haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

29.09.2019 12:31

191 просмотр

0 комментариев

Больш за 2 тысячы чалавек у чарзе. У Менску адчынілі краму «H&M»

Крама раздавала сертыфікаты, торбы з нататнікамі, вадой і печывам, а таксама забаўляла наведвальнікаў танцамі ад прадаўцоў.

Крама вядомага шведскага брэнду «H&M» адчынілася ў Менску сёння, 28 верасня. За два дні да гэтага брэнд зладзіў VIP-вечарыну для розных вядомых людзей, блогераў, журналістаў. А праз два дні крама адчынілася для ўсіх астатніх.

Перад адкрыццём крамы «H&M» у Менску. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што праўда, не абышлося без ажыятажу. Бо напярэдадні ў сацыяльных сетках «H&M» распаўсюдзіў інфармацыю, што першыя тры наведвальнікі атрымаюць грашовыя сертыфікаты на 300, 250 і 200 рублёў, а першыя тысяча наведвальнікаў — сертыфікаты па 30 рублёў.

Перад адкрыццём крамы «H&M» у Менску. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Яшчэ за содні да адкрыцця крамы гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk» зрабіў здымак трох маладых людзей, якія прыйшлі першымі і занялі чаргу. Яны, дарэчы, і сталі потым уладальнікамі трох буйных сертыфікатаў.

Той самы Максім (злева), які прыйшоў за содні да адкрыцця крамы. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адміністрацыя ГЦ пра хлопцаў паклапацілася: дазволіла ім застацца на ноч у холе, пакінула ацяпленне, а крама прыносіла ежу, ваду і пледы. Таксама ўсю ноч працавала прыбіральня і крама «Еўраопт». Карацей, амаль камфортныя ўмовы — толькі б не заснуць у чарзе.

Перад адкрыццём крамы «H&M» у Менску. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хлопцы, дарэчы, былі не адзіныя, хто заночыў каля крамы. Насця, Стас і Дзіма прыйшлі а 19:00 у пятніцу і хацелі быць першымі. Але не сталі.

Маладзёны прыйшлі ў пятніцу а 19:00 і сталі 5-ыя, 6-ыя, 7-ыя ў чарзе. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як распавялі маладзёны Belsat.eu, яны ўсю ноч забаўляліся тым, што будавалі з бутэлек ад вады домікі. Нават думалі сысці раніцай дамоў, бо маглі атрымаць толькі сертыфікаты на 30 рублёў. Але з-за прагі да прыгодаў засталіся. Дарэчы, пасля адкрыцця крамы яны паехалі ва ўніверсітэт на пары.

«Субота! Не бы паспаць»

Перад адкрыццём для ўсіх прысутных выступіла спявачка Зена. Пад ейныя песні танчылі як будучыя наведвальнікі, гэтак і супрацоўнікі крамы.

Спявачка Зена. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сярэдні ўзрост тых, хто стаяў у чарзе, быў прыкладна 16-21 год. Але былі там і тыя, каму за 40, і пенсіянеры!

— Прыйшла паглядзець, пацікавіцца, што тут і да чаго. Можа, потым і надалей буду гэтую краму наведваць. Мы ж пенсіянеры, нам трэба што танней, — кажа спадарыня Вера. Кошты яна не ведае, але анансаваныя 40 рублёў за швэдар ёй падаюцца «непасільнымі». Пра сетку «H&M» Вера з мужам не чулі, а пра адкрыццё крамы даведаліся праз сарафаннае радыё.

Спадарыня Вера з мужам. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Яшчэ адна жанчына, Вольга, кажа, што прыйшла на адкрыццё дзеля сертыфікату. У чарзе яна стаіць з дачкой, таму «аб’яднаўшы намаганні, штосьці мо і купім».

