haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

01.03.2020 17:52

611 просмотров

0 комментариев

У жанчыны зь Віцебску западозрылі новы каранавірус. Трэці выпадак?

Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра новае падазрэньне на COVID-19: адзін з тэстаў на новы каранавірус даў станоўчы вынік у беларускі зь Віцебску.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Гаворка ў паведамленьні міністэрства ідзе аб падазрэньні, але не адназначным выяўленьні вірусу: выявілі толькі фрагмэнт РНК, які можа належыць вірусу SARS-CoV-2.

Жанчына і два ейныя калегі былі на поўначы Італіі і праходзілі праверку ў сувязі з успышкай вірусу ў рэгіёне.

Усе тры чалавекі былі шпіталізаваныя ў Віцебскую абласную лякарню. У калегаў жанчыны вірусу ня выявілі.

Цяпер стан усіх трох задавальняльны, сымптомаў хваробаў няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі западозрылі другі выпадак новага каранавірусу — у бацькі сяброўкі першага пацыента

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.
  • Па стане на раніцу 1 сакавіка, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 2979 чалавекі, афіцыйна пацьвердзілі амаль 87 тысяч выпадкаў заражэньня вірусам у 64 краінах (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • 27 лютага ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак COVID-19 — вірус выявілі ў студэнта аднаго зь беларускіх ВНУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі». Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.
  • https://www.svaboda.org/a/30462688.html

Последние новости