны ўдар закрануў 18% тэрыторыі рэспублікі, у выніку чаго на плошчы ў 194 тысяч гектараў утварылася зона адсялення, ліквідаваныя 20 калгасаў і саўгасаў, са 107 населеных пунктаў эвакуявана 25 тысяч чалавек. Еўтух дадаў, што ўсе вышукальна-праектныя работы па праекце АЭС на Віцебшчыне згорнутыя.
Змрочны малюнак дапоўніў намеснік старшыні Дзяржаграпрама Іван Нікітчанка. Паводле яго звестак, стронцыем шчыльнасцю 0,3 кюры на квадратны кіламетр было пакрыта 77 тысяч гектараў у Магілёўскай вобласці і 396 тысяч гектараў у Гомельскай вобласці. Акрамя таго, дакладваў Нікітчанка, у Гомельскай вобласці 2,8 тысяч гектараў апынуліся пакрытымі стронцыем шчыльнасцю 5 кюры на квадратны кіламетр: пры такой ступені забруджвання практычна немагчыма атрымліваць прадукцыю. Вучоны заклікаў «постоянно изучать формы не только стронция, но и цезия в почве, закономерность их миграции в сельхозпродукцию и попадание в пищевые цепи».

Нарэшце — праграма

Праграма па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС была зацверджаная Вярхоўным Саветам БССР 26 кастрычніка 1989 года на пяць гадоў і прадугледжвала выдаткаванне вялікіх фінансавых сродкаў, рэалізацыю захадаў па «ачышчэнні» забруджанай тэрыторыі шляхам дэзактывацыі. Самым важным пунктам было, безумоўна, адсяленне насельніцтва ў «чыстыя» зоны. Як паведаміў Еўтух, было запланавана адсяленне 118 тысяч чалавек з 526 населеных пунктаў.
Зацвярджэнне дакумента адбылося і ў выніку грамадскага ціску. 26 красавіка 1989 года шмат мінчукоў і госцяў сталіцы ўзялі ўдзел у акцыі «Гадзіна смутку і маўчання», а 30 верасня 1989 года выйшлі на Чарнобыльскі шлях, ініцыяваны БНФ.

Чарнобыльскі шлях 30 верасня 1989 года. Злева — намеснік старшыні Сойму БНФ Юрый Хадыка вядзе пад руку пісьменніка Алеся Адамовіча, vytoki.net

Ажыццяўленне праграмы павінна была каардынаваць спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, якую ўзначаліў сакратар Гомельскага абкама КПБ Іван Смаляр. Але праграма была месцамі недасканалая і выклікала крытыку дэпутатаў і спецыялістаў.

Агульнасаюзны кукіш

Крэмль імкнуўся як мага больш дыстанцыявацца ад чарнобыльскай праблемы беларусаў. Калі Беларусь заявіла, што для мінімізацыі наступстваў катастрофы трэба хаця б 17 мільярдаў рублёў, то Масква абяцала, што дасць толькі 11.
Для экспертызы беларускай чарнобыльскай праграмы цэнтр стварыў ажно шэсць камісій. Маскоўскія тэарэтыкі навязалі Беларусі авантурную канцэпцыю «35 бэр — 70 гадоў». Сутнасць яе зводзілася да таго, што на працягу 70 гадоў жыцця чалавек можа атрымліваць без шкоды для здароўя да 35 бэр. У процівагу гэтай тэорыі спецыялісты сцвярджалі, што ў забруджанай тэрыторыі з сярэдняй інтэнсіўнасцю выкіду радыенуклідаў чалавек атрымае 35 бэр за 15 гадоў.

Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазьняк падчас Чарнобыльскага шляху 30 верасня 1989 года, vytoki.net.

Дэпутаты Вярхоўнага Савета крыўдзіліся, што беларусы апынуліся ў ролі «просителей». Станіслаў Шушкевіч заклікаў у грашовых пытаннях арыентавацца на народных дэпутатаў СССР, а Уладзімір Ганчарык — ствараць грамадскі фонд Чарнобыля, які папаўняўся б грашыма з суботнікаў.
Стала зразумела, што арыентавацца варта на ўласныя сілы. На 13 сесіі Вярхоўнага Савета ў пачатку снежня 1989 года Вячаслаў Кебіч парадаваў дэпутатаў: чарнобыльскія выдаткі афіцыйна ўвайшлі ў Дзяржбюджэт БССР «отдельной строкой».

Парламент новы — праблемы старыя

З пачаткам працы Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання чарнобыльская праблема выйшла на новы ўзровень. Дэпутаты канчаткова ўсвядомілі, што адбылася сапраўдная катастрофа. Як трапна заўважыў Яўген Глушкевіч, адбыўся касмічны выбух, «а мы как будто говорим о кочегарке». Іван Ціцянкоў параўноўваў чарнобыльскую трагедыю з нашэсцем мангола-татараў, альбо нападам гітлераўскай Германіі, вінаваціў урад у бяздзейнасці: «Нужна дубина народной войны!».

