haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

28.11.2019 15:36

213 просмотров

0 комментариев

Чаму беларускія мужчыны заўчасна старэюць і паміраюць? Тлумачыць прафэсар герантоляг

Чаму многія беларускія мужчыны заўчасна старэюць? Чаму эйджызм (дыскрымінацыя паводле ўзросту) можна разглядаць нароўні з ксэнафобіяй, гамафобіяй? Чаму ў сучасным сьвеце клімакс — гэта лесьвіца, па якой не спускаюцца ўніз, а ўздымаюцца ўгару? Чаму страта пяці і болей зубоў можа прывесьці да заўчаснай сьмерці? Пра тое, як жыць камфортна ў любым узросьце, расказвае доктар мэдычных навук, герантоляг Кірыл Прашчаеў.

Кірыл Прашчаеў, 46 гадоў. Беларускамоўны доктар. Скончыў з чырвоным дыплёмам Віцебскі мэдычны інстытут. Працаваў у шпіталях Наваполацку, Полацку, Віцебску. Дырэктар расейска-беларускага Навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія», які заснаваў разам з прафэсарам Андрэем Ільніцкім. Прафэсар катэдры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай мэдыцыны сталага веку Інстытуту павышэньня кваліфікацыі Фэдэральнага мэдыка-біялягічнага агенцтва Расеі. Першы намесьнік старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталягічнага грамадзкага аб’яднаньня. Першы беларускі навуковец, якія атрымаў навуковую ступень доктара мэдычных навук па спэцыяльнасьці «геранталёгія і герыятрыя». Аўтар дзясяткаў навуковых працаў па геранталёгіі.

Сьцісла

  • У Беларусі сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын на 10–11 гадоў меншая за жанчын, тады як сярэдні паказчык ААН — розьніца 5 гадоў паміж сярэдняй працягласьцю жыцьця мужчын і жанчын.
  • Паводле дасьледаваньняў, страта пяці і болей зубоў вядзе да заўчаснай сьмерці. Карэкцыя страчаных зубоў, рэгулярныя візыты да дантыста — унёсак у доўгажыхарства.
  • Клімакс на грэцкай мове — лесьвіца. У старажытнасьці лічылася, што жанчына спускаецца па гэтай лесьвіцы ў жыцьці. Цяпер мы кажам, што трэба лесьвіцу перавярнуць, што жанчына ўзыходзіць па ёй да новай прыгажосьці і магчымасьцяў.
  • Акадэмік Давыдоўскі казаў, што ў кожнага чалавека павінен быць свой рак, але ня кожны чалавек дажывае да свайго раку.
  • Беларусь знаходзіцца ў такім патрыярхальным стане, калі ўзрост мае вялікае значэньне.

Да 44 гадоў — маладосьць

Кірыл Прашчаеў

— Як мяняюцца ўяўленьні пра ўзрост у Беларусі і сьвеце? Якое найбольш сучаснае вызначэньне маладосьці, сярэдняга, пажылога, старога ўзросту, доўгажыхарства?

— Ёсьць клясыфікацыя Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, якая даволі дакладна вызначае людзей паводле ўзросту.

  • 18–44 гады — маладыя людзі. У гэтым узросьце ў ідэале не павінна быць ніякіх хранічных хваробаў, асацыяваных з узростам, і мы павінны быць функцыянальнымі. Некаторых унутраных зьменаў таксама не павінна быць.
  • 45–59 гадоў — сярэдні ўзрост. Гэта той пэрыяд, у якім у норме не павінна быць ніякіх хранічных захворваньняў, але ў арганізьме, паколькі мы — біялягічныя істоты, нешта пачынае мяняцца.
  • 60–74 гады — пажылы ўзрост. Могуць зьявіцца хранічныя хваробы, але нягледзячы на іх, чалавек, дзякуючы сваёй актыўнасьці і лекарам, павінен заставацца функцыянальным.
  • 75–89 гадоў — стары ўзрост. Гэта такі пэрыяд жыцьця, калі год ад году мы становімся ўсё больш залежнымі ад іншых людзей.
  • Тыя, хто перакрочыў мяжу 90 гадоў і болей — доўгажыхары.

