haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Городка Общество

27.04.2020 18:25

902 просмотра

0 комментариев

Як жывуць у Гарадоцкім раёне падчас пандэміі на памежжы з Расеяй. Відэа БЕЛСАТ...

Вёска Халіпы, што ў Гарадоцкім раёне, прытулілася да самай мяжы з Расеяй. 300 метраў — і ты ў іншай краіне. Яшчэ тыдзень таму вяскоўцы хадзілі туды ў краму і нават у школу. Цяпер жа — праз каронавірус — мяжа пад аховай. Але жыхары не пераймаюцца.

«Замаўляеш тое, што табе трэба, прывязуць да мяжы, ты прыйдзеш, атрымаеш, аплаціш і ўсё. Ніякіх тут ваенных дзеянняў няма. Так, закрытая мяжа, так, раз’ядналі, але гэта нашмат лепей, чым будуць прыязджаць і, скажам так, разносіць...» — расказвае мясцовая жыхарка Ганна Ананевіч.

Нават пры закрытай мяжы для Ганны і ейнага сына Дзмітрыя Расея бліжэйшая за радзіму. Дзмітрый вучыцца ў расейскай школе і цяпер займаецца онлайн.

«Расея майго сына прыняла вельмі добра. І дапамагаюць, і не адмаўляюцца. І ў школе ўсё добра з ім. І стаў вучыцца нашмат лепш, чым у беларускай школе. Таму прэтэнзіяў у нас ні да кога няма», — кажа Ганна.

А вось жыхары суседняй з Халіпамі вёсцы Лугаўскія прэтэнзіі маюць.

«Не пускаюць. А калі трэба чалавеку, то ў партызанку праз кусты ідзі. І што гэта дасць? Нічога не дасць! Што, гэты вірус цераз кусты не пераскочыць?..» — упэўнены пенсіянер з Лугаўскіх.

Харчы з дастаўкаю замаўляць з Расеі, як у Халіпах, тут не прывыклі. Два разы на тыдзень пільнуюць беларускую аўталаўку. І працягваюць партызаніць. Інакш — не выжыць.

«Тры дні сядзелі ўдома. Тут нібыта трохі супакоілася — сталі хадзіць зноў. А да гэтага — калі дома, калі кустамі праходзілі, хто тут побач. Людзям жа недзе працаваць трэба, калі працы няма. Тут жа вы ехалі, бачылі, усе палі пустыя, нічога няма...» — расказвае жыхар памежнай вёскі.

«Ну што рабіць? Адзінае, што працуюць жа ў Чурылаве людзі. І на працу не трапіць, і нам у краму іншым разам не схадзіць. Наагул праблема», — скардзіцца жыхарка Лугаўскіх.

А хто паспеў праскочыць на той бок, для таго праблема вярнуцца назад.

«Тыдзень прайшоў, назад вяртання не было. Як далей будзе, калі яны, напрыклад, вернуцца назад з працы з Пскоўскай вобласці? Ці здолеюць назад выехаць на месцы сваёй працы — вось гэта праблема», — кажа краязнаўца з Гарадку Леанід Гаравы.

Што да каронавіруса, дык жыхары памежжа ўпэўненыя, што ён проста не дапне да іх па бездарожжы. А калі што — дык...

«Нашыя дзяды і прадзеды хрыбет Гітлеру зламалі, дык няўжо мы хрыбет не зломім гэтаму каронавірусу?.. Проста! Лёгка! А вы баіцеся?..» — усміхаецца жыхар Халіпаў.

Працягласць мяжы Беларусі з Расеяй складае 1283. Трапіць у Расею можна было раней праз 19 асноўных пераездаў.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»

Последние новости