haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

05.10.2019 12:21

195 просмотров

0 комментариев

Пачаўся перапіс насельніцтва. Чым ён адрозьніваецца ад папярэдніх?

Цягам 4–30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва пад лёзунгам «Погляд на рэчаіснасьць — крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму.

Пра што будуць пытацца

Усяго пытаньняў 49. Спытаюць, сярод іншага, пра тое, дзе вы нарадзіліся, колькі жылі за мяжой і ці зьбіраецеся выяжджаць зь Беларусі. Пацікавяцца нацыянальнасьцю, роднай мовай, адукацыяй, якая ў вас сямʼя і праца. Зададуць пытаньні пра вашае фінансавае становішча, жыльлёвыя ўмовы.

Ёсьць тры спосабы паўдзельнічаць у перапісе:

  1. Самастойна запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт.
  2. На стацыянарных участках.
  3. Дома падчас вуснага апытаньня перапісчыкаў.

Свабода высьвятляла, ці ёсьць прынцыповая розьніца паміж сёлетнім перапісам і аналягічным маніторынгам 2009 году.

Каго будуць перапісваць

  1. Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь
  2. Замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.
  3. Грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасьці не перавышае аднаго году).
/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш як год ня быў у Беларусі? Значыць, ня ўдзельнічаеш у перапісе

Што спытаюць пра мову

Моўны разьдзел перапісу-2019 зьмяшчае два пытаньні:

  • ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве);
  • мова, на якой вы размаўляеце дома.

І варыянты адказаў: беларуская, расейская, польская, украінская або нейкая іншая.

У параўнаньні з апытаньнем 10-гадовай даўнасьці, выкрасьлены трэці пункт: іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце. Выявілася, што адказы ніяк не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў.

Згодна з вынікамі папярэдняй кампаніі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці). Беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі 23%. У часе перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.

Моўныя рупліўцы заклікалі суайчыньнікаў пазначаць беларускую як родную мову, засвоеную першай у раньнім дзяцінстве, і тую, на якой размаўляеце дома. Зрэшты, гэта выклікала хвалю крытыкі з боку тых, хто супраць «падтасоўваньня рэальных фактаў дзеля патрэбнай статыстыкі».

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якая мова беларусу родная, або Ці магчыма «падмануць» перапіс?

Культуроляг Сяргей Харэўскі зьвяртае ўвагу, што арганізатары перапісу, арганізаванага за грошы Ўсясьветнага банку (амаль 2 мільёны даляраў), першымі парушаюць моўную раўнавагу.

«На шчасьце, нікому з маёй сямʼі не давядзецца крывіць душой, адказваючы на балючыя для некаторых пытаньні. Але чаму Белстат сваю дзейнасьць вядзе выключна на адной, не маёй, мове? Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў, у выніку надсаднай, бязьлітаснай русыфікацыі з 73% да 53% зьнізілася доля людзей, чыя родная мова была беларускай, з 37% да 23% стала менш беларускамоўных. І гэта ўсё адно блізу 2 мільёнаў, якіх для ўлады не існуе! Таму і вынікі іхных перапісаў мяне хвалююць мала: я ёсьць і, дзякуй Богу, не самотны. А пра гэта мы і так ведаем...»

«Гномы, эльфы, гобліны ды іншыя нацыянальнасьці». Хто гэта?

Першая інфармацыя пра колькасьць насельніцтва Беларусі будзе агучаная ў лютым 2020 году. Разгорнутыя зьвесткі пра сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі, у тым ліку фактычнае беспрацоўе, — у ліпені 2020-га. Найбольш працаёмістай будзе частка, якая тычыцца дзейнасьці насельніцтва ў сфэры сельскай гаспадаркі — яе прэзэнтуюць аж у ліпені 2021 году.

Кіраўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэту кажа, што з улікам папярэдніх кампаній сёлета будуць ігнаравацца «некарэктныя адказы». Перапісчыкі ня ведаюць, што рабіць з «гномамі», «эльфамі» ды іншымі «гоблінамі», якіх ці то жартам, ці то ўсурʼёз пазначалі ў ранейшых перапісах. Усіх нявызначаных запішуць у «іншыя нацыянальнасьці».

Ня будуць сёлета пытацца пра рэлігійную прыналежнасьць. Аргумэнтуецца гэты тым, што такія зьвесткі носяць асабісты характар і могуць зачапіць пачуцьці вернікаў.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Самая бедная вобласьць Беларусі — Магілёўская, — дасьледаваньне

Затое спытаюцца, чаму вы выехалі на працу ў іншую вобласьць або краіну.

Упершыню ў жанчын пацікавяцца адносна жаданьня завесьці дзяцей. Мужчыны таксама будуць мець магчымасьць адказаць, але іх меркаваньне выслухаюць вусна.