Гэтая клясыфікацыя дапамагае нам разумець, у якім функцыянальным стане знаходзіцца чалавек, ці адпавядае ён сваёй біялягічнай сутнасьці. Можна сказаць, што шмат людзей у 40–45 гадоў ужо гіпэртонікі, дыябэтыкі, маюць атлусьценьне. Гэта сьведчыць аб тым, што гэтыя людзі знаходзяцца ў стане так званага заўчаснага старэньня.

«Узрост — такая самая біялягічная характарыстыка чалавека, як колер скуры, валасоў, нацыянальнасьць, генэтычны пашпарт, арыентацыя»

— Мне 46 гадоў. Паводле клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, я — чалавек сярэдняга ўзросту. Узрост — гэта такая самая біялягічная характарыстыка чалавека, як колер скуры, валасоў, як яго нацыянальнасьць, генэтычны пашпарт, арыентацыя і гэтак далей. Мы не павінны баяцца ўзросту. Мы павінны разумець, што ў нас такая біялягічная сутнасьць, але мы шчасьлівыя і функцыянальныя.

На жаль, Беларусь знаходзіцца ў такім патрыярхальным стане, калі ўзрост мае вялікае значэньне. Многія старыя людзі кажуць: «Што вы хочаце, я ўжо стары», «Я сваё аджыла, няхай гэта ўсё будзе ўнуку ці ўнучцы». На жаль, часам бачым і з боку калег такое стаўленьне, калі можна пачуць ад лекара ў паліклініцы ў адказ на скаргу пра хваробу: «Што ж вы хацелі, паглядзіце ў свой пашпарт». Ці працадаўца арыентуецца менавіта на маладых людзей.

Мяне ўразіла ў Фэйсбуку абмеркаваньне пра тое, што сталы чалавек 70 гадоў ізноў будзе сьпікерам парлямэнту. Ніхто не абмяркоўваў, здольны ён ці ня здольны быць сьпікерам, не абмяркоўвалі прафэсійныя ці палітычныя моманты. Усе абмяркоўвалі яго ўзрост. 70 гадоў! Колькі можна сядзець?!

Гэта існуе ў беларускім грамадзтве, але крок за крокам сытуацыя мяняецца. Людзі езьдзяць па сьвеце. Нядаўна адна сетка аптэк зрабіла акцыю, калі давала працу людзям сталага ўзросту як інфарматарам. Рэкляма бялізны ідзе на мадэлях старэйшага ўзросту.

«Мы шмат кажам пра фэмінізм, але пра дыскрымінацыю мужчын мала гаворым»

— Я была сьведкай гэткай размовы. Адзін суразмоўца кажа: «Калі параўнаць сярэдняга амэрыканца і беларуса, то амэрыканец выглядае маладзейшым за свой узрост». Другі суразмоўца пярэчыць: «Не, амэрыканец выглядае на свой узрост, а беларус — старэйшым за свой узрост». Гэта, канечне, індывідуальныя рэчы, але часта беларусы-мужчыны, асабліва зь сельскай мясцовасьці, выглядаюць старэйшымі за свой біялягічны ўзрост. Якое ваша бачаньне?

— Гэта вялікая праблема. Вельмі шмат людзей раней, чым гэта магло б быць, пачынаюць мець атлусьценьне, цукровы дыябэт, гіпэртанію ды іншыя хваробы. Шмат хто ў 40–50 гадоў перанёс інфаркт, інсульт. Гэта заўчаснае старэньне. Гэта праблема ня толькі мэдыцынская. Для Беларусі наагул праблема ў тым, што сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын на 10–11 гадоў меншая за жанчын. Такога паказчыка няма ў сьвеце. Сярэдні паказчык ААН — розьніца 5 гадоў паміж сярэдняй працягласьцю жыцьця мужчын і жанчын.

