haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

02.12.2019 19:49

102 просмотра

0 комментариев

Беларусь ахапіла эпідэмія гульняманіі

Паводле спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя, наведваюць казіно, залы гульнявых аўтаматаў і букмекерскія канторы больш за 3 мільёны беларусаў!

Пад 300 тысяч з іх робіць гэта часцей за 10 разоў на месяц. А гэта ўжо дыягназ залежнасці — гульняманіі.

Але дакладна колькасць людзей, якія бавяць час у азартных гульнях у інтэрнэце, не падлічыць. А там залежнасць фарміруецца і хутчэй, і мацнейшая. Бо, па-першае, ёсць такая нярэдкая з’ява, як уласна камп’ютарная залежнасць. Дакладней, дэвайсавая: камп’ютары плюс мабільныя тэлефоны з выхадам у інтэрнэт. Паводле даследаванняў РНПЦ, 20% маладых людзей ва ўзросце 18–29 гадоў маюць камп’ютарную залежнасць. Прычым кожны сёмы з іх — у такой ступені, якая ўжо вымагае лячэння ў медычным стацыянары. То-бок, залежніцкі грунт сядзіць ужо ў шмат кім з маладых пакаленняў, якія штодня гадзінамі перабываюць у віртуальнай прасторы.

Па-другое, у інтэрнэце процьма рэкламы азартных гульняў, на якую лёгка спакусіцца. Дарэчы, і ў тэлевізары рэкламы азартных гульняў, тых самых букмекерскіх кантораў падчас спартовых трансляцыяў, хапае: «Гуляюць яны, перамагаеце вы!» Гэта моцнае падаграванне заўзятарскага імпэту. А між тым, паводле псіхіятраў, гульняманія лекуецца больш складана, чым той самы алкагалізм.

У інтэрнэце, апрача ўласна рэкламы, розныя казіно, покеры і букмекеры завабліваюць разнастайнымі акцыямі. У тым ліку дораць невялічкія стартавыя капіталы, якія вельмі хутка прайграюцца, пасля чаго ў многіх можа з’явіцца рэваншысцкае жаданне перамагчы, паставіўшы ўжо ўласныя грошы. І добра, калі вы не сядзеце на кручок і ахвяруеце на авантурнічанне якіх 5–10 долараў.

Па-трэцяе, анлайнавыя азартныя гульні больш даступныя, чым тыя, што праводзяцца нажыва: гуляць у іх можна, не выходзячы з дому і не на людзях. Публічнасць жа некаторых можа спыняць.

Залежнасць: прычыны і прыкметы

Улічваючы анлайнізацыю і маштабную прапанову віртуальных азартных гульняў у дадатак да традыцыйных, можна спрагназаваць блізкім часам рост гульнявой залежнасці. Не забываемся таксама на геймераў, якія бавяцца, быццам, не ў азартныя гульні кшталту покера ці казіно, але трацяць на розныя гульнявыя аздобы і аб’екты таксама жывыя грошы. Напрыклад, на набыццё танкаў у World of Tanks. Карацей, выбар, на што падсесці і змарнаваць грошы, а заадно і псіхічнае здароўе — багаты.

І таму суцэльную заслону ад такіх рызыкаў не ўсталяваць, аднак можна мінімізаваць. Варта таксама аказваць дапамогу гульняманам. Улада, цешачыся напаўненнем бюджэту гульнявымі падатковымі паступленнямі, не можа не зважаць на сацыяльныя і эканамічныя страты ад гульняманіі. Бо залежныя ад яе прайграюць машыны, кватэры, залазяць у пазыкі, могуць здабываць грошы на гульню крымінальным спосабам, суіцыднічаюць у выпадку паразаў, іх эмацыйная няўстойлівасць і хворая звычка адбіваецца на сем’ях...

У РНПЦ псіхічнага здароўя кажуць пра сапраўдную эпідэмію гульняманіі і фармулююць залежнасць так: «Гульнявая залежнасць — паталагічная цяга да азартных гульняў, якая заключаецца ў частым паўторным удзеле ў іх, дамінуе ў жыцці чалавека і вядзе да зніжэння сацыяльных, прафесійных, матэрыяльных і сямейных каштоўнасцяў». Тыповыя сітуацыя для гульцоў — складанасці ў міжасабовых стасунках, частыя разводы і змены працы праз парушэнні працоўнай дысцыпліны. Часцей на гульняманію хварэюць мужчыны, але ў жанчын яна набывае больш цяжкія формы. «Жанчыны ўцягваюцца ў небяспечнае захапленне ўтрая хутчэй і больш складана паддаюцца псіхатэрапіі. Кожны трэці псіхалагічны гулец — жанчына», — гавораць дактары. Самая распаўсюджаная прычына сыходу ў гульні — асабістыя праблемы. Дарэчы, вельмі часта гульцы злоўжываюць наркотыкамі і алкаголем: то-бок, маюць камбінаваную залеж­насць.

Звярніце ўвагу на падставовыя чыннікі гульнявой залежнасці, якія называюць лекары: удзел у гульнях бацькоў, знаёмых дарослых у дзяцінстве (даміно, карты, «Манаполія»); пераацэньванне значэння матэрыяльных каштоўнасцяў; фікс-увага на фінансавых магчымасцях; зайздрасць да больш заможных сваякоў і знаёмцаў; перакананне, што ўсе праблемы можна вырашыць з дапамогай грошай.