Ёсьць пытаньні, на якія так і адразу і не адкажаш, напрыклад:

  • «Ці знаходзіліся часова ў дадзенай домагаспадарцы ў ноч на 4 кастрычніка 2019 году рэспандэнты, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь?»
  • «Ваш сямейны стан (для асоб ва ўзросьце 15 гадоў і старэйшых (...) 3) знаходжуся ў незарэгістраваных адносінах».
  • «Па якой прычыне вы плянуеце выехаць з Рэспублікі Беларусь?»

Рабіліся прагнозы, што па выніках перапісу можа быць скарэктаваны адміністрацыйны падзел Беларусі. У той час як Менск за справаздачнае дзесяцігодзьдзе прырос на 200 тысяч чалавек, у некаторых раёнах жыхароў не набярэцца і 10 тысяч. Паколькі ўтрымліваць адміністрацыю ў такіх цэнтрах ужо немэтазгодна, зьявіліся ідэі «аптымізаваць» тэрыторыю і насельніцтва, за якія яна адказвае.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

16 раёнаў Беларусі, дзе Лукашэнка ні разу ня быў за 25 гадоў улады

Кусты на лецішчы і сьвіньні ў хляве. Навошта іх лічыць?

Праграму чарговага перапісу зацьвердзіў Савет Міністраў Беларусі. Вось асноўныя пункты, якія цікавяць дзяржаву.

Дэмаграфія

  • Прозьвішча, імя, ідэнтыфікацыйны нумар,
  • дата і месца нараджэньня,
  • колькасьць поўных гадоў,
  • пол,
  • роднасныя ці іншыя адносіны з асобай, пазначанай як першая ў хатняй гаспадарцы,
  • знаходжаньне ў шлюбе.

Міграцыя

  • Бесьперапыннасьць пражываньня ў населеным пункце;
  • папярэдняе месца жыхарства;
  • пражываньне цягам году і больш бесьперапынна ў іншай краіне;
  • краіна, зь якой рэспандэнт прыбыў у Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства;
  • пэрыяд прыбыцьця;
  • прычына прыезду;
  • намер і прычына, па якой плянуецца выехаць зь Беларусі;
  • тэрмін, на які плянуецца выехаць.

Нацыянальнасьць

  • Грамадзянства,
  • нацыянальнасьць,
  • родная мова,
  • мова, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома.
/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чапскі і Радзівіл — беларусы. Унікальныя зьвесткі перапісу 1916 году + ВІДЭА

Адукацыя

  • Узровень адукацыі, наяўнасьць вучонай ступені;
  • уменьне чытаць і пісаць;
  • атрыманьне асноўнай адукацыі;
  • атрыманьне дадатковай адукацыі;
  • наведваньне дзіцем установы дашкольнай адукацыі.

Прыбыткі

  • Занятасьць асобаў ад 15 да 74 гадоў;
  • асноўная праца ў апошні тыдзень да пачатку перапісу;
  • месца знаходжаньня працы;
  • прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства;
  • пэрыядычнасьць выезду на тэрыторыю іншай дзяржавы і статус занятасьці;
  • пошук працы рэспандэнтам на працягу апошняга месяца да пачатку перапісу, гатоўнасьць прыступіць да яе ў бліжэйшыя 2 тыдні;
  • прычына адмовы ад пошуку працы.
/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дапамога беспрацоўным у Беларусі перавышае 30 рублёў толькі ў двух рэгіёнах. І гэта ня Менск

Дзеці

  • Колькасьць народжаных дзяцей;
  • плянаваньне нараджэньня новых дзяцей.

Жыльлё

  • Месца жыхарства;
  • колькасьць домагаспадарак, іх склад; тып памяшканьня, якое выкарыстоўваецца для пражываньня;
  • памер агульнай плошчы жылога дома або кватэры;
  • наяўныя віды добраўпарадкаваньня ў памяшканьні;
  • уласьнік памяшканьня;
  • колькасьць жылых пакояў, якія займае домагаспадарка;
  • часовае пражываньне чальцоў хатніх гаспадарак, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, на дату перапісваньня.

Сельская гаспадарка

  • Наяўнасьць ва ўласнасьці або валоданьні зямельных участкаў у 2019 годзе з указаньнем іх колькасьці;
  • характарыстыка зямельных участкаў і мэты іх выкарыстаньня;
  • наяўнасьць на зямельных участках пладова-ягадных насаджэньняў і кустоў на 1 кастрычніка гэтага году;
  • плошча пладова-ягадных насаджэньняў у пладаносным узросьце па відах;
  • наяўнасьць у гаспадарцы пчоласемʼяў, жывёлы і птушкі па відах.

Пэрсанальныя дадзеныя зьбяруць у беларусаў, а таксама ў іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі.

Ігар Карней, РС

Последние новости