Гэта сацыяльная праблема. Гэта алькагалізацыя, а таксама стан мужчын у грамадзтве. Мы шмат кажам пра фэмінізм, гэта вельмі важны накірунак, але ж пра дыскрымінацыю мужчын мала гаворым. Хто ідзе ў вельмі цяжкія прафэсіі паводле сьпісу? Мужчыны, жанчынам нельга. Я не абмяркоўваю, добра гэта ці дрэнна, але сам факт. Калі нейкая надзвычайная сытуацыя ці ваенныя дзеяньні (не ў Беларусі цяпер, дзякуй Богу), хто ідзе? Мужчыны. Гэта вядзе да таго, што мужчына ў грамадзтве мусіць мець маскулінны тып паводзінаў. А з такім тыпам паводзінаў мужчыны ня жаляцца.

Мы дасьледавалі, калі пры першых болях людзі зьвяртаюцца па дапамогу пры інфаркце міякарда. Жанчыны зьвяртаюцца раней чым мужчыны. Чаму? Таму што мужчына павінен трываць. Маленькая дзяўчынка ўпала, мы кажам: «Ой, прынцэса, ты нашая прыгажуня, носік разьбіла». А калі хлопчык упаў, кажам: «Ты — мужык, павінен трываць». Гэта працягваецца праз гады, і калі мужчына зьвяртаецца/не зьвяртаецца/позна зьвяртаецца па мэдычную дапамогу.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што такое гендэр і ці трэба яго баяцца

Зьмянілася роля жанчыны і мужчыны ў грамадзтве. У нас памянялася сама сям’я паводле сваёй формы, жанчына выконвае іншыя сацыяльныя ролі, і сьпіс гэтых роляў стаў разнастайным. А як мужчыне ў гэтай сытуацыі быць, грамадзтва яшчэ ня вырашыла, спэктар мужчынскіх сацыяльных роляў вельмі сьціслы. Як наша грамадзтва, напрыклад, паставіцца да сям’і, дзе жанчына працуе і зарабляе грошы, а муж займаецца хатнімі справамі і дзецьмі? Пытаньне рытарычнае. І такі цяжар існуе. Пра гэта павінны быць дыскусіі мэдыкаў, антраполягаў, сацыёлягаў, філёзафаў, спэцыялістаў па гендэры. Ня так даўно ў Цэнтры актыўнага даўгалецьця на базе Шпіталя вэтэранаў войнаў імя П. М. Машэрава ў Менску прайшла канфэрэнцыя, на якой менавіта гэтая праблема была акрэсьленая. Важна, што спэцыялісты бачаць, што такая праблема існуе.

Жоўты, чырвоны, зялёны

— Якія стандартныя прафіляктычныя рэчы маюць рабіць беларусы, каб жыць паўнавартасна як мага даўжэй?

— Пра гэта вядома, але галоўнае ня ведаць, а выконваць.

  • Дыспансэрызацыя ці рэгулярны мэдычны нагляд. Цывілізаваны чалавек павінен хаця б раз на год хадзіць да доктара і выконваць тую праграму дыспансэрызацыі, якая існуе ў дзяржаве — вымярэньне ціску, аналізы на канцэнтрацыю цукру ў крыві і гэтак далей.
  • Любы цывілізаваны чалавек у ХХI стагодзьдзі павінен выконваць каляндар прышчэпак і правяраць сябе на ВІЧ-статус.
  • Калі зьяўляецца хвароба, тая самая гіпэртанія (гэта не прысуд), чалавек павінен прымаць лекі кожны дзень.
  • Другі кірунак — зубы. Паводле некаторых дасьледаваньняў, страта пяці і болей зубоў вядзе да заўчаснай сьмерці. Карэкцыя страчаных зубоў і рэгулярныя візыты да дантыста — унёсак у наша доўгажыхарства.
  • Трэці кірунак — наша ежа. Трэба шчыра сказаць, што беларукая ежа не зусім здаровая — бульбачка, скварачка, гарэлачка і гэтак далей. Традыцыі трэба мяняць. Яшчэ 10–20 гадоў смажылі ўсё на масьле, а цяпер — на расьлінным алеі. Змаглі зьмяніць традыцыю.

Тры рэкамэндацыі ў харчаваньні.

