haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

14.01.2020 14:54

516 просмотров

0 комментариев

У Гарадку абмеркавалі План зялёнага горадабудаўніцтва г. Гарадка з удзелам прафесійных экспертаў

План зялёнага горадабудаўніцтва г. Гарадка актыўна распрацоўваецца і сёння ў гэтым кірунку ўжо зроблены пэўныя крокі. 17 снежня ў актавай зале Гарадоцкага Дома культуры прайшоў трэці семінар, удзел у якім прынялі прафесійныя эксперты з г. Мінска і грамадскія фарміраванні нашага горада. Удзельнікі разгледзелі арыгінальныя і крэатыўныя ідэі, накіраваныя на далейшае спрыяльнае развіццё горада, многія з якіх будуць пакладзены ў аснову рэалізацыі плана.

Эксперты распавялі пра досвед беларускіх гарадоў і краін замежжа, якія актыўна рэалізуюць план зялёнага горадабудаўніцтва. На семінары была арганізаваная інтэрактыўная праца ў групах, а таксама пяць платформаў для абмеркавання: «Горад адкрывае магчымасці», «Горад, дружалюбны дзецям і маладым сем’ям», «Паляпшэнне інфраструктуры горада да ўзроўню 2.0», «Гарадок — горад спорту, адпачынку і турызму » і " Паляпшэнне мабільнасці«.

«Горад, дружалюбны дзецям і маладым сем’ям» — адна з найбольш актуальных платформаў. Яе ўдзельнікі абмеркавалі пытанні, звязаныя з фарміраваннем камфортнага асяроддзя пражывання і стварэннем спрыяльных умоў, як для маладых сем’яў, так і для інвалідаў. Па выніках абмеркавання былі прапанаваны ідэі: стварэнне «Цэнтра маладой сям’і», «Цэнтра інклюзіўнасці», абсталяванне зон скрыжаванняў тактыльнай тратуарнай пліткай, а таксама добраўпарадкаванне спартыўных дзіцячых пляцовак і г.д..

Не менш важная платформа — «Горад адкрывае магчымасці». У ходзе абмеркавання гаворка ішла пра перспектывы развіцця прыватнага прадпрымальніцтва і вытворчасці. Удзельнікі прыйшлі да меркавання, што ў рэгіёне створаны ўмовы для вытворчасці бутыляванай мінеральнай вады і развіцця авечкагадоўлі. Прапанавалі будучым прадпрымальнікам адкрыць цэха па вытворчасці фітачая, каўбасных, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, цэха па перапрацоўцы рыбы, сельскагаспадарчай пладовагароднінай прадукцыі і вырабу агароднінных і фруктовых сокаў, пюрэ і сумесяў. Дадзеныя ідэі дапамогуць стварыць новыя працоўныя месцы, а таксама развіць эканоміку нашага раёна.

Развіццё сферы грамадскага транспарту прадугледжвае неабходнасць стварэння дадатковых аўтобусных рэйсаў для зручнасці перамяшчэння людзей па горадзе і раёне. З гэтым былі згодныя і ўдзельнікі семінара, якія казалі аб праблемах транспартнай даступнасці ў рэгіёне і прапанавалі шляхі яе вырашэння, а таксама абмеркавалі бяспеку і камфортнасць інфраструктуры для рухаў пешшу і на ровары, а таксама перавагі маршрутаў для адпачынку. Былі прапанаваны мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне мабільнасці (здольнасці да хуткага перамяшчэнню).

Платформа «Паляпшэнне інфраструктуры горада да ўзроўню 2.0» мае на ўвазе ўдасканаленне інфраструктуры пры мінімальным узроўні фінансавання, ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій і разумных «электрасістэм», будаўніцтва кліматычна нейтральных будынкаў і інш. Удзельнікі семінара разгледзелі варыянты пераходу да рацыянальных мадэляў спажывання і вытворчасці шляхам скарачэння энергаспажывання. Былі прапанаваны ідэі, звязаныя з укараненнем службай ЖКГ сістэм уліку энергарэсурсаў, вады і асвятлення з функцыяй іх электроннага рэгулявання. Разглядалася магчымасць праектавання дамоў з сістэмай «Разумны дом» і выкарыстаннем аднаўляльнай энергіі сонца, увядзенне ў строй станцыі абезжалезвання для мікрараёна вакзала, добраўпарадкаванне дарог, абсталяванне прыпыначных пунктаў і г.д.

Удзельнікі адзначылі важную ролю спорту, адпачынку і турызму для жыхароў нашага горада. Далучэнне гарадакчан да гісторыка-культурных і прыродных каштоўнасцяў Гарадоччыны дапаможа забяспечыць іх інтэлектуальнае, духоўнае і творчае развіццё. Прапанаваныя ідэі накіраваны на разнастайнасць культурна-дасугавай дзейнасці гарадакчан: стварэнне лодкавай станцыі з пракатам катамаранаў і лодак, адкрыццё кафэ «Беларускiя прысмакi» у раёне бас-выспы, аказанне паслуг па навучанні асновам турызму для розных узроставых груп і г.д.

На семінары было прапанавана шмат розных ідэй, але іх рэалізацыя ў першую чаргу залежыць ад грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Гарадоцкага раёна, а таксама ад іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Наступнай стадыяй плана зялёнага горадабудаўніцтва будзе рэалізацыя прапанаваных ідэй. Некаторыя з іх будуць пакладзены ў аснову мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне інфраструктуры нашага горада і ўстойлівае развіццё г. Гарадка.

Майя Салдаценка

http://www.garadvest.by/

Пераклад рэдакцыі сайта.

Последние новости