haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

23.08.2019 13:41

267 просмотров

0 комментариев

«У турме выдалі бушлат з надпісам «пажыцьцёвае зьняволеньне». Гісторыі падлеткаў, якіх асудзілі «за наркотыкі» і пекла бацькоў

23 гады на траіх атрымалі па 328-м «антынаркатычным» артыкуле Ягор, Слава і Андрэй. Падлеткаў абвінавачвалі ў распаўсюдзе псыхаактыўных рэчываў у складзе арганізаванай групы (частка 3 артыкула 328). Наркадылераў, якія пастаўлялі наркотыкі, не знайшлі.

«Набывалі наркотыкі ў нявызначанай асобы, у нявызначаным месцы, у нявызначаны час»

У крымінальнай справе фігуруюць 44 эпізоды «аб закладках». Зь іх 38 —з марыхуанай (разам больш за 400 грамаў). Яшчэ ў 6 закладках нібыта знаходзіўся псыхатроп «Альфа PVP». Сьледзтва сьцьвярджае, што хлопцы дзейнічалі як арганізаваная група. Дзе і ў каго яны бралі псыхаактыўныя рэчывы, сьледзтвам так і ня высьветлена. На ўсіх судах над падлеткамі гучалі стандартныя фразы: «набылі ў нявызначанай асобы ў нявызначаным месцы ў нявызначаны час».

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

23 гады на траіх. У Менску асудзілі падлеткаў за распаўсюд наркотыкаў

Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня адмыслова зьвярнуў увагу на злоўжываньні праваахоўнікаў пры расьсьледаваньні спраў па 328-м артыкуле.

«Колькасны аспэкт замест сыстэмнай барацьбы з наркагандлем, устанаўленьня каналаў паставак і распаўсюду ў краіне буйных партый наркотыкаў. Вядома, прасьцей за ўсё злавіць нейкага бамжа з наркотыкамі, а то яшчэ і падкінуць гэтыя наркотыкі непажаданым і адзначыць гэтую барацьбу. Каму гэта трэба?» — спытаў Аляксандар Лукашэнка.

Распавядаем чатыры гісторыі, калі падлеткі траплялі ў турму «за наркотыкі».

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за фальсыфікацыю наркатычных спраў

Гісторыя першая: адзіны сын, жорсткі кантроль бацькоў, але пра наркотыкі ў сямʼі не размаўлялі

«1 лістапада а 7-й раніцы апэратыўнікі ўварваліся ў нашу кватэру. Я толькі выйшла з душа, муж падумаў, што гэта рабаўнікі, нават нож схапіў. Але яны мэтанакіравана рванулі ў пакой сына. Павалілі дзіця на падлогу, заламалі рукі, паўгадзіны нікога не падпускалі, 15-гадовае дзіця ў гэты час дапытвалі без бацькоў, адваката, пэдагога, пагрозамі патрабавалі прызнаньні, што ён гандлюе наркотыкамі, патрабавалі пін-код тэлефона, гвалтам прымушалі нагаворваць на сябе», — распавядае маці Ягора С. Марына Станіславаўна.

На момант арышту хлопцу было 15 гадоў. Ён вучыўся на першым курсе менскага каледжа прадпрымальніцтва, куды паступіў пасьля 9 клясы СШ № 101. Адзінае дзіця ў бацькоў. Пасьля заканчэньня каледжу марыў працягваць вучобу ў Польшчы.

Марына кажа, што гаварылі з сынам нават пра групу «Сіні кіт», пра што заўгодна, але не пра наркотыкі.

«Я ў страшным сьне не магла такога ўявіць. Ягор быў ня проста заўсёды ў полі зроку — я яго вельмі моцна кантралявала ва ўсім, ён вяртаўся дадому а 9-й вечара, максымум у выходны — а 10-й вечара. 5 разоў на дзень мы стэлефаноўваліся».

Жанчына сьцьвярджае, што ні саміх наркотыкаў, ні рэчаў, зьвязаных з наркотыкамі, у іхнай кватэры не знайшлі. Кажа, што ведае ўсіх сяброў сына, мае іх тэлефоны. Пра існаваньне так званых «саўдзельнікаў» Вячаслава Л. і Андрэя С. яна даведалася толькі падчас сьледзтва.