  1. Кожны дзень зьядаць у пяць прыёмаў 500 грамаў садавіны і гародніны розных колераў (жоўтага, зялёнага, чырвонага), і каб усё было сьвежае і хрумсткае. Гэта значыць, што кожныя 2-3 гадзіны мы павінны хрумсьцець морквай ці яблыкам.
  2. Другое правіла — за тры гадзіны да сну ня есьці, і каб вячэра была лёгкай. Трэба паспрабаваць адысьці ад чырвонага мяса, лепей мяса птушкі, а яшчэ лепей рыба.
  3. І жменьку любых арэхаў раз на тыдзень.

Рэкамэндацыі па рухавай актыўнасьці.

  1. Аэробная нагрузка — прабежкі, лыжы, плаваньне. Такіх нагрузак у любым узросьце павінна быць ня менш за 150 хвілінаў на тыдзень. Прычым такім чынам, каб кожны дзень ня меней за 10 хвілінаў. Улічваюцца толькі тыя нагрузкі, якія працягваліся 10 хвілінаў і болей. Калі прабеглі за тралейбусам 3 хвіліны і спыніліся, гэта ў залік не ідзе.
  2. Сілавыя нагрузкі, карысныя для цягліцаў. Любыя сілавыя нагрузкі два разы на тыдзень па 30 хвілінаў, як мінімум.
  3. Любыя практыкаваньні на падтрымку балянсу — ёга, гімнастыка тайчы ды іншае. Пачынайце заўтра з гэтага, і гарантую, што будзем жыць даўжэй і больш якасна.

Клімакс як лесьвіца ў неба

— Ці ёсьць насамрэч так званыя крытычныя ўзросты ў мужчын і жанчын?

— Такі крытычны ўзрост існуе, гэта ўзрост нашай гарманальнай перабудовы, тое, што мы называем клімаксам у жанчын і ўзроставым андрагенным дэфіцытам у мужчын. У жанчын гэтая праблема вырашаецца больш лёгка, таму што жаночы клімакс мае праявы. Кожная жанчына ведае, што ў яе наступае клімакс. І цяпер існуе шмат мэтадаў — гэта і мэнапаўзальная гарманальная тэрапія, і камплімэнтарныя мэтады, якія дазваляюць жанчыне перажыць гэта і ў наступным пэрыядзе жыцьця адчуваць сябе камфортна.

Я прыдумаў з калегамі такі слоган. Што такое клімакс на грэцкай мове? Лесьвіца. Чаму такі тэрмін зьявіўся ў старажытнай Грэцыі? Лічылася, што жанчына спускаецца па гэтай лесьвіцы ў жыцьці. А цяпер мы кажам, што трэба гэтую лесьвіцу перакуліць. Жанчына з гадамі ўзыходзіць па гэтай лесьвіцы да новай прыгажосьці і новых магчымасьцяў.

Ілюстрацыйнае фота

Што тычыцца мужчын, то гэта вялікая праблема, бо канкрэтных праяваў гарманальнай перабудовы ў мужчын няма. Гэта можа быць і дэпрэсія, і праяўленьне розных кардыялягічных хваробаў, і проста нейкая апатыя да жыцьця. І грамадзтва, мужчыны і жанчыны, партнэры і партнэркі не інфармаваныя, што гэта такое. Трэба разьвіваць мэдыцыну і грамадзтва ў кірунку, каб мужчынам больш было ўвагі.

«Мы гэтую кнігу зрабілі як маніфэст антыэйджызму. Узрост — гэта годнасьць»

— Як герантолягі ставяцца да эйджызму?

— Калі слова геранталёгія яшчэ хтосьці ведае, то слова эйджызм ведае значна менш людзей. Эйджызмам прасякнутае нашае жыцьцё, мы змагаемся зь ім, нэгатыўна да яго ставімся. Мы з прафэсарам Ільніцкім ня так даўно разам з выдавецтвам «Дыскурс» выдалі кнігу «Кніга аб узросьце. Працяг будзе», якую прэзэнтавалі ў Менску сёлета ў красавіку, а 6 сьнежня прадставім на кніжнай выставе non/fiction 2019 у Маскве. Мы гэтую кнігу зрабілі як маніфэст антыэйджызму і паспрабавалі паказаць, што ўзрост — гэта годнасьць.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Не бяруць на працу 20-гадовых, ня хочуць наймаць пасьля сарака. Асаблівасьці эйджызму ў Беларусі