Прыкметы ж залежнасці — павелічэнне часу, які аддаецца на гульню; змяненне кола інтарэсаў і замена ранейшых матывацыяў гульнёй; уяўленне сітуацый, звязаных з гульнёй; страта кантролю, якая выражаецца ў няздольнасці спыніць гульню ў выпадку вялікага выйгрышу ці пастаянных паразаў; стан псіхалагічнага дыскамфорту, які ўзнікае адносна хутка пасля чарговага ўдзелу ў гульні з непераадольным жаданнем зноў у яе ўключыцца; паступовае пачашчэнне ўдзелаў у гульні і імкненне да больш высокіх рызыкаў.

На пачатковай стадыі гульнявой залежнасці можна змагацца з ёй без дапамогі лекараў. Трэба, каб жыццё цякло без канфліктаў, якія правакуюць гульняманію, і было запоўнена рознымі актыўнасцямі. Калі праблема запусцілася, то давядзецца звяртацца, напрыклад, у 21-е аддзяленне РНПЦ, дзе лечаць і гульнявую залежнасць. Дарэчы, калі гульняман абярэ платнае лячэнне, то яно будзе ананімным. План лячэння індывідуальны — ад медыкаментаў і масажу да сямейнай тэрапіі. Таксама ад гульнявой залежнасці паспрабуюць пазбавіць у псіханеўралагічных дыспансерах — можна звяртацца ў гэтыя медустановы ў вашай мясцовасці (у абласных і некаторых райцэнтрах).

«Бедныя становяцца жабракамі»

Ну і, ясная справа, усе гульняманы павінны апынуцца ў «стоп-лісце». Гэта калі гулец, прызнаючы праблему, піша заяву, каб яго не пускалі ў казіно, залы гульнявых аўтаматаў і падобныя ўстановы. Напісаць яе можна толькі аднаму арганізатару азартных гульняў — і самазабарона тэрмінам ад 6 месяцаў да 3 гадоў будзе дзейнічаць па ўсёй Беларусі. Гэта працэдура дзейнічае з 2013 года, а з 2017-га такую заяву могуць напісаць сваякі залежнага ад азартных гульняў (у гэтым разе пытанне вырашаецца праз суд). У «стоп-лісце» прафігуравалі ўжо больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі.

«Новы Час» пагутарыў з двума гульцамі пра тое, як яны патрапілі ў залежнасць і панеслі фінансавыя страты.

Вікторыя распавядае, што ўсё распачалося ў яе са звычайных латарэек і лішняга вольнага часу: «Я рэгулярна купляла папяровыя латарэйкі, выйгрышы былі мізэрныя, і неяк паспрабавала пагуляць у міжнародныя электронныя латарэі з вялікім прызавым фондам. Польскія, італьянскія, амерыканскія. Стала вывучаць тэматычныя форумы, іншыя азартныя гульні. Зацікавілася покерам. Прычым сур’ёзна — з вывучэннем стратэгіяў гульні і гэтак далей. Гуляла ў інтэрнэце, ужывую не знайшла такіх месцаў у Мінску. Часу ў мяне хапала: я дызайнер, працую дома з гнуткім графікам, мужа няма, сын ужо дарослы. Калі выдаткоўвала няшмат грошай на покер, то баланс мой вагаўся то ў плюс, то ў мінус. Але пачаліся паразы — паўстала жаданне адгуляцца. Дый покер — гэта цікава, гульня не проста на ўдачу, як рулетка. Прычым я гуляла на 3–4 покерных пляцоўках. Абрынулася цягам амаль года ў мінус 4 тысячы рублёў. Пакарала сябе тым, што ўлетку не паехала ў адпачынак. Заключыла з сабою дамову гуляць толькі па выходных на строга акрэсленую невялікую суму. Пакуль трымаюся. Але хіба трэба з нейкім псіхолагам пагутарыць. Бо начыталася, як людзі ў адных майтках застаюцца».

Андрэй да псіхолага схадзіў пасля таго, як гульнявыя аўтаматы яго роднага райцэнтра шпурнулі яго ў даўгавую яму: «Гэта адбылося пасля заканчэння ўніверсітэту, я толькі ўладкаваўся на працу. Заробак быў сціплы, падпрацоўку мне ўзяць было складана. Вырашыў пабагацець па-хуткаму. Той мой стан можна апісаць як падзенне з аптымізму і фантазіяў (я не сквапны — нават дабрачыннасцю хацеў займацца ў выпадку значных выйгрышаў) да неўрозу і галечы. Стаў пазычаць грошы, прыдумляючы ўсялякую хлусню. Гуляць ездзіў у іншыя гарады, каб у сваім надта не мільгацець. Працу ў выніку кінуў. Тады мяне маці проста за руку да лекара-псіхолага і павяла. Я кардынальна памяняў жыццё, прафесію, пераехаў у Мінск. Залы гэтыя гульнявыя ды іншыя азартныя кропкі не павінны быць навідавоку, іх трэба за горад куды пераносіць. І ўваход платным нават зрабіць — хай тыя, хто заможны і мае лішкі, так забаўляюцца. Але, на жаль, часта бедныя становяцца ўвогуле жабракамі».

Последние новости