«Больш за 9 месяцаў мы ў пекле. На роўным месцы намалявалі такія жудасныя карціны — арганізаваная злачынная група зь дзяцей! Я пісала скаргі ў Сьледчы камітэт і пракуратуру, каб завялі крымінальныя справы ў адносінах да нявызначаных асобаў. Атрымала адмову. Ніхто не зьбіраецца шукаць гэтых наркадылераў. Мы пасадзім дзяцей, а нявызначаныя асобы будуць даваць гэтую дрэнь, вэрбаваць дзяцей — няхай далей іх садзяць. Напрошваецца пытаньне — хто ж гэтыя нявызначаныя асобы?» — абураецца Марына.

«Пра карысьлівыя пабуджэньні — гэта лухта»

Зачытваючы прысуд, судзьдзя Анжаліка Казлова некалькі разоў казала, што хлопцы «дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы», «з карысьлівых пабуджэньняў». Марына гэта абвяргае. Кажа, што грошай у сямʼі хапае, у сына быў дарагі тэлефон, часта езьдзілі ў адпачынкі за мяжу.

Яна не хавае: калі адзінага сына арыштавалі, была ў такім адчаі, што не хацелася жыць. Кажа, што ў галаве не ўкладаецца, як такое магло здарыцца.

Для мяне цяпер сэнс існаваньня — дастаць маё дзіця адтуль, выцягнуць. Няма нічога важнейшага. У мяне аднялі самае дарагое... Натуральна, прысуд будзем абскарджваць. Мяне вельмі абурыла, што калі я зайшла да судзьдзі Казловай і папрасіла копію прысуду, тая адмовіла, нібыта копія «паложана» толькі асуджанаму і адвакату. Але ж дзіця непаўналетняе, я законны прадстаўнік! Гэта «бязьмежжа». Такое ўражаньне, што гэта не дзяржаўны суд, а «ІП Казлова»«.

Марына зьбіраецца ісьці на прыём да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, хоча дагрукацца да самога Лукашэнкі.

«Зараз судзяць стаўпецкага забойцу, які зарэзаў двух чалавек, і яму сьвеціць таксама 8–10 гадоў. А тут 10 гадоў пры тым, што ўсе доказы здабытыя з парушэньнямі! Так губіць жыцьці дзяцей!» — абураецца маці.

Гісторыя другая, вельмі падобная да першай. Прыстойная сямʼя, хатняе дзіця

«Я прыйшла ў школу на апошні званок, падручнікі адносіць. Глядзела на прыгожых дзяўчат, хлопцаў, на апошні вальс у школьным двары. І калі мне клясная кіраўніца званочак аддала для Славы, што першакляшкі дарылі выпускнікам, стаю і раву...» — таксама са сьлязьмі распавядае Сьвятлана, маці Вячаслава Л.

Вячаславу на момант затрыманьня было 16 гадоў, ён вучыўся ў 11-й клясе сталічнай школы № 67. Жыве разам з маці, татам і бабуляй. Старэйшая сястра дарослая, жыве асобна ад бацькоў.

«Сын — звычайны актыўны падлетак: катаўся на скейце, выкрунтасы ўсялякія вырабляў. Ганяў на ровары — як усе. У дзяцінстве займаўся самба. У 12 гадоў яго нават на чэмпіянат у Маскву запрасілі, але я не дазволіла, пабаялася яго адпускаць — ён хатняе дзіця. Займаўся пэўны час барацьбой, а потым кажа: „Я для сваёй самаабароны ўжо навучыўся самба, адзінаборствы — гэта не маё! Пайду ў камандны спорт“. І пайшоў займацца баскетболам», — распавядаюць бацькі пра захапленьні Славы.

Маці Сьвятлана кажа, што ў яе з сынам былі вельмі даверлівыя адносіны.