Нельга разглядаць праблему эйджызму, не разглядаючы праблемы іншых ізмаў і фобіяў. Гэта аднолькавыя рэчы. Мы павінны імкнуцца да роўнага жыцьця і правоў, змагацца з ксэнафобіяй, гамафобіяй, эйджызмам, эйблізмам (дыскрымінацыяй людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў здароўі). Нельга змагацца з эйджызмам і не змагацца з іншымі праявамі такіх нэгатыўных сацыяльных момантаў.

— Якія перавагі ў 30-гадовага, 50-гадовага, 70-гадовага і 90-гадовага ўзросту?

— Прывяду прыклад куміра розных пакаленьняў, народнай артысткі СССР Эдыты Пʼехі. Я вельмі яе люблю, стараюся быць на яе канцэртах. Летась на каталіцкае Раство на канцэрце ў Пецярбургу яна сказала, што хоча загадаць жаданьне, каб 85 гадоў сустрэць на сцэне: «Я думаю, што гэта ў мяне атрымаецца, таму што мне не 30 і не 40, не 50, не 60, не 70 і нават ужо не 80 гадоў...». Яна была і застаецца зоркай, мела і мае любімую працу, дарыла радасьць людзям, і таму ўзрост ня мае значэньня. А чаго варта творчасьць легенды беларускага тэатру Стэфаніі Станюты! Колькі шыкоўных роляў яна стварыла ўжо ў сталым узросьце.

Кірыл Прашчаеў

Адна карэспандэнтка пыталася ў мяне, як я бачу сваё жыцьцё ў 90 гадоў. Я хачу сказаць, што я яго бачу гэтак жа, як і сёньня — у мяне любімая праца, любімая сямʼя, я кахаю, мяне кахаюць, я вандрую па сьвеце, адкрыты да ўсяго новага, і нічога ў сваім жыцьці я мяняць не зьбіраюся.

Як імкнуцца жыць даўжэй постсавецкія кіраўнікі

Так званая лечкамісія ў Менску

— Зьяўлялася інфармацыя пра тое, што кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў стварыў інстытут ці навуковы геранталягічны цэнтар, паслугамі і спэцыялістамі якога карыстаецца ня толькі ён, але і многія ягоныя калегі на постсавецкай прасторы, якія хочуць жыць і кіраваць вельмі доўга. Спэцыяльныя прадукты і дактары былі ў кіраўнікоў СССР, ёсьць і цяпер у кіраўніка Беларусі, Расеі ды іншых постсавецкіх лідэраў. Ці вам вядома пра гэтыя мэтодыкі, практыкі? І што зь іх можна было б выкарыстаць звычайным людзям?

— Мы можам колькі заўгодна гадаць, што адбываецца ў сьценах гэтых шпіталёў, але я думаю, што, як бы мы гэтыя крамлёўскія ці казахстанскія падыходы ні называлі, яны ўсё роўна зводзяцца да пераліку тых пунктаў, што я зрабіў вышэй. Гэтыя людзі маюць добры, рэгулярны мэдычны кантроль. Дарэчы, людзі з цукровым дыябэтам другога тыпу, якія рэгулярна ходзяць да лекараў, жывуць даўжэй, чым іх аднагодкі без дыябэту, якія ня ходзяць да лекараў. Сам факт рэгулярнага кантролю вельмі важны.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму пацыенты «лечкамісіі» жывуць на 20 гадоў больш, чым іншыя беларусы

Усе крамлёўскія ды іншыя дыеты — варыяцыі на тэму, каб мы елі меней, увечары не пераядалі, каб было болей садавіны і гародніны. Усе супэрмодныя трэнінгі накіраваныя, каб мы рухаліся ў тых межах, пра якія я сказаў вышэй.

— Павялічваецца працягласьць жыцьця, якасьць мэдыцыны паляпшаецца. І чым даўжэй чалавек будзе жыць, тым большая верагоднасьць, што яму паставяць анкалягічны дыягназ. Як вы глядзіце на гэта з пункту гледжаньня вашай прафэсіі?

