haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

06.04.2020 08:58

343 просмотра

0 комментариев

«Бацька памёр, мы з маці пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне». Чарговая ахвяра каранавірусу ў Менску

4 красавіка а 20.00 у менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У гэтай жа ўстанове ляжаць з аналягічным дыягназам дачка і жонка мужчыны. Свабода пагаварыла з дачкой Юрыя Ганнай.

«Тата захварэў крыху менш, чым два тыдні таму. Думалі, звычайная прастуда. Празь некалькі дзён выклікалі доктара, той сказаў, што гэта звычайны лярынгіт, і выпісаў таблеткі», — распавядае Ганна. Мужчыну лепш не станавілася, але падобныя сымптомы выявіліся і ў яго жонкі, а потым і ў дачкі, якая жыве асобна, але наведвае пажылых бацькоў.

«Ясна, сталі падазраваць карону. Тэмпэратура ў нас з маці паднялася да 38-39. Я пайшла ў 3-ю паліклініку, прасіла тэст. Казала, што па працы кантактую з замежнікамі. Тэст не рабілі, бо сама за мяжу я не выяжджала», — кажа Ганна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ён змагаўся вельмі доўга». У Менску памёр яшчэ адзін пацыент з каранавірусам

У канцы тыдня стала зразумела, што ва ўсіх у сям’і пнэўманія. Паклалі спачатку ў 10-ю бальніцу, а калі ўсё ж зрабілі тэсты на каранавірус і вынік аказаўся станоўчы, перавялі ў інфэкцыйную. У Юрыя Осіпава ўжо была вельмі нізкая сатурацыя (насычанасьць крыві кіслародам) — толькі 83%, патрэбны быў апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

«Мы з маці ляжым у адной двухмеснай палаце, бацька — у іншай. Учора пазванілі зь міліцыі, сказалі, што бацькі больш няма. Як хаваць — не ўяўляю, мы з мамай у цяжкім стане, станоўчай дынамікі няма, пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне прэпаратамі, якімі лечаць малярыю. Добра, што ў бацькі шмат сяброў, пахаваньнем яны будуць займацца», — апавядае Ганна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцебскі шпіталь плянуе закупіць 50 мяшкоў для трупаў

Жанчына адзначыла, што дактары ў інфэкцыйным шпіталі вельмі стараюцца, робяць усё магчымае. Сродкі асабістай абароны таксама ёсьць — гэта і адмысловыя камбінэзоны, і шчыты, і акуляры, але ў прыбіральшчыц толькі звычайныя маскі з тканіны.

Ганна вельмі папрасіла перадаць усім, каб сур’ёзна паставіліся да каранавірусу:

«Спачатку таксама думала, што гэта не страшней за звычайны грып. Але гэта ня так, людзі. Гэта вельмі цяжкі вірус, калі паглынуў усю нашу сям’ю. Па сабе бачу: калі хвароба перайшла ў цяжкую стадыю, гэта вельмі сур’ёзна. Лекаваньне — гэта хімія. Таблеткі такія, што баліць жывот, печань. Вельмі цяжка. Відавочна, што патрэбны карантын. Але нават калі яго няма, я заклікаю ўсіх берагчы сябе і не выходзіць з дому. Я чула, што пра памерлых кажа Лукашэнка. Нельга такое гаварыць. У 70 гадоў амаль ва ўсіх букет хваробаў — гэта і анкалёгія, і сэрца, і іншыя хваробы. У нас жыцьцё такое».

Ганна дадала, што вельмі ўдзячная лекарам менскай інфэкцыйнай бальніцы:

«Яны працуюць максымальна, я ніколі ня бачыла, каб дактары так змагаліся за пацыентаў».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

24 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

На 5 красавіка Міністэрства аховы здарўя пацьвердзіла 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў. Вось вядомыя на гэты час ахвяры:

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  6. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.
  7. 4 красавіка o менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.
  8. У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская. Ёй было 54 гады. Дачка жанчыны распавяла tut.by, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус»
  9. КМ https://www.svaboda.org/a/30532120.html

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Последние новости