haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

28.01.2020 07:40

411 просмотров

0 комментариев

«Супакойвае, што хварэюць старыя людзі і толькі кітайцы». Апошнія навіны аб эпідэміі ад беларускі з Кітаю

20 студзеня беларуска Валерыя Салаўёва прыляцела ў 11-мільённы Ухань адсьвяткаваць кітайскі Новы год. Праз два дні горад закрылі на карантын з прычыны эпідэміі каранавірусу. Самалёты не лятаюць. Усе выезды з гораду засыпалі пяском. Цыбуля, часнок і маскі сталі дэфіцытам.

Валерыя Салаўёва жыве ў Менску, працуе адміністратарам у бары «Lidbeer Cьветлы». У Кітаі яе сваяк і сябры працуюць у цырку. Яны запрасілі дзяўчыну на кітайскі Новы год. Паколькі звычайны Новы год дзяўчына правяла на працы, то на прапанову пагадзілася, тым больш сябры на сьвяты меркавалі шмат выступаць.

«Я чула пра каранавірус, але ў СМІ казалі, што ўсё ня так страшна, што людзі вылечваюцца. Таму я асабліва не перажывала. Але калі прыляцела ва Ўхань і праз пару дзён абвясьцілі карантын, зразумела, што ня ўсё так добра», — кажа Валерыя.

Аэрапорты, мэтро закрытыя, грамадзкі транспарт ня ходзіць, езьдзяць толькі таксоўкі. Школы, дзяржаўныя ўстановы не працуюць. Усе ўезды і выезды ў горад засыпалі пяском.

«Як толькі абвясьцілі карантын, у горад забаранілі выходзіць з 17-й да 21-й гадзіны. Вуліцы нечым пасыпалі і абпырсквалі. Да таго ж у гэты час перавозілі інфікаваных з так званых „белых намётаў“ у шпіталі», — расказала дзяўчына.

Валерыя Салаўёва

Крамы працуюць да 17 гадзін, але ня ўсе. У раёне, дзе жыве дзяўчына, ёсьць некалькі крамак-кіёскаў. Яны працуюць да 20-й гадзіны, але тавару там няшмат: локшына, ласункі, вада, цыгарэты, бытавая хімія.

«Нам пашанцавала, кіраўніцтва цырку прывозіць маім сябрам прадукты. Але ўсё адно мы робім вылазкі ў горад, каб нешта купіць па дробязі. Да крамаў далёка, таму езьдзім на роварах. А так стараемся бяз крайняй неабходнасьці не выходзіць на вуліцу», — кажа Валерыя.

Натуральна, маладыя людзі сочаць за навінамі. У СМІ расказваюць пра будаўніцтва новага шпіталя. Паўтараюць пра захады бясьпекі — нагадваюць, што трэба часьцей мыць рукі, правільна харчавацца, есьці цыбулю і часнок.

«Самае забаўнае, што ў крамах, дзе прадаюць гародніну, паліцы пустыя, цыбулі і часнаку няма. Праблемы і з малочнымі прадуктамі, бо сказалі ня есьці ні мяса, ні морапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

„Кітайскія студэнты будуць пад пільным наглядам“. Беларускія мэдыкі расказалі, як засьцерагчыся ад каранавірусу

Затое ў СМІ ні слова ня кажуць пра лекі — чым лепш лячыцца і як. Толькі кажуць, што калі дрэнна сябе адчуваеш — адразу зьвяртайся ў шпіталь. Але там вялікія чэргі. З навін мы даведаліся, што ў шпіталях не хапае месцаў і лекаў», — кажа дзяўчына.

Усе ходзяць у масках, але іх бракуе і купіць цяжка. І хоць лекары раяць карыстацца асаблівымі, шчыльнымі, людзі носяць тыя, якія ўдалося дастаць.

Валерыя кажа, што людзі, безумоўна, перажываюць, але панікі няма. Сама яна ад перажываньняў ня можа нармальна спаць.

«Мы зьбіраемся сваёй кампаніяй разам, гуляем у карты, сьпяваем песьні пад гітару, ладзім „кінаночы“.

Нас адзінае супакойвае, што на каранавірус хварэюць у асноўным людзі сталага і пажылога веку — самаму маладому 48 гадоў. І толькі кітайцы хварэюць, эўрапейцаў няма», — аптымістычна разважае Валерыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША вывозяць амэрыканцаў з кітайскага Ўханя ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу

З бацькамі, бабуляй, сваякамі дзяўчына кантактуе кожны дзень. Яны, безумоўна, перажываюць.

«Зразумела, перажываюць — дзіця апынулася ў эпіцэнтры падзей! Але стараюцца не нагнятаць абстаноўку. Просяць, каб пісала кожны дзень пра самаадчуваньне. Шмат людзей, нават малазнаёмых і зусім не знаёмых, пішуць у сацсетках, падтрымліваюць».

З амбасадай беларуска Валерыя Салаўёва яшчэ ня зьвязвалася. Як і калі будзе дабірацца дадому, пакуль ня ведае. Асьцерагаецца, што можа падхапіць вірус у самалёце, а ў Беларусі яе «закрыюць» на карантын у інфэкцыйны шпіталь. Дый аэрапорты пакуль закрытыя.

Адсьвяткаваць кітайскі Новы год, як хацелася, не атрымалася — ва Ўхані забаранілі фаервэркі. Ды і цырк, дзе працуюць сябры Валерыі, не выступае — масавыя мерапрыемствы таксама забароненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуска ў эпіцэнтры каранавірусу: «Трое сутак не выходжу з дома»

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу (яго назвалі 2019-nCoV).
  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам таксама зафіксавалі ў Ганконгу, Тайляндзе, Макао, Тайвані, Аўстраліі, Сынгапуры, Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША, Малайзіі, Францыі, Віетнаме, Нэпале, Канадзе.
  • 22 студзеня ўлады 11-мільённага Ўханя, які стаў цэнтрам распаўсюду вірусу, закрылі горад. 23 студзеня закрылі другі і трэці гарады — 7,5-мільённы Хуанган і мільённы Эчжоў.
  • Па стане на раніцу 27 студзеня, у Кітаі афіцыйна пацьвердзілі 2744 выпадкі заражэньня новым вірусам, ад яго памерлі ўжо 80 чалавек. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • У Беларусі было адно падазрэньне на новы кітайскі каранавірус. Дзяўчыну, якая прыляцела з Шанхаю, даставілі ў Менскі інфэкцыйны шпіталь са скаргамі на боль у цягліцах і тэмпэратурай 38,5°С. Выявілася, што гэта быў звыклы грып тыпу B.
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кітаі ад новага каранавірусу памерлі ўжо 80 чалавек, выпадкі захворваньня зафіксавалі яшчэ ў 14 краінах


Іна Студзінская

https://www.svaboda.org/a/30400139.html

Последние новости