Дэпутаты ставілі пытанні наконт справаздачы аб праведзенай працы. У чэрвені 1990 года ў Вярхоўным Савеце выступіў кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч. Ён паведаміў, што за тры гады пасля катастрофы засвоеныя 3,5 мільярды рублёў і пабудаваныя больш за 12 тысяч дамоў і кватэр. У БССР, дакладваў Кебіч, створана эфектыўная сістэма кантролю над радыяцыйным станам: 393 лабараторыі маюць 16 тысяч розных прыбораў. Там, дзе забруджанасць перавышае 15 кюры на квадратны кіламетр, усталяваныя спецыяльныя дазіметрычныя пасты.
Аднак большасць дэпутатаў крытычна ставілася да дзейнасці ўладаў у чарнобыльскай сферы. Найбольш яскрава гэта выявілася ў дэпутацкім запыце Лукашэнкі ад 9 чэрвеня 1990 года. Традыцыйна панаракаўшы на тое, што сельская гаспадарка цалкам разваленая, маўляў, «быка на откорме нечем привязать, цепей нет», будучы першы аграрнік Беларусі абвінаваціў урад у тым, што пры адсяленні людзей, ён, нібыта, будуе населеныя пункты на дзве тысячы чалавек. «Зачем мне столько людей даже в моём большом совхозе?» — пытаўся Лукашэнка.
3 ліпеня 1990 года на яго запыт прыйшоў адказ за подпісам намесніка кіраўніка ўрада Юрыя Хусаінава, у якім паведамлялася, што паселішчы ў дзве тысячы чалавек ніхто не будуе і не збіраецца будаваць. У 1990 годзе, гаварылася ў адказе, у 49 населеных пунктах плануецца будаўніцтва 5029 кватэр.

Плакат супраць Мікалая Дземянцея, Мінск, 1991 год, vytoki.net

Вярхоўны Савет шукаў любое выйсце з сітуацыі. Напрыклад, яго старшыня Мікалай Дземянцей пісаў міністру абароны Язаву, каб той дапамог з арганізацыяй адпачынку чарнобыльскіх дзяцей у раёне венгерскага возера Балатон на базе Паўднёвай групы войск Узброеных Сіл СССР. Хтосьці спадзяваўся на Кубу — маўляў, Фідэль можа прыняць тысячы дзяцей. Дэпутаты прапаноўвалі наладзіць у сярэднеазіяцкіх рэспубліках вытворчасць дазіметраў і тым самым знізіць узровень беспрацоўя ў рэгіёне.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, у якой гаварылася аб неабходнасці ўдзелу СССР у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай навалы.

Цэнтры сілы

У рашэнні чарнобыльскай праблемы ў Вярхоўным Савеце 12 склікання выразна вызначыліся тры асноўныя «цэнтры сілы». Па-першае, пастаянная камісія парламента па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і забеспячэння бяспечнага пражывання насельніцтва рэспублікі (з лютага 1991 года — камісія па праблемах Чарнобыльскай катастрофы) на чале са Смаляром.
На пасяджэннях камісіі абмяркоўваліся вострыя пытанні чарнобыльскай катастрофы. Адзін з іх — здароўе людзей. Канстатаваўся беспрэцэдэнтны рост захворванняў, у тым ліку і прыроджанай паталогіі (у забруджаных раёнах гэтая лічба дасягала 30%). Колькасць анкалагічных захворванняў павялічылася на 5%.

Плакат супраць фонду Генадзя Грушавога, Мінск, 1991 год, vytoki.net

Па-другое, часовая камісія Вярхоўнага Савета Беларусі па ацэнцы дзейнасці службовых асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пад такой назвай камісія была створана ў чэрвені 1990 года па прапанове Прэзідыума парламента і налічвала 25 чалавек. Яе ўзначаліў Рыгор Вячэрскі. 13 чэрвеня 1991 года быў заслуханы справаздачны даклад камісіі, паводле якой вышэйшыя службовыя асобы БССР (Камай, Слюнькоў, Сакалоў і іншыя) абвінавачваліся ва ўтойванні праўдзівай інфармацыі пра катастрофу на ЧАЭС.
Па-трэцяе, фонд «Дзецям Чарнобыля» на чале з Генадзем Грушавым, створаны пад эгідай БНФ. У адным з інтэрв’ю лідар БНФ Зянон Пазьняк заявіў, што фронту патрэбна рэгістрацыя менавіта дзеля фонду. Фонд Грушавога рэзка пратэставаў супраць аздараўлення беларускіх дзяцей на Кубе з-за прыродных асаблівасцяў і каб «не поднимать престиж кубинской хунты». У фонду была іншая стратэгія — аздараўленне дзяцей у Еўропе. Грушавы шмат разоў заяўляў, што фонд адчувае ціск уладаў, мае праблемы з беларускімі пашпартнымі і памежнымі службамі.

