haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

29.02.2020 09:59

457 просмотров

0 комментариев

НОВАЯ БЕЛАРУСЬ. Праз свабодныя і адкрытыя выбары да прававой дзяржавы

У 2020 годзе Беларусі наканавана прайсці праз прэзідэнскую выбарчую кампанію. З улікам складанасцей атрымання краінай энерганосьбітаў, жаданнем Расіі «паглыбляць інтэграцыю» ход і вынікі гэтай кампаніі значна вышэйшыя для лёсу беларускай дзяржавы, чым у папярэдніх кампаніях.

Выбары ў цывілізаваных краінах гэта найперш магчымасць для выбаршчыкаў або пагадзіцца з існуючай уладай у яе дзейнасці, або даць мандат на кіраванне яе апанентам. І выбары гэта не канцэрты і буфеты з таннымі прадуктамі на выбарчых участках, а канкурэнцыя розных кандыдатаў з камандамі ў медыйнай прасторы, на агітацыйных мерапрыемствах за галасы выбаршчыкаў.

І галоўнае. Выбары гэта падлік кожнага бюлетэня ва ўмовах, якія выключаюць сумненні ў праўдзівасці гэтага падліку. Такое дасягаецца праз магчымасць кожнаму члену камісіі і кожнаму назіральніку бачыць кожны бюлетэнь. Гэта значыць дзейнічае прынцып «Тры К»: кожны член, кожны назіральнік, кожны бюлетэнь. Гэтую умову забяспечваюць камісіі складзеныя як з прадстаўнікоў улады, так і іх апанентаў.

Толькі вось практыка ажыццяўлення выбарчых кампаній на Беларусі далёкая ад гэтых міжнародных стандартаў, бо вядзецца па беларускаму заканадаўству. Гэтае заканадаўства дазваляе маніпуліраваць волевыяўленнем выбаршчыкаў, бо ўтрымлівае магчымасці для махлярства. Такія магчымасці маюцца пры фармаванні камісій, пры вядзенні выбарчай агітацыі, так і пры датэрміновым галасаванні, захаванні бюлетэняў, галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыка і галоўнае пры падліку галасоў, калі адбываецца маніпуляцыя стосамі бюлетэняў.

Гэта засведчылі мясцовыя назіральнікі з кампаніі «Права выбару». Пра гэтыя парушэнні і рэкамендацыі па іх выдаленню пастаянна піша Наглядальная місія АБСЕ. Але і да прэзідэнскай кампаніі гэтага года ўлады па ўсіх папярэдніх назіраннях збіраюцца ісці ў ранейшым стылі. Стылі, які пазбаўляе Беларусь будучыні, пакідае на ўскраўку гісторыі, кідаючы ў абдымкі расійскаму імперыялізму.

Улада моцная, калі яна абіраецца на свабодных і адкрытых выбарах, тады яна мае відавочную падтрымку большасці народа. Таму ў цяперашніх складаных умовах кіраўнік краіны А.Г. Лукашэнка мае магчымасць праявіць палітычную волю і правесці свабодныя і адкрытыя выбары. Дзеючае выбарчае заканадаўства гэта дазваляе. Праблемныя пытанні па фармаванню выбарчых камісій, вядзенню агітацыі, правядзеню галасавання і падліку галасоў можа быць вырашаны Цэнтрвыбаркамам пад кіраўніцтвам новага старшыні ў новых інструкцыях для камісій. І ў Аляксандра Рыгоравіча з яго харызмай і досьведам кіравання найлепшыя шансы стаць прэзідэнтам, як гэта было ў далёкім 1994 годзе на адзіных адкрытых выбарах.

Вядома, што выбары гэта толькі працэдура абрання кіраўніцтва. Але калі яна будзе праведзена дэмакратычна, то адкрывае магчымасць да рэформаў. Дэмакратычная супольнасць мусіць агітаваць за пабудову на Беларусі прававой дзяржавы. Гэта значыць дзяржавы ў якой будзе рэальны падзел уладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржавы, у якой будзе рэальная незалежная судовая сістэма і якой будуць дапамагаць свабодныя сродкі масавай інфармацыі і незалежныя медыя рэсурсы. Дзяржавы, у якой будзе сучаснае мясцовае самакіраванне, а грамадзяне і грамадскія арганізацыі будуць прымаць удзел у рашэнні пытанняў на мясцовым узроўні. Дзяржавы, дзе прадпрымальніцтва будзе надзейна абаронена законам, а не «дахам» уплывовага чыноўніка.

Такой дзяржавы, дзе будзе сучасная сістэма адукацыі, якая канкурэнтна ў свеце і будзе уверсе па стандартах PIS. Такой дзяржавы, дзе не будзе крызіснай АЭС, а будзе развівацца «зялёная» энергетыка. Такой дзяржавы, якае не будзе дзесяцігоддзем змагацца за «пяцьсот», а за дзесяцігоддзе дагоніць па заробках сваіх суседзяў. Такой дзяржавы...

Гэтую дзяржаву мусім пабудаваць мы, грамадзяне Беларусі. У гэта я веру. І пачаць такую будоўлю трэба ў 2020 годзе. Менавіта ў бягучым годзе павінны адбыцца ВЫБАРЫ з рэальным адкрытым падлікам галасоў выбаршчыкаў пры наяўнасці ў выбарчых камісіях апанентаў улады.

Для гэтага неабходна палітычная воля аднаго чалавека, які мае вялікую ўладу, каб пачаць рэальныя рэформы, каб застацца ў гісторыі з пазітыўным іміджам.

Так будзе. Раней ці пазней. Калі Беларусь выжыве...

Леанід Гаравы, сябар ЦРК БСДП(Грамада)

Последние новости