haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

14.03.2020 15:51

438 просмотров

0 комментариев

Празь беларуса, які ўтаіў паездку ў Італію, мог заразіцца 91 чалавек. Агулам 224 чалавекі на карантыне

На прэс-канфэрэнцыі Міністэрства здароўя днём 13 сакавіка галоўны эпідэміёляг Беларусі Іна Карабан паведаміла, што празь беларуса, які не прызнаўся, што быў у Італіі, а працягваў наведваць публічныя імпрэзы, сустракацца зь людзьмі, мог заразіцца 91 чалавек — столькі людзей цяпер ізалявалі.

Паводле Карабан, сын пацыента, які быў зь ім у кантакце, наведваў навучальныя ўстановы і нейкі час быў носьбітам вірусу, перадаў інфэкцыю аднакурсьнікам.

Як даведалася «Наша ніва», гэта буйны бізнэсмэн, заснавальнік і кіраўнік шэрагу кампаній у Расіі і Беларусі. Ён вярнуўся з замежнай паездкі і не прызнаўся, што наведаў Італію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як беларуска перажывае карантын у Рыме: «Ехаць у Беларусь няма сэнсу»

Раней паведамлялася, што мужчыну ўдалося ўтаіць паездку ў Паўночную Італію і ад дзяржаўных службоўцаў, і ад працаўнікоў прыватнага мэдычнага цэнтру «ЛОДЭ», бо ён трапіў у Беларусь празь Нямеччыну — прыляцеў зь Мюнхэну.

Агулам па Беларусі РНК вірусу выявілі ўжо ў 27 чалавек — на 6 больш, чым паведамлялі днём раней. Цяпер 224 чалавекі знаходзяцца ў ізаляцыі пад наглядам мэдыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ужо 27. У Беларусі выявілі 6 новых выпадкаў каранавірусу. Карантыну ня будзе

Раней 13 сакавіка міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў расказаў, што прысутнічаў на нарадзе з чалавекам, інфікаваным COVID-19, таму на два тыдні пайшоў у дабраахвотны карантын. Тым часам Памежны камітэт абвяргае чуткі пра закрыцьцё межаў Беларусі, а касьцёл забараняе цалаваць абразы і паціскаць рукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранавірус: 49 краінаў закрылі школы для амаль 400 мільёнаў навучэнцаў

Днём раней Мінздароўя абмежавала правядзеньне масавых мерапрыемстваў зь міжнародным удзелам да 6 красавіка (міністэрства рэкамэндуе перанесьці на больш позьнія тэрміны канцэрты з удзелам замежных артыстаў, аднак канчатковае рашэньне будуць прымаць арганізатары такіх выступаў).

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Усясьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай. Міністэрства замежных справаў таксама параіла не наведваць Італію і Ізраіль.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі». Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь.​
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.
  • https://www.svaboda.org/a/30485682.html

Последние новости