Некаторыя мінакі, якія праходзілі ўздоўж чаргі, што стаяла на вуліцы, казалі: «Субота! Не бы паспаць».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Перад самым адкрыццём крамы ў чарзе стаяла ўжо больш за 2 тысячы чалавек. Падлічыць гэта было проста: крама раздавала кожнаму наведвальніку торбы з фірмовым нататнікам, вадой і печывам. І торбаў такіх было раздадзена 2 тысячы! За прыкладна гадзіну да адкрыцця чарга ўжо добра высунулася на вуліцу.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

— Я прыйшла ў «Pandora», але думаю: дай і ў гэтую краму зайду. Хвілін 10 у чарзе гатовая пастаяць. Пра сертыфікаты я не чула, — кажа жанчына, якая стала ў канец чаргі за 20 хвілінаў да адкрыцця.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пенсіянерка Ларыса, якая таксама стаіць у чарзе ў «H&M», сказала, што часта бывае ў Швецыі і вельмі любіць гэтую марку. Паводле яе, кошты тут, хутчэй за ўсё, прыстойныя, «як у Польшчы дакладна».

— Буду ў менскую краму хадзіць — асабліва за дзіцячай вопраткай, — кажа Ларыса.

Пенсіянерка Ларыса кажа, што ў менскую краму будзе хадзіць. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Не спаў двое содняў, а грошы патрачу на дзяцёнка»

Максім, які заняў першым чаргу і атрымаў сертыфікат на 300 рублёў, прыйшоў у краму ў куртцы ад «H&M».

— Набыў яе ўчора, у сэкандзе, — распавёў Максім Belsat.eu. — Сёння я нічога не набыў. Усе грошы пойдуць на рэчы для дзяцёнка — у мяне ёсць дачка, якой 7 год. Яна мне маральна дапамагла адстаяць гэтую чаргу.

Хлопец, які прыйшоў у краму першым, атрымаў сертыфікат на 300 рублёў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Максім прыйшоў абсалютна выпадкова. З працы (хлопец працуе ў гандлёвым цэнтры ахоўнікам) хацеў заехаць на дабрачынную барахолку ў «Калі ласку», але вырашыў зазірнуць у «Галерэю».

— Я думаў, што чарга ёсць. Таму і не рыхтаваўся, не ўзяў з сабой анічога, нават зарадкі для тэлефона. У мяне быў выбар: сыходзіць ці заставацца і быць першым. Я абраў быць першым, — кажа малады чалавек.

Чарга за паўгадзіны да адкрыцця крамы. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Максім не спаў двое содняў і таму ноч памятае ўрыўкамі. Яго выпускалі падыхаць паветрам, папаліць, далі пледы.

Пасля таго, як атрымаў сертыфікат, Максім пайшоў дамоў спаць.

Другое месца і сертыфікат на 250 рублёў атрымаў Арцём. Ён кажа, што фанат «H&M». Прыйшоў днём у пятніцу ў ГЦ, пазнаёміўся з Максімам і вырашыў да яго далучыцца.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Чаргу можна было пакінуць на 20 хвілінаў

Тыя, хто стаяў у чарзе, маглі пакінуць яе на 20 хвілінаў — каб схадзіць у прыбіральню, па ежу ці каву. Для гэтага ахоўнікі раздавалі спецыяльныя карткі. Агулам тыя, хто паўдзельнічаў у акцыі, кажуць, што ўсё было арганізавана на ўзроўні — не было даўкі, людзі абсалютна спакойна стаялі, а потым гэтак жа спакойна заходзілі па чарзе ў краму.

Людзі кажуць, што арганізацыя была ідэальная. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Першая тысяча чалавек атрымала карткі-сертыфікаты на 30 рублёў тэрмінам на 3 гады. То бок сёння яны маглі зрабіць пакупку на 12 рублёў, і яшчэ 18 рублёў застануцца на картцы.

Таксама крама распачынае дабрачынны праект: кожны дзень можна прыносіць старыя рэчы, пакідаць іх у краме і атрымліваць за гэта зніжку 15 %.

Ксенія Тарасевіч, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Последние новости