haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

27.08.2019 08:33

141 просмотр

0 комментариев

Лукашэнка склікае нараду пра адукацыю. Але гэтыя меркаваньні ён наўрад ці пачуе

Аляксандар Лукашэнка хоча склікаць нараду па адукацыі і вызначыць, ці варта замяняць ЦТ вусным экзамэнам. Запрасіць ён зьбіраецца розных сьпікераў, бо «павінна быць альтэрнатыва». Мы паразмаўлялі з экспэртамі, якія найбольш актыўна выказваюцца аб праблемах адукацыі.

Аляксандар Лукашэнка зноў выказаўся пра паступленьне ў ВНУ. На ягоную думку, «сыстэму трэба ўдасканальваць».

«Больш за ўсё мяне хвалюе тое, што абітурыент, які марыць заўтра стаць студэнтам, не здае экзамэны твар у твар з экзамэнатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных устаноў», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ён анансаваў вялікую нараду па адукацыі пасьля парлямэнцкіх выбараў, а «каб не памыліцца», выказаў жаданьне пачуць «альтэрнатыўную думку».

Што б сказалі альтэрнатыўныя сьпікеры, калі б Лукашэнка іх запрасіў?

«Адмена ЦТ верне карупцыю»

Аляксандар Луцэвіч, рэпэтытар па грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі

Рэпэтытар​ Аляксандар Луцэвіч на такую нараду б пайшоў, калі б запрасілі. І сказаў бы, што ЦТ адмяняць нельга ні ў якім разе.

«Можа, спадзяюцца, што пасьля адмены ЦТ ня будзе працы ў рэпэтытараў? Але гэта не дапаможа. Праца будзе і без ЦТ. Рэпэтытараў варта паклікаць, а я б сказаў, што ЦТ вырашыла праблему роўнасьці, за што і выступае прэзыдэнт. Гэты экзамэн уроўнівае. Калі ЦТ ня будзе, вернуцца кумаўство, сувязі і карупцыя», — кажа Аляксандар Луцэвіч.

«Патрэбны адзіны дзяржаўны экзамэн»

Яўген Лівянт, стваральнік рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў»

Стваральнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт ня толькі пасьпяхова рыхтуе абітурыентаў да ЦТ па фізыцы і матэматыцы, але і шмат гадоў уголас гаворыць аб праблемах у сфэры адукацыі. Магчымую размову пра адукацыю ён называе «цяжкай», але вельмі патрэбнай.

«Я б сказаў на нарадзе ня толькі пра тэставаньне, гэта быў бы толькі адзін з пунктаў — гэта не галоўная праблема нашай сыстэмы адукацыі. Размаўляць трэба, і гэта правільна, гэта відавочна. Але ў мяне ёсьць скепсіс, бо гаворка пра такую нараду ідзе гадоў 5. Гэта пачыналася яшчэ пры віцэ-прэм’еру Тозіку», — кажа Яўген Лівянт.

Што да тэставаньня, то Яўген Лівянт прапануе зрабіць адзіны дзяржаўны экзамэн па прыкладзе Расеі ці Польшчы, дзе на тэстах няма варыянтаў адказаў.

«Будуць месцы, куды немагчыма паступіць»

Яўгенія Пастарнак, пісьменьніца, маці

Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак пайшла б на такі сход, каб прадставіць бок бацькоў. Яна вяла перапіску зь Мінадукацыі і хадзіла да чыноўнікаў на сустрэчы, калі гімназіі прыраўнялі да школ. Адна яе дачка ўжо скончыла школу, другая вучыцца ў 9-й клясе.

«Ёсьць прэстыжныя спэцыяльнасьці, куды пры адмене тэставаньня немагчыма будзе трапіць. Цяпер туды разумныя дзеці могуць паступіць. А пры адмене ЦТ гэтыя месцы разыдуцца сярод сваіх», — кажа Яўгенія.

«Гэтая нарада будзе дэкаратыўнай»

Ганна Севярынец, настаўніца расейскай мовы і літаратуры Смалявіцкай гімназіі

Настаўніца Ганна Севярынец на нараду да Лукашэнкі б не пайшла. Бо ня верыць, што тая магла б нешта зьмяніць. Што да формы іспытаў, то Ганна прапануе, каб па некаторых прадметах, апрача тэставаньня, быў яшчэ і вусны экзамэн.

«З 2014 па 2018 год тэставаньне было больш-менш ідэальнай формай праверкі ведаў. Я думаю, што патрэбныя карэкціроўкі па гісторыі, грамадазнаўстве. Але па мовах, дакладных навуках — у мяне ёсьць адчуваньне, што гэта была ідэальная сыстэма. Удасканальваць яе — толькі псаваць, што і адбылося ў 2019 годзе», — кажа Ганна Севярынец.

У 2019 годзе на ЦТ памянялі сыстэму падліку балаў, у сувязі з гэтым вынікі аказаліся значна лепшыя, чым год таму. Некаторыя экспэрты называюць новую сыстэму падліку несправядлівай.

«Трэба павялічыць фінансавую падтрымку вясковых школ»

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

Дэпутатка Алена Анісім на нарадзе гаварыла б пра фінансавую падтрымку школ, беларускую мову на ўроках і пра ўзаемаадносіны вучняў і настаўнікаў.

«Шмат школаў у маёй акрузе вымушаныя шмат сродкаў шукаць, каб падрыхтаваць школы да навучальнага году. Бо на ўсё там грошай не хапае. Дзесьці трэба рамантаваць падлогу, дзесьці мяняць дах. Бо ўсё ж пачынаецца з гэтага», — кажа Алена Анісім.

Тэставаньне дэпутатка прапануе пакінуць, але ў некаторых ВНУ дадаць вусную гутарку.

Падкасты Свабоды
Тэлеграм Свабоды
Інстаграм Свабоды
/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка расказаў, як адзяваць дзяцей у школу: аднолькава, але не зусім

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зьехаць за мяжу лічылася вялікім зашкварам». Гісторыя беларускі, якая вучылася і выкладала на трох кантынэнтах

МА

https://www.svaboda.org

Последние новости