haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

09.04.2020 18:00

519 просмотров

0 комментариев

«Яны ня могуць папрасіць дапамогі адкрыта». Рэпартаж з Шуміліна, дзе ўсе носяць маскі, а настаўніцы шыюць камбінэзоны лекарам

Афіцыйна вядома толькі пра аднаго хворага на каранавірус жыхара райцэнтру Шуміліна ў Віцебскай вобласьці. Неафіцыйна паведамляюць, што каранавірусам тут заразіліся нават мэдыкі раённай лякарні.

Прамзона

Менск, раніца. Прамзона ля трактарнага заводу. Пыл, шум цягнікоў. Валянтэры Зьміцер і Вадзім грузяць у свой легкавік вялікія кардонкі з мэдыцынскімі рэсьпіратарамі і камбінэзонамі. Зьміцер радуецца: рэсьпіратараў удалося «ўхапіць» утрая больш, чым разьлічваў.


«Мы ўсё гэта тут набылі, у пастаўшчыкоў, — расказвае Зьміцер. — Ім вялікі дзякуй, бо прадаюць амаль па сабекошце. Знайсьці цяжка толькі, літаральна перахопліваем тавар. Сёньня маскі, рэсьпіратары — гэта вельмі запатрабавана. У нас тут 300 камбінэзонаў, 1280 рэсьпіратараў адной клясы аховы і яшчэ 1000 іншай. Яшчэ 50 пар мэдыцынскіх акуляраў будзе. Гэта ўсё за грошы, якія зьбіраем у інтэрнэце. Яшчэ ёсьць фірмы, донары, якія даюць грошы. Але вельмі складана знайсьці такі тавар цяпер. Мы дамаўляліся на 280 рэсьпіратараў. Нейкім цудам удалося здабыць 2280. З нас нават грошай пакуль не ўзялі, потым будзем пералічваць».


Груз з мэдыцынскіх камбінэзонаў, рэсьпіратараў і акуляраў, які Зьміцер вязе ў Шуміліна, агулам каштаваў каля 2500 рублёў. Невялікі райцэнтар у Віцебскай вобласьці выбралі, бо некалькі дзён таму ў тэлеграм-каналах зьявіўся скрыншот допісу з подпісам намесьніцы галоўнага лекара Шумілінскай раённай лякарні. У ім доктар просіць дапамогі, таму што пры адсутнасьці ахоўных сродкаў каранавірусам пачалі заражацца самі лекары. Ужо празь дзень галоўны лекар Шуміліна абверг гэтую інфармацыю. Валянтэры, аднак, настойваюць — дапамога ў Шуміліне ўсё ж трэба.

«Учора туды ўжо даставілі частку абсталяваньня, плястыкавыя экраны на твар для лекараў, — гаворыць Зьміцер. — Мы зьвязаліся зь імі. Дапамога сапраўды патрэбна. Толькі адкрыта яны пра гэта ня могуць расказаць. Афіцыйна ў нас усё пад кантролем у шпіталях».

Шуміліна

Шуміліна

Ад Віцебску да Шуміліна каля 40 кілямэтраў. Зь Менску ехаць тры гадзіны. Гэта пасёлак гарадзкога тыпу — адзін зь нешматлікіх беларускіх райцэнтраў, які нават ня мае статусу гораду. Райвыканкам, пракуратура, дзьве школы, касьцёл, царква і лякарня на ўскрайку. Ня новая, але дастаткова вялікая. Тры паверхі, два заезды.

«Масак няма і ня будзе ўжо, як мінімум да панядзелка ня будзе, — кажа гаваркая аптэкарка з аптэкі ля вакзала. — Пазаўчора прывезьлі, людзі ўсё разабралі адразу. Ці прывязуць яшчэ ў наступны панядзелак, я ня ведаю. Антысэптык бярыце. Але ёсьць толькі сьпіртавы».

Няма мэдыцынскіх масак і ў наступнай аптэцы. Куды яны ўсе падзеліся, лёгка зразумець. Іх колькасьць на тварах шумілінцаў значна перавышае сталічныя паказчыкі. З закрытым тварам ледзьве ня кожны другі сустрэты на вуліцы Шуміліна чалавек. А таксама прадавачкі ў крамах, кіроўцы аўтобусаў на аўтавакзале, супрацоўніцы кавярняў.

«Працуем толькі да 16-й, — кажа нам адна зь іх. — Але я вам зраблю кавы. Чаму да 16-й? Людзей таму што няма. Усё каранавірус вінаваты, ніхто ня ходзіць цяпер у кавярню».

Такія абвесткі на многіх установах

Мяркуючы па абвестках на дзьвярах крамаў, хадзіць людзі ў Шуміліна перасталі не толькі ў кавярні. Частка гандлёвых пунктаў закрылася, некаторыя адкрытыя «з 10 да 13». На дзьвярах дзяржаўных установаў папярэджаньне, што наведнікам без мэдыцынскіх масак там зусім ня ўзрадуюцца. У адным з двароў побач са школай маскі сушацца на вяроўцы для памытай бялізны. Зусім як політэтыленавыя пакеты ў 90-х.

«Страшна, хлопцы, страшна стала, — дзеліцца ўражаньнямі ад новага жыцьця ў Шуміліне мясцовы жыхар, які вырашыў папрасіць у нас 10 капеек. — Мне трэба ў паліклініку ісьці, на плянавы агляд. А я баюся. Мая кобра (жонка. — РС) была ў панядзелак у бальніцы. Сказала, што там усё перапоўнена гэтымі, з каранавірусам. Ці праўда, што дактары таксама хварэюць, я ня ведаю. Ня чуў».