«Слава мне ўсё распавядаў, я ніколі да яго ў кішэні ня лазіла, не заглядвала ў тэлефон. Мне было сорамна. Я паважаю сваё дзіця. А з бацькам яны наагул лепшыя сябры. Мы ніколі не чырванелі за яго — ні ў дзіцячым садку, ні перад суседзямі, ні ў школе. Клясная кіраўніца жартавала: „Ён разумнік, на ўроках сядзіць ціхенька, як мыш, уважліва слухае, каб дома менш рабіць“.

Такі дамашні хлопец, заўсёды за мамінай сьпінай. Ня ўмеў гузік прышыць. А цяпер сам у СІЗА мые свае шкарпэткі і майткі. Навучыўся», — плача Сьвятлана.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КДБ, Савет бясьпекі ці Натальля Качанава? Хто расказаў Лукашэнку пра парушэньні ў праваахоўных органах

«Мог набыць наркотык, нават мог пакурыць. Але якая злачынная арганізаваная група зь дзяцей?»

У кватэру, дзе Слава жыў з бацькамі, раніцай прыйшла група ў цывільным, адразу пайшлі да хлопца і запатрабавалі мабільны тэлефон. Сьвятлана кажа, правоў яму не патлумачылі, запалохвалі, дапытвалі без адваката і бацькоў. Нібыта ў ліфтавой падʼезда знайшлі нейкі скрутак, прымушалі, каб сын прызнаўся, што гэта яго. Закладкі забіралі па каардынатах нібыта з тэлефона сына, але без панятых. Як законная прадстаўніца непаўналетняга, у апошнім слове Сьвятлана скажа, што дапускае: мог адзін раз паспытаць наркотык.

«Ну, аступіўся адзін раз, мог купіць псыхатроп, нават мог пакурыць. Але якая злачынная арганізаваная група зь дзяцей? Пракурор просіць 12 гадоў для непаўналетніх — гэта жах. У ніводнай краіне сьвету няма такіх пакараньняў», — перакананая маці.

Ніякіх лішніх грошай у сына не было, нічога ён не зарабляў, сьцьвярджае Сьвятлана.

«Летась на дзень народзінаў уся радня разам на тэлефон назьбірала, бабулі, хросныя падаравалі грошы, ён купіў „бэушны“ тэлефон, ня новы. Калі яму штосьці было патрэбна, зьбіраў грошы. Часам прасіў у мяне: „Мамуль, дакінь капеечку“»...

Пра Ягора С., зь якім сын быццам бы быў «у арганізаванай злачыннай групе», Сьвятлана даведалася толькі падчас сьледчых дзеяньняў. А вось трэці фігурант справы Андрэй С. вучыўся са Славам Л. у адной клясе. Сьвятлана кажа, што ў Андрэя праблемная сямʼя — чула пра гэта на бацькоўскіх сходах. Аднак сьцьвярджае, што яе сын блізка не сябраваў з Андрэем.

Цяпер уся сямʼя ў даўгах. Сьвятлана кажа, што 250 рублёў каштуюць паслугі адваката за кожнае судовае паседжаньне, а іх было 11. Гэта толькі суды, ня лічачы сьледчых дзеяньняў, паездак адваката ў турму.

Гісторыя трэцяя, дзе пасьля разводу бацькоў усё пайшло інакш

У адрозьненьне ад Ягора і Славы, якія выхоўваліся ў поўных семʼях, Андрэю С. пашанцавала менш.

Бацька Аляксандар сышоў зь сямʼі больш як 10 год таму, маці засталася з двума малымі сынамі. Старэйшаму, Андрэю, цяпер 18, малодшаму —13 гадоў. Сама маці мае групу інваліднасьці. Жывуць усе разам зь дзядулем Міхаілам. На судовыя паседжаньні падтрымаць Андрэя прыходзілі бацька і дзед.

«Да пятага клясу ўнук вучыўся добра, а потым, як пачаліся праблемы ў сямʼі, бацькі разьвяліся, усё пайшло інакш», — казаў на судзе ягоны дзядуля Міхаіл. Ён прызнаў, што ў іхнай кватэры міліцыянты знайшлі вагу і шкляначку, «здаецца, з марыхуанай».

У сярэдняй школе № 67, дзе вучыліся Андрэй і Слава, неахвотна гавораць пра былых навучэнцаў.

