haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

02.02.2020 08:27

217 просмотров

0 комментариев

Як аптымізм уплывае на здароўе? Большая працягласьць жыцьця і меншая рызыка хваробаў

Многія апошнія доўгатэрміновыя дасьледаваньні зьвязваюць аптымізм зь меншай рызыкай хваробаў і большай працягласьцю жыцьця. Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.

Сувязь паміж аптымізмам і лепшым здароўем

Вывучаючы людзей, якія жывуць да 85 і болей гадоў, мэдыкі заўважылі, што менавіта аптымісты маюць меншую рызыку захварэць на сардэчна-сасудзістыя хваробы і жывуць найбольш доўга.

Сувязь паміж аптымізмам і лепшым здароўем усё яшчэ лічыцца карэляцыяй, а не даказанай прычынна-выніковай сувязьзю. Але зьяўляецца ўсё больш біялягічных дадзеных пра наўпроставы ўплыў аптымістычнай жыцьцёвай пазыцыі на здароўе.

Сярод новых мэтадаў дасьледаваньня — аналізы і асэнсаваньне вынікаў многіх папярэдніх дасьледаваньняў зь вялікай агульнай колькасьцю ўдзельнікаў. Адзін з аўтараў новага такога мэтааналізу, лекар-кардыёляг Алан Розанскі зь Нью-Ёрку, сказаў газэце, што стаць аптымістам ніколі ня позна — можна гэта зрабіць і ў 16 гадоў, і ў 90. Розанскі прымушае сваіх пацыентаў хадзіць у спартовую залю. І вось 70-гадовая пацыентка аднойчы яму сказала: «Добра, што ў мяне здарыўся сардэчны прыступ. Інакш бы я ніколі ня трапіла ў спартовую залю».

Навуковыя доказы

Вынікі аналізу 15-ці ранейшых дасьледаваньняў з удзелам 229 391 чалавека, які зрабілі Алан Розанскі са сваімі калегамі, былі апублікаваныя ў верасьні ў JAMA Network Open.

Аказалася, што аптымісты значна радзей хварэюць на сардэчна-сасудзістыя і іншыя хваробы, у іх меншы ўзровень дачаснай сьмяротнасьці ад любых прычын у параўнаньні з пэсымістамі.

У камэнтары для The New York Times доктар Розанскі сказаў, што ў кожным выпадку прасочвалася яўная сувязь паміж аптымізмам і меншай рызыкай хваробаў:

«Аптымісты, як правіла, лепш дбаюць пра сваё здароўе. Яны часьцей займаюцца спортам, лепш харчуюцца і менш кураць».

Паводле мэтафарычнага сьцьвярджэньня Алана Розанскага, пэсымісты цэлы дзень абмываюць сваё цела шкоднымі гармонамі стрэсу — картызолам і норадрэналінам. Пэсымізм павялічвае запаленьне ў арганізьме і спрыяе мэтабалічным парушэньням, такім як дыябэт. Пэсыміз таксама зьяўляецца дарогай да дэпрэсіі, якая лічыцца прычынай хваробаў сэрца.

Пацьверджаньне з Каліфорніі

Яшчэ адна аўтарка аналягічнага дасьледаваньня, доктарка Юлія Бём з Каліфорніі сказала, што аптымізм спрыяе вырашэньню праблем, дапамагае больш лёгка пераадольваць перашкоды. Аптымісты, паводле доктаркі Бём, схільныя да стратэгіяў, што ператвараюць лепшую будучыню ў рэальнасьць.

І наадварот. Пэсымісты, кажа доктарка Бём, як правіла ня схільныя бачыць пазытыўны вынік і прытрымліваюцца рэакцыі «Змагайся або ўцякай». Напружваньне ўсіх сыстэм іх арганізму ў выніку робіць цела хворым.

Бывае, зрэшты, і празьмерны аптымізм, які перашкаджае бачыць чалавеку яго рэальныя праблемы. Тым ня менш агулам, аптымісты лепш даюць рады сур’ёзным стратам і нават могуць ператвараць іх у прафэсійную, эмацыйную або фінансавую выгаду.

Пратэстуйце сябе

Каб ацаніць свой узровень аптымізму, падумайце наколькі вы згодныя з кожным з гэтых сьцьвярджэньняў:

  • У няпэўныя часу я звычайна чакаю лепшага
  • Я заўсёды з аптымізмам гляджу ў будучыню
  • Агулам я чакаю, што са мной здарыцца больш добрага, чым дрэннага

А вось кароткі тэст на пэсымізм. Наколькі блізкія і прывычныя вам наступныя сьцьвярджэньні:

  • Я ніколі не чакаю, што жыцьцё будзе мне спрыяць
  • Я рэдка разьлічваю на тое, што са мной здарацца добрыя рэчы
  • Калі нешта можа пайсьці ня так, са мной гэта абавязкова здарыцца

Спадзявайцеся на лепшае!

Сяргей Абламейка

Последние новости