— Вядомы савецкі акадэмік Давыдоўскі ў свой час сказаў: «У кожнага чалавека павінен быць свой рак, але ня кожны чалавек дажывае да свайго раку». Насамрэч з павелічэньнем працягласьці жыцьця павялічваецца верагоднасьць атрымаць анкалягічныя захворваньні. Але гэта не прысуд. Сучасныя мэтады скрынінгу дазваляюць своечасова выяўляць гэтае захворваньне і лячыць.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму рак не хвароба, а пераход у іншы стан?

Анкалёгія разьвіваецца. Калі 10–20 гадоў таму старому чалавеку адмаўлялі ў некаторых мэтадах лячэньня (прамянёвае лячэньне, хіміятэрапія, хірургічнае лячэньне), то цяпер магчымасьці мэдыцыны павялічыліся, і ўзрост не зьяўляецца супрацьпаказаньнем для пэўных мэтадаў лячэньня анкалягічных захворваньняў. Павелічэньне працягласьці жыцьця падштурхоўвае і анкалягічную, і геранталягічную навуку для пошуку новых бясьпечных мэтадаў лячэньня.

Кандрата Крапіву на «Браму неўміручасьці» натхніў першы беларускі герантоляг

— У дзень, калі мы запісваем інтэрвію, цэнтру «Геранталёгія» споўнілася 8 гадоў. Калі казаць не пра прафэсійную супольнасьць, ці часта вам даводзіцца тлумачыць звычайным людзям, што такое геранталёгія? Як вы сталі герантолягам?

— Тэма ўзросту, як ніколі раней, цікавіць людзей, але яны не заўсёды ведаюць, што такое геранталёгія. А гэта сацыяльныя аспэкты старэньня, узросту. Наша мэдычная спэцыяльнасьць называецца герыятрыя, а навуковая сфэра — гэта геранталёгія, гэта не толькі мэдыцына, але і біялёгія, сацыялёгія і г. д. Герыятрам я стаў, можна сказаць, выпадкова. Паводле сваёй першай спэцыяльнасьці я анэстэзіёляг-рэаніматоляг. У сваёй доктарскай працы я вывучаў апэрацыйны стрэс у людзей сталага ўзросту. Тады мяне вельмі зацікавілі менавіта моманты старэньня, і з анэстэзіялёгіі я перайшоў у герыятрыю. Доктарскую дысэртацыйную працу я рабіў у Полацкай гарадзкой бальніцы, а ў завочнай дактарантуры я вучыўся адначасова ў Пецярбургу ў Інстытуце біярэгуляцыі і геранталёгіі ў прафэсара Ўладзімера Хавінсона. Гэта самая вядомая на постсавецкай прасторы навукова-дасьледчая ўстанова ў гэтай спэцыяльнасьці.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лекар-герантоляг: Вышыванка можа быць сродкам для падаўжэньня жыцьця

— Як вы ацэньваеце разьвіцьцё геранталёгіі ў Беларусі? Як гэта выглядае параўнальна з суседзямі Беларусі, з заходнімі краінамі?

— За савецкім часам першы навуковы аддзел, які вывучаў геранталёгію, быў створаны ў Акадэміі навук БССР на ініцыятыву акадэміка Васіля Купрэвіча. Ён быў батанікам, і ў яго была мара — калі баабабы жывуць некалькі соцень гадоў, то можна нейкім чынам памяняць клетачныя мэханізмы, каб і чалавек мог жыць вельмі доўга. Гэта была фантазія, але яна дала штуршок таму, што геранталёгія як навука замацавалася ў савецкай прасторы. У выніку ў 1959 годзе ў Кіеве ў Акадэміі мэдыцынскіх навук быў адкрыты Інстытут геранталёгіі.

Васіль Купрэвіч быў вельмі цікавай асобай. Ён сябраваў з Кандратам Крапівой, і ёсьць такая думка, што на знакамітую «Браму неўміручасьці» Крапіву як раз натхніла сяброўства з Купрэвічам.