На ўмовах ананімнасьці адна з настаўніц распавяла, што ўсе былі шакаваныя затрыманьнем Вячаслава, да якога наагул не было ніякіх прэтэнзій, бо хлопец добра вучыўся, выхоўваўся ў нармальнай сямʼі. А вось што да Андрэя, настаўнікі спадзяваліся, што ён сыдзе пасьля 9-й клясы.

«Кожны бацькоўскі сход пачынаўся з Андрэя. Ён у старэйшых клясах не хацеў вучыцца наагул. Думалі, што сыдзе пасьля 9 клясы. Зь цяжкасьцю скончыў 10-ю клясу, у 11-й пару разоў прыйшоў у школу. А на судзе прызнаўся, што займаўся закладкамі, школа яму ўжо не была патрэбная», — сказала настаўніца.

«Турма — гэта строгая бацькоўская любоў»

Бацька Андрэя Аляксандар на бацькоўскія сходы хадзіў рэгулярна. Пра сямʼю і сына з журналістамі гаварыць адмовіўся. Падчас судовых слуханьняў казаў, што старэйшы сын Андрэй прасіўся жыць зь ім, бо дома часам галадаў.

«Я не праяўляў да яго ўсёй строгасьці для фармаваньня ягонай асобы. Шкада. І, на жаль, гэтую функцыю строгасьці майму сыну давядзецца адчуць у месцах пазбаўленьня волі. Турма — гэта строгая бацькоўская любоў. Я зьмірыўся з думкай, што мой сын будзе знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі», — па паперы чытаў бацька ў судзе.

Андрэй — адзіны, хто прызнаў сваю віну цалкам, супрацоўнічаў са сьледзтвам. За чыстасардэчнае прызнаньне і раскаяньне яму і пакараньне прызначылі на 1 год меншае, чым Ягору і Вячаславу, — з улікам амністыі далі 7 гадоў.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Гісторыя чацьвёртая — са шчасьлівым фіналам

Падтрымаць хлопцаў у судзе прыйшоў непаўналетні Юліян. Ён два з паловай месяцы ўтрымліваўся ў Жодзіне, сядзеў у адной камэры зь Вячаславам Л.

Увесну ў суд Заводзкага раёну Менску справа Юліяна была накіраваная з абвінавачаньнем па частцы 3 артыкула 328. Пакараньне па ёй — ад 8 да 15 гадоў. Аднак нечакана Юліяна апраўдалі, ён нават пасьпеў здаць выпускныя іспыты ў школе. Хлопец дзякуе за гэта маці, якая напісала дзясяткі скаргаў, зваротаў.

Юліян кажа, што найлепшай прафіляктыкай для падлеткаў можа стаць проста экскурсія «на зону». А тым, каго ўжо затрымалі і хто пасядзеў у Жодзінскай турме, гэтага хопіць напоўніцу.

«Умовы ў Жодзіне былі жудасныя. У сьпякоту непаўналетнія ходзяць у сынтэтычных робах. Дзеці яшчэ не асуджаныя, але іх ужо апранулі ў робы! Бушлат, які мне выдалі для прагулак на вуліцу, быў у палоску і з надпісам „пажыцьцёвае зьняволеньне“. Узгадваю пра адседку, як пра страшны сон!», — кажа Юліян.

На ўсе судовыя паседжаньні прыходзілі і «групы падтрымкі» — сябры ўсіх трох фігурантаў справы. Журналістам казалі, што ня вераць, што хлопцы былі «закладчыкамі». Але некаторыя прызнаваліся, што самі паспыталі марыхуану.

«Ды шмат дзе марыхуана легалізаваная, а тут пракурор папрасіў для дзяцей па 12 гадоў! Гэта жах. Трэба звальваць з гэтай краіны. Вось зараблю грошай і зьеду!» — эмацыйна адказваў журналісту адзін з прысутных на судзе.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як у Беларусі змагаліся з наркотыкамі і што з гэтага атрымалася. Храналёгія

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Здрада радзіме — 15 гадоў турмы, касяк марыхуаны — 14», — як прайшоў мітынг «Маці-328» у Менску. ФОТА

https://www.svaboda.org

Последние новости