Жарсці па Таразевічу

Вынікам згаданых у пачатку артыкула тэлеграмаў стаў прыезд у Беларусь Георгія Таразевіча. Гарбачоў прыехаць адмовіўся, аднак прасіў перадаць, што падзяляе боль чарнобыльцаў. Слюнькоў (гэты амаль апошні «з магікан» 26 красавіка 2019 года святкуе 90 гадоў), паведаміў, што захварэў і знаходзіцца ў бальніцы.
Дэпутаты зладзілі Таразевічу сапраўдны разнос: «Чаму не адмянілі першамайскія святы?», «Ваша прозвішча праклінаюць у зоне!» і гэтак далей. Юрый Беленькі ўвогуле заклікаў да чарнобыльскага Нюрнберга. Фактычна, адзіным, хто стаў на бок Таразевіча, быў Лукашэнка. Дэпутат успомніў стыль працы Таразевіча, калі той прыязджаў «без мигалок, ГАИ и прочей свиты». І ўвогуле, падвёў рысу Лукашэнка, «мы в восьмидесятые годы меньше пузырей пускали, а больше делали».
На ўсе закіды Таразевіч адказваў спакойна і годна. Ён катэгарычна абверг сцвярджэнне, што нібыта збег у Маскву з-за Чарнобыля.

На другі план

З цягам часу чарнобыльская праблема адышла на другі план, страціла сваю палітызаванасць. Іншыя падзеі (выступы працоўных вясной 1991 года, жнівеньскі путч, распад СССР) сталі цэнтрамі ўвагі. Аднак праца па ліквідацыі наступстваў катастрофы, хаця і марудна, але працягвалася. Матэрыялы камісіі Смаляра сведчаць, што за 1992–1994 гады ў чыстыя раёны было пераселена 130 тысяч чалавек і пабудавана 43 тысячы дамоў і кватэр.
У лютым 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі прыняў спецыяльны закон аб сацыяльнай абароне чарнобыльцаў. Гэты закон, дарэчы, «горячо приветствовал» Гарбачоў, які ўсё ж наведаў Беларусь у 1991 годзе.

Герой Чарнобыльскага шляху—96 Рыгор Фарманян, vytoki.net

У Вярхоўным Савеце Беларусі апошняга, 13 склікання, таксама працавала камісія па праблемах катастрофы на ЧАЭС пад кіраўніцтвам Віктара Хоміча. 26 студзеня 1996 года яна правяла сваё першае пасяджэнне, на якім прысутнічалі віцэ-прэм’ер Даўгалёў і міністр абароны Мальцаў. На пасяджэнні канстатавалася, што за дзесяць гадоў з дня аварыі пабудавана 58,1 тысячы жылых дамоў і кватэр, а ў 1991–1995 гадах праведзена ачыстка больш за 150 сацыяльна значных аб’ектаў і створаны адмысловы рэестр з 2 тысяч ліквідатараў.
Пасля ліквідацыі Вярхоўнага Савета чарнобыльская камісія ў Палаце прадстаўнікоў спыніла існаванне як самастойная структура. Маецца камісія па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.

Ліквідацыя ліквідатараў

Чарнобыльцы і ліквідатары аварыі лічылі, што іх льготы — назаўсёды. Аднак льготы ліквідаваў Лукашэнка. 1 верасня 1995 года спецыяльным указам ён прыпыніў дзеянне некаторых артыкулаў закона ад 22 лютага 1991 года — у прыватнасці тых, якія тычыліся набыцця льготнага жылля. Лукашэнка выкарыстаў добрую нагоду — сканчэнне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 12 склікання. Ва ўмовах новага рэжыму льготы павінны былі пайсці зусім іншым: сілавікам, чэкістам, вайскоўцам.
Адначасова была праведзена буйная праверка чарнобыльскіх пасведчанняў. Мелі месца скандалы з-за таго, што некаторыя «ліквідатары» па пасведчаннях насамрэч былі ў «зоне» толькі некалькі гадзін.
У 2007 годзе ў пацярпелых чарнобыльцаў адабралі прынцыпова важныя льготы (бясплатныя лекі і іншае), а ліквідатараў пазбавілі ўсіх льгот. Новы закон 2009 года вярнуў няшмат: манетызаваныя льготы амаль адсутнічалі.
Адначасова дзяржава пачала сцвярджаць, што чарнобыльская катастрофа амаль пераадоленая. Вакол Чарнобыля ўпарта ўзводзілася інфармацыйная блакада. Людзі, якія імкнуліся раскрыць праўду, зазнавалі ціск, як, напрыклад, Іван Нікітчанка. Некалькі гадоў у Лукашэнкаўскіх засценках правёў сусветна вядомы радыёлаг, прафесар Юрый Бандажэўскі.

Нават гэтыя маладыя хлопцы ведаюць пра смяротную небяспеку АЭС, naviny.by

І напрыканцы. Навошта Лукашэнку спатрэбілася будаўніцтва АЭС на Астравеччыне? Як ён, хаця і жорсткі, але і прагматычны палітык, мог уляпацца ў такую авантуру? Адказ можа быць такі: беларускім кіраўніком авалодалі сталінскія амбіцыі — пакінуць Беларусь калі не з ядзернай бомбай, дык з атамнай станцыяй.
Аднак зразумела: другога Чарнобылю Беларусь не перажыве.
Аляксандр Кур’яновіч

Последние новости