У 1980-я гады беларускі акадэмік Яўген Канапля стварыў Інстытут геранталёгіі, які потым стаў выконваць іншыя функцыі. Цяпер гэта Інстытут радыябіялёгіі, але памяць пра акадэміка Канаплю жыве. Разам з Інстытутам радыябіялёгіі мы летась у Менску і Гомелі ладзілі канфэрэнцыю, прысьвечаную памяці акадэміка Канаплі, а цяпер дэлегацыя інстытуту да нас у Маскву прыяжджае. Так што навуковыя стасункі разьвіваюцца.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прафэсар-герыятар Андрэй Ільніцкі: «Са старымі трэба гаварыць па-беларуску»

Герыятрыя — мэдычная спэцыяльнасьць, але яна залежыць ад патрэбы соцыюму. Ня так даўно сталі казаць ня толькі пра тое, што сталаму чалавеку трэба паесьці і добра паспаць, але ён мусіць быць і добра функцыянальным. Такая патрэба ў грамадзтве ня так даўно зьявілася, і сучасная герыятрыя робіць першыя крокі. Гэта праблема ўсёй постсавецкай прасторы, што мы трохі спазьняемся за Захадам, але добра тое, што такія крокі сталі рабіцца.

Адукацыя ў сфэры герыятрыі ў Беларусі пачалася яшчэ ў канцы 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Прафэсар Уладзімер Сыты заснаваў першую катэдру герыятрыі ў Беларусі, і яна трохі ў іншым выглядзе, але існуе дагэтуль. Ёсьць і нашае Геранталягічнае аб’яднаньне, і асацыяцыя герыятраў. У Рэспубліканскім шпіталі вэтэранаў войнаў імя Машэрава працуе цэнтар актыўнага даўгалецьця.

Беларускія герантолягі Кірыл Прашчаеў і Андрэй Ільніцкі

Цяпер мы ў нашым цэнтры «Геранталогія» ўпершыню на постсавецкай прасторы распачынаем працу па вывучэньні такога паняцьця як «узроставая жыцьцяўстойлівасьць». Гэтае паняцьце характарызуе сукупнасьць тых уласьцівасьцяў арганізму, якія дазваляюць яму быць непаражальным да ўзьдзеяньня розных нэгатыўных фактараў нягледзячы ня біялягічны ўзрост. Наша задача — знайсьці спосабы захаваньня і разьвіцьця гэтых здольнасьцяў.

— Колькі практыкуючых герантолягаў у Беларусі? І колькі іх патрэбна быць?

— Каля 50 лекараў-герыятраў, патроху гэтая лічба павялічваецца. Гэта ня многа і ня мала. Наша пазыцыя такая, што герыятраў можа ня быць шмат, галоўнае, каб лекары, якія працуюць на першай лініі кантакту з пацыентам, найперш тэрапэўты, лекары агульнай практыкі, мелі добрыя веды ў галіне герыятрыі і выкарыстоўвалі іх у сваёй працы. Так увесь сьвет разьвіваецца. Герыятраў ня так шмат. Яны, як правіла, працуюць у сацыяльнай сфэры, у дамах-інтэрнатах ці ў спэцыяльных шпіталях для пажылых людзей. У паліклініках найчасьцей яны выконваць ролю мэтадыста, кансультанта, а асноўны цяжар па даглядзе такіх пацыентаў ляжыць на тэрапэўтах і лекарах агульнай практыкі. І добра, што ў Беларусі распачалася іх падрыхтоўка на катэдры герыятрыі БелМАПА.

— Які рэцэпт камфортнага здаровага старэньня ад доктара Прашчаева?

Кірыл Прашчаеў

— Самае цяжкае ў жыцьці — казаць праўду самому сабе і любіць сябе. Трэба сказаць, што мне 40, 50 ці 80 гадоў і я люблю сябе ў гэтым узросьце. Гэта маё дасягненьне, гэта мой узрост. І тады мы зможам па-іншаму ставіцца і да свайго ўзросту і да ўзросту іншых людзей.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Ганна Соўсь

https://www.svaboda.org/a/30290771.html

Последние новости