Шумілінскі райвыканкам

Райвыканкам

Сядзіба мясцовай улады ў Шуміліне ці ня самы рэспэктабэльны будынак. Вялікая плошча, дзяржаўны сьцяг, дошка гонару з партрэтамі.

«Прабачце, апрацуйце рукі, калі ласка, — спыняе маю спробу прарвацца да шумілінскіх чыноўнікаў міліцыянт у фае. — Цяпер можаце ісьці. 118-ы кабінэт. Аддзел ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі».

Яго кіраўніца Валянціна Навіцкая выслухоўвае пытаньні пра каранавірус у раёне, нястачу ахоўных сродкаў і магчымыя выпадкі захворваньня лекараў і гаворыць, што нічога пра гэта ня ведае.


«Я толькі тое ведаю, што мне кажуць, — гаворыць шумілінская ідэалягіня. — Што на сайт скажуць вывесіць, тое я і ведаю. У нас створаны апэратыўны штаб у раёне. Там лепш абазнаныя ў гэтым усім. Хто туды ўваходзіць? Дакладна не скажу. Намесьніца старшыні райвыканкама ў сацыяльных пытаньнях Ірына Шалахава дакладна, зь лякарні людзі таксама. Я дакладна і ня ведаю».

Шуміліна - адзін з самых невялічкіх беларускіх райцэнтраў, усяго 7600 жыхароў

Чыноўніца ахвотна расказвае пра тое, што ў раёне мабілізавалі ўсе сілы на пашыў масак. Шыюць іх і ў мясцовым Доме рамёстваў, і ў іншых месцах. Ці ёсьць маскі ў продажы ў аптэках, кіраўніца ідэалягічнага аддзелу таксама сказаць ня можа. Але запэўнівае, што антысэптыкаў і масак у Шумілінскім раёне хапае. Прынамсі, супрацоўнікі райвыканкаму іх носяць на працы амаль пагалоўна. Расказвае таксама, што некаторых падначаленых пасьля пачатку росту захворваньняў на каранавірус у вобласьці адпусьціла ў водпуск «па ўласным жаданьні». Але такіх няшмат, «прыкладна пяць чалавек». На разьвітаньне дадае, што ўсе масавыя мерапрыемствы ў Шуміліне адмененыя яшчэ ў сакавіку.

Школа

Вакацыі ў Шумілінскай сярэдняй школе № 1 імя героя Савецкага Саюзу П. А. Акуцыёнка, як і ва ўсёй Беларусі, падоўжылі да 13 красавіка. Дзяцей у клясах няма, ходзяць у школу толькі настаўнікі і тэхнічныя супрацоўнікі. Занятыя яны зусім не падрыхтоўкай да заняткаў.

«Вы заходзьце, заходзьце, маскі толькі надзеньце, маеце? — пытаецца дырэктарка школы Натальля Мясаедава. — Мы тут усе ў масках цяпер, у памяшканьнях. Працуем, шыем камбінэзоны для мэдыкаў з бальніцы. Учора пачалі шыць, яны самі да нас зьвярнуліся. Пакуль камбінэзоны шыем. Калі ўрокі пачнуцца, то маскі зможам шыць».

Настаўніцы школы №1 шыюць камбінэзоны для лекараў шумілінскага шпіталя

Дырэктарка водзіць нас з клясы ў клясу. На састаўленых партах расьсьцелена белая спэцыяльная тканіна. На яе настаўніцы кладуць, прыціскаючы падручнікамі, папяровыя лякалы будучых камбінэзонаў. Іх зрабілі самі па ўзоры камбінэзона, прывезенага мэдыкамі зь лякарні. Сшываюць усё на машынках у іншай клясе. Працуюць каля 15 настаўніц. За першы дзень пашылі дзясятак касьцюмаў, за другі ўжо больш за 50.

«Яшчэ ніхто не адмовіўся шыць, мы ж усё разумеем, — кажа дырэктарка. — Працаваць учора пачалі. Спачатку менш было людзей, але сёньня ўжо іншыя далучыліся».

Камбінэзоны настаўніцы шыюць з матэрыялу, які набылі на ўласныя грошы

Матэрыял для першых камбінэзонаў прывезьлі спонсары. Калі ён скончыўся, настаўніцы скінуліся і купілі яшчэ. Патрацілі каля 1000 рублёў.

Шумілінскі раённы шпіталь

Дапамога

Рэсьпіратары, камбінэзоны і акуляры зь Менску ў Шуміліна валянтэры прывезьлі бліжэй да вечара. Журналістаў папрасілі не прысутнічаць, таму што «ўсе запалоханыя, пад подпісамі, і лепш не нашкодзіць». Лекары прымалі дапамогу на паркоўцы ля шпіталя. Моцна за яе дзякавалі.

Перадача прывезеных зь Менску касьцюмаў і рэсьпіратараў шумілінскім мэдыкам

Паводле інфармацыі Свабоды, намесьніцу галоўнага ўрача Шумілінскай раённай лякарні, якая напісала ў тэлеграм-канал пра нястачу ахоўных сродкаў, ужо выклікалі на размову ў пракуратуру. Станоўчыя вынікі аналізу на каранавірус, паводле неафіцыйнай інфармацыі, маюць тры лекары раённай лякарні, двое зь іх працавалі на «хуткай». Намесьніца старшыні Шумілінскага райвыканкаму ў сацыяльных пытаньнях Ірына Шалахава, якая ўваходзіць у раённы штаб барацьбы з распаўсюдам інфэкцыі, сустрэцца з журналістамі Свабоды не змагла з прычыны адсутнасьці часу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​
  • https://www.svaboda.org/a/30543382.html
  • 09 красавік 2020, 11:30

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Последние новости