haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

05.04.2020 18:59

479 просмотров

0 комментариев

Іх няма. У Віцебску адна жанчына з каранавірусам памерла аж 28 сакавіка, але так і не з’явілася ні ў якіх зводках

Яе родныя звярнуліся ў незалежныя СМІ. Галіна Шастоўская згарэла за 5 дзён.


54-гадовая работніца цэха фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская захварэла на пнеўманію 23 сакавіка і памерла 28 сакавіка, піша TUT.BY. 29 сакавіка доктар паведаміў яе дачцэ, што аналіз на каранавірус быў станоўчы. Таму жанчыну хавалі ў закрытай труне.

Аднак 31 сакавіка Мінздароўя абвясціла пра першую смерць ад каранавіруса — заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча, які памёр у той жа дзень і пра смерць якога сям’я ў той жа ранак паведаміла ў СМІ. Пры гэтым Мінздароўя і іншыя прадстаўнікі ўладаў акцэнт зрабілі на тым, што гэта быў стары чалавек, абцяжараны хранічнымі хваробамі.

Пра смерць Галіны Шастоўскай афіцыйнай інфармацыі не было дагэтуль, і таму яе сям’я вырашыла расказаць яе гісторыю ў СМІ.

Шастоўская працавала на фабрыцы, якая з 14 сакавіка была закрытая на каранцін — імаверна, у сувязі з выяўленнем каранавіруса ў работнікаў.

Дачка жанчыны Ганна Салаўёва расказвае, што ні кашлю, ні якіх іншых сімптомаў у мамы не было. Турбаваў толькі павышаны ціск. З ім яна і пайшла ў паліклініку 23 сакавіка. Там разумны доктар адправіў жанчыну на флюараграфію. Высветлілася, што ў яе — пнеўманія правай верхняй долі лёгкага. Ёй далі накіраванне ў супрацьтуберкулёзны дыспансер.

Як і ў выпадку з Віктарам і Святланай Дашкевічамі, там яе не паклалі, бо не было месцаў.

Яе перанакіравалі, як і іх парай дзён раней, у скурна-венералагічны дыспансер, перапрафіляваны пад размяшчэнне людзей з пнеўманіямі. Ён быў таксама перапоўнены. Шастоўская ляжала ў адной палаце з яшчэ шасцю пацыентамі.

У ноч на 25 сакавіка ў Галіны пачаўся кашаль, узніклі праблемы з дыханнем. А 26 сакавіка паставілі дыягназ — двухбаковая пнеўманія, яе перавезлі ў рэанімацыю. Вечарам 28 сакавіка з бальніцы патэлефанавалі і выказалі спачуванне.

На наступны дзень прыйшоў вынік тэсту на каранавірус — ён быў станоўчы, запэўнівае дачка.

У пасведчанні аб смерці, як і ў памерлага 30 сакавіка віцебскага акцёра Віктара Дашкевіча, стаіць код J18.9 («пнеўманія неўдакладненая»).

«Я спытала ў моргу: «А што вы напішаце ў пасмяротным эпікрызе?» — «Тое, што і напісана: «пнеўманія неўдакладненая». — «А то што станоўчы вынік на каранавірус — з гэтым як быць?» — «Нам ніякіх распараджэнняў на гэты конт не давалася». Я настойвала, каб у дакументы ўнеслі і звесткі пра вынік тэсту на COVID-19. У мяне спыталі: "Навошта вам гэта?«— расказвае дачка.

Ганна кажа, што да гэтага часу не верыць у тое, што адбылося: «Мама згарэла літаральна за пяць дзён. У панядзелак сышла ў паліклініку на сваіх нагах, была ў добрым настроі, жартавала са мной. А ў суботу чалавека не стала!»

Калі жанчына так і не дачакалася, каб пра смерць яе мамы паведамілі, яна звярнулася на Тут.бай, які і апублікаваў гэтую гісторыю. (Падрабязнасці чытайце ТУТ.)

Чаму гэта важна? Па-першае, гэта пытанне праўды і павагі да памяці чалавека. Замоўчванне дыягназу памерлага ў дадзеным выпадку — гэта выкарыстанне яго ў цынічных палітычных мэтах паляпшэння статыстыкі. Па-другое, гэта пагроза жыццю і здароўю іншых людзей. Калі ахвяра каранавіруса не ўлічваецца як такая, не праводзіцца неабходнага назірання за колам яго кантактаў. Дачка Шастоўскай з абурэннем расказала, што ніхто яе не ізаляваў, сям’я сама ізалявалася, разумеючы небяспеку для іншых людзей.

У аналагічнай сітуацыі апынуліся сем’і 58-гадовай Таццяны Хузеевай і 47-гадовай медсястры Святланы Кісялёвай. Яны таксама памерлі ад пнеўманій і, першая дакладна, а другая — імаверна, бо няма ніякай інфармацыі, не трапілі ў статыстыку Мінздароўя. Трагедыя яшчэ і ў тым, што ў Кісялёвай засталася сіратою 7-гадовая дачка.


https://nn.by/?c=ar&i=